Працу вадзіцеля хуткай дапамогі не назавеш простай, яна патрабуе вялікай адказнасці за жыццё людзей. Ад яго залежыць многае: ці паспее хворы ў крытычным стане своечасова атрымаць дапамогу, ці не патрапіць у спешцы брыгада ў аварыю. Акрамя гэтага, вадзіцель дапамагае медыкам у розных маніпуляцыях з пацыентамі, і менавіта ён часцяком носіць ляжачых хворых.
З Юрыем Шкрабам, вадзіцелем паста № 1 аддзялення хуткай дапамогі Нясвіжскай ЦРБ, сустрэлася ў панядзелак а 9-й гадзіне раніцы. У яго якраз скончылася начная 12-гадзінная змена. Далей па графіку — 12 гадзін “адсыпных”, выхадны і зноў на працу. Цікаўлюся, як прайшло дзяжурства, ці шмат было выклікаў.
— Усю ноч працавалі. Экстрана прыйшлося хворага дастаўляць на аперацыю ў Уздзенскую ЦРБ, затым брыгаду дзяжурных урачоў у раддом і назад, а ў 4.30 паступіў выклік з вёскі Казлы, у хворага — гіпертанічны крыз. Ніколі не ведаеш, як складзецца дзяжурства. Палова яго можа прайсці спакойна, а потым такі вал выклікаў пачнецца, што наогул не будзеш “прызямляцца”.
Мужчына згаджаецца: работа ў яго складаная, на такой трэба быць стрэсаўстойлівым, не ўсе вытрымліваюць — звальняюцца. Тут патрэбен пэўны склад розуму і характар. Сам ён на “хуткую” прыйшоў 15 гадоў таму. Пачынаў ездзіць яшчэ на машыне “УАЗ”, потым перасеў на “Газель”. За гэтыя гады ўсяго пабачыў — людзей ратавалі, рэанімавалі, але, на жаль, былі і тыя, хто паміраў.
— У першыя гады работы, вядома, усё было ў навіну, выезды на цяжкія выпадкі трохі палохалі — пацярпелыя з цяжкімі траўмамі пры дарожна-транспартных здарэннях, крымінал са смяротным зыходам… Не спрачаюся, і сёння ёсць эмоцыі, адрэналін, але ўжо ўспрымаю ўсё, што адбываецца, з некаторай стрыманасцю. У мае непасрэдныя абавязкі ўваходзяць транспарціроўка хворага, пры неабходнасці, і дастаўка яго ў бальніцу. Гэта я і стараюся добрасумленна выконваць, — падкрэслівае Юрый Шкраба. — Я — вадзіцель, а не медык. Трэба нешта прытрымаць — пры-трымаю, дзесьці дапамагчы — дапамагу. У астатнім у справы медыкаў стараюся не ўнікаць. У мяне свой клопат — як хутчэй даставіць пацыента ў бальніцу. Пакуль я гэтага не зрабіў, адказнасць за здароўе або жыццё чалавека часткова ляжыць і на мне.
І гэты страх, калі раптам не давязеш, па прызнанні мужчыны, магчыма, самае цяжкае ў яго прафесіі.
— Вядома, раней машын па дарогах ездзіла менш, дабірацца на выклік дзякуючы гэтаму было прасцей. Але і сучасныя аўтамабілісты, калі нас бачаць, прапускаюць добрасумленна, іншы раз, нават калі едзеш без пробліскавых маячкоў, — прадаўжае мой суразмоўца. — Нахабнікаў, якія са шкоднасці не прапускаюць, цяпер вельмі мала, калі такі і знойдзецца, то будзе ён адзін з сотні ці нават тысячы. Праўда, усё ж бываюць выпадкі, калі вадзіцелі “легкавушак” хуткую дапамогу з пробліскавымі маячкамі і сірэнай проста не заўважаюць. Думаю, гэта таму, што гукаізаляцыя ў машынах зараз добрая. Едзе чалавек у новым аўто і што адбываецца вакол не чуе, а калі ў яго яшчэ і музыка грае — тым больш.
Сёння практычна не засталося вёсак у раёне і вуліц у райцэнтры, дзе Юрый Шкраба не пабываў бы па сваёй працы.
— Так, хварэюць усе і ўсюды. І мне прасцей пера-лічыць тыя адрасы, дзе я за пятнаццаць гадоў маёй працы ў “хуткай” яшчэ не быў, чым тыя, па якіх даво-дзілася выязджаць. Але ж гэта не значыць, што там не былі мае калегі. Населеныя пункты нашага раёна ў змену абслугоўваюцца чатырма аўтамабілямі хуткай дапамогі: два знаходзяцца ў горадзе Нясвіжы і па адным — у Снове і Гарадзеі. Сёння я добра арыентуюся ва ўсіх вёсках і горадзе, патрэбны адрас знаходжу хутка. А вось першы час даводзілася ў сшытку замалёўваць своеасаблівую карту вёскі, дзе ўказваў размяшчэнне вуліц. Гэта дапамагала ў наступны раз не блукаць у пошуках той ці іншай вуліцы. Днём, вядома, прасцей, патрэбны дом падкажуць прахожыя. А ноччу? Едзеш, бывае, па вёсцы, шукаеш дом, у вокнах якога гарыць святло, напрыклад. На жаль, не ўсе жыхары клапоцяцца аб наяўнасці адраснай таблічкі на сваіх дамах.
Да працы ў брыгадзе Юрый Шкраба даўно прызвычаіўся. Зараз у змену ён выходзіць з фельчарам Юрыем Балтуцкім і медсястрой Крысцінай Яраш. Кожны добра ведае і выконвае сваю справу, таму канфліктаў не ўзнікае, праца спорыцца.
— Так, сёння з прыходам нябачнага ворага, COVID-19, наша работа моцна змянілася з пункту гледжання ахоўных сродкаў. На ўсе выклікі мы прыязджаем у ахоўных касцюмах. Бо калі людзі тэлефануюць у “хуткую”, у іх пытаюцца пра кантакты, тэмпературу і іншае, але ніколі дакладна не ведаеш, ёсць каранавірус у чалавека ці не. За два месяцы ўжо стала нормай працаваць у масцы і ахоўным касцюме. Праўда, зараз, у цёплае надвор’е, рабіць гэта становіцца ўсё цяжэй. Але я добра разумею, што наша дапамога патрэбна многім, ад нашай працы залежыць здароўе, а часам, і жыццё людзей. Гэта, напэўна, і дае сілы пераадольваць усе цяжкасці.
Юрый Шкраба ўжо даўно ўзяў сабе за правіла: аб працоўных праблемах і перажываннях пасля змены не думаць, дадому з гэтымі думкамі не ісці:
— Пасля дзяжурства пераключаюся на хатнія клопаты. Трэба і маці дапамагчы па гаспадарцы, яна ў мяне адна жыве ў прыватным доме, таму работы там заўсёды шмат. Ды і ў кватэры, дзе сам пражываю з сям’ёй, заўсёды знойдзецца, чым заняцца. Жонка Вольга — медык, працуе ў нашай раённай бальніцы старшай медыцынскай сястрой у дзіцячым аддзяленні. Мы абое заняты ў ахове здароўя, таму, напэўна, добра разумеем спецыфіку працы адзін аднаго, ёсць у нас узаемападтрымка. Калі жонка, напрыклад, вярнулася з начной, а ў мяне выхадны — без праблем абед прыгатую, посуд памыю, дзецям з хатнім заданнем, калі трэба, дапамагу. Дашы ўжо 10 гадоў, Пашу — 9. Яны ведаюць, што іх бацькі ратуюць людзей, і хочацца, каб яны намі ганарыліся.
Аксана ГРОХ.