«Цукар» шкодны для вушэй. 21.by

«Цукар» шкодны для вушэй

21.04.2020 14:22 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

«Перабор салодкага – гэта шкодна, і не толькі ў гастранамічным кантэксце», – усміхнулася прыяцелька падчас размовы за кавай. І ўдакладніла, што не ў гастранамічным, а ў стасункавым кантэксце лішні цукар часта сведчыць пра вельмі непрыемную з’яву – падхалімства. Бясспрэчна, паважаючы сябе чалавек не дазволіць ліслівасці ў адносінах да сябе і сам ні ў якім разе не стане ліць мядовы бальзам на чыесьці ўплывовыя вушы. Менавіта ўплывовыя, у большай ці меншай ступені, таму што падхалім дагаджае і хваліць у мэтах нейкай асабістай выгады. Прымітыўны прыём? Ганебны метад? Маветон?  Адказ «так» на ўсе тры пытанні, тым не менш… Тым не менш не выкаранена з жыцця карыслівая ліслівасць, якая, што граху таіць, часам дазваляе адчыніць патрэбныя дзверы, увайсці ў давер да патрэбнай асобы, вырашыць узнікшую праблему «малой крывёю».

Дзе падхалімства, там заўсёды карыслівасць, у абавязковым парадку – двудушнасць. І часцей за ўсё нейкія не зусім законныя мэты. Абвальны каскад ліслівасці, перабольшанай зацікаўленасці да любой дробязі з біяграфіі, ухваленне і словам, і позіркам існуючых і неіснуючых талентаў і здольнасцей, растыражаваныя клічнікі і бясконцыя кампліменты па адрасе – увесь гэты арсенал здаўна вядомы.  Здавалася б, ніхто не купіцца на такія збітыя прыёмчыкі. Тым не менш купляюцца і вядуцца. І іншы раз з ахвотай. За прыемнае на слых гучанне фальшу, за загорнутую ў прыгожую паперку штучнасць, за адкрытую ману іх тыражор выгандлёўвае для сябе палёгку, прывілею, фавар. Ды хіба мала што можна займець ад прадмета ягонага, так бы мовіць, захаплення?!

Праўда, прадмет гэты – велічыня не пастаянная. Напрыклад, мяняецца ў падхаліма начальнік – мяняецца, натуральна, і эталон дзелавітасці, які набывае канкрэтныя рысы новага шэфа. Спробы дацягнуцца да ягоных вушэй, каб праспяваць оду, могуць стаць пачаткам чарговай серыі знаёмага сюжэта. А могуць стаць адразу і фіналам – калі для ліслівасці ўключана чырвонае святло. Як жа дарэчы мая візаві за кубачкам кавы працытавала трапнага француза Поля Валеры: «Калі нехта ліжа табе падэшвы, прыцісні яго нагой, перш чым ён пачне кусацца»… Трэцяе стагоддзе гэтым залатым словам,  а мудрасць  парады ніколькі не зменшылася, не страціла сваю актуальнасць.  

Асабіста ў мяне, як і ў большасці «прышчэпленых» ад гэтай з’явы людзей, падхалімаж выклікае грэблівасць, а падхалім – агіднасць. Назіраць за лісліўцам у справе (а даводзілася, і не аднойчы) – бы вадэвіль глядзець. Ён ні за што не ўпусціць моманту для рэверанса, разшоргвання, назойлівых кампліментаў: «Ах, вы прыроджаны стратэг!», «Вы і толькі вы з вашым густам, з вашым талентам, з вашымі здольнасцямі»… Між іншым гэта не мае нічога агульнага з праяўленнем павагі да чалавека. Хутчэй, наадварот. Згаджуся з сяброўкай: калі зашмат цукру, магчымы ўскладненні, напрыклад, моташнасць…

Яшчэ адзін нюанс: часта, каб канчаткова пераканаць у сваёй адданасці, падхалім увесь азначаны арсенал дапаўняе даносамі, пляткарствам, перадачай брудных чутак.  Што і казаць, яшчэ той наборчык! І ў Гогаля чыталі, і ў Грыбаедава, і ў Зошчанкі, і ў Ільфа з Пятровым, і ў Крапівы. Рудыментальны тыпаж, які падгледжаны ў жыцці і які прыстасаваўся да жыцця, сілкуецца ім жа і робіць сваю разбуральную справу.  Менавіта разбуральную, бо ліслівасць уздзейнічае на душу чалавека, як іржа на жалеза. Толькі вось каб гэта адбывалася, неабходна наяўнасць двух кампанентаў – жалеза і ржы. І падхалімаж павінен прыйсціся даспадобы таму, на каго ён разлічаны. Часам так і адбываецца.  На жаль… На мове рынку гэта гучыць: на прапанову ёсць попыт. А можна па-іншаму, у дадзеным выпадку гучанне будзе больш песімістычным: ёсць попыт – ёсць і прапанова…

Аднак не пра рынак тут гаворка, а пра тое, што ніколі і ні пры якіх умовах не можа і не павінна станавіцца таварам – пра маральныя каштоўнасці, пра кодэкс чалавечай годнасці.  Падлізніку такі закон не пісаны, падхалім такі закон не чытаў. А калі і чытаў, то не засвоіў. Затое ён цвёрда перакананы ў тым, што для асабістага камфорту, спакою, дабрабыту трэба знаходзіцца блізка, побач з «патрэбным» чалавекам, згаджацца з ім ва ўсім, аддана пазіраць у вочы і… гл. пачатак артыкула. Спробы любымі шляхамі лепей уладкавацца без асаблівых намаганняў паўтараюцца зноў і зноў. Ад іх шмат непрыемнасцей і бед, прыкрасцей і інтрыг. І яшчэ канчаткова не зніклі і ласыя да дыфірамбаў адрасаты падхалімскай увагі.

Што датычыць крывадушнасці, то яна не мае апраўдання і ніколі не каціравалася ў грамадстве. Народ на гэты конт выказваецца адназначна і чапляе трапны красамоўны ярлычок: «У вочы – «саколю», а за вочы – соллю», «У яго з адной губы і горача, і сцюдзёна», а яшчэ называе Янусам двудушным за няшчырасць. І папярэджвае, што «хітрэйшы за ўвесь свет не будзеш», што «рукі пабрудзіш – вадою адмыеш, душу забрудзіш – і мылам не адмыеш» і «лепш хай праўда спаліць, чым ліха пахваліць». Нешта дабавіць сюды не бяруся, таму што яснасць абсалютная.  

Вольга БАРАДЗІНА.

(Visited 2 times, 2 visits today)

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
«Перабор салодкага – гэта шкодна, і не толькі ў гастранамічным кантэксце», – усміхнулася прыяцелька падчас размовы за кавай. І ўдакладніла,
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика