Пагодныя сонечныя дзянькі, якімі радуе прырода напрыканцы апошняга летняга месяца, спрыяюць сельгасвытворцам. На палях працягваюцца работы. Памкненні сяльчан накіраваны на ўраджай наступнага года.
Днямі рэдакцыйная легкавушка накіравалася з райцэнтра ў бок Пацавай Слабады і Любоніч — супрацоўнікі “раёнкі” вырашылі паназіраць за ходам палявых работ у ААТ “Кіраўскае райаграпрамтэхзабеспячэнне”. “Накруціць” кіламетраў давялося парадкам, бо землі арганізацыі раскінуліся на вялікіх абшарах, а палеткі на розных адлегласцях адзін ад другога. І трэба адзначыць, на многіх участках вяліся розныя работы. Працягваюцца яны і зараз: адна змяняе другую, а разам яны выстройваюць адзіны ланцуг і нават цэлую сістэму, накіраваную на будучыя ўраджаі.
Першы трактар трапіўся на вочы ўжо літаральна на першых гектарах сельгасугоддзяў РАПТЗ — каля вёскі Малінаўка. Гэта на магутным “Беларусу” з агрэгатам АКШ Сяргей Зазерскі рыхтаваў глебу пад сяўбу азімых. Работу механізатар выконвае старанна і якасна. Яно і нядзіўна: за рулём сельгасмашын Сяргей Дзмітрыевіч ажно з 1976 года, і шосты сезон, знаходзячыся на заслужаным адпачынку, актыўна дапамагае таварыству выконваць работы на палях. Дарэчы, на падрыхтоўцы глебы заняты яшчэ дзве адзінкі тэхнікі. Кіруюць сельгасмашынамі з адпаведнымі для гэтага віду работ агрэгатамі Аляксандр Тылінскі і Валянцін Сулімскі — таксама адказныя механізатары, якія добрасумленна спраўляюцца са сваімі абавязкамі.
Сяргей Зазерскі
Непадалёк, на полі каля станцыі водазабору “Калінаўка” з тым, каб пасля заараць участак, актыўна вялася ўборка саломы, якая засталася пасля абмалоту збажыны. На скатванні яе ў рулоны задзейнічаны вопытныя механізатары Іван Лазаковіч, Яўген Рудак і Андрэй Выганоўскі. Яўген Рудак, які выконвае работу з дапамогай універсальнага агрэгата “Тарнада”, адзначыў, што, калі надвор’е дазваляе працаваць на працягу ўсяго дня, то за гэты прамежак часу яму ўдаецца скатаць каля 200 рулонаў, вага кожнага — па 300-350 кг.
Тры адзінкі тэхнікі заняты на адвозцы саломы. Да месцаў складзіравання, а гэта тэрыторыі каля фермаў, дастаўляюць рулоны Юрый Ільінчык, Віктар Габрусь і Мікалай Варанчукоў. На спецыяльныя прычэпы, далучаныя да іх трактароў, умела выкладвае саламяныя “катушкі” Аляксандр Вашукевіч, які заняты на пагрузцы.
Яўген Рудак
Завітаўшы на мехдвор у Пацавай Слабадзе, дзе каля разнастайнай тэхнікі завіхаліся механізатары і рамонтнікі, рыхтуючы сельгасмашыны і агрэгаты да чарговых палявых работ, мы накіраваліся ў бок завода “Сугроб”. Не даязджаючы да яго, з правага боку заўважылі яшчэ адзін трактар. На магутным МТЗ-3022 ворыва пад азімую сяўбу вёў Уладзімір Сакалоўскі. Яшчэ адзін з кагорты ветэранаў працы, які, як і названы раней яго калега Сяргей Зазерскі, кіруе тэхнікай з 1976 года. Працаваў колісь у тагачаснай “Райсельгасхіміі”, потым месцам работы стала РАПТЗ пасля аб’яднання арганізацый. Больш за 20 гектараў заворвае ў дзень механізатар. На ворыве таксама плённа працуюць яго партнёры: Уладзімір Комар не мае патрэбу ў дадатковым прадстаўленні. Доказ яго першакласнай працы на любым участку работ упрыгожвае парадны касцюм — медаль “За працоўныя заслугі”. І гэтым сказана ўсё… Сяргей Чудапал не раз станавіўся пераможцам і прызёрам раённага і абласнога спаборніцтваў на сельгасработах. Вопыт, стараннасць, прафесіяналізм — усім траім аратым уласцівы гэтыя якасці і характарыстыкі.
Падрыхтаваная глеба засяваецца азімымі. Першымі культурамі, да сяўбы якіх прыступілі ў арганізацыі, сталі крыжакветныя. Як адзначыў у размове галоўны аграном РАПТЗ Уладзімір
Дарафей, у аптымальныя тэрміны пасеялі рапс, які заняў 514 га і свірэпіцу, якая размешчана на 96 га. Днямі забеспячэнцы прыступяць да сяўбы збожжавых, якія згодна плана павінны заняць 1500 га. Насенне для сяўбы, падрэсліў тэхнолаг палёў, падрыхтавана пад поўную патрэбу. Якасныя элітныя
гатункі своечасова ачысцілі, заклалі ў насенны фонд.
Уладзімір Сакалоўскі
У якасці сяўбы кіраўніцтву не даводзіцца сумнявацца. Тут прафесійна дзейнічае механізатар Аляксандр Сідарэнка. Маладога, але выдатна “падкаванага” ў земляробскай справе механізатара мы сустрэлі на полі каля Кострыч, якое ён дасяваў насеннем рапсу. Як адзначыў сам, у сярэднім удаецца засеяць па 50 га ў дзень — калі, безумоўна, надвор’е спрыяе рабоце.
Яшчэ варта прыгадаць пару важных момантаў на пасяўной кампаніі. Перад тым, як у глебу пакласці насенне, яе згодна тэхналогій неабходна яшчэ і падкарміць — без гэтага сёння не дабіцца высокіх ураджаяў. Калійныя і азотныя тукі даручана ўносіць Андрэю Слуцкаму, які робіць гэта з дапамогай агрэгата МТТ-4. Неўзабаве пасля таго, як насенне легла ў глебу, а, дакладней, на працягу бліжэйшага тыдня, варта правесці хімічную абарону будучых усходаў. Пра гэта разам з агранамічнай службай клапоціцца механізатар Пётр Дрозд, які і выконвае названую работу.
А тым часам, хоць закладваецца падмурак пад ураджай наступнага года, яшчэ далёка не сабраны ўвесь сёлетні. На падыходзе — уборка цукровых буракоў і кукурузы. Ліпеньскія дажджы, якія не лепшым чынам адбіліся на збожжавых, наадварот, паспрыялі гэтым культурам, і цяпер палеткі радуюць вока. Да таго ж, больш, чым летась, было ўнесена тукаў, што таксама дало свой станоўчы ўплыў. У першых чыслах верасня выкопваць буракі выйдзе камбайн “Холмер”. Усяго належыць убраць карняплоды на 400 га. Рыхтуюць механікі і два камбайны-здрабняльнікі для кукурузы. Будуць таксама задзейнічны 8 адзінак тэхнікі для адвозкі зялёнай масы і 2 для трамбоўкі на сіласных траншэях. Наогул усё загадзя рыхтуецца, каб своечасова прыступіць да любой работы і правесці яе ў строга вызначаныя тэрміны.
Аляксандр ХАХЛОЎ.
Фота аўтара.