Пятро Конюх – чалавек незвычайнага лёсу. Адораны ад прыроды прыгожым голасам, ён змог атрымаць бліскучую адукацыю ў сценах Рымскай акадэміі мастацтваў, спяваў у оперы і выступаў з канцэртамі ў лепшых канцэртных залах усяго свету. Шлях да вялікай сцэны для выдатнага спевака, які нарадзіўся ў мястэчку Турэц 8 сакавіка 1910 года, пачаўся ў Італіі пасля ўдзелу ў славутай бітве пры Монтэ-Касіна.
Пад залпы гармат
Ноччу 12 мая 1944 года салдаты 2-га Польскага корпуса пад камандаваннем генерала Уладзіслава Андэрса пайшлі ў атаку на старадаўні кляштар Монтэ-Касіна, размешчаны ў 150 кіламетрах ад Рыма на аднайменным скалістым узвышшы. У гэтым месцы праходзіла вузкая даліна ракі, праз якую вяла адзіная дарога на Рым. Кляштар абаранялі адборныя нямецкія часці, усе падыходы да яго прыкрываліся дотамі і міннымі палямі, кожны метр мясцовасці быў прыстрэлены агнём праціўніка. Тут панеслі вялікія страты і адступілі амерыканскія, англійскія, новазеландскія, французскія і канадскія часці. Немцы адзін за адным расстрэльвалі батальёны салдат з войска саюзнікаў, якія падымаліся ў атаку. І вось настала чарга 2-га Польскага корпуса, ядром якога з’яўляліся часці, што былі сфарміраваны ў час вайны на тэрыторыі СССР, а потым эвакуіраваны ў Іран і Ірак, прайшлі Егіпет і Палесціну і апынуліся ў Італіі. У складзе арміі Андэрса разам з палякамі ваявалі і беларусы, у тым ліку ўраджэнцы нашага раёна: Іван Буглак з Лук, Павел Свірыд з Палужжа, Аляксандр Бухавец з Вялікіх Жухавіч, Рыгор Халупка з Горбатавіч і будучы славуты бас з Турца Пятро Конюх.
Начная атака назаўсёды засталася ў памяці тых, хто выжыў. Салдаты беглі ў невядомасць, і ім здавалася, што ад свісту куль і выбухаў снарадаў зямля рвецца пад нагамі. Час ад часу прастора асвятлялася пражэктарамі і ракетамі, і ў гэтым жахлівым святле было відаць, як адзін за адным падаюць на зямлю забітыя і параненыя салдаты. Вось узмахнуў рукамі і рухнуў на зямлю 30-гадовы Аляксандр Бухавец. Гэта быў яго апошні бой. Ці даведаліся родныя з Жухавіч, што ён загінуў у гэтым баі? Ці пабывалі калі-небудзь на яго магіле ў Італіі? Нягледзячы на адвагу байцоў, гэта атака не дала жаданага выніку, і тады 16 мая ўсё паўтарылася зноў. Разам з рэшткамі пяхоты ў бой пайшлі ўсе рэзервы – вадзіцелі, кухары, пісары. Але толькі 18 мая польскі корпус заняў кляштар Монтэ-Касіна, страціўшы ў баях больш за 4 тысячы салдат, з іх тысяча чалавек назаўсёды засталася ляжаць у італьянскай зямлі. Атрымаў раненне ў адным з баёў і капрал Пятро Конюх. За ўдзел у гэтай крывавай бітве яго ўзнагародзілі Памятным Крыжам, пазней ён быў удастоены “Зоркі Італіі”. Такія ж узнагароды атрымаў і другі наш зямляк – 38-гадовы малодшы капрал Рыгор Халупка з Горбатавіч і іншыя ўдзельнікі гэтай бітвы.
Усе дарогі вядуць у Рым
У чэрвені 1944 года войскі саюзнікаў увайшлі ў Рым. У Італіі наш зямляк закончыў свой баявы шлях. Менавіта тут крута змяніўся яго лёс. Аднойчы ў Рыме спецыялісты выпадкова пачулі яго голас. Яны былі ўражаны магутным басам незнаёмага салдата і запрасілі яго на праслухоўванне ў Рым. Адметныя вакальныя даныя дапамаглі хлопцу з Турца паступіць у Рымскую акадэмію мастацтваў. Так пачалася новая старонка ў яго жыцці.
Наведваючы заняткі ў лепшых выкладчыкаў акадэміі, Пятро Конюх часта ўспамінаў сваё жыццё ў Турцы, дзе ён з маладых гадоў зачароўваў сваім голасам прыхажан у мясцовым храме і суседзяў, якія працавалі разам з ім у полі. Сёстры ўжо нават не здзіўляліся, што людзі кідалі працу, калі ён пачынаў спяваць, стаялі ды слухалі яго цудоўны голас. Яму хацелася выступаць на сцэне, але тады ён мог парадаваць сваімі спевамі толькі гледачоў з Навагрудка ці Стоўбцаў, куды ездзіў выступаць разам з самадзейнымі артыстамі. Сялянскі хлопец нават марыць не мог аб тым, каб атрымаць музычную адукацыю, але ён самастойна навучыўся іграць на кларнеце, мандаліне і гітары, іграў у аркестры струнных інструментаў і ў духавым аркестры пажарнай каманды мястэчка Турэц, прымаў удзел у беларускіх спектаклях, якія моладзь наладжвала падчас святаў.
