Вельмі пашанцавала выхаванцам Азярыцкаслабадскога дзіцячага садка стаць удзельнікамі сумеснага праекта“Сацыялізацыя і прафесійная арыентацыя дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту ва ўмовах узаемадзеяння ўстановы дашкольнай адукацыі і сельскагаспадарчага прадпрыемства” ААТ “Азярыцкі-Агра” і ДУА “Азярыцкаслабадскі дзіцячы сад Смалявіцкага раёна”.

Аб тым, што гэта за праект і як ён ажыццяўляецца, у сваім лісце нам паведаміла загадчык дзіцячага садка Алена Гарадзецкая.

На працягу шматгадовай працоўнай дзейнасці дырэктара ААТ “ Азярыцкі-Агра” Ніну Вікенцьеўну Жалязнову хвалюе пытанне: як з маленства прывіць дзецям цікавасць да сялянскай працы, да працы сваіх бацькоў, да роднага куточка? Як адказ на пытанне і нарадзіўся сумесны праект прадпрыемства і нашага дзіцячага садка”, — піша загадчык.

Першы “Жывы ўрок” адбыўся на цяплічным камбінаце Азярыцкага-Агра. Хлопчыкаў і дзяўчынак сустракала сама Ніна Вікенцьеўна. Колькі захаплення і ўражанняў атрымалі выхаванцы, апынуўшыся ў жывым міры цяпліцы. Безумоўна, уразілі іх вялізныя лімоны і, канечне, агурочкі. Але не толькі назіраць за карыснай справай гароднікаў прыйшлі малыя. Кожнаму з іх даверылі сваімі рукамі адправіць насенне агуркоў у спецыяльныя кубікі. Як правільна гэта рабіць, паказалі сапраўдныя спецыялісты гаспадаркі і, канечне, дырэктар Ніна Вікенцьеўна.

Колькі было ў дзяцей сапраўдных эмоцый і захаплення ад незнаёмай справы. Гэта трэба было бачыць. Ужо падчас “Жывога ўрока” некаторыя хлопчыкі і дзяўчынкі казалі, што, калі вырастуць, стануць працаваць на прадпрыемстве і “ствараць агуркі”, — дзеліцца  Алена Мікалаеўна. — “Мушу сказаць, што і пасля наведвання цяплічнага камбіната даследчая дзейнасць працягваецца: на падаконніках дзіцячага садка выстаўлена пасаджанае ў глебу насенне агуркоў, і ўсе з нецярпеннем чакаюць першых лісточкаў”.

Вельмі ўдзячны ў дзіцячым садку кіраўніцтву гаспадаркі за магчымасць і далей вырошчваць агурочкі ўжо ў асабістай цяплічцы на тэрыторыі ўстановы адукацыі.

Задаволены карыснай справай і бацькі выхаванцаў.

А праект будзе працягвацца! — каментыруе Алена Гарадзец. — Сучаснае, многафункцыянальнае сельскагаспадарчае прадпрыемства прапануе шмат цікавых спраў у рамках агратурызма і даследчай дзейнасці дашкольнікаў.

І за сельскую гаспадарку ў раёне можна не турбавацца: калі з маленства хлопчыкі і дзяўчынкі ведаюць і шануюць справу сваіх бацькоў, можна быць упэўненым, што з іх у будучым вырастуць, як тыя гурочкі ў цяпліцы, не толькі адукаваныя спецыялісты, але і ўлюбёныя ў сапраўдную працу і сваю малую радзіму людзі.

Марына МІХАЙЛОЎСКАЯ.

На здымках: “Жывы ўрок” для выхваванцаў Азярыцкаслабадскога дзіцячага садка ў цяплічным камбінаце ААТ “Азярыцкі-Агра”.

Фото з архіва ўстановы дашкольнай адукацыі.