День города в Миорах: от гала-концерта до фейерверка. 21.by

День города в Миорах: от гала-концерта до фейерверка

08.07.2020 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

>

Не паспелі перавесці дух пасля суботніх гулянняў у Дзісне, як наспела чарга  святкаваць у Міёрах. На паўвостраве ў нядзелю таксама было шматлюдна. Сапсаваць добры настрой не змагло нават надвор’е, якое перад стартам урачыстасцей пагражала спорным, працяглым дажджом. І ўсё ж саступіла. Запланаваныя мерапрыемствы прайшлі па сцэнарыю, нават сонейка выглядвала з-за хмар.

Напачатку на святочнай сцэне ўшанавалі ўладальнікаў пачэснай раённай прэміі за высокія творчыя дасягненні ў сферы культуры і мастацтва. Пад бурныя апладысменты падзяку старшыні райвыканкама аб’явілі загадчыку Міёрскай дзіцячай бібліятэкі Валянціне Лакотка. Яе заслужылі супрацоўнікі Язненскага СДК, Узмёнскага і Павяцкага сельскіх клубаў за яскравы ўдзел у раённым конкурсе калектываў мастацкай самадзейнасці, індывідуальных выканаўцаў «Беларусь – мая песня».


Затым адзначалі ў намінацыі «Лепшы». З такім тытулам цяпер Язненскі СДК (загадчык Ларыса Бервячонак). На вышыні і мясцовая бібліятэка, якой загадвае Ларыса Карпава. Лепшым бібліятэчным работнікам названа метадыст Міёрскай бібліятэчнай сістэмы Таццяна Фурс, а Ірына Болтач – лепшым настаўнікам школы мастацтваў. Самы актыўны арганізатар платных паслуг насельніцтву Ігар Мятла, які загадвае Мікалаёўскім сельскім клубам. Намеснік дырэктара РДК Аляксей Гайдзель адзначаны ў намінацыі «Творчая асоба». Самы верны прафесіі дырэктар кінавідэасеткі Мікалай Пазнякоў.


За вялікі асабісты ўклад у развіццё культуры і мастацтва раёна ўзнагароджаны выкладчык Міёрскай дзіцячай школы мастацтваў, кіраўнік народнага інструментальнага ансамбля «InSound» Ігар Бунта.

Яшчэ на Міёршчыне жывуць адважныя, неабыякавыя людзі. Такія, як, напрыклад, Мікалай Скавародка (фота на 5-й стар.). 17 мая ў Камянполлі магла здарыцца трагедыя, але яе папярэдзілі шчаслівая выпадковасць і рашучасць вяскоўца. За выратаванне чалавека на пажары, праяўленую адвагу вартаўнік райагрэсервіса ўзнагароджаны Ганаровай граматай райвыканкама.


 Ушанавалі маладых пераможцаў пасяўной кампаніі-2020, якімі сталі трактарысты-машыністы філіяла Павяцце УП «Чэрасы» Аляксей Мароз і Сяргей Ачыновіч з ААТ «Туркова».


Дабрачыннасць – цудоўная нагода, каб спалучыць прыемнае з карысным. Пярвічныя прафсаюзныя арганізацыі раёна прымаюць актыўны ўдзел у зборы грашовых сродкаў для патрэб устаноў аховы здароўя Міёрскай ЦРБ. Сродкі з касы ўзаемадапамогі вырашана накіраваць на арганізацыю пітнога рэжыму для медыкаў і пацыентаў. Сертыфікат галоўнаму ўрачу ЦРБ Алене Сівой уручыла старшыня Міёрскага раённага аб’яднання прафсаюзаў Аксана Падзява. У адрас медыцынскіх работнікаў прагучалі словы падзякі за самаахвярную працу для захавання здароўя насельніцтва.


У віншавальнай прамове старшыня райвыканкама Ігар Кузняцоў дзякаваў жыхарам Міёршчыны за плённую працу па ўсіх накірунках дзейнасці. Асаблівую ўвагу завострыў на добраўпарадкаванні, стварэнні навакольнай утульнасці і камфорту. Гэтым нястомна займаюцца тыя, хто адчувае сябе гаспадаром роднай зямлі. Пажаданне міярчанам – заставацца клапатлівымі і нераўнадушнымі да малой радзімы.

Ад вытокаў у будучыню

Прыемнага адпачынку жадалі гледачам вядучыя Яна Шмарлоўская і Аляксей Рачыцкі, аб’яўляючы гала-канцэрт лепшых калектываў і выканаўцаў раёна.


Тым часам на сцэне з’яўляюцца маленькая чамучка Палінка і Марына Дзям’янавы. Дзяўчынка захапляецца наваколлем і задае шмат спадарожных пытанняў. Асабліва ўражаная дрэвамі.


– Дрэвы, як і людзі, усе розныя, – даводзіла дачушцы матуля. – У кожнага свая пышная крона і лістота, якая трапеча на ветры, але такімі прыгожымі і моцнымі ім не быць без магутных каранёў. Пры любых нягодах яны надзейная абарона. У людзей карані – гэта продкі, традыцыі, гісторыя, якую трэба ведаць і не забываць. На тым грунтуецца ўстойлівасць і стабільнасць жыцця. Сувязь між пакаленнямі дапамагае людзям расці і развівацца. Тое пацвердзіла праграма канцэрта. Музычныя нумары спачатку вярнулі публіку да вытокаў і правялі шляхам да сённяшняга дня. Атрымалася духоўна, душэўна, пранікнёна і пераканальна. Так, што і маленькая Палінка зразумела, наколькі важна, каб кожны з нас памятаў і шанаваў гісторыю, сваіх продкаў, родны кавалак зямлі, дзе нарадзіўся, бегаў басанож. У любові да блізкіх і малой радзімы вялікая стваральная сіла.

Яркія акорды

 У мясцовых артыстаў-вакалістаў фанатаў мора, многія меламаны прыйшлі паслухаць землякоў.
– А наўгародскія хлопцы спявалі? Ужо выступілі? Ой, як шкада, што прыпазнілася! – перажывала жанчына.


Аднак не менш спадабаліся і прыезджыя артысты. Моцная энергетыка ў яркага цыганскага шоу «Алюр» са сталіцы. Мужчынскую аўдыторыю, напэўна, зачаравала чароўнае дзявочае трыа «Лас Вегас».

 Яркім фінальным акордам стала выступленне Сашы Нэма. Як «свой хлопец» спявак жартаваў, уцягваў у танцы гледачоў, дазваляў паклоннікам рухацца з ім на сцэне, сам імкнуўся ў масы, з задавальненнем пазіраваў перад фотакамерамі. Не засталася без увагі просьба юнага жыхара райцэнтра Ягора Абалевіча праспяваць на пару знакамітую «Хлопцы з правінцыі». Дуэт без папярэдняй рэпетыцыі ўдаўся на славу. Авацыі і эмоцыі зашкальвалі.


 Завяршыўся Дзень горада маляўнічым феерверкам. Прастору над возерам асвяцілі тысячы агеньчыкаў. А шчаслівыя ўсмешкі і святочныя «ўра» сталі ўпрыгожаннем цёплага ліпеньскага вечара. У адрас міёрскага краю і яго жыхароў прагучала нямала добрых слоў і пажаданняў. Трэба трымаць марку.

Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

Наталія СТАНКЕВІЧ. 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Не паспелі перавесці дух пасля суботніх гулянняў у Дзісне, як наспела чарга  святкаваць у Міёрах. На паўвостраве ў нядзелю таксама было шматлюдна. Сапсаваць добры...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика