Трывожная з’ява, небяспечная, балючая і ганебная – бадзяжныя жывёлы. Пра небяспеку – не перабольшванне. На жаль, хроніка выпадкаў, у якіх чалавек пацярпеў ад бяздомнага чатырохногага агрэсара, пастаянна папаўняецца. У гарадскім парку дзяўчыну пакусаў сабака – ахвяры давялося накладваць швы, праходзіць антырабічную вакцынацыю, звяртацца па дапамогу псіхолага… Нічыйны кот, што з’явіўся ў двары шматпавярховіка і лашчыўся да дзяцей, аказаўся шалёным… Згадзіцеся, пазнавальныя сюжэты. Давайце паразважаем, хто вінаваты і што рабіць?
…Яна яўна ведала лепшыя часы і дагэтуль верыць людзям. Інакш чаму падыходзіць да тых, хто спыняецца на ганку магазіна, лашчыцца да іх ног і жаласлівым голасам звяртае на сябе ўвагу. Галодная бяздомная істота. Ангорскае футра скамячылася, раменьчык боўтаецца на схуднелай шыі, пацвярджаючы: быў у яго ўладальніцы і дом, і гаспадар. Большасць праходзяць міма, хіба толькі чуллівая бабулька пачастуе кавалачкам ліверкі, з якім чатырохногая «ледзі бомж», яна ж ангорская кошка, спраўляецца імгненна.
Пазналі карцінку? Колькі іх, бадзяжных катоў і сабак, спрабуюць выжыць, шукаючы штосьці ядомае! У бяздомных чатырохногіх з’яўляецца патомства, і бяздомных становіцца больш. Пасля чарговага паведамлення ў друку пра нападзенне сабачай зграі на чалавека пачынаецца тое, што называецца санацыяй, іншымі словамі, адлоў з адпаведным фіналам… Але тыя, якія засталіся, хутка аднаўляюць «пагалоўе», больш агрэсіўнае і нахабнае. Барацьба за выжыванне і адзічэласць робяць сваю справу. Сябар чалавека становіцца яго ворагам, небяспечным і каварным. Шчыра кажучы, адбываецца гэта ўсякі раз менавіта па віне чалавека, якому аднойчы надакучыў ратвейлер Лорд, аўчарка Веста, «дваранін» Тузік… Лічыцца, што сабака прывыкае да гаспадара, кот – да дома, дзе жыве. Але ў абодвух выпадках агульным з’яўляецца чалавечы фактар парушанай адказнасці за таго, каго мы прыручылі.
нтуан дэ Сент Экзюперы быў, мусіць, самым журботным летуценнікам-рэалістам. У прысвячэнні да «Маленькага прынца» ён напісаў, што ўсе дарослыя былі дзецьмі, толькі мала хто з іх пра гэта памятае. Дзеці любяць звяроў, мараць атрымаць у падарунак кацянё, шчанё, хамячка. У іх казках жывуць у дружбе і згодзе зайчыкі і медзведзяняты, жучкі і муркі. А потым дзеці вырастаюць, становяцца дарослымі і вывозяць надакучлівага сабаку ці ката ў лес, падкідваюць на чужы двор далей ад свайго. І абураюцца, б’юць трывогу, ужо небеспадстаўную: антысанітарыя, крыніца шаленства, небяспека быць пакусаным, загрызеным, скалечаным, спалоханым. Хто б сумняваўся: і крыніца, і небяспека. Але хто аспрэчыць, што гэта адбываецца па віне людзей? Не ўсіх, на шчасце.
Дарэчы, як ставіцца да жанчыны, што ў двары шматпавярховіка падсілкоўвае чатырохногіх «нахлебнікаў»: як да дзівачкі, як да гуманнага чалавека ці як да «ворага народа», што прыкормлівае небяспеку? Пытанне, безумоўна, цікавае. Больш адрасоў, дзе каменем наўздагон. Ці яшчэ практыка: некаторыя гаспадары на ноч ці ранкам выпускаюць вартавых сабак на вуліцу, маўляў, няхай адпачнуць ад ланцуга, пабегаюць удосталь. Вынікі такой «дабрыні» бываюць сумнымі – патаптаныя агароды і кветнікі, загрызеныя куры ў чужым двары, вельмі сумныя – спалоханыя брэхам і наскокамі прахожыя, зусім жудасныя – калі ахвярам сабачай агрэсіі (звер ёсць звер) даводзіцца лячыцца ды яшчэ супакойваць нервы. З другога боку, апошнім часам з’яўляюцца паведамленні пра выпадкі звярынай агрэсіі чалавека ў адносінах да хатніх чатырохногіх пітомцаў, што заканчваюцца нават крымінальнай справай. Такія вось разнаполюсныя факты і пры гэтым адназначныя аргументы: будзь чалавекам, чалавек, і па законе грамадства, і па законе сумлення – яны заўсёды супадаюць.
Між іншым, існуюць правілы ўтрымання катоў і сабак, у якіх прапісаны абавязкі іх уладальнікаў. Яны, гэтыя правілы, расшыфроўваюць, што значыць быць у адказе за тых, каго прыручылі. А за парушэнне вызначана адміністрацыйная адказнасць. Толькі, здаецца, нялішне напомніць пра агульначалавечыя каштоўнасці: дабрыню, сумленне, міласэрнасць і чуласць, якія не варта эканоміць, у тым ліку ў адносінах да братоў нашых меншых.
Неяк давялося назіраць, з якім здзіўленнем людзі праводзілі позіркам аўтамабіль з надпісам «Гасцініца для жывёлы», што праязджаў па гарадскіх вуліцах. У голас выказаліся двое прахожых. Зусім супрацьлеглыя пазіцыі. Адзін абурыўся: гэта ж трэба дадумацца, ці грошай няма куды дзяваць?! Другі быў у захапленні: якія малайцы, даўно пара, цывілізаванае рашэнне. Дарэчы, недалёка ад Ляхавіч, у напрамку Баранавіч (у вёсцы Конькі), створана прыватная зоагасцініца. Паслугі яе платныя. Але ж гаспадары гэтага «хостэлу» дабрачынна прымаюць на пастой знойдзеных, падкінутых, нічыйных чатырохногіх бамжоў. Даюць прытулак, кормяць, даглядаюць і стараюцца знайсці для іх новую сям’ю.
…Літаральна днямі на базарнай плошчы хлопчык, пакуль мама купляла агародніну, гуляў са шчанём, якое бегала то за аднымі, то за другімі нагамі. Дарослыя «ногі» праходзілі міма, а дзіця ўбачыла, спынілася і з захапленнем адгукнулася. Маміны ўгаворы, што пёсік хоча жыць на вуліцы (на вялікай плошчы магчымага гаспадара не было відаць), выклікалі слёзы: давай возьмем яго сабе. А чысценькае і сытае шчанё даверліва віляла хвастом. Яно можа стаць надзейным і верным сябрам, а можа вырасці бамжом і адпомсціць за здраду. Усё залежыць ад чалавека.