Чтоб попасть в армию, прошёл конкурс 8 человек на место. Ушачанин Роман Конторов служит в ИТ-роте
16.03.2020
—
Разное
|
Раману Контараву пашчасціла – ён трапіў у армію! І не думайце, што іранізую. Юнак перакананы, што менавіта служба ў войску запаліла “зялёнае святло” для далейшай паспяховай кар’еры. Прычым не ў якасці ваеннага, а ў сферы высокіх тэхналогій. І для гэтага Раман прайшоў конкурс у 8 чалавек на месца. Кажуць, што галоўнае – апынуцца ў свой час у патрэбным месцы. У Рамана атрымалася. Ён першы ўшачанін, які быў залічаны ў роту інфармацыйных тэхналогій. І наогул аказаўся ў ліку першых прызыўнікоў тэрміновай службы, абраных у гэтыя элітныя падраздзяленні, што сфарміраваны толькі ў лістападзе 2018 года. У арміі ён – праграміруе. Займаецца тым, чаму і хацеў прысвяціць жыццё. Перш чым трапіць у роту “галавасцікаў”, так іх жартоўна называюць з-за адбору толькі кемлівых, паспяхова прайшоў субяседванне па спецыяльнасці. У роце 60 чалавек і выключна ўсе – праграмісты па адукацыі, хоць і скончылі абсалютна розныя ВНУ – наш Раман, напрыклад, Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт. Іх служба заключаецца ў тым, што салдаты працуюць на “абаронку”, выконваючы адпаведныя заданні па напісанні праграм. Адно з іх – распрацоўка віртуальных перадпалётных трэнажораў для лётчыкаў. Паралельна вядзецца каля дваццаці праектаў, як кароткатэрміновых, так і доўгіх, над якім працуе група Рамана. Над чым канкрэтна, юнак не гаворыць – ваенная тайна, а вось пра ўмовы – ахвотна. – Мы знаходзімся ў Ваеннай акадэміі, дзе спецыяльна для нас створаны камп’ютарныя класы з сучасным абсталяваннем. Няма жорсткіх патрабаванняў, мы можам нават самі выбіраць мову праграміравання, калі гэта задавальняе заказчыка, з якім таксама цесны кантакт. Праекты суправаджаюць нашы афіцэры-праграмісты, з якімі пастаянна раімся. Умовы выдатныя, артапедычныя крэслы, і павышаная ўвага да фізічных заняткаў, паколькі большасць часу сядзім. Маці нават прыкмеціла, што ў мяне постаць стала лепш. Сам жа Раман заўважыў, што падцягнуўся не толькі ў ведах, але і на перакладзіне адчувае сябе ўпэўнена, хоць раней у гэтым быў яўны прабел. З задавальненнем праводзіць час у трэнажорцы, а таксама за гітарай, шахматамі, кнігамі. У Ваеннай акадэміі багатая бібліятэка, у тым ліку і па спецыяльнасці, так што не толькі не забывае набытае ва ўніверсітэце, а і расце. – Мае аднакурснікі, якія раней трапілі ў роту інфармацыйных тэхналогій, вярнуўшыся на работу, адразу атрымалі прыбаўку ў зарплаце, – кажа Раман, які таксама будзе шукаць месца ў ІТ-кампаніях. Р.Контараў адчуў, што яму цеснавата пасада праграміста ўстановы аховы здароўя, куды трапіў пасля ўніверсітэта. Канечне, у ІТ-роце таксама раннія пад’ёмы, пастраенні, усё, як і ў іншых радах войскаў. А вось падкаўнерыкі падшываць ужо не трэба – іх нядаўна адмянілі, як і некаторыя іншыя атрыбуты формы, напрыклад, рэмень. Вольга Караленка. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Раману Контараву пашчасціла – ён трапіў у армію! І не думайце, што іранізую. Юнак перакананы, што менавіта служба ў войску запаліла “зялёнае святло” для далейшай...
|
|