Учора павіншаваць удзельнікаў корманарыхтоўчай кампаніі з чарговымі працоўнымі дасягненнямі і ўручыць ім заслужаныя ўзнагароды, каштоўныя падарункі і грашовыя прэміі на палеткі ААТ “Рассвет імя К.П.Арлоўскага” і ААТ “Кіраўскае райаграпрамтэхзабеспячэнне” завіталі старшыня Рэспубліканскага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў АПК Васіль Хвацік, першы намеснік старшыні райвыканкама – начальнік райсельгасхарчу Аляксандр Осіпаў, старшыня Магілёўскай абласной прафсаюзнай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў АПК Генадзь Чорны, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Віктар Ставер.
Падзякай Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь сумесна с Беларускім прафсаюзам работнікаў АПК быў узнагароджаны трактарыст-машыніст ААТ “Рассвет імя К.П.Арлоўскага” Міхаіл Вербенка, які па прамежкавых выніках раённага спаборніцтва на падборы і здрабненні траў стаў лепшым.
Падзячнымі пісьмамі райкама прафсаюза работнікаў АПК, каштоўнымі падарункамі і грашовымі прэміямі былі адзначаны Сяргей Пятроў, Аляксандр Кахновіч і Віктар Зайцаў.
У ААТ “Кіраўскае райаграпрамтэхзабеспячэнне” віншаванні прымалі чацвёра механізатараў: Ганаровая грамата Магілёўскай абласной прафсаюзнай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў АПК за актыўную, добрасумленную і плённую працу, вялікі асабісты ўклад у вытворчасць сельскагаспадарчай прадукцыі была ўручана трактарысту-машыністу Валянціну Сулімскаму, Падзячнымі пісьмамі райкама прафсаюза работнікаў АПК і грашовымі узнагароджаннямі былі адзначаны Андрэй Слуцкі, Яўген Рудак і Уладзімір Шалянгоўскі (на здымку).
Васіль Хвацік выказаў механізатарам словы ўдзячнасці за старанную і адказную працу, вернасць абранай прафесіі і адказнасць, за разуменне важнасці правядзення корманарыхтоўчай кампаніі ў найкарацейшыя тэрміны і пры высокай арганізацыі работ.
З кожным днём кармавыя запасы сельгасарганізацый раёна павялічваюцца, спрыяльнае надвор’е дазваляе аператыўна праводзіць работы па нарыхтоўцы сенажу і сена, павялічваючы колькасць кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы, а гэта, у сваю чаргу, – добры падмурак для павелічэння надояў і прываг грамадскага статка, паляпшэння дабрабыту гаспадарак і іх працаўнікоў. Паралельна распачалося жніво: першыя дзясяткі тон зерня рапсу здадзены ў залік выканання дзяржзаказу, набірае абароты ўборка збожжавых культур.
Людміла СЯМЁНАВА.
Фота Максіма МІКЕШЫНА.