Пасяўная кампанія яравых збожжавых і зернебабовых культур сёлета пачалася рана. Земляробы КСУП “Чырвоны баец” паклалі ў глебу першае зерне 19 сакавіка – амаль на месяц раней, чым летась.
На сяўбе задзейнічаны механізатар, якому можна давяраць, – Аляксей Масюковіч. Ён – вопытны земляроб, гэтая пасяўная кампанія для яго – дзясятая.
У мінулую пятніцу, 27 сакавіка, супрацоўнікі “Кіраўца” наведалі гэту гаспадарку, пагутарылі з яе дырэктарам Сяргеем Лянкевічам. Ён расказаў, якім чынам наладжаны веснавыя палявыя работы, правёз па сельскагаспадарчых палетках.
Сёлетняя сяўба для С.М.Лянкевіча, як кіраўніка “Чырвонага байца”, пятая па ліку. Дырэктар адзначыў, што акрамя незвычайных пагодных умоў – бясснежнай зімы і, як следства, нізкай вільготнасці глебы, больш адрозненняў у гэтай пасяўной кампаніі няма: тэхніка падрыхтавана належным чынам, людзі накіраваны на добрасумленную працу, а ў перыяд сяўбы працоўны час доўжыцца ўвесь светлавы дзень. Дарэчы, з падначаленымі Сяргей Мікалаевіч працуе па прынцыпе “дысцыплінаванасць, аднак справядлівасць”, лічыць, што ў сельскагаспадарчай справе не можа быць абыякавых людзей, якія недобрасумленна ставяцца да сваіх абавязкаў. Варта адзначыць, што калектыў “Чырвонага байца” ў большасці састаўляюць працаўнікі сярэдняга і маладога ўзросту: назапашаны вопыт вядзення гаспадаркі падмацоўваецца іх энергіяй і жаданнем развівацца, дасягаць новых працоўных вяршынь.
Наконт ранішніх тэрмінаў сёлетняй сяўбы Сяргей Лянкевіч адзначыў, што глеба ўжо выспела, гатовая прымаць насенне. Таму няма часу чакаць агратэхнічныя тэрміны, трэба засяваць, нездарма ж нашы продкі казалі: “Севу есть одна пора – сей, пока земля сыра”!
У залежнасці ад пагодных умоў у гаспадарцы вядзецца комплекс веснавых палявых работ. Механізатары Сяргей Бяляўскі, Аляксандр Сіндараў, Віктар Аляксееў уносяць арганічныя ўгнаенні, на пагрузцы якіх задзенічаны Сяргей Барадзін. На ўзворванні глебы шчыруе Дзмітрый Аляксееў, а Аляксандр Муха культывуе: рыхтуе палеткі пад сяўбу кукурузы і зернебабовых культур, дарэчы, “царыца палёў” у гаспадарцы зойме 660 га, яшчэ на 270 га плануюць пасадзіць цукровыя буракі.
Руслан Доўгі і Дзяніс Казанцаў вядуць падкормку азімых збожжавых і азімага рапсу цвёрдымі мінеральнымі ўгнаеннямі. Летась пад азімыя адвялі 983 га, гэта больш, чым у папярэднія гады. Сяргей Лянкевіч адзначыў, што на прадпрыемстве робяць упор менавіта на азімыя, зноў жа па прычыне таго, што зімы ў апошнія гады не радуюць вялікай колькасцю снегу.
Уся сяўба ярыны займае 1310 га, 295 га – раннія яравыя збожжавыя і зернебабовыя, 160 га з іх – ячмень, з якога і пачалі сяўбу. Тут задзейнічаны пакуль адзін механізатар, але такі, якому можна давяраць, – Аляксей Масюковіч. Нягледзячы на малады ўзрост, гэты земляроб – адзін з найвопытнейшых. На яго рахунку гэтая пасяўная камапанія дзясятая. Аляксей Масюковіч працуе на новым энерганасычаным трактары МТЗ-3522, які гаспадарка набыла мінулай восенню. Збожжжа яму падвозіць Аляксандр Масюковіч.
Падсеяны шматгадовыя травы на 238 га, на 235 га – канюшына, яшчэ плануецца заняць 130 га люцэрнай – гэта пойдзе на вытворчасць грубых кармоў для грамадскай жывёлы.
Раней у народзе казалі: не той гаспадар, хто ўзворвае, а той, хто любуецца ворывам – пра Сяргея Лянкевіча можна сказаць, што ён – сапраўдны гаспадар, бо, пакуль мы ехалі па веснавых палетках, толькі і чула, як яму падабаецца апрацаванае поле, як ён цэніць земляробаў, якія ставяцца да сваёй справы з любоўю. Варта дадаць, што механізатары, у сваю чаргу, адказваюць павагай і самаадданай працай, гэта было відавочна па добрым настроі, з якім яны сустракалі свайго кіраўніка.
Яўгенія Бялько.
Фота аўтара.