Аляксандр Лукашэнка: У беларусаў у свеце склалася рэпутацыя надзейных і адказных партнёраў. 21.by

Аляксандр Лукашэнка: У беларусаў у свеце склалася рэпутацыя надзейных і адказных партнёраў

02.10.2009 — Новости Политики |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Прэзiдэнт Рэспублiкi Беларусь Аляксандр Лукашэнка 2 кастрычнiка даў прэс-канферэнцыю для прадстаўнiкоў расiйскiх рэгiянальных СМІ, якая працягвалася больш за тры з паловай гадзiны.

Расiян цiкавiў досвед Беларусi ў сацыяльнай, культурнай, адукацыйнай сферах. Прэс-канферэнцыя стала заключным мерапрыемствам штогадовага прэс-тура вялiкiх груп журналiстаў СМI рэгiёнаў Расii, якi стаў ужо традыцыйным. Цяперашнi, сёмы, прэс-тур праходзiў з 29 верасня па 2 кастрычнiка. У iм узялi ўдзел 76 прадстаўнiкоў з 46 рэгiёнаў Расiйскай Федэрацыi. Былi прадстаўлены 70 СМI, з якiх 17 — федэральныя, 53 — рэгiянальныя. Агульны тыраж друкаваных выданняў складае каля 2,5 млн экзэмпляраў.

Многiя з удзельнiкаў сёмага прэс-тура ўжо наведвалi Беларусь i бралi ўдзел у прэс-канферэнцыях Кiраўнiка беларускай дзяржавы ў мiнулыя гады.

Падчас сёлетняй паездкi расiйскiя журналiсты назiралi за актыўнай фазай аператыўна-стратэгiчнага вучэння "Захад-2009" у Лiдскiм раёне, а таксама азнаёмiлiся з аб'ектамi сацыяльна-культурнай i вытворчай сферы Вiцебскай вобласцi. У прыватнасцi, пабывалi ў аграгарадку Ноўка Вiцебскага раёна, наведалi музей-сядзiбу Iльi Рэпiна "Здраўнева", Лужаснянскую школу-iнтэрнат для адораных дзяцей у Вiцебскiм раёне, Нацыянальны Полацкi гiсторыка-культурны музей-запаведнiк (краязнаўчы музей, музей беларускага кнiгадрукавання, Сафiйскi сабор), Спаса-Ефрасiннеўскi манастыр, ААТ "Нафтан", зрабiлi аглядныя экскурсii па Вiцебску i Мiнску.

  У беларусаў у свеце склалася рэпутацыя надзейных i адказных партнёраў. Як адзначыў Прэзiдэнт Беларусi Аляксандр Лукашэнка на прэс-канферэнцыi, менавiта таму да нас у апошнiя гады сталi праяўляць цiкавасць iнвестары, у тым лiку i заходнiя, не кажучы пра расiйскiх. Паводле слоў кiраўнiка дзяржавы, маючы адкрытую эканомiку, Беларусь значна залежыць ад сусветных таварных рынкаў. Краiна аб'ектыўна не паспела накапiць вельмi вялiкiх золатавалютных рэзерваў: машынабудаванне або сельская гаспадарка, вядома ж, менш прыбытковыя, чым гандаль вуглевадародамi. "Таму нам сёння нялёгка, але мы трымаем удар", — сказаў Прэзiдэнт.

Як лiчыць Аляксандр Лукашэнка, "беларусам i расiянам лягчэй было б выжываць у сённяшнiх няпростых умовах, калi б мы дзейнiчалi больш зладжана i скаардынавана ў эканомiцы i палiтыцы". Беларусь да гэтага гатова не на словах, а на справе. Беларускi лiдар выказаў перакананасць, што вынiкi яго сустрэч з Прэзiдэнтам Расii Дзмiтрыем Мядзведзевым "у жнiўнi ў Расii i ў вераснi ў Беларусi будуць садзейнiчаць сумеснаму пераадоленню крызiсных з'яў з большай эфектыўнасцю". Беларусам i расiянам суджана Богам i гiсторыяй жыць разам у мiры i згодзе, як i належыць брацкiм народам, сказаў кiраўнiк беларускай дзяржавы.

У Беларусi паняццi сацыяльнай справядлiвасцi i адказнасцi — краевугольны камень унутранай палiтыкi. "Мы ўсё ствараем сваёй працай, сваiм розумам i рукамi, — падкрэслiў беларускi лiдар. — У нас няма сыравiнных скарбнiц, спрыяльнага клiмату. Наш галоўны рэсурс — людзi. Беларуская эканомiка мае сацыяльна арыентаваны характар. Нават у нялёгкiя часы сусветнага крызiсу няма большага клопату для беларускай дзяржавы, як клопат аб iх. Мы не выкiдваем тысячы людзей на вулiцы, пакiдаючы iх без крынiц iснавання. Узровень беспрацоўя не перавышае 1 працэнт".

 "Мне часта даводзiцца сустракацца з прэсай нашай брацкай Расii. Але менавiта такiя сустрэчы, як гэта, я лiчу асаблiва значнымi i карыснымi для беларуска-расiйскiх адносiнаў. Ваша аўдыторыя — мiльёны чытачоў, гледачоў, слухачоў ад Балтыкi да Далёкага Усходу, i вельмi важна данесцi да iх аб'ектыўную i максiмальна поўную iнфармацыю аб тым, як жыве беларускi народ, да чаго iмкнецца, якiм бачыць сваё будучае", — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Кiраўнiк дзяржавы закрануў гэту тэму таму, што вельмi шмат розных домыслаў i адкрытай хлуснi аб сiтуацыi ў Беларусi выдаецца праз сродкi масавай iнфармацыi як на Захадзе, так i ў Расii. На думку Прэзiдэнта, адбываецца гэта па розных прычынах: i па элементарнай неабдуманасцi, i па палiтычным заказе. "Не падабаюцца многiм самастойныя i непрадажныя беларусы", — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Ён папрасiў журналiстаў расказаць аб той Беларусi, якая ёсць на самай справе: аб поспехах i дасягненнях, аб праблемах i клопатах, — крытыкаваць, але аргументавана.

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка сказаў, што ў Беларусi не будуюць пацёмкiнскiх вёсак для прыезджых журналiстаў. Кiраўнiк дзяржавы падкрэслiў, што "як любы добры гаспадар, мы iмкнёмся паказаць лепшае, што ў нас ёсць". Ён адзначыў, што за гэтыя гады расiйскiя журналiсты праехалi тысячы кiламетраў беларускiх дарог, пабывалi ва ўсiх кутках краiны, пазнаёмiлiся з сотнямi населеных пунктаў i прадпрыемстваў, пагаварылi з тысячамi людзей, i фактычна на вачах расiйскiх журналiстаў мянялася Беларусь. Галоўнае, што ў час сваiх прэс-тураў расiйскiя журналiсты знаходзяць адказ на пытанне: куды i ў якiм напрамку рухаецца Беларусь, бачаць рэальную сiтуацыю ў краiне — i недахопы, i дасягненнi.

Аляксандр Лукашэнка дадаў, што беларускаму кiраўнiцтву не трэба даваць справаздачу перад Крамлём, як гэта было ў савецкi час, i журналiстам сапраўды паказваюць рэальную сiтуацыю, рэальнае жыццё рэгiёнаў.

Правядзенне сумеснага вучэння "Захад-2009" сведчыць аб адзiнстве Беларусi i Расii.

"Хачу на прыкладзе вучэння адказаць на пытанне, што ў галаве кожнага журналiста, нават якi вельмi любiць Беларусь: дык з кiм жа Беларусь, яны што, сапраўды павярнулi ад Расii на Захад? Калi мы павярнулi б ад Расii на Захад, то такiя вучэннi з чужымi людзьмi не праводзяцца", — падкрэслiў Аляксандр Лукашэнка. Паводле слоў Прэзiдэнта, гэта было маштабнае вучэнне, калi Беларусь i Расiя разышлiся б у гэтай самай адчувальнай сферы, то i не праводзiлi б яго. "Значыць, мы не разышлiся ў ваенным i ваенна-тэхнiчным супрацоўнiцтве i нашы ўзброеныя сiлы падобныя, як дзве кроплi вады. Думаеце, гэта так проста на адным полi сабраць розныя армii i на працягу тыдня пасля перакiдкi расiйскiх войскаў на незнаёмы iм палiгон правесцi стрэльбы? Ды перастралялi б адзiн аднаго! Гэта i каардынацыя войскаў, адзiнае камандаванне i iншае — усё гэта мы з расiянамi захавалi i нават прымножылi, выйшаўшы на больш высокi ўзровень. I вучэннi мы правялi не з амерыканцамi i не блокам НАТА, куды мы, у двукоссi, так разагналiся апошнiм часам, а з нашымi расiянамi", — адзначыў беларускi лiдар.   "І толькi iдыёт пасля гэтага можа сказаць, што Лукашэнка павярнуў на Захад i кiнуў Расiю. Правядзенне сумеснага вучэння сведчыць аб тым, што мы сапраўды адзiная дзяржава, калi мы ў гэтым пытаннi дзейнiчаем як адна дзяржава", — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Акрамя таго, Прэзiдэнт адзначыў, што Беларусь i Расiя ўжо каля 5 разоў падыходзiлi да правядзення вучэння, падобнага да "Захаду-2009". "Але прэзiдэнты Расii неяк з хваляваннем успрымалi гэтыя пытаннi i прапановы. Апошнi раз мы дамаўлялiся аб правядзеннi такога вучэння з Уладзiмiрам Пуцiным, калi ён быў Прэзiдэнтам, i запрасiлi нашых сяброў з АДКБ. Гэтыя вучэннi ўжо былi падрыхтаваны, i расiйскiя часцi перакiнуты на палiгоны Беларусi. Але ў апошнi момант Прэзiдэнт Расii на гэтыя вучэннi не прыехаў, i мне давялося аднаму праводзiць iх. Дзякуй Богу, што хоць расiяне засталiся i войскi былi задзейнiчаны. Але новы Прэзiдэнт Расii сваё слова стрымаў", — расказаў кiраўнiк беларускай дзяржавы.

"На стварэнне Саюза славянскiх дзяржаў неабходна перш за ўсё воля кiраўнiкоў дзяржаў. Будзе такая воля, значыць, такi саюз будзе стварыць нескладана. Я адказна аб гэтым гавару", — падкрэслiў Аляксандр Лукашэнка. "Ну хiба была б праблема ў хуткiм стварэннi Саюзнай дзяржавы, калi б была на тое воля Пуцiна i Лукашэнкi ў свой час? Не было такой волi. Гэты працэс у многiм прытармазiўся. Не Лукашэнкi ў гэтым вiна", — канстатаваў ён. Таму, на думку Прэзiдэнта, трэба пачынаць з рашэння кiраўнiкоў дзяржаў. "Што, народы Беларусi, Украiны i Расii не падтрымаюць? Падтрымаюць. Мы (Прэзiдэнты. — Заўвага БЕЛТА) разабрацца не можам", — упэўнены Аляксандр Лукашэнка.

Расii не трэба чакаць з боку Беларусi нi гандлёвых войнаў, нi ваенных авантур.

"З боку Беларусi не чакайце нiякiх войнаў — нi гандлёвых, нi ваенных авантур. Вы глядзiце на Захад абсалютна спакойна. Не чакайце ад нас нiякiх падвохаў. Ведайце, што тут жывуць вашы людзi", — сказаў Аляксандр Лукашэнка. "Як павядуць сябе ў Расii, вам, напэўна, там лепш вiдаць. Але, зыходзячы з тых адносiнаў, якiя склалiся ў нас з Прэзiдэнтам Расiйскай Федэрацыi, я спадзяюся, што ў нас светлае будучае", — падкрэслiў Прэзiдэнт Беларусi.

Прэзiдэнт канстатаваў адсутнасць праблем ва ўзаемаадносiнах з усiмi расiйскiмi рэгiёнамi, адзначыўшы пры гэтым нядаўнiя абмежавальныя меры з боку Расii адносна беларускiх тавараў. "У нас наогул у эканомiцы не было б нiякiх праблем, калi б вы (Расiя. — Заўвага БЕЛТА) цяпер не забаранялi езуiцкiмi метадамi працаваць нам на расiйскiм рынку. Дапусцiм, нехта ў Кастраме хоча купiць трактар МТЗ. Цяпер пад беларускi трактар крэдыт не дадуць. Не толькi пад трактар, пад усю прадукцыю. Ну каму гэта трэба?" — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

Беларусь завяршыла ўсе працэдуры па падпiсаннi пагаднення па стварэннi Калектыўных сiлаў аператыўнага рэагавання (КСАР) Арганiзацыi Дагавора аб калектыўнай бяспецы (АДКБ). Беларусь гатова старшынстваваць у АДКБ i будучы год. "Беларускi бок спаўна кампенсуе сваю запазычанасць перад гэтай арганiзацыяй".

Прэзiдэнт падкрэслiў, што Беларусь не адмаўляецца ад супрацоўнiцтва ў рамках АДКБ. "Мы заўсёды былi за аб'яднальныя працэсы, за iнтэграцыю, а АДКБ — гэта цесная iнтэграцыя ў ваеннай сферы, ваенна-тэхнiчным супрацоўнiцтве, — сказаў кiраўнiк дзяржавы. — Нам гэта выгадна, мы ў гэтым вельмi зацiкаўлены".

Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў, што не трэба ўвязваць пытаннi супрацоўнiцтва ў рамках АДКБ з "малочнымi войнамi". На яго думку, гэта эканамiчная праблема была "выключна суб'ектыўнай". "Толькi з суб'ектыўных меркаванняў, каб нас схiлiць або правучыць, на гранiцы без усялякiх папярэджанняў па надуманых падставах былi спынены паўтары сотнi рэфрыжэратараў са скорапсавальнай прадукцыяй, якiя iшлi ў Расiйскую Федэрацыю. Тысячы назваў малочнай прадукцыi", — нагадаў Прэзiдэнт.

"Гэта быў выпад супраць нашай дзяржавы. Што мне заставалася рабiць? У мяне ж няма такiх рычагоў нацiску, як у Расii на Беларусь. Таму я вымушаны быў дэманстратыўна адмовiцца ад паездкi ў Маскву. Але да АДКБ гэта не мае нiякiх адносiнаў", — падкрэслiў беларускi лiдар. "Гэта потым ужо ўвязалi, маўляў, вось, Лукашэнка пайшоў на Захад, таму ён i АДКБ разбурае", — дадаў кiраўнiк дзяржавы.

Транзiт энергарэсурсаў праз тэрыторыю Беларусi выгадны для Расii. Кiраўнiк дзяржавы лiчыць, што расiйскi бок дарэмна не выкарыстоўвае магчымасцi для будаўнiцтва другой нiткi газаправода "Ямал — Еўропа" праз Беларусь.

"Сёння трэба толькi класцi трубу (другую нiтку "Ямал — Еўропа". — Заўвага БЕЛТА), усё ёсць. Не, расiянам трэба па Балтыцы. Ну добра, кладзiце па Балтыцы", — сказаў Прэзiдэнт. "Сёння яшчэ прыдумалi ў абход Беларусi: з поўдня на поўнач, у Санкт-Пецярбург пагналi трубу. Пралiчылi — на кожнай тоне нафты страты $24. Каму гэта патрэбна?" — адзначыў ён.

Кiраўнiк дзяржавы прапанаваў Расii выкарыстоўваць тыя магчымасцi транзiту, якiя ёсць у Беларусi. Тарыфы на транзiт газу праз тэрыторыю рэспублiкi складаюць $1,59 за тыс. куб.м на 100 км (у Польшчы цана транзiту 2 еўра, у Аўстрыi — 2,5 еўра), на транзiт нафты — $0,81 за тону на 100 км (у Еўропе ў сярэднiм — $1,3).

Сёння Беларусь вядзе здабычу нафты ў Венесуэле i ўжо атрымала першыя $100 млн прыбытку, пачынае здабываць нафту ў Iране. У будучым плануе распрацоўваць новыя радовiшчы i ў Афрыцы. "На жаль, у нашай роднай Расii нам не далi нiводнага радовiшча. Чаму?" — задаў рытарычнае пытанне Прэзiдэнт.

Аляксандр Лукашэнка расказаў, што ў свой час прапаноўваў Уладзiмiру Пуцiну ў абмен на радовiшча аддаць прадпрыемства "Белтрансгаз", якое знаходзiцца ў выдатным стане, у мадэрнiзацыю i падтрыманне якога на добрым узроўнi дзяржава ўкладае грошы: "Я гаварыў Пуцiну: вы нам даяце радовiшча на 10 млрд кубоў, а мы вам аддаём пэўную колькасць "Белтрансгаза". Дабаўляеце яшчэ — мы вам аддаём гэту трубу. Забiрайце, i не трэба нiчога плацiць". Паводле слоў кiраўнiка беларускай дзяржавы, Уладзiмiр Пуцiн палiчыў гэту прапанову добрай, аднак да гэтага часу не прынята якое-небудзь рашэнне.

"Усе едуць — амерыканцы, немцы, распрацоўваюць, а беларусам — не. Можа, гэта своеасаблiвая спроба трымаць на кароткiм павадку дзяржаву? Але гэта няправiльна", — лiчыць Прэзiдэнт Беларусi. "Маглi б вы, вядома, i нам, як амерыканцам i немцам, на агульных умовах ужо, не як брацкаму народу, дазволiць здабываць нафту i газ", — сказаў ён.

Беларусь прадоўжыць рабiць стаўку на мадэрнiзацыю ўзбраення i ваеннай тэхнiкi. "Перад КДБ была пастаўлена задача, каб ён пераключыўся на адсочванне сiтуацыi вакол вучэння "Захад-2009". Мне хацелася ведаць, як расiяне рэагуюць, як яны бачаць нашу краiну, ацэньваюць армiю, нашу зброю. Як на Захадзе рэагуюць на вучэннi. I расiйскiя афiцэры гаварылi: "Малайцы беларусы, у iх, можа, няма суперсучаснага ўзбраення, але яны па-гаспадарску выкарыстоўваюць савецкую зброю: яны яе мадэрнiзавалi, давялi да добрага ўзроўню", — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў кiраўнiка дзяржавы, цяпер нават буйныя i багатыя краiны не могуць дазволiць сабе поўнасцю закупляць новую тэхнiку. Беларусь ужо даўно займаецца мадэрнiзацыяй броне- i авiятэхнiкi. Так, напрыклад, мадэрнiзацыя дае магчымасць намнога палепшыць характарыстыкi танкаў Т-72. "Мы навучылi танк метка страляць, паставiлi самыя сучасныя прыцэлы, засцераглi браню актыўнай аховай", — сказаў Прэзiдэнт.

Акрамя таго, Беларусь паспяхова асвоiла мадэрнiзацыю авiяцыйнай тэхнiкi. Напрыклад, знiшчальнiк Су-27 не мог весцi агонь па наземных цэлях, але пасля мадэрнiзацыi ў Беларусi гэта стала магчыма. Беларусь i далей гатова займацца мадэрнiзацыяй самалётаў. Рэнтабельнасць гэтых работ дасягае 70 працэнтаў.

Каля Br160 млрд накiравана на развiццё раёнаў, якiя пацярпелi ад аварыi на Чарнобыльскай АЭС, у вынiку ўпарадкавання льготных выплат. "Зняўшы неабгрунтаваныя льготы, сабраўшы грошы "ў кулак", мы рабiлi галоўнае для людзей у чарнобыльскiх рэгiёнах". Прэзiдэнт падкрэслiў, што з'яўляецца "заўзятым працiўнiкам iльгот". "Мы перасталi распыляць сродкi, пакiнуўшы выплаты толькi для сапраўды пацярпелых. У вынiку атрымалi вялiкую эканомiю", — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, гэтыя сродкi былi накiраваны на развiццё чарнобыльскiх раёнаў: на стварэнне РНПЦ радыяцыйнай медыцыны i экалогii чалавека ў Гомелi, на будаўнiцтва дарог i газiфiкацыю. Больш за тое, амаль Br700 млрд паступiлi ў рэгiёны, што пацярпелi ад аварыi на ЧАЭС, з рэспублiканскага бюджэту. Беларускi лiдар дадаў, што нiхто з сапраўды маючых патрэбу ў дапамозе не быў пазбаўлены льгот. У прыватнасцi, дзяржава па-ранейшаму аказвае ўсямерную падтрымку ветэранам Вялiкай Айчыннай вайны, чарнобыльцам i ўсiм, каму на самай справе патрэбна падтрымка.

Беларусь даўно павiнна была прызнаць Абхазiю i Паўднёвую Асецiю. "У нас вельмi добрыя з iмi (Абхазiяй i Паўднёвай Асецiяй. — Заўвага БЕЛТА) адносiны, асаблiва з Абхазiяй. Я шмат разоў ужо аб гэтым гаварыў. З Паўднёвай Асецiяй кантактаў было мала, але калi гэта няшчасце здарылася, то я паслаў туды групу людзей з гуманiтарнай дапамогай, туды ездзiлi беларускiя дэпутаты. Калi паўстала пытанне аб прызнаннi, я хацеў вывучыць, якая там сiтуацыя, што ж там адбылося. Беларусь адназначна заняла пазiцыю Расii, падтрымаўшы на ўсiх узроўнях. Але прызнанне ж сур'ёзны акт. Усе рэспублiкi СНД катэгарычна адмовiлiся прызнаваць", — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Паводле слоў Прэзiдэнта, у Беларусi з Абхазiяй i Паўднёвай Асецiяй адносiны "складаюцца фактычна як у дзяржавы з дзяржавай". "Падчас вiзiту ў Лiтву я сказаў, што, па вялiкiм рахунку, мы даўно павiнны былi прызнаць Абхазiю i Паўднёвую Асецiю, падтрымаўшы тым самым нашага саюзнiка. Але, на жаль, сам саюзнiк вiнаваты ў тым, што мы да гэтага часу не вырашылi гэта пытанне", — падкрэслiў беларускi лiдар. Аляксандр Лукашэнка сказаў, што ў Беларусi быў пэўны механiзм таго, як краiна будзе iсцi да прызнання гэтых рэспублiк. "Але некаму ў Расii вельмi хацелася або нас схiлiць хутчэй, або, можа, наогул не хацелася, каб мы прызнавалi гэтыя рэспублiкi. Помнiце, нас цэнтральныя СМI (расiйскiя. — Заўвага БЕЛТА), вiдавочна падкантрольныя дзяржаўным чыноўнiкам, пачалi проста цкаваць. Не прызнае, таму што $500 млн не далi. Нiбыта Беларусь за грошы павiнна прызнаць гэтыя рэспублiкi! I пайшла хваля ў той момант, калi мы павiнны былi iх прызнаць, i пра гэта ведалi расiйскiя кiраўнiкi", — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка. "Гэта вельмi балючая тэма, але як чалавек я шчыра сказаў, што даўно пара было гэта зрабiць, але не мы ў гэтым вiнаватыя. Лiчу, разбяромся".

Беларусь заклiкае Расiю будаваць саюз дзвюх дзяржаў на класiчных, сумленных прынцыпах. "Нам быў выгадны гэты саюз. Ён нам выгадны i цяпер. Толькi давайце яго будаваць на тых прынцыпах, якiя выпрацавала чалавецтва. Калi мы адыдзем ад гэтых прынцыпаў, ён развалiцца, мы пойдзем наперакор народу. Калi вы будзеце паважаць беларусаў, калi вы як гiганцкая краiна, як старэйшы брат не падыдзеце да малодшага i яго не тое што зацiкавiце, не прапануеце яму яшчэ больш, чым сабе на гэтым этапе, дык не атрымаецца нiчога. I мы не просiм у вас даць нам чаго-небудзь, мы падпiсалi з вамi пагадненне. Давайце на роўных умовах будзем працаваць i ў Расii, i ў Беларусi, для суб'ектаў гаспадарання, для людзей". "Мы ж не прасiлi якiх-небудзь iльгот. I Расiя канстатуе, што мы не нахлебнiкi. Дык давайце цяпер, калi вы разумееце, што мы сапраўды не нахлебнiкi i што мы не хочам, прысмактаўшыся да вашай трубы нафты, газу, нешта мець, давайце цяпер рухацца, але сумленна. Вы маеце такiя ж правы ў нас, як мы ў вас. Гэта ж нармальна. Якую бяду мы прынясём Расii? Не хлыне беларускi народ на прасторы Расii. Паверце, не хлыне", — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён таксама дадаў, што ў гэтым супрацоўнiцтве трэба адкiнуць усе пытаннi суб'ектыўнага плана.

Каб удзельнiчаць у прыватызацыi найбуйнейшых прадпрыемстваў Беларусi, у тым лiку ААТ "Нафтан", замежны iнвестар павiнен кiраваць прадпрыемствам не горш за дзяржаву. ААТ "Нафтан" цяпер паспяхова развiваецца. Штогод у мадэрнiзацыю НПЗ укладваецца $150—$200 млн, у гэтым годзе на гэтыя мэты будзе iнвеставана $216,7 млн. "Мы не чакаем нiякiх iнвестараў, мы ўсё гэта робiм самi", — падкрэслiў Аляксандр Лукашэнка. Паказчык глыбiнi перапрацоўкi нафты ў рэспублiцы ўжо складае да 80 працэнтаў, а ў найблiжэйшым будучым гэта будзе 90—95 працэнтаў — узровень еўрапейскiх i сусветных нафтаперапрацоўшчыкаў. Тэхпераўзбраенне будзе прадоўжана, кошт праграмы перспектыўнага развiцця "Нафтана" i "Палiмiра" складае амаль $5 млрд.

Паводле слоў Прэзiдэнта, вядуцца перагаворы з "Лукойлам" i iншымi патэнцыяльнымi iнвестарамi. "Прыходзьце, прыносьце грошы, будзем супрацоўнiчаць", — запрасiў Аляксандр Лукашэнка, заўважыўшы, што пры гэтым з боку дзяржавы ёсць свае патрабаваннi. "Вы мне за тры гады пакажыце, як вы будзеце прагiнацца на гэтым прадпрыемстве, людзей не выганiце, будзеце больш iм плацiць, адкрыеце новыя вытворчасцi. Так, як працуе дзяржава, клапоцячыся пра кожнага чалавека. Вось тады праз тры гады, без аўкцыёну, без конкурсу мы дамовiмся, i я вам прадам гэтыя 50 працэнтаў або кантрольны пакет акцый". Асобныя iнвестары ўжо спрабуюць працаваць у Беларусi на такой аснове. Пры гэтым ён дадаў, што прыярытэт у такiм супрацоўнiцтве будзе аддадзены расiянам.

Нельга блытаць бiзнэс i палiтыку. "У нас не бывае такога, каб бiзнэсмен улез у палiтыку i спрабаваў нешта купiць. Гэта небяспечна на вынiкi", — падкрэслiў Аляксандр Лукашэнка. Ён адзначыў, што ў Беларусi няма нацiску на багатых людзей. "Нiхто iм не перашкаджае працаваць, але ёсць палiтыка i ёсць бiзнэс. Гэта розныя сферы, у iх розныя правiлы i паняццi", — сказаў кiраўнiк дзяржавы. На яго думку, сваякi людзей, якiя знаходзяцца на дзяржаўных пасадах, не могуць займацца бiзнэсам. Яны павiнны працаваць на дзяржаўнай службе. Пры гэтым Прэзiдэнт дадаў, што "нi адзiн з яго сваякоў бiзнэсам не займаецца".

Аляксандр Лукашэнка лiчыць, што ў Беларусi таксама ёсць карупцыя. Але ў нас немагчыма, каб купiлi пасаду дэпутата або каб чалавек быў назначаны на пасаду за нейкi хабар", — адзначыў Прэзiдэнт.

Кiраўнiк дзяржавы перакананы, што барацьбу з карупцыяй трэба ў