Праца Пятра Конюха ў Турцы была звязана з сельскай гаспадаркай. У 18-гадовым узросце ён паступіў вучыцца ў Кашалёўскую сельскагаспадарчую школу, але праз нейкі час вымушаны быў пакінуць яе. Да прызыву ў армію дапамагаў бацькам па гаспадарцы, дзе спатрэбіліся тыя веды, якія паспеў набыць у Кашалёве. У 1932 годзе Пятро Конюх быў прызваны ў польскую армію, а пасля вяртання дадому скончыў у 1938 годзе курсы ў Вільні і пачаў працаваць у Баранавічах экспертам па закупцы лёну. Сваякі сцвярджаюць, што перад вайной ён паехаў на ільнаводчыя курсы ў Расію, аднак факт яго знаходжання ў арміі Андэрса прыводзіць да думкі, што ён быў дэпартаваны на ўсход, адкуль і трапіў у армію Андэрса, аб чым пісаў наш зямляк з Міра Янка Запруднік, які не раз сустракаўся з Пятром Конюхам за мяжой.
Рымская акадэмія мастацтваў стала добрай школай для Пятра Конюха. Спявак паспяхова авалодаў італьянскай мовай і пачаў напружана працаваць над набыццём вакальнай тэхнікі, развіццём артыстычных здольнасцей і вывучэннем твораў вядомых кампазітараў. Спецыялісты ўмела “шліфавалі” яго выдатны голас, каб ён мог выявіць сваю прыгажосць у поўную меру.
Голас, які пакарыў свет
Праца была недарэмнай – у хуткім часе Пятро Конюх пачаў прымаць удзел у конкурсах і канцэртах, а потым дэбютаваў на опернай сцэне. Яго выступленні не прайшлі незаўважанымі. Ён спяваў у операх “Фауст”, “Барыс Гадуноў”, “Дон Карлас” і адначасова займаўся канцэртнай дзейнасцю – выступаў у вядомых канцэртных залах Рыма і за межамі Італіі.
Пятро Конюх паступіў у акадэмію ў 35-гадовым узросце, што даволі позна для пачатку сцэнічнай кар’еры, таму, атрымаўшы ў 1951 годзе дыплом спевака, ён пачаў вучыцца далей. У 1956 годзе спеваку ўручылі яшчэ адзін дыплом – музычнага крытыка, а неўзабаве ён атрымаў ганаровае званне “Маэстра акадэміі”.
У 1953 годзе спявак удзельнічаў у канцэртах беларускага хору, створанага ў Лювенскім універсітэце (Бельгія) кампазітарам Міколам Равенскім. Канцэрты паспяхова прайшлі ў Рыме, Лондане, Лювене. Выступленні Пятра Конюха нязменна пачыналіся з песні Міколы Равенскага “Магутны Божа”, якая была адным з любімых твораў спевака і захоўвалася ў яго рэпертуары шмат гадоў. Колькі разоў наш зямляк са сцэн лепшых канцэртных залаў розных краін жадаў свайму краю шчасця і росквіту! Гэты духоўны гімн стаў музычнай эмблемай міжнароднага фестывалю духоўнай музыкі, які цяпер штогод праводзіцца ў Магілёве.
Гледачы былі ў захапленні ад магутнага голасу спевака. На беларускай мове гучалі песні “Палыночак”, “Нёман”, “Лявон”, на італьянскай – арыі з опер Дж. Вердзі і А. Бойта, а “Блыха” М. Мусаргскага нязменна выконвалася на біс. Пятро Конюх нагадваў аматарам музыкі легендарнага Фёдара Шаляпіна. Хіба мог ён некалі марыць пра такі поспех? Але за радасць творчасці Пятро Конюх заплаціў высокую цану – ён назаўсёды развітаўся з радзімай. Спявак да канца сваіх дзён пакутліва нёс гэты крыж. Вярнуцца дадому ён не мог. Калі пачалася “халодная вайна”, салдаты арміі Андэрса, у складзе якой ваяваў наш зямляк, былі рэпрэсіраваны.
Увосень 1956 года Пятро Конюх адправіўся пакараць Амерыку. У снежні таго ж года даў канцэрт у адной з залаў канцэртнага цэнтра Карнегі-Хол (ЗША). Акампаніраваў артысту адзін з лепшых піяністаў, якому даводзілася акампаніраваць славутаму Шаляпіну. У праграму канцэрта ўвайшлі класічныя творы вядомых кампазітараў, якія выконваліся на італьянскай, англійскай, нямецкай, рускай, польскай і ўкраінскай мовах. Прагучалі і беларускія песні “Палыночак”, “Што й за месяц”, “Малойчык”. Па-беларуску выконваліся і некаторыя сусветна вядомыя творы – “Элегія” Ж. Маснэ, “Ноч” П. Чайкоўскага. Усхваляваная публіка была ў захапленні – апладысменты ў зале не сціхалі, спевака не хацелі адпускаць са сцэны, яго называлі беларускім Шаляпіным. Затым Пятро Конюх даў яшчэ шэраг канцэртаў у ЗША і Канадзе.
26 чэрвеня 1957 года ён напісаў у пісьме да дачкі: “1 кастрычніка 1956 года я пакінуў Італію і з Рыма прыляцеў у Нью-Ёрк. За гэты час даў шмат па Амерыцы і Канадзе канцэртаў. У цяперашні час маю адпачынак, або так названы “мёртвы сезон”. У гэтым годзе, здаецца, еду зноў на канцэртнае турнэ ў Еўропу і Японію – калі паеду, то ў верасні гэтага года, але яшчэ пакуль на гэта кантракта не падпісаў”.
У 1958 годзе ў жыцці спевака адбылася знакавая сустрэча – ён пазнаёміўся з кіраўніком вядомага Хору данскіх казакоў Сяргеем Жаравым і прыняў запрашэнне стаць салістам гэтага калектыву. З хорам Сяргея Жарава, у якім Пятро Конюх спяваў шмат гадоў, ён пабываў у многіх краінах свету, аб чым сведчаць яго лісты і паштоўкі, якія ён слаў сваякам з Аўстрыі, Японіі, Аўстраліі, Францыі, Германіі і іншых краін.
З пісьмаў Пятра Конюха да сваякоў
“14.04.1973 г. Аўстралія. Мельбурн. У гэтым годзе вельмі шмат прыйшлося мне падарожнічаць: уся Еўропа, Японія, Філіпіны, Новая Зеландыя, Тасманія і цяпер заканчваем наша турнэ ў Аўстраліі. Засталося яшчэ 9 канцэртаў і канец турнэ, чацвёртага мая я ўжо вярнуся ў Еўропу, у Гамбург, дзе прабуду 2-3 месяцы. Я адчуваю сябе добра. Голас яшчэ гучыць”.
“06.08.1974 г. Нью-Ёрк. У гэтым сезоне я на канцэртнае турнэ не паехаў. Шэсць месяцаў прабыў у Еўропе, працаваў са спевакамі па пастаноўцы голаса. Цяпер я ў Нью-Ёрку, ужо 4 месяцы як вярнуўся ў Амерыку, працую тут таксама са спевакамі.”
“05.04.1977 г. Нью-Ёрк. Турнэ мы закончылі 13 сакавіка 1977 года, а 14 сакавіка я ўжо быў у Нью-Ёрку. За 6 месяцаў далі 176 канцэртаў”.
“10.03.1979 г. Парыж. Сёння турнэ наша канчаецца. Вылятаем у Нью-Ёрк з Парыжа 11.03.1979 г. Скалясіў усю Еўропу. Вельмі шмат маіх сяброў я не пабачыў, адышлі назаўсёды. Гэтым турнэ, мабыць, я сваю кар’еру закончу і з Еўропай развітаюся назаўсёды…”
“24.03.1980. Нью-Ёрк. За апошнія 23 гады перасякаў 40 разоў акіян і 3 разы абляцеў вакол зямлі…”
У непарыўнай сувязі з Радзімай
І ўсё ж такі Пятра Конюха зноў і зноў магічна цягнула на сцэну. У канцы 1986 года ён пісаў сястры, што вярнуўся з невялікага турнэ, удзельнічаў на працягу двух месяцаў у 45 канцэртах. Было яму ў той час ужо 77 гадоў. Акрамя канцэртнай дзейнасці, ён даваў урокі спеваў, меў студыі ў Гамбургу і Нью-Ёрку.
Толькі ў 1975 годзе Пятро Конюх змог сустрэцца са сваякамі ў Беларусі, куды ён прыехаў у якасці турыста. І была гэта сустрэча радасная і адначасова шчымлівая. Тады і ўзнікла ў яго думка вярнуцца на радзіму, але ён так і не рашыўся на гэты крок. Апошнія гады жыцця спявак правёў у Канадзе, куды пераехаў у 1987 годзе. Спяваў у царкоўным хоры, удзельнічаў у мясцовых музычных фестывалях. Адышоў у вечнасць 14 ліпеня 1994 года ў мястэчку Святой Кацярыны ў Канадзе на 85 годзе жыцця. Пахаваны ў ЗША на беларускіх могілках, дзе яшчэ пры жыцці паспеў набыць зямлю.
Між радкоў
У свой час, працуючы ў раённым краязнаўчым музеі, я адшукала сваякоў Пятра Конюха і, дзякуючы іх успамінам, а таксама дакументам, якія ў іх захаваліся, змагла аднавіць біяграфію гэтага неардынарнага чалавека. Вынікам сталі выставы ў музеі, экспазіцыя, прысвечаная Пятру Конюху, публікацыі ў перыёдыцы і артыкулы ў маіх кнігах. Рада, што змагла падказаць беларускім кінематаграфістам ідэю стварэння дакументальнага фільма пра нашага славутага земляка, аўтарам якога стаў вядомы кінарэжысёр Анатоль Алай.
Святлана КОШУР