На племенном репродукторе «Ходаково» ЗАО «Витебскагропродукт» стремятся к европейским стандартам. 21.by

На племенном репродукторе «Ходаково» ЗАО «Витебскагропродукт» стремятся к европейским стандартам

30.12.2019 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Новы год на племянным рэпрадуктары “Хадакова” сустракае калектыў з 26 чалавек. Як і ў іншых арганізацыях, тут напярэдадні свят рыхтаваліся да віншавання сваіх работнікаў – кожны атрымае пэўны набор прадукцыі холдынгу ЗАТ “Віцебскаграпрадукт”, якое займаецца вытворчасцю і перапрацоўкай мяса свіней. На прахадной заўважыў кардонную скрыню і з салодкімі падарункамі. “Гэта цукеркі дзецям нашых працаўнікоў”, – кажа начальнік комплексу Вольга Мікалаеўна Шумінская. – На кожнага, каму яшчэ не споўнілася 16 гадоў”.

Падарункам дзеці з навакольных вёсак, канечне, рады. А вось для іх бацькоў галоўнае шчасце – сама магчымасць працаваць. І, па словах В.М.Шумінскай, яны ёй даражаць, касцяк калектыву сфарміраваўся, істотных заўваг да работнікаў няма. Сярэдняя зарплата аператара зараз складае каля 700 рублёў. Магчыма гэта і не самая вялікая лічба нават у нашым раёне, але для людзей, якія жылі ў асноўным за кошт натуральнай гаспадаркі і сезоннага збору дароў прыроды, стабільны заробак вельмі дарэчы. Некаторыя, атрымаўшы першую зарплату не на магазін, а жывымі грашыма, ад перапаўняўшых пачуццяў нават не змаглі стрымаць слёз радасці…

Між іншым, у наступным годзе, калі комплекс выйдзе на праектную магутнасць, заробкі павялічацца. Зараз тут утрымліваецца 2100 галоў свінак, вядзецца іх асемяненне. Першыя апаросы чакаюць у сярэдзіне студзеня, а да маю на комплексе будзе ўжо 2400 парасят. Невялікая колькасць свінак будзе пакідацца для ўзнаўлення, астатні маладняк перадавацца на дарошчванне і адкорм на іншыя аб’екты аграхолдынгу.

Узрасце і колькасць работнікаў, якія будуць працаваць і ў начную змену. Таму пасля калядных свят плануюць набраць яшчэ 11 аператараў і слесараў, ужо існуе чарга. Дарэчы, на “Хадакова” акрамя начальніка да ліку адміністрацыі адносяцца два ветурачы, асемянатар і энергетык. “Мы, як і пагалоўе, “прывазныя”, – жартуе В.М.Шумінская. – Кожны дзень прыязджаем на працу з Бешанковіч, для гэтых мэт нам выдзелілі службовы аўтамабіль. Астатнія – мясцовыя: аператары, слесары, вартаўнікі”.

Рабочы дзень на комплексе пачынаецца ў восем гадзін, першае кармленне жывёлы – на пачатку 9-ай. Аператары прыбываюць раней, бо існуюць жорсткія санітарныя правілы: усе работнікі нягледзячы на пасаду праходзяць праз душ, у цэхах працуюць толькі ў спецадзенні, якое пасля кожнага выкарыстання апрацоўваецца ў пральні, мяняецца і ніжняя бялізна. У мэтах бяспекі на комплекс нельга праносіць прадукты, нават цукерку дома ў кішэню не пакладзеш. Таму абеды арганізаваны прадпрыемствам – іх дастаўляюць з бешанковіцкага філіяла “Зара”. Кошт харчавання сімвалічны, за месяц з заробку вылічваецца каля 15-20 рублёў. Маецца пакой для прыёму ежы з усім неабходным абсталяваннем, кожны работнік мае індывідуальныя шафы для асабістых рэчаў.

Другое кармленне свіней пачынаецца ў 16 гадзін, пасля чаго работнікі заканчваюць працу. Вытворчасць на жывёлагадоўчым аб’екце спецыфічная, яе не спыніш, але людзі па графіку маюць два выхадныя на тыдні.

– Матэрыял для асемянення самалётам завозіцца ў Мінск з Даніі, – расказвае ветурач Васіль Мікалаевіч Масько. – Тройчы на тыдзень паступае да нас, парод йоркшыр буйны і ландрас. Маем уласную лабараторыю, тэрмастат і іншае абсталяванне, каб кантраляваць якасць. Трэба адзначыць, што еўрапейцы яшчэ ні разу не падвялі, браку не было.

Да еўрапейскіх стандартаў у вытворчасці імкнуцца і на прадпрыемстве, працаваць як “у калгасе” тут не атрымаецца. В.М.Шумінская кажа, што ёй цяжка вылучыць кагосьці з работнікаў. Прычым многія былі задзейнічаны яшчэ на этапе будаўніцтва. “Аператары па штучным асемяненні Аляксандр і Аксана Смаляк, слесары Васіль Красінскі і Максім Красноў, аператары Ірына Краснова і Святлана Чарняўская, Раман Казачонак і Сяргей Паўловіч, заатэхнік-селекцыянер Ігар Малахаў… Стараюцца ўсе”, – пералічвае Вольга Мікалаеўна і па прозвішчах угадваюцца жыхары Вяркуд, Дубраўкі, Усвеі, іншых вёсак. Пераважная большасць з іх не мае спецыяльнай адукацыі, у “Хадакове” вучацца непасрэдна на рабочых месцах. Але ўсе ўдзячны кіраўніцтву ЗАТ “Віцебскаграпрадукт” і гатовы надалей адносіцца да справы з усёй адказнасцю.

Дзмітрый Раманоўскі.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Новы год на племянным рэпрадуктары “Хадакова” сустракае калектыў з 26 чалавек. Як і ў іншых арганізацыях, тут напярэдадні свят рыхтаваліся да віншавання сваіх...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика