На девятом десятке Николай Ходунов бодр, молод душой и гоняет на квадроцикле. 21.by

На девятом десятке Николай Ходунов бодр, молод душой и гоняет на квадроцикле

01.10.2019 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Мікалай Дзмітрыевіч Хадуноў з ліку тых пенсіянераў, зносіны з якімі пакідаюць самыя светлыя ўражанні – камунікабельны, шчыры і малады душой. А яшчэ ніяк не пасуецца з яго статусам ветэрана любімы і надзейны сродак перамяшчэння – квадрацыкл. Дагэтуль нават і не чуў, каб дзе ў нашай глыбінцы чалавек на дзявятым дзясятку гадоў карыстаўся такой тэхнікай. Зрэшты, узрост па пашпарце таксама зусім не адпавядае бадзёраму стану Мікалая Дзмітрыевіча.

У Рацькаве, дзе ­М.Д.Хадуноў на пачатку месяца справіў свой 83-ці год нараджэння, яго квадрацыкл ужо даўно перастаў быць нечым адметным – прывыклі мясцовыя да дзеда на жалезным кані. Суседка Вера Бараўкова ласкава кліча яго “джыгітам”, і ў яе словах ёсць доля праўды – характар у Мікалая Дзмітрыевіча такі, нібы і сапраўды ў яго жылах цячэ каўказская кроў.

– Люблю хуткасць, – усміхаецца пенсіянер. – Аўтамабіля ў мяне ніколі не было, мая слабасць – матацыклы. З’ездзіў некалькі “Уралаў” і “Яву” “ўгробіў” – ганяў і аднойчы ўпаў так, што яна літаральна разляцелася на запчасткі. Гэта ў маладосці – зараз 50 кіламетраў у гадзіну для майго “кітайца”, канечне, дастаткова.

Квадрацыкл ён уласнаручна ўдасканаліў, перарабіўшы механізм запуску, некаторыя іншыя вузлы, затое зараз, па словах гаспадара, тэхніка працуе “як гадзіннік”. Набываў яе Мікалай Дзмітрыевіч у маі 2013 года ў абласным цэнтры за 16 мільёнаў рублёў. На той час немалая сума. “Доўга збіралі?” – пытаюся ў ветэрана.

– Ды не асабліва, – адказвае той. – Не выпіваю, не куру, убораў адмысловых мне не трэба. Куды траціць грошы пенсіянеру? Затое на ім і ў сельсавет з’езджу, і ў лес за грыбамі, і ў райцэнтр бывае. Прычэп ёсць, калі трэба што перавезці, нават плуг спрабаваў чапляць.

Да гарачых горцаў адносін ­М.Д.Хадуноў не мае, ён з мясцовых, пра якіх кажуць: “Дзе нарадзіўся – там і згадзіўся”. На свет з’явіўся ў 1936 годзе ў Бальбінаве, неўзабаве сям’я пераехала ў Усвіцу. А працаваць пачаў… з 6 гадоў! Прычым не гусей пасвіць, а займацца менавіта мужчынскай справай. “З маленства быў жвавы і да ўсяго дасужы! Мне лейцы ў рукі далі, і неяк адразу атрымалася канём кіраваць – з баронамі ездзіў”, – успамінае Мікалай Дзмітрыевіч. Наогул, маленства ён памятае выразна, а было яно, як і ў большасці людзей яго пакалення, апаленым вайной. Бацька пайшоў у Чырвоную Армію па мабілізацыі ў 1941 годзе і больш яго і не ўбачылі загінуў і пахаваны ў Літве. Хапіла гора і ў акупацыі. Зараз Мікалай Дзмітрыевіч разумее, што вайну мог і не перажыць, а на дзіцячы розум не ўсведамляў усёй небяспекі – калі “крыў” немца мацюкамі і атрымаў за гэта не аўтаматную чаргу, а ўсяго толькі ўдар цяжкім кованым ботам. І тым больш, калі сцягнуў у карнікаў вінтовачныя патроны, у невялікай кішэньцы дзіцячых штаноў іх умясцілася адзінаццаць. “Аддаў партызанам, – кажа суразмоўца. – Аказалася, што для нашай зброі яны не падыходзяць – не той калібр. Але мне падзякавалі, сказалі, што калі заб’юць немца і забяруць яго вінтоўку, то тады патроны спатрэбяцца…”

Іх у маці было шасцёра. Таму адвучыўшыся пасля васьмі класаў школы паўгода ў Віцебску, пачаў там працаваць бульдазерыстам, да арміі паспеў паўдзельнічаць і ў будаўніцтве Камсамольскага возера ў беларускай сталіцы – а туды абы-каго не запрашалі, адбіралі лепшых. У 1955 годзе быў прызваны на тэрміновую службу, якую тры гады і тры месяцы праходзіў у Адэсе ў берагавой артылерыі. Працягласць тлумачыцца тым, што кемлівага і працавітага хлопца ніяк не хацелі адпускаць і настойвалі на яго паступленні ў артылерыйскае вучылішча. Прыйшлося ісці на хітрыкі: “Папрасіў саслужыўца, каб той напісаў пісьмо нібы ад імя маёй маці, маўляў, цяжка, некаму дапамагчы, брата таксама ў армію забіраюць… Толькі пасля гэтага ад мяне адчапіліся”.

Пасля службы ўся працоўная дзейнасць прайшла ў родных мясцінах, у сельскай гаспадарцы. “Старшыня племсаўгаса “Глыбачаны” Пётр Ніканоравіч Плаксіцкі мне казаў: “Мікалай, ты хоць дзве работы кінь, а то памрэш!”, – хітра жмурыцца суразмоўца і, папярэджваючы пытанне, працягвае: – Фактычна ж іх было чатыры: з ранку кацёл на ферме распальваў, потым гной выдаляў, абслугоўваў дойкі, здаваў малако, вазіў на трактары кармы мінімум два рэйсы ў дзень – хацелася зарабіць”.

Працаваў і на трактары са стогаскладальнікам, потым – загадчыкам мясцовай фермы аж да выхаду на заслужаны адпачынак у 1996 годзе. Даволі рана страціў жонку, з якой нарадзілі дваіх дзяцей, потым сышоўся з Верай Логінаўнай Вараксай, якая таксама аўдавела. “Весялей на старасці гадоў ра­зам, – разважае Мікалай Дзмітрыевіч. – Дзяцей у нас шасцёра – у Мінску, Віцебску, Наваполацку, многа ўнукаў, праўнукі. Мы іх на сваіх і чужых не дзелім”.

М.Д.Хадунова застаў за абкосам сядзібы – ён спрытна ўпраўляўся з мотакасой. Бульба ўжо ў падвале і ў бурце, агароды амаль у парадку, не ў кожнага маладога так. Ёсць у “джыгіта” і любімы занятак – спяваць. Часу на яго, праўда, застаецца нямнога, бо ўвесь ён заняты асноўным, што і трымае ветэрана ў выдатнай форме – самаадданай працай на роднай зямлі.

Дзмітрый Раманоўскі.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Мікалай Дзмітрыевіч Хадуноў з ліку тых пенсіянераў, зносіны з якімі пакідаюць самыя светлыя ўражанні – камунікабельны, шчыры і малады душой. А яшчэ ніяк не...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика