Родители и уроки: Делать или не делать. Этот вопрос обсудили с осиповчанами
10.03.2020
—
Разное
|
Ці павінны таты і мамы займацца разам з малодшым пакаленнем хатнімі заданнямі — гэта пытанне абмеркавалі з грамадскасцюЯк толькі дзіця ідзе ў першы клас, распарадак дня яго маці крута мяняецца. Пасля работы яна спяшаецца дадому, часта адмаўляючыся ад грамадскіх мерапрыемстваў, наведванняў сябровак і іншых забаў. На ўсе пытанні стомлена тлумачыць: “Трэба рабіць урокі”. Для некаторых такі абавязак расцягваецца на доўгія 11 гадоў, ператвараючыся ў пакаранне, бо заданні становяцца ўсё больш складанымі. Нярэдка знясіленая матуля зрываецца на дзецях, якія не спраўляюцца з урокамі самастойна. Ці павінны бацькі ператварацца ў завочных вучняў школы: пісаць рэфераты, маляваць плакаты, рашаць ураўненні, рыхтаваць шпаргалкі з адказамі на пытанні па прачытаным апавяданні? Аб гэтым вырашылі пагутарыць з удзельнікамі адукацыйнага працэсу. Вікторыя Мікалаеўна Ліхачова, намеснік дырэктара СШ № 1: — Задача бацькоў — навучыць дзіця планаваць свой час. Неабходна скласці распарадак дня, у якім падрыхтоўка да ўрокаў будзе займаць пэўную пазіцыю, і прытрымлівацца запланаванага. Вучні малодшых класаў яшчэ не могуць арганізаваць дзень, без уважлівых дарослых ім не абысціся. Неабходна тактоўна кантраляваць школьніка. Пасля школы дзіця абавязкова павінна крыху адпачыць, пагуляць на вуліцы. Але, калі, напрыклад, выкананне хатніх заданняў намечана на 16-18 гадзін, у дадзены прамежак часу не трэба пераключацца на іншае, гэта можна зрабіць толькі калі справа будзе закончана. Важную ролю іграе і арганізацыя рабочага месца школьніка. Маці і бацька павінны зручна размясціць стол, паліцу для падручнікаў, навучыць рыхтаваць усе неабходныя вучэбныя прылады і своечасова ўбіраць іх на месца. Каб справа ішла хутчэй, пачынаць падрыхтоўку лепш з любімага прадмета. Неацэнную дапамогу акажуць бацькі і ў пошуку інфармацыі. У яе велізарным патоку дзіцяці вельмі цяжка арыентавацца, таму яго ўвага часта пераключаецца не ў патрэбным напрамку. Дарослыя навучаць заходзіць на сайт школы або старонку педагога, у іх карыстанні — электронны журнал, звесткі аб тым, што дзецям задалі, напрыклад, верш, які трэба вывучыць. Бацькі могуць звязацца з настаўнікам, атрымаць адказы на ўсе пытанні, што іх хвалююць. У кожнага дзіцяці свой тэмп засваення інфармацыі. Гэта таксама трэба ўлічваць. Не сварыцца, калі сын ці дачка марудна піша ці, наадварот, чытае, глытаючы склады, а праяўляць цярпенне і ўмела накіроўваць яго. Першакласнікам хатнія заданні не задаюць, а з другога і дзесьці да шостага класа бацькі павінны ажыццяўляць кантроль за падрыхтоўкай вучня да ўрокаў. Гэта не значыць рабіць разам з ім ці за яго, але трэба знаходзіцца побач і быць гатовым аказаць дапамогу. Адобрыць, падтрымаць, пахваліць. Калі вучань не змог разабрацца ў матэрыяле, з-за чаго прыйшоў непадрыхтаваным, і праўдзіва скажа аб гэтым настаўніку перад урокам, той аднясецца з разуменнем і правядзе з ім дадатковыя заняткі. Школьнікі, якія наведваюць групу падоўжанага дня, наогул выконваюць хатнія заданні пад наглядам педагога, усім аказваецца неабходная дапамога, што аблягчае задачу бацькоў. Таццяна Віктараўна Разгонава, настаўнік СШ № 2: — Бацькі павінны валодаць назіральнасцю і цярплівасцю. Добра ведаць сваё дзіця і падыходзіць да яго выхавання з улікам індывідуальных асаблівасцей. Калі яно спраўляецца з выкананнем заданняў — не навязваць сваю дапамогу, а калі не — падставіць плячо. Само сабой, выключыць з карыстання ўсе магчымыя рашэбнікі і самому гатовых рашэнняў не прапаноўваць: да ўсяго чалавек павінен дайсці ўласным розумам і намаганнямі. Даводзілася сутыкацца з рознымі падыходамі бацькоў: адны садзяцца за стол побач з вучнем і не адыходзяць ад яго, пакуль усе ўрокі не будуць зроблены, іншыя наогул не ўнікаюць, чым займаецца сын ці дачка. Але большасць усё-такі надзяляе ўвагу падрыхтоўцы да школы. Галоўнае, дзіця павінна ведаць, што яго заўсёды падтрымаюць. Паступова яно само прывучыцца рабіць урокі, рыхтавацца да кантрольных, шукаць патрэбную інфармацыю. Недарэчнай лічу пазіцыю бацькоў-перфекцыяністаў, якія любой цаной стараюцца зарабіць для дзіцяці найвышэйшую адзнаку. Што гэта дасць у будучым? Нічога добрага такая мядзведжая паслуга не прынясе. Дзіця не навучыцца дабівацца чагосьці самастойна, будзе жыць з аглядкай на маміну-татаву падказку. Выканаць за школьніка хатняе заданне лягчэй за ўсё, больш складана навучыць яго знаходзіць адказ самому. Неабходна даць дзецям магчымасць развівацца ў сваім тэмпе, рабіць памылкі, прымаць рашэнні — рыхтаваць іх да дарослага жыцця. Але не пускаць вучобу на самацёк. Юны грамадзянін павінен атрымаць базу, неабходную для далейшай адукацыі. Святлана Сяргееўна Александровіч, педагог-псіхолаг Ялізаўскай СШ: — Часта бацькі наракаюць, што дзіця не спраўляецца з хатнімі заданнямі, не хоча іх рабіць або сядзіць гадзінамі, але ўрокаў не рыхтуе. Справа ў тым, што трэба ўлічваць псіхалагічныя асаблівасці кожнага. Безумоўна, больш сур’ёзна кантраляваць вучняў малодшых класаў, а вось з падлеткамі — заахвочваць жаданне мысліць, разважаць, вучыць працаваць самастойна, заўсёды цікавіцца, ці падрыхтаваліся яны да школы, якія заданні выклікалі цяжкасць. Колькі часу адводзіць для дапамогі дзіцяці? Ад полу гэта не залежыць, чаго не скажаш пра тэмперамент. Флегматыкі выконваюць заданні больш працяглы час, затое робяць усё акуратна, а для халерыкаў характэрна частае пераключэнне, яны могуць напісаць практыкаванне хутка, але не праверыць правільнасць, задачу рошаць, а не патлумачаць, што яны рабілі. Тут трэба цярпенне і ўвага дарослых. На меланхоліка нельга павышаць голас, лепш папрасіць яго больш уважліва прачытаць параграф. Трэба ўлічваць і пераважны канал атрымання інфармацыі. Візуалы стараюцца ўсё запісаць, суправаджаючы ілюстрацыямі; аўдыялы лепш засвойваюць пачутае, чым убачанае; дзігіталам інфармацыю лепш падаваць у выглядзе схем, табліц, графікаў; кінэстэтыкі лепш успрымаюць свет праз тактыльныя адчуванні, яны, дарэчы, часта бываюць гіперактыўнымі. Да кожнага патрабуецца асобны падыход. Гэта мы тлумачым бацькам на сходах. Нярэдка сустракаюцца дзеці з павышаным узроўнем трывожнасці. Побач з такімі рабятамі заўсёды павінен быць дарослы, які дапаможа паверыць ва ўласныя сілы. Наогул лепш, калі займацца з дзецьмі будзе той член сям’і, які найбольш значны для яго. Звяртацца ж па паслугі рэпетытараў трэба толькі ў той сітуацыі, калі дзіця не разумее шэраг матэрыялаў, а бацькі не могуць дапамагчы яму разабрацца.
— Калі я вучыўся ў школе, бацькі не ведалі не толькі тое, ці зрабіў я ўрокі, але і ў якія секцыі запісаўся. Нам давалі больш самастойнасці, але кожны знайшоў сваё месца ў жыцці, набыў прафесію. Затое дзеці паважалі бацькоў і настаўнікаў. Усякае здаралася, але выраслі добрымі людзьмі. Зараз нярэдка чую ад знаёмых: “Сяджу да 12 гадзін над урокамі”. А ці трэба такая ахвяра нашым дзецям? Мае вучацца ў 5 і 9 класах. Урокі робяць, дачка яшчэ і ў брата правярае. Калі што трэба — дапамагаем. Доўга над сшыткамі дзеці не сядзяць — паўтары-дзве гадзіны, паспяваюць яшчэ і гурткі ды секцыі наведваць. Стараемся, каб яны менш часу адводзілі камп’ютару, а калі кудысьці едзем, наогул не ўключаем тэлефоны: у рэальным свеце значна больш цікавага. Самым галоўным лічу не выдатныя адзнакі, а дастойнае выхаванне рабят. Не ўсе выдатнікі займаюць высокія пасады і, на жаль, не ўсе становяцца паспяховымі і шчаслівымі людзьмі. Ягор Каліта, вучань 9 класа СШ № 2: — У пачатковых класах тата і мама дапамагалі мне рабіць урокі. Зараз спраўляюся самастойна, але калі ўзнікаюць якія пытанні па вучобе, ведаю, што магу звярнуцца да бацькоў. Лічу, што старэйшыя павінны дапамагаць дзецям з урокамі, калі з’яўляюцца цяжкасці. Самае галоўнае — падштурхваць школьніка на шляху да ведаў, але ні ў якім разе не рабіць хатнія заданні за яго.
Такія вось меркаванні. Можа хтосьці і не згадзіцца з нашымі суразмоўцамі, маўляў, сённяшнія дзеці патрабуюць большага кантролю і ўвагі. Але заўтра яны пераступяць школьны парог і пакрочаць па вірлівым, супярэчлівым жыцці, дзе клапатлівай маці ды надзейнага бацькі побач не будзе. Давядзецца самім планаваць, прымаць рашэнні, дзейнічаць, ствараць уласнае жыццё. І самастойнасць прыйдзецца да месца ўсім. Іна Заскевіч. i.zaskevich@gzt-akray.by
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Ці павінны таты і мамы займацца разам з малодшым пакаленнем хатнімі заданнямі — гэта пытанне абмеркавалі з грамадскасцю Як толькі дзіця ідзе ў першы клас,...
|
|