Самыя маленькія жыхары мікрараёна Паўднёвы-Захад горада Смалявічы прынялі ўдзел у дабраахвотнай рэспубліканскай акцыі “Тыдзень лесу”. Да правядзення акцыі загадзя рыхтаваліся. Адміністрацыя ДУА “Яслі-сад №5 г.Смалявічы” звярнулася з лістом у ДЛХУ “Смалявіцкі лясгаз” аб забяспячэнні саджанцамі тых парод дрэў, якіх няма на тэрыторыі дашкольнай установы.
З самай раніцы дашкаляты-экаляты з нецярплівасцю чакалі “зялёных гасцей”. І вось гэты момант наступіў. Намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Ірына Чубок і інжынер-лесапатолаг Дар’я Гарошчык прывезлі саджанцы вярбы шарападобнай, бярозкі, ліпы, елачкі. Дзеці з вялікім задавальненнем разглядвалі гладкія ствалы бярозкі, ліпы, гладзілі тоненькія галінкі вярбы шарападобнай і пяшчотна тулілі да сябе маленькія кволенькія карэньчыкі елачкі.
Дарослыя падрыхтавалі ямкі для пасадкі дрэў. Выхаванцы з вялікай любоўю аднесліся да даручанай справы: падтрымлівалі дрэўцы, дапамагалі засыпаць ямкі, палівалі вадой з лейкі, а потым любаваліся зменамі на тэрыторыі.
Выхавальнікі дашкольнай адукацыі Алена Бутар, Любоў Казлова, Юлія Мікуленя, Наталля Мінкевіч, Наталля Сіўчык лічаць, што нашы выхаванцы — сапраўдныя аматары прыроды. На гэтыя абставіны ўплывае і тое, што ў дашкольнай установе праходзіць шмат мерапрыемтстваў у рамках рэалізацыі педагічнага (абласнога) праекта “Экалагічнае выхаванне дзяцей дашкольнага ўзросту ва ўмовах адукацыйнай прасторы”. Нашы дашкаляты ведаюць, што прыроду трэба берагчы, і кожны можа ўнесці свой пасільны ўнёсак у фарміраванне багацця будучых пакаленняў беларусаў.
Галіна САДОЎСКАЯ, намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ДУА “Яслі-сад №5 г.Смалявічы”
На здымку: “Тыдзень лесу” у дзіцячым садку
Фота з архіва ўстановы дашкольнай адукацыі.