– Будаўніцтва комплексу пачалося ў 2011 годзе. Уся ферма разлічана на 1200 галоў, з якіх 670 – дойны статак. Функцыянаваць яна пачала ў 2014 годзе, заставаўся толькі гэты кароўнік (апошні з шасці), дзе патрэбна было дабудаваць неабходныя памяшканні, правесці камунікацыі, добраўпарадкаваць тэрыторыю, – расказвае дырэктар гаспадаркі Васіль Трошка.
На момант нашага візіту ў новы кароўнік заставалася толькі запусціць статак. У суседнім кароўніку – чыста і суха, у даільнай зале на 32 галавы кіраванне працэсам праходзіць аўтаматызавана. У асобным памяшканні –
сучасная халадзільная ўстаноўка, дзе захоўваецца малако да адпраўкі на масларобна-сыраробны завод. Дарэчы, 100% малака з фермы ідзе сортам «экстра».
– Наш калектыў зладжаны, – расказвае памочнік загадчыка фермы Таццяна Паўзун. – Праблем з працоўнай дысцыплінай няма, усяго тут шчыруе 15 чалавек, якія будуць спраўляцца і з уводам новага кароўніка.
Пакуль памочнік загадчыка расказвала пра спецыфіку работы, дагледжаныя рагулькі так і лашчыліся да яе, адчуваючы цяпло і ласку.