Форум «Мінскага дыялогу» сабраў высокапастаўленых афіцыйных асоб і вядучых экспертаў з ЕС, Расіі, ЗША, Кітая і дзяржаў Усходняй Еўропы, Паўднёвага Каўказа і Цэнтральнай Азіі.
Місія форуму — прадастаўляць адкрытую пляцоўку без геапалітычных раздзяляльных ліній для даследаванняў і дыскусій аб міжнародных адносінах і бяспецы ва Усходняй Еўропе.
Знайсці кампрамісы
У рабоце форуму прыняў удзел Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Ён заявіў: «Цалкам відавочна, у спісе сучасных выклікаў чалавецтву дамінуюць пагрозы бяспецы. Пры гэтым шматбаковыя пляцоўкі, уключаючы Арганізацыю Аб’яднаных Нацый, АБСЕ, становяцца месцам высвятлення адносін, а не вырашэння праблем. Сістэма ваенна-палітычных стрымліванняў і проціваг развальваецца на вачах, а міжнародныя арганізацыі пакуль не могуць спыніць гэты працэс, — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. — Можа, і не хочуць. А можа, тыя, хто дамінуе ў гэтых арганізацыях, зацікаўлены ў гэтым». Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што беспрэцэдэнтная напружанасць у міжнародных адносінах, разладжванне асноў інтэрнацыянальнай бяспекі, рост колькасці рэгіянальных канфліктаў закранаюць большасць кантынентаў. «Мы пачалі ўжо біць у набат, заклікаючы спыніць процістаянне. Апошнім часам асабліва шмат гаворым аб неабходнасці дыялогу, умацавання мер даверу і пошуку кампрамісаў. Але свет, на жаль, лепшым не становіцца. Больш таго, мы з’яўляемся сведкамі новага вітка стратэгічнага саперніцтва так званых вялікіх дзяржаў, полюсаў сілы. Гандлёвыя войны і санкцыйнае процістаянне набіраюць усё большыя абароты, узмацняецца барацьба за энерганосьбіты і сыравінныя рэсурсы», — канстатаваў Прэзідэнт.
Шляхам дыялогу
«За апошнія два дзесяцігоддзі Беларусь апынулася ва ўнікальнай сітуацыі. З аднаго боку, мы ваенна-палітычны саюзнік нашай Расіі, удзельнік Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы. Ні ў адной дзяржавы няма такога ўзроўню адносін з Масквой, як у нас. У той жа час наша краіна заключыла міжнародныя дагаворы ў галіне бяспекі і мер даверу з усімі суседзямі, у тым ліку з дзяржавамі — членамі НАТА. А з такім суседам, як Украіна ў нас больш за 120 міжнародных пагадненняў. Мы гатовы напаўняць гэтыя двухбаковыя пагадненні новым зместам, удасканальваць іх», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле яго слоў, сігналы, якія беларускі бок атрымлівае ад партнёраў, сведчаць аб тым, што і яны гатовы да такога ўзаемадзеяння. «Гэта — унікальны рэсурс у цяперашняй сітуацыі. І мы ўсе абавязаны ім скарыстацца. Каб мы, еўрапейцы, даказалі самі сабе і ўсяму свету, што архітэктура еўрапейскай бяспекі можа быць адноўлена, што можа быць іншая мадэль адносін Расіі і НАТА, Кітая і ЗША і яе праекцыя на Еўропу. Не такая, як апошнія пяць гадоў», — заўважыў кіраўнік дзяржавы. Прэзідэнт дадаў, што Беларусь шмат у чым фарміруе такую гісторыю поспеху ў пытаннях рэгіянальнай бяспекі, краіна і далей будзе прадаўжаць такі курс, як бы ён камусьці ні падабаўся.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў неабходнасць правядзення ў бліжэйшыя гады міжнароднага саміту ў рамках новага Хельсінкскага працэсу. Прэзідэнт перакананы ў адсутнасці імгненнага, універсальнага рэцэпта нармалізацыі сітуацыі ў свеце і Еўропе. На яго думку, адысці ад краю бездані глабальнага канфлікту можна толькі шляхам дыялогу.
Вучэнні «Абаронца-2020»
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што са здзіўленнем прачытаў аб запланаваных на вясну вучэннях Паўночнаатлантычнага блока непасрэдна каля граніц Беларусі. «Па колькасці (гэта тое, што заяўлена, а што будзе фактычна — гэта, напэўна, у два, а то і ў тры разы больш) такіх вучэнняў каля нашых граніц не праводзілася, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Якое ў сувязі з гэтым можна задаць рытарычнае пытанне, вы ведаеце. Не ведаю, каму гэта трэба».
Напярэдадні нямецкае выданне «Шпігель» паведаміла, што на тэрыторыі Польшчы і краін Балтыі пройдуць вучэнні «Абаронца-2020». Яны стануць самым маштабным перамяшчэннем салдат з ЗША ў Еўропу за апошнія 25 гадоў. Лагістычным цэнтрам вучэнняў стане Германія.
Плануецца, што ў вучэннях прымуць удзел 37 тыс. салдат з 19 дзяржаў. Мэтай з’яўляецца павышэнне гатоўнасці ўнутры НАТА і стрымліванне магчымых праціўнікаў, заявілі амерыканскія ваенныя.
Урэгуляваць канфлікт ва Украіне — важны тэст для краін Еўропы
Аляксандр Лукашэнка перакананы, што здольнасць урэгуляваць канфлікт ва Украіне — важны тэст для краін Еўропы. «Гэта лакмусавая паперка. Калі мы можам нешта, давайце ў нашым доме разбяромся і вырашым гэту праблему. Украінскі канфлікт — гэта не проста нам выклік, ён патрабуе вырашэння. Калі мы яго вырашым, значыць, мы на нешта здольныя. Калі не — будзем збірацца, размаўляць, — сказаў Прэзідэнт. — Але толку будзе мала».
У Беларусі рады, што ў працэсе вырашэння канфлікту з’яўляецца прагрэс, у прыватнасці, праведзены абмен затрыманымі асобамі, прыняты некаторыя рашэнні ў Мінску на пасяджэнні трохбаковай кантактнай групы. «Але калі нехта думае, што лёд крануўся, — не. Ён не крануўся і не кранецца, калі мы не падштурхнём працэс», — перакананы Прэзідэнт. Пры гэтым Прэзідэнт перакананы, што без удзелу ЗША канфлікт ва Украіне ўрэгуляваць не атрымаецца.
Асаблівую ўвагу кіраўнік дзяржавы звярнуў на неабходнасць аднаўлення эканомікі Украіны. Неабходны канкрэтныя эфектыўныя дзеянні. «І гэта адкрые шлях да правядзення пасля доўгага перапынку сустрэчы ў вярхах у нармандскім фармаце. Разлічваем, што вынікам будуць цвёрдыя гарантыі запуску зладжанага механізма кантролю за выкананнем існуючых дамоўленасцей», — падкрэсліў ён.
Кэтрын Эштан, былы вярхоўны прадстаўнік ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі, кіраўнік праграмы «Глабальная Еўропа» ў міжнародным цэнтры імя В.Вільсана (Вашынгтон, ЗША):
«Я цалкам згодна з Прэзідэнтам Лукашэнкам, што патрэбны рэальныя дзеянні. Умацаванне даверу паміж дзяржавамі, вядзенне перагавораў — неад’емныя элементы для дасягнення прагрэсу. Нельга адкідваць старыя інстытуты і дагаворы, мы павінны выкарыстоўваць іх у якасці асновы, эталона для пошуку новых спосабаў вырашэння існуючых праблем».
Георгій Маргвелашвілі, экс-прэзідэнт Грузіі:
«Мы гатовы слухаць і ўдзельнічаць у такіх дыялогах. Павінна быць больш такіх форумаў і больш магчымасцей абмену меркаваннямі і прызнання таго, што калі ў нас не будзе вырашэння такіх праблем, як у Грузіі, Украіне, атрымліваецца, у нас не будзе бяспечнага свету заўтра і паслязаўтра, — сказаў Георгій Маргвелашвілі. — І мы гатовы пачынаць гэтыя абмеркаванні, гатовы разумець, што менавіта можа быць рабочым рашэннем — тое, да чаго неаднаразова заклікаў Прэзідэнт Беларусі».
Па інфармацыі БелТА.