Героі даўно адгрымеўшай вайны. 21.by

Героі даўно адгрымеўшай вайны

27.04.2020 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Вялікая Айчынная вайна кранула ці не кожную беларускую сям’ю. І сёння ўспаміны, якімі калісьці дзяліліся яе ўдзельнікі, кранаюць да глыбіні душы.
Яшчэ дзесяцігадовым хлапчуком Ілья Нямчонак з Кругліцы зрабіў важныя запісы для нашчадкаў. У 2014 годзе ён занатаваў ваенную гісторыю свайго прадзеда па татавай лініі Мікалая Паўлавіча Шыбекі. З гэтым матэрыялам пад кіраўніцтвам сваёй настаўніцы Тамары Аркадзьеўны Хадасевіч ён прымаў удзел у рэспубліканскім конкурсе «Ніколі не забудзем: унукі пра вайну». Дзякуючы гэтаму хлопец ведае пра вайну не толькі па кнігах і фільмах, а і з першых вуснаў. Пра гэта яму неаднойчы распавядаў яго прадзед. Вось якія запісы зрабіў Ілья.


… Мікалай Паўлавіч Шыбека нарадзіўся ў 1924 годзе ў вёсцы Кругліца. Яго бацька працаваў рахункаводам у калгасе, маці была дэпутатам райсавета. У даваенны час Мікалай скончыў 4 класы Пуськаўскай школы і паступіў вучыцца ў ФЗН чыгуначнікаў у Лепелі. Там яго і застала вайна. Хлопец выявіў жаданне пайсці служыць у армію. Разам з аднакурснікамі пайшоў у ваенкамат, але 16-гадовых юнакоў адправілі дамоў.

Знаходзячыся дома, ён збіраў і хаваў кінутую зброю, спадзеючыся на тое, што яна абавязкова ў хуткім часе спатрэбіцца. І ў 1943 годзе пайшоў у партызаны не з пустымі рукамі. Трапіў у Смаленскі партызанскі полк І. Ф. Садчыкава, які размяшчаўся ў той час у в. Лукомль. У 1944 годзе, калі Чырвоная Армія гнала фашыстаў, быў дадзены загад ліквідаваць фашыстаў у Лукомлі і Чарэі.


Пачалі наступаць вечарам. Але з боку Лепеля на дапамогу фашыстам падаспелі іх танкі і пяхота. Тады партызанам прыйшлося адступіць. І іх адразу ж перакінулі на Полацкі накірунак з новым заданнем: падарваць чыгунку. На гэта заданне адправілі невялікую групу партызан, дзе быў і Мікалай Паўлавіч. Кожнаму з іх далі па дзве выбуховыя шашкі. Адразу партызаны правялі разведку, потым паспяхова выканалі даручанае заданне. Вярнуліся назад жывымі і здаровымі. У гэты час да партызанаў наблізілася наша рэгулярная армія, але гітлераўцам удалося прымусіць партызан адступіць на Палік. Там яны былі двое сутак, пакуль не злучыліся з Чырвонай Арміяй. І вось тады ўжо сумеснымі сіламі вызвалілі наш раён ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.



Пасля вызвалення Мікалай Паўлавіч вярнуўся ў сваю родную Кругліцу. А праз месяц атрымаў выклік у ваенкамат – яго прызывалі ў дзеючую армію. Хлопцу давялося пабываць у самым пекле вайны. Спачатку яго адправілі ў Зялёны гарадок ля Полацка, затым на фронт, пад Варшаву.
Мікалай быў першым нумарам у кулямётным разліку. Яму прыходзілася цягаць кулямёт вагой кілаграмаў 50-60.

Дывізія стаяла бліз Варшавы. Ішлі цяжкія баі. У час чарговага ён не заўважыў, як загінуў яго таварыш па разліку. Студзеньскай раніцай пасля фарсіравання Віслы сталіца Польшчы была вызвалена. Жыхары горада сустракалі вызваліцеляў са слязамі радасці на вачах. Усюды былі вывешаны савецкія і польскія сцягі. Кожны імкнуўся выказаць падзяку. За ўдзел у баях за сталіцу Польшчы Мікалай Паўлавіч быў узнагароджаны медалём «За вызваленне Варшавы».

Пасля Варшавы іх дывізія рушыла на Одэр. Уначы прыйшлі на бераг ракі. Рака больш паўкіламетра ў шырыню.
На другі дзень у бой пайшла і дывізія Мікалая Паўлавіча… Цячэнне было моцнае, усюды рваліся снарады, усюды стралялі … А чырвонаармейцы наводзілі пераправу. Немцы спрабавалі яе знішчыць з дапамогай ракет, але ў іх нічога не атрымалася. Мікалай Паўлавіч бачыў, як дзве ці тры ракеты ўпалі непадалёку ад наведзеных сапёрамі мастоў. Пасля разлік Мікалая атрымаў задачу заняць пазіцыю каля населенага пункта Фельгензам і не прапусціць ворага ў выпадку наступлення на іх пазіцыі. Гэты населены пункт некалькі разоў пераходзіў з рук у рукі. На пазіцыі, на якой стаяў кулямётны разлік Мікалая Паўлавіча, былі пераправы, адна драўляная і дзве пантонныя. Тут знаходзілася 207-я дывізія, якая ўзяла ў палон многа фашыстаў, але падчас аперацыі шмат загінула і нашых салдат.
Загад быў выкананы. Нашы войскі імкліва прасоўваліся наперад і хутка былі ўжо на нямецкай зямлі. За смеласць і мужнасць, праяўленыя пры фарсіраванні Одэра, Мікалай Паўлавіч быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі.
Настрой у салдат быў прыўзняты: адчувалася набліжэнне перамогі. Мікалаю Паўлавічу ўдалося выйсці з аперацыі па фарсіраванні Одэра цэлым. Салдацкае шчасце яго аберагала: кулі пакуль што не краналі яго. І толькі на подступах да Берліна 20 красавіка 1945 года ён быў паранены ў правае плячо, што на некаторы час вывела яго са строю.


У штурме Берліна салдат не ўдзельнічаў, вестка пра Перамогу застала яго ў шпіталі.
9 мая 1945 года параненыя пачулі бязладную страляніну – паўсюль чулася радаснае: «Перамога!» Радасці і сапраўды не было канца.
У шпіталі Мікалай Паўлавіч лячыўся доўгія месяцы. Затым зноў у часць, служыў да 1947 года.
Потым вярнуўся ў родную вёску, працаваў на ферме. У 1953 годзе ажаніўся, нарадзіліся дзве дачкі і сын. У родным калгасе «Прагрэс» адпрацаваў 25 гадоў, атрымаў медаль «Ветэран працы». У паслужным спісе героя нашага апавядання ордэн Айчыннай вайны II ступені, медалі Жукава і «За Перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.» і іншыя.



За блакітнае неба над галавой мы ўдзячны тым, хто ў часы ваеннага ліхалецця абараняў нашу Радзіму.

Марына Мішулкова.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Вялікая Айчынная вайна кранула ці не кожную беларускую сям’ю. І сёння ўспаміны, якімі калісьці дзяліліся яе ўдзельнікі, кранаюць да глыбіні
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика