Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў удзел у саміце Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы, які прайшоў 28 лістапада ў Кыргызстане. Пытанні парадку дня спачатку былі разгледжаны ў вузкім складзе з удзелам лідараў краін АДКБ і дзяржсакратара Савета бяспекі Беларусі Станіслава Зася, а потым у фармаце пленарнага пасяджэння з удзелам кіраўнікоў знешнепалітычных ведамстваў, міністэрстваў абароны, сакратароў саветаў бяспекі. Па выніках саміту быў падпісаны шэраг дакументаў. Традыцыйна на палях саміту кіраўнік беларускай дзяржавы правёў сустрэчы і перагаворы з замежнымі калегамі.
Лукашэнка на саміце АДКБ гаварыў аб мірных ініцыятывах і глабальных пагрозах
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў сваім выступленні на саміце Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы ў Бішкеку зрабіў акцэнт на мірных ініцыятывах і глабальных пагрозах бяспецы.
Кіраўнік дзяржавы спыніўся на асобных аспектах, найбольш актуальных для Беларусі. Ён, у прыватнасці, выказаў заклапочанасць у сувязі з глабальным палітычным і эканамічным процістаяннем паміж вядучымі сусветнымі дзяржавамі, адзначыў фактары, здольныя нанесці сур’ёзны ўрон усёй існуючай сістэме міжнароднай бяспекі.
Аляксандр Лукашэнка згадаў аб спыненні дзеяння Дагавора аб ракетах сярэдняй і меншай далёкасці, назваўшы гэта неапраўданым і небяспечным.
Беларусь выступіла з прапановай прыняць шматбаковую палітычную Дэкларацыю адказных краін аб неразмяшчэнні ракет сярэдняй і меншай далёкасці ў Еўропе.
“Бачым у гэтай ініцыятыве магчымасць аднаўлення даверу ў рэгіёне”, – сказаў кіраўнік дзяржавы.
Актуальнай застаецца і яшчэ адна беларуская ініцыятыва аб аднаўленні шырокага дыялогу па пытаннях міжнароднай бяспекі. “З улікам горкіх урокаў гісторыі Беларусі мы таксама заклікаем аднавіць шырокі дыялог па пытаннях міжнароднай бяспекі па аналогіі з Хельсінкскім працэсам. Накіраваць яго на пераадоленне існуючых супярэчнасцей ва ўзаемаадносінах паміж дзяржавамі на агульнай прасторы ў Еўра-Атлантыцы і Еўразіі”, – заявіў Аляксандр Лукашэнка.
У сваю чаргу беларускі бок гатовы да больш дэталёвага іх абмеркавання ў фармаце АДКБ. “Тым больш сёння, калі на фоне разбурэння механізмаў кантролю над узбраеннямі мы фіксуем паэтапнае нарошчванне ваенных патэнцыялаў, пашырэнне ваеннай інфраструктуры ў Еўрапейскім рэгіёне. Па сутнасці, размова ідзе аб адкрытай, а галоўнае беспадстаўнай мілітарызацыі заходніх рубяжоў зоны адказнасці АДКБ”, – падкрэсліў беларускі лідар.
За апошнія гады групоўка НАТА, якая ўключае кантынгент ЗША, у суседніх з Беларуссю краінах вырасла ў разы. Пры гэтым канцэнтрацыя баявой тэхнікі і асабовага складу адбываецца ў непасрэднай блізкасці ад граніцы Беларусі. Акрамя таго, побач праводзяцца буйнамаштабныя шматнацыянальныя вучэнні альянсу.
“Новая гонка ўзбраенняў нам не патрэбна”, – падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Пры гэтым актуальным рызыкаўтваральным фактарам застаецца высокая ступень напружанасці ў міжнародных адносінах. Іншай тэндэнцыяй апошняга часу стаў рост пратэснага руху і масавых беспарадкаў у шэрагу краін, у тым ліку стабільных. Нестабільнасці дабаўляюць факты санкцыйнай палітыкі, праводзімай у абход міжнароднага права, гібрыднае знешняе ўздзеянне.
Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, рэгіянальныя ўзброеныя канфлікты, у тым ліку тлеючага характару, застаюцца адной з асноўных крыніц палітычных, ваенных і тэрарыстычных пагроз, нелегальнай міграцыі, незаконнага транзіту зброі. У гэтым кантэксце ён спыніўся на сітуацыі ва Украіне, на ўсходзе якой пяты год ужо прадаўжаецца ўзброенае процістаянне, гінуць людзі, сярод якіх і мірныя жыхары.
Беларусь вітае прагрэс, які намеціўся ў пытаннях выканання мінскіх пагадненняў, і пачатак канструктыўнага дыялогу ў рамках трохбаковай кантактнай групы.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што сітуацыя вакол зоны адказнасці АДКБ і на планеце ў цэлым істотна відазмяняецца.
“Перакананы, што наша арганізацыя павінна адэкватна і своечасова рэагаваць на новыя выклікі і пагрозы, дэталёва і комплексна аналізаваць абстаноўку, выпрацоўваць адпаведныя прапановы і ініцыятывы, – сказаў беларускі лідар. – З’яўляючыся важным механізмам забеспячэння бяспекі ў Еўразійскім рэгіёне, АДКБ павінна паступальна пашыраць знешнепалітычны напрамак, умацоўваць свой міжнародны аўтарытэт”.
Прэзідэнт таксама выказаўся за ўмацаванне міжнароднага аўтарытэту АДКБ, пашырэнне яе ўзаемадзеяння з іншымі арганізацыямі. Гэтаму ў тым ліку можа паслужыць рэалізацыя прынятага па ініцыятыве Беларусі рашэння аб юрыдычным афармленні статусу “Партнёра” арганізацыі, а таксама “Наглядальніка” пры АДКБ. Прыцягненне да дзейнасці арганізацыі надзейных саюзнікаў у першую чаргу магло б садзейнічаць павышэнню эфектыўнасці калектыўных намаганняў у барацьбе з тэрарызмам, наркапагрозамі, у забеспячэнні ваеннай бяспекі.
У Бішкеку была агучана яшчэ адна ініцыятыва Беларусі. Кіраўнік дзяржавы лічыць, што ў сферы забеспячэння ваеннай бяспекі дзяржаў – членаў АДКБ, разам з планамерным развіццём ваеннага сегмента арганізацыі, захоўваецца актуальнасць выхаду на прамы і раўнапраўны дыялог з Паўночнаатлантычным альянсам. Гэта асабліва актуальна з улікам таго, што гэтыя дзве ваенна-палітычныя структуры адказваюць за забеспячэнне бяспекі на прасторы ад Ванкувера да Уладзівастока. У той жа час, напрыклад, паміж АДКБ і АБСЕ ідзе рэгулярны і канструктыўны дыялог.
Неабходна больш цесна працаваць і з ААН, лічыць Аляксандр Лукашэнка.
Беларускі бок таксама лічыць мэтазгодным нарошчваць антытэрарыстычны патэнцыял АДКБ.
Асабліва падкрэслена, што сярод прыярытэтных напрамкаў дзейнасці АДКБ павінна трывала замацавацца забеспячэнне інфармацыйнай бяспекі. Існуючыя пагрозы бяспецы ўказваюць на неабходнасць пашырэння міждзяржаўнага супрацоўніцтва і павышэння ўзаемнага даверу ў інфармацыйнай сферы. У сувязі з гэтым Беларусь прапануе сфарміраваць пояс лічбавага добрасуседства, накіраваны на разрадку напружанасці ў інфармацыйнай сферы, устанаўленне агульных правіл адказных паводзін бакоў у віртуальнай прасторы.
Лукашэнка бачыць у АДКБ патэнцыял для садзейнічання стабілізацыі сітуацыі ў свеце
Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі заявіў у Бішкеку журналістам пасля пасяджэння Савета калектыўнай бяспекі.
“Вы вельмі правільна сказалі, бурны наш свет. Зразумела, што вы пад гэтым тэрмінам маеце на ўвазе. Таму, чым больш арганізацый, якія стрымліваюць бурны паток, тым лепш. АДКБ – адна з сур’ёзных арганізацый, якая будзе садзейнічаць стабілізацыі сітуацыі ў свеце ўсялякімі метадамі. І інфармацыйнымі, і палітычнымі, і дыпламатычнымі, і ваеннымі”, – заявіў кіраўнік дзяржавы.
Прадстаўнікі СМІ пацікавіліся меркаваннем беларускага лідара, ці будзе АДКБ “як адзіны кулак, калі, не дай бог, ірване”. “У кожнага свая зона адказнасці. Але калі рване там, дзе ў нас сканцэнтраваны ўсе інтарэсы, значыць, мы будзем процідзейнічаць гэтым узрывам разам. Гэта адназначна”, – запэўніў Прэзідэнт.
Ён адзначыў, што лейтматывам на пасяджэнні ў Бішкеку быў тэзіс аб тым, што краіны арганізацыі павінны быць і самі бліжэй, і заяўляць на міжнароднай арэне, што будуць разам рэагаваць на тыя ці іншыя рэчы.
“Ёсць “узрывы” лакальнага характару. Зона адказнасці, дапусцім, на заходнім напрамку, – гэта наша з Расіяй. У Цэнтральнай Азіі – цэнтральнаазіяцкіх (дзяржаў. – Заўвага БЕЛТА) пры падтрымцы Расіі”, – растлумачыў Аляксандр Лукашэнка.
Лідары краін АДКБ прынялі заяву па ўмацаванні глабальнай і рэгіянальнай бяспекі
У тэксце дакумента адзначаецца трывога адносна пагаршэння сітуацыі ў сферы міжнароднай бяспекі і аслабленнем, што прадаўжаецца, прававых механізмаў яе падтрымання, нарастаннем рызык і пагроз для стабільнасці, павышэннем канфліктнага ўзроўню ў розных рэгіёнах свету. Змешчаны заклік да ўсіх дзяржаў сумесна працаваць над умацаваннем і развіццём дзеючай сістэмы міжнародных дамоўленасцей па кантролі над узбраеннямі, раззбраенні і нераспаўсюджванні.
Пасля завяршэння саміту выконваючы абавязкі генеральнага сакратара АДКБ Валерый Семерыкоў паведаміў журналістам, што на пасяджэнні бакі абмеркавалі ваенна-палітычную абстаноўку ў свеце ў цэлым і ў зоне адказнасці арганізацыі. На гэтай аснове былі выказаны адпаведныя прапановы па павышэнні эфектыўнасці работы па тых ці іншых напрамках. У тым ліку гэта датычыцца развіцця міжнароднай дзейнасці АДКБ.
Размова таксама ішла аб неабходнасці практычнага развіцця нядаўна заснаваных у АДКБ інстытутаў партнёра і наглядальніка пры арганізацыі. Паводле слоў Валерыя Семерыкова, гэта работа будзе актывізавана, і ўжо ёсць кандыдаты, якія могуць атрымаць адпаведныя статусы.
Што датычыцца ўзаемадзеяння з міжнароднымі арганізацыямі, было адзначана, што добра арганізавана ўзаемадзеянне з профільнымі структурамі ААН. Адзначалася, што падрыхтоўцы калектыўных міратворчых сіл неабходна ўдзяляць асаблівую ўвагу, каб яны маглі выконваць свае задачы ў місіях па мандаце Савета Бяспекі ААН. “Такая работа праводзіцца ўжо. Узгоднена і ў стадыі рэалізацыі дарожная карта па ўбудоўванні нашага міратворчага патэнцыялу ў дзейнасць ААН”, – заявіў Валерый Семерыкоў.
Ён закрануў тэму назначэння генеральнага сакратара АДКБ: “Сёння кіраўнікі дзяржаў павіншавалі Станіслава Зася, прадстаўніка Беларусі, з назначэннем на гэту пасаду з 1 студзеня 2020 года. Гэта рашэнне падрыхтавана ў мэтах выканання рашэння СКБ, дзе дакладна рэгламентавана назначэнне генеральных сакратароў на ратацыйнай аснове”.
Акрамя таго, на саміце падпісаны план калектыўных дзеянняў дзяржаў – членаў АДКБ па рэалізацыі Глабальнай контртэрарыстычнай стратэгіі ААН на 2019-2021 гады, які прадугледжвае цеснае ўзаемадзеянне ва ўдасканаленні ўсёй сістэмы процідзеяння тэрарыстычным выклікам і пагрозам.
Прыняты план мерапрыемстваў па святкаванні 75-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.
Частка рашэнняў СКБ датычыцца ўнясення змяненняў у нарматыўныя прававыя акты АДКБ, у палажэнне аб Савеце калектыўнай бяспекі АДКБ, у правілы працэдуры органаў АДКБ. Напрыклад, канкрэтызаваны парадак унясення і ўзгаднення кандыдатуры на пасаду генеральнага сакратара АДКБ, замяшчэння гэтай пасады ў выпадку немагчымасці выканання ім сваіх абавязкаў, удакладнена працэдура ўзгаднення кандыдатуры генеральнага сакратара.
На разгляд былі вынесены пытанні далейшага ўдасканалення ваеннага складніка арганізацыі, у прыватнасці праект палажэння аб парадку падрыхтоўкі і правядзення сумесных вучэнняў у фармаце АДКБ. Унесены змяненні ў палажэнне аб аперацыі пастаяннага дзеяння дзяржаў – членаў АДКБ па процідзеянні злачынствам у сферы інфармацыйных тэхналогій (аперацыя “ПРОКСІ”).
Прынята рашэнне адносна пераліку дадатковых мер, накіраваных на зніжэнне напружанасці ў таджыкістанска-афганскім прыграніччы.
Акрамя таго, разгледжаны пытанні, якія датычацца фарміравання бюджэту арганізацыі і яго выканання.
Старшынства ў АДКБ на наступны міжсесіённы перыяд у 2019-2020 гадах перайшло да Расіі.
Лідары АДКБ зацвердзілі Зася генеральным сакратаром арганізацыі са студзеня 2020 года
Аб гэтым заявіў выконваючы абавязкі генеральнага сакратара АДКБ Валерый Семерыкоў.
“Сёння кіраўнікі дзяржаў павіншавалі Станіслава Зася, прадстаўніка Беларусі, з назначэннем на гэту пасаду з 1 студзеня 2020 года”, – сказаў Валерый Семерыкоў.
Ён растлумачыў, што рашэнне аб назначэнні Станіслава Зася прынята ў мэтах выканання рашэння Савета калектыўнай бяспекі ад 2015 года, дзе дакладна рэгламентавана назначэнне генеральных сакратароў на ратацыйнай аснове ў адпаведнасці з рускім алфавітам – была Арменія, а з 1 студзеня 2020 года чарга Беларусі. “Адпаведна, назначаны прадстаўнік Беларусі”, – падкрэсліў Валерый Семерыкоў.
Вакансія генеральнага сакратара АДКБ адкрылася пасля таго, як Арменія ў лістападзе 2018 года датэрмінова адклікала свайго прадстаўніка Юрыя Хачатурава, які адпрацаваў на гэтай пазіцыі паўтара года з прадугледжаных статутам трох гадоў. Цяпер абавязкі генеральнага сакратара АДКБ выконвае Валерый Семерыкоў.
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў удзел у саміце Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы, які прайшоў 28 лістапада ў Кыргызстане. Пытанні