«Маўклівыя сведкі сівой даўніны». Мемарыяльны комплекс ахвярам фашызму (аг. Шыці). 21.by

«Маўклівыя сведкі сівой даўніны». Мемарыяльны комплекс ахвярам фашызму (аг. Шыці)

10.02.2020 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Іерэй Васілій Стрыжнёў, вучні, настаўнікі былой Лонскай пачатковай школы і прадстаўнікі грамадскасці на малебне каля мемарыльнага комплексу

Іерэй Васілій Стрыжнёў, вучні, настаўнікі былой Лонскай пачатковай школы і прадстаўнікі грамадскасці на малебне каля мемарыльнага комплексу (2015г.)

На тэрыторыі Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны нямецка-фашысцкія захопнікі спалілі і разбурылі 9200 пасёлкаў і вёсак. Больш паловы з іх была знішчана разам з насельніцтвам. Палітыка татальнага спусташэння захопленых тэрыторый і масавага знішчэння людзей праводзілася планамерна з самых першых дзён акупацыі. Свайго кульмінацыйнага моманту яна дасягнула ў час карных аперацый нямецка-фашысцкіх захрпнікаў. Крывавы тэрор, тактыка “выпаленай” зямлі з’яўляліся састаўной часткай палітыкі, якая непасрэдна вынікала з ідэалогіі фашызму, з варварскіх планаў нацыскага генеральнага плана “Ост” (“Усход”), у адпаведнасці з якім 25% беларусаў падлягала анямечванню, а 75% павінна было быць выселена ў Сібір ці знішчана. На тэрыторыі, якая цяпер уваходзіць у склад Шаркаўшчынскага раёна, у гады вайны знішчаны 23 вёскі і хутары, загублены 2027 мірных жыхароў, 10 вёсак так і не адрадзіліся…

Рэха трывожны набат

Лёс вядомай усяму свету Хатыні напаткаў сотні беларускіх вёсак. Нямецка-фашысцкія захопнікі, бяссільныя ў сваіх намаганнях паставіць на калені людзей, прыбягалі да нечуваных у гісторыі злачынстваў. Крывёю і попелам адзначаны сляды гітлераўцаў на акупіраванай імі тэрыторыі. Але ні кулямёты, ні вісельні, ні вогнішчы, у якіх жывымі гарэлі тысячы ні ў чым не вінаватых мірных грамадзян — старых, жанчын і дзяцей, не зламілі волю народа, не запалохалі яго і не прымусілі схіліць галаву перад ненавісным ворагам.

Ім, загінуўшым, але непакораным, назаўсёды бязмежная павага, адданасць і ўдзячнасць тых, хто застаўся жыць, хто працягвае іх справу, вучыцца мужнасці і стойкасці. Памяць пра загінуўшых і па-зверску закатаваных у сэрцах жывых, у строгім граніце і мармуры помнікаў і абеліскаў, у нягаснучым полымі Вечнага агню над брацкімі магіламі, у трывожным набаце хатынскіх званоў.

Скульптура воіна

Скульптура воіна

Памяць — у помніках і абелісках

У 1960-я і 1980-я гады ў нашым раёне ў кожным сельскім Савеце, кожным калгасе і саўгасе для ўвекавечання ахвяр фашызму ўзведзены дзясяткі помнікаў і абеліскаў, стэл і мемарыяльных комплексаў. Адзін з іх узвышаецца на правым беразе ракі Янка ў аграгарадку Шыці, дзе пахаваныя 248 мірных жыхароў вёсак Журавоўшчына, Кушталі, Куляеўшчына, Свілы, Строна, Трабаўшчына, хутроў Бялкова, Вязовец, Ігнацэва, Падрэзаўшчына, Пазава, Станіславова, Сухаборац, Сцяпаніха, Сялібка і 16 воінаў Чырвонай Арміі, загубленых нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Яго ўрачыстае адкрыццё адбылося ў 1976 годзе, напярэдадні Дня Вялікай Перамогі.

Што ўяўляе сабой мемарыяльны комплекс? На ўзгорку размяшчаецца васьмімятровая стэла. Перад ёй нібы застыў, прыпаўшы на калена, у суровым смутку салдат. Ён вярнуўся з перамогай над ворагам, але не застаў ні родных, ні блізкіх. Не ўбачыў ён і сваёй роднай вёскі — навокал толькі адны папялішчы, у якіх сатлелі вяскоўцы.

Па правы бок ад фігуры салдата на пліце барэльеф жанчыны з пранізаным кулямі дзіцём на руках, а побач на мармуры высечаны імёны закатаваных. З левага боку пліта адлюстроўвае селяніна-аратага, які ішоў за сахой і, быццам аступіўшыся, упаў на яе ад варожай кулі. І зноў імёны… У цэнтры, перад салдатам, магіла, над якой ён схіліўся, ушаноўваючы памяць вяскоўцаў. На ёй у пяцікутнай зорцы трапеча Вечны агонь. Шапаценне ліп, векавых дрэў напамінае аб той жудаснай трагедыі, што адбылася тут у лістападзе 1942 года.

Як гэта было

Дадзеную мясцовасць гітлераўцы вырашылі ператварыць у мёртвую зону. У 1942 годзе тут пачалі дзейнічаць першыя партызанскія атрады. Гэты край прымыкае да знакамітых Каз’янскіх лясоў. Для народных мсціўцаў гэта было выгадным месцам дыслакацыі, надзейным укрыццём ад ворага. Каб пазбавіць іх прытулку, захопнікі задумалі сцерці з твару зямлі вёскі і хутары, знішчыць людзей, каб партызаны не маглі мець прытулку ў сялянскіх хатах, каб не пакінуць ім даху над галавой.

Трагедыя разыгралася напрыканцы лістапада. Вось успаміны былога жыхара вёскі Кушталі Рыгора Васільевіча Касцюкевіча.

“Усё адбылося на маіх вачах. Я — адзін з нямногіх, каму ўдалося выжыць. Быў панядзелак. На двары стаяла глухая восень. У ціхіх завадзях Янкі рабяты спрабавалі коўзацца па першым лёдзе. Раптам з боку балота выехалі немцы ў белых масхалатах. Адзін з іх зайшоў у нашу хату і спытаў: “Кто ест Костюкевич?”. Дзецца мне некуды было тут, выйшаў. Ён павёў мяне, як сказаў, на сходку, у хату аднавяскоўца Сцёпкі Лонскага. Сюды сабралі мужчын з усёй вёскі, чалавек 25. У двары паставілі станкавы кулямёт. Сказалі выходзіць па аднаму. Першага мужчыну растралялі, другога таксама. Тое ж чакала і іншых, хто па чарзе выходзіў. Мы пачалі кідаць у немцаў шкляныя рэчы, зачыніўшы дзверы знутры. Фашысты кінулі нам у акно гранату. Мы паспелі выкінуць яе ў двор. Потым гітлераўцы падпалілі будынак. Я ў клубах дыму выскачыў праз акно і паспеў дабегчы да студні, у якой і прасядзеў ажно да змяркання. Фашысты не пашкадавалі ні старых, ні малых. Крык быў чутны за некалькі кіламетраў. Той страшны дзень карнікі закончылі тым, што пакінулі пасля сябе толькі чорныя коміны. Ні адна хата не ўцалела з 36. Першапачаткова жылі ў зямлянках, затым пакрысе сталі адбудоўвацца. Ледзь сталі на ногі”.

Лёс Кушталёў падзялілі і суседнія вёскі, дзе гітлераўскія галаварэзы падобным чынам распраўляліся з жыхарамі. Так абарвалася жыццё ў тыя дні 220 чалавек. Усе яны паімённа пералічаны на мармуры мемарыяльнага комплексу. А каля падножжа схіленага на калена воіна высечаны прозвішчы тых, хто загінуў у барацьбе з захопнікамі на франтах і ў партызанскіх атрадах.

Ураджэнец спаленай гітлераўцамі вёскі Свілы Пётр Чабатаронак.

Ураджэнец спаленай гітлераўцамі вёскі Свілы Пётр Чабатаронак.

У славу герояў!

Мемарыяльны комплекс быў узведзены, дзякуючы матэрыяльным сродкам тагачаснага калгаса “Усход”. Над яго праектам працавалі архітэктары з Мінска. На адкрыцці знакавага месца ў 1976 годзе сабралося вялікае мноства людзей. На мітынг прыйшлі не толькі жыхары навакольных вёсак, але і людзі з суседніх калгасаў. Урачыстасць адкрыў старшыня калгаса Іван Нікадзімавіч Чэкан. Права перарэзаць чырвоную стужку прадаставілі ветэранам вайны, сведкам той жудаснай падзеі. Сярод іх былі Вікенцій Іванавіч Цітовіч, Аляксандр Сцяпанавіч Траба, Канстанцін Сяргеевіч Лысёнак, Аркадзь Максімавіч Вайцяховіч. Яны ж запалілі і Вечны агонь на магіле.

Затым удзельнікі мітынгу ўсклалі вянкі да брацкай магілы. “Слава героям!”, “Ахвярам фашызму”, “Непакораным” — такія надпісы былі на чырвоных стужках. Ад імя райкама кампартыі і райвыканкама кошык жывых кветак да магілы паднеслі сакратар РК КПБ Ірына Аляксандраўна Аношка і загадчык аддзела прапаганды Генадзій Мікалаевіч Траба.

Хвіліна маўчання… Потым удзельнікі мітынгу высадзілі на магіле кветкі “браткі”. Яны як сімвал вечнага жыцця, неўміручай славы загінуўшых і вечнай памяці аб іх жывых.

Сімвал вечнага жыцця

…Вось ужо сорак чатыры гады стаіць над ракой Янкай мемарыяльны комплекс. Трывожна шумяць над ім кроны дрэў, нібы прыглушана гудуць жалобныя струны. І чуецца ў гэтым гуле рэха лістападаўскай трагедыі 1942 года. А маладая трава, якая кожную вясну прабіваецца праз шэрую зямлю, кветкі ля брацкай магілы сцвярджаюць вечнае жыццё на зямлі, у тым ліку і загінуўшых, бо яны непадуладныя смерці, яны жывуць сярод нас, у нашых сэрцах, справах і здзяйсненнях.

Сяргей РАЙЧОНАК.

Comments are closed.

 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика