І зноў нас паклікала школа… Новы навучальны год пачаўся ў СШ №2 імя К.П.Арлоўскага. 21.by

І зноў нас паклікала школа… Новы навучальны год пачаўся ў СШ №2 імя К.П.Арлоўскага

06.09.2019 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:




Прыгожай, абноўленай, з прасторнымі светлымі класамі прыняла сваіх вучняў СШ №2 імя К.П.Арлоўскага. Сёлета ў гэтай установе адукацыі за парты селі 397 рабят, з іх 39 — першакласнікі.
Пакуль рабяты адпачывалі на канікулах, калектыў настаўнікаў і тэхработнікаў школы з дапамогай бацькоў, актыўна праводзіў касметычныя рамонты класаў, калідораў і фае, спартыўнай залы, добраўпарадкоўвалася прылягаючая тэрыторыя і стадыён.
Як расказала намеснік дырэктара па навучальнай рабоце Таццяна Лыбзікава, усе запланаваныя рамонтныя работы былі выкананы своечасова і якасна. Асноўную ўвагу пры правядзенні рамонтаў звярталі на стварэнне ўмоў для бяспекі вучняў у сценах школы.
Кожны з настаўнікаў творча падышоў да правядзення рамонту ў замацаваным за ім класе: дзесьці з’явіліся прыгожыя пано, кветкавыя кампазіцыі, цікавыя інфармацыйныя стэнды. У адпаведнасці з санітарнымі нормамі для ўстаноў адукацыі ўсе сцены у класах былі афарбаваны, на вокнах усталяваны жалюзі. Праведзены касметычны рамонт у настаўніцкай.
Сучасны выглад мае сталовая зала, дзе адначасова могуць размясціцца больш за 100 рабят, пакоі для прыгатавання і захоўвання прадуктаў харчавання. Для сталовай аддзелам па адукацыі, спорту і турызму райвыканкама быў набыты халадзільнік, параканвектамат, з дапамогай якога повар можа гатаваць стравы на пары, тушыць іх ці запякаць, што дазваляе максімальна захаваць усе карысныя рэчывы ежы. Да таго ж, маецца абсталяванне для захоўвання прыгатаванай ежы ў гарачым выглядзе. Гэта значыць, што на талерках школьнікаў не бывае халодных макарон ці кашы.
Бясплатным харчаваннем (двух- або трохразовым, у залежнасці ад працягласці знаходжання ва ўстанове адукацыі) за кошт бюджэтных сродкаў забяспечваюцца школьнікі з малазабяспечаных і мнагадзетных сем’яў, дзеці-інваліды. Аднаразовым бясплатным харчаваннем — вучні 1-4 класаў, рабяты з сем’яў, у якіх адзін з бацькоў з’яўляецца інвалідам I або II групы, з асаблівасцямі псіха-фізічнага развіцця, якія вучацца ў спецыяльных класах, класах інтэграванага навучання і выхавання, дзеці, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, з прыёмных і апякунскіх сем’яў. Ільготы па забеспячэнні бясплатным харчаваннем маюць і дзеці з сем’яў вайскоўцаў, якія сталі інвалідамі з прычыны ранення, кантузіі, калецтва ці захворвання, атрыманых пры абароне Айчыны або выкананні абавязкаў воінскай службы ў дзяржавах, дзе вяліся баявыя дзеянні, з сем’яў асоб начальнiцкага i радавога саставу органаў унутраных спраў, якія сталі інвалідамі з прычыны ранення, кантузіі, калецтва ці захворвання, атрыманых пры выкананні службовых абавязкаў у раёнах баявых дзеянняў, і шэраг іншых груп рабят.
Для забеспячэння якаснага адукацыйнага працэсу навучання школа поўнасцю ўкамплектавана кваліфікаванымі кадрамі, маюцца метадычная літаратура, спартыўная база і неабходнае абсталяванне.
Зараз вядзецца работа па фарміраванні гурткоў па інтарэсах для заняткаў рабят. Ёсць магчымасць займацца ў розных спартыўных секцыях: штодня працуе спартыўная зала школы, тэнісныя сталы.
Што тычыцца адукацыйнага працэсу, як адзначыла Таццяна Лыбзікава, вучні школы на працягу некалькіх гадоў дэманструюць высокія веды па розных прадметах, аб чым сведчаць заваяваныя рабятамі дыпломы рэспубліканскага, абласнога і раённага ўзроўняў.
Больш за 90% выпускнікоў 2018/2019 навучальнага года, з якіх было 4 залатыя медалісты, паступілі ў вышэйшыя навучальныя ўстановы.
У школе на пастаяннай аснове практыкуецца вывучэнне рабятамі школьных прадметаў на павышаным узроўні, а таксама заняткі ў профільных класах з паглыбленым вывучэннем рускай ці замежнай моў, фізікі, матэматыкі і іншых прадметаў. Рабяты самі робяць выбар, у залежнасці ад таго, куды ў будучым плануюць паступаць і што ім можа спатрэбіцца для прахо­джання цэнтралізаванага тэсціравання.
Кожны школьнік, пераступаючы парог школы, трапляе пад пільную ўвагу класных кіраўнікоў, настаўнікаў. Маецца ў штаце калектыву педагог-псіхолаг, які цесна супрацоўнічае з рабятамі, арганізоўвае з імі сустрэчы, гутаркі.
Хлопчыкі і дзяўчынкі з сельскіх населеных пунктаў забяспечваюцца праязнымі білетамі, якія даюць ім права бясплатна карыстацца грамадскім транспартам для праезду на заняткі ў школу і назад.
Педагагічным і вучнёўскім калектывамі надаецца належная ўвага добраўпарадкаванню прылягаючай да школы тэрыторыі. Тут усталявалі альтанку для адпачынку, дзе рабяты падчас перапынку могуць пасядзець на свежым паветры, вакол школы ўстаноўлены малыя архітэктурныя формы, маюцца прыгожыя кветнікі, якія раду­юць вока рознакаляровымі раслінамі, а на вялізным дубе вісіць ланцуг: магчыма, хутка тут з’явіцца кот вучоны з паэмы А.С.Пушкіна…
Людміла СЯМЁНАВА.
Фота Максіма МІКЕШЫНА.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Прыгожай, абноўленай, з прасторнымі светлымі класамі прыняла сваіх вучняў СШ №2 імя К.П.Арлоўскага. Сёлета ў гэтай установе адукацыі за парты селі 397 рабят,...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика