21 ліпеня 1860 г. у Вільні ў сям’і дробнага шляхціца Юзафа Каменскага і Іааны з сям’і Дурашэвічаў, шляхціцаў з-пад Гродна нарадзіўся Антон Алойзы КАМЕНСКІ — мастак, вядомы перш за ўсё як графік. Быў ён таксама і скульптарам, жывапісцам, пісьменнікам, мастацкім крытыкам.
Дзяцінства і юнацкія гады правёў у родавым маёнтку бацькі Ярылаўка (цяперашні Ваўкавыскі раён). Першапачатковую адукацыю атрымаў дома, дзе праявіў незвычайныя здольнасці да малявання. У 1881 г. паступіў у Пецярбургскую Акадэмію мастацтваў, займаўся малюнкам і жывапісам у класе Б.Вілевальдзі, баталіста. Але раптоўна памёр бацька. І малады чалавек, кінуўшы вучобу, у 1886 г. спешна вярнуўся дадому ў Ярылаўку. Тут ён па меры магчымасцяў парадкаваў справы маёнтка, зарабляючы час ад часу маляваннем. У 1890 г. стабілізавалася фінансавае становішча А.Каменскага, і ён выехаў у Варшаву, дзе супрацоўнічаў з часопісамі, змяшчаючы там свае малюнкі і вершы. У 1891 г. паехаў у Парыж для працягу адукацыі. Там у Акадэміі Жульена вывучаў жывапіс пад кіраўніцтвам прафесараў Баўжэр’е і Канстанта, а таксама ўдасканальваў майстэрства скульптара ў класе Мерс’е. У 1894 г. мастак вярнуўся ў Варшаву, аднавіў супрацоўніцтва з віленскімі і варшаўскімі часопісамі, а найбольш стала друкаваўся ў перыёдыку «Tygodnik ilustrowany», дзе змяшчаў большасць сваіх прац.
Лёс Антона Каменскага складваўся такім чынам, што ён не заставаўся падоўгу на адным месцы: жыў у Варшаве, у Кіеўскай губерні, выязджаў у Кракаў, шмат разоў — у Парыж ( у 1892, 1899-1900, 1905-1906 г., 1912 г.), часта бываў на радзіме, у Гродзенскай губерні. Памёр 12.09.1933 г. у Варшаве. Пахаваны на Павонзках.
Творчая спадчына А.Каменскага багатая і разнастайная. Але найбольш значныя дасягненні ён меў у галіне графікі, віртуозна валодаючы рознымі прыёмамі і тэхнікамі: алоўкам, тушшу, акварэллю, гуашшу, вугалем, крэйдай, сухой іглой. У яго творах адлюстроўваюцца пошукі складанасці жыцця, месца чалавека ў сусвеце, імкненне мастака вызначыць сябе як асобу. Не маючы магчымасці атрымаць мастацкую адукацыю на радзіме, ён мэтанакіравана спасцігаў таямніцы майстэрства ў буйных культурных цэнтрах Расіі і Еўропы. Паступіўшы ў Пецярбургскую Акадэмію мастацтваў, юнак выхоўваўся ў традыцыях акадэмізму, хаця вельмі моцнай у 80-я г. ХІХ ст. у рускім мастацтве была рэалістычная плынь, што аказвала значнае ўздзеянне на фарміраванне яго светапогляду. Трапіўшы ў пач.90-х г. ХІХ ст. у Парыж, а пасля наведваючы гэты горад неаднаразова, мастак губляўся ад насычанасці творчага асяроддзя неардынарнымі поглядамі, рознымі эстэтычнымі навацыямі. Антон Каменскі ўпарта выпрацоўваў асабісты шлях, трывалы грунт сваёй творчасці. І яго работы часта ўспрымаюцца досыць няроўнымі па прафесійным узроўні, па глыбіні спасціжэння мастацкай з’явы, светапоглядна-эстэтычнай канцэпцыі.
Першы вялікі поспех мастак зведаў у жанры партрэта, змясціўшы ў «Tygodniku ilustrowanym» выявы прафесараў і калег з Парыжскай Акадэміі Жульена. Партрэты, адзначаныя рэалістычным адлюстраваннем натуры, мелі псіхалагічны змест, вылучаліся індывідуальнай трактоўкай мадэлі. У гэты ж час А.Каменскі выканаў па заказу французскага часопіса «Monde illustre», а таксама лонданскага «The Grafic» серыю малюнкаў на тэмы беларускага і польскага быту. Разам з тым мастак, чулы да таямніц і загадак быцця, хіліўся да вытанчанага свету заходніх эстэтаў. У творчасці яго з’яўляюцца дэкадэнцкія настроі, містыка. Каменскі займаецца спірытызмам і акультызмам, моднымі ў той час. Філасофскія роздумы над жыццём, смерцю, каханнем, пазначаныя настроем безнадзейнасці, знайшлі сваё ўвасабленне ў цыкле «Песня пра жыццё» (1896-1897 г.). Гэта «Песня пра трыццаты год жыцця», «Песня пра каханне», «Роспач». Цікавая работа таго перыяду — «Няскончаны твор» (1894), напоўненая пачуццём тугі, яна выказвае трагічнае светаадчуванне мастака.
Упадніцкія настроі не перашкаджалі А.Каменскаму звяртацца да пазітыўных момантаў жыцця чалавека. У 1894–1905 г. на заказ ён стварае альбом з выявамі сучасных мастаку польскіх знакамітасцяў: мастакоў, скульптараў, пісьменнікаў, акцёраў, навукоўцаў. Лепшыя з партрэтаў — С.Выспянскага, М.Канапніцкай, М.Складоўскай-Кюры.У канцы ХІХ — пач. ХХ ст. у Парыжы жыло шмат рускай дэмакратычнай інтэлігенцыі, якая прытрымлівалася рэвалюцыйных поглядаў. А.Каменскага таксама захапілі ідэі пераўтварэння і пералому жыцця. Ён паверыў у магчымасць пазбавіцца стану грамадскай дэпрэсіі і прыйсці да светлага, новага. Рэвалюцыю мастак уяўляе як стыхію, што прынясе духоўнае ачышчэнне. Найбольш адметная серыя, прысвечаная падзеям 1905–1907 г. — «Дух рэвалюцыянера», яна ўключала 10 кампазіцый і ў 1908 г. была ўзнагароджана прэміяй часопіса «Tygodnik ilustrowany».
Знаходзячыся далёка ад радзімы, мастак пастаянна імкнуўся на бацькаўшчыну. Яго запаветнай марай было зрабіць альбом з відарысамі мілых сэрцу мясцін. Ён звярнуўся да ўпраўляючага Белавежскай пушчы генерала Калакольцава з просьбай дазволіць маляваць у лесе. Спатрэбілася санкцыя з Пецярбурга. Дазвол быў дадзены А.Каменскаму ў 1909 г. І ён распачаў працу з натуры. Вынікам стала вялікая колькасць эцюдаў, замалёвак, сталых завершаных твораў розных жанраў. Варта адзначыць, што праца на роднай зямлі дала мастаку духоўную моц і здароўе, пра што сведчаць работы, прасякнутыя аптымізмам, спакоем, дабрынёй. З вялікай любасцю ён адлюстраваў прыроду Гродзеншчыны, традыцыйныя ці штодзённыя заняткі яе жыхароў. Гэта нескладаныя па кампазіцыі і простыя па сюжэту абразкі: «Дарога ў пушчы», «Старыя дубы», «Дзяўчынка-ліцвінка», «Беларус і ліцвін», «Папрадухі», «Сустрэча ў лесе», «Фурманка» і іншыя. Пазней малюнкі былі выдадзены ў выглядзе чорна-белых літаграфій-паштовак і мелі вялікі поспех сярод насельніцтва краю.
Акрамя станкавай графікі, А.Каменскі выконваў ілюстрацыі да твораў Г.Сянкевіча, М.Канапніцкай, Э.Ажэшкі, У.Рэйманта. Так сталася, што яго работа «Анастазія» — графічны партрэт беларускай дзяўчынкі, змешчаны на вокладцы часопіса «Tygodnik ilustrowany» за 1902 г., стала падставай для стварэння літаратурнага твора. Прыгажосць мадэлі і глыбіня псіхалагічнай распрацаванасці мастаком вобраза аказалі вялікі ўплыў на пісьменніцу-дэмакратку Э.Ажэшку, якая жыла і працавала ў Гродне. Яна напісала сентыментальна-рамантычную аповесць «Анастазія» пра цяжкі драматычны лёс прыгажуні-дзяўчыны. У прадмове да кнігі, зробленай у форме ліста-зварота да А.Каменскага, Э.Ажэшка выказала свае ўражанні: «Чым даўжэй мае вочы былі прыкутыя да постаці, намаляванай панам, тым шчыльней абкружалі мяне ўспаміны чагосьці даўно знаёмага, кагосьці калісьці бачанага зблізку… Малюнак пана, поўны ўнутранага сэнсу, быў тым дотыкам звонку, які адразу з глыбіні маёй памяці выклікаў прывід. Да каго падобна? Да кагосьці, добра мне калісь знаёмага падобна…». У сваю чаргу, мастак наведаў дом пісьменніцы ў Гродне і падараваў арыгінал свайго графічнага твора Элізе Ажэшцы.
А.Каменскі быў вядомы і як літаратар. У перыядычных выданнях друкаваў успаміны пра жыццё і вучобу ў Парыжы. У 1907 г. выпусціў сваю аповесць «Веснавы ранак», якую і праілюстраваў.
А.Каменскі — творца цікавы і глыбокі. У сілу палітычных і сацыяльных абставін яго талент не рэалізаваўся ў поўнай меры на глебе беларускай культуры. Большую частку свядомага жыцця ён правёў у Варшаве. Але, разглядаючы яго творчасць, усё ж неабходна адзначыць, што А.Каменскі ўнёс прыкметны ўклад у беларускую графіку. У першую чаргу тымі сваімі работамі, дзе ярка і пераканаўча адлюстраваў беларускія краявіды, а таксама беларускі народны тыпаж у этнічным асяроддзі.
Паводле Марыны Загідулінай
Памёр 12.09.1933 г. і пахаваны на Павонзках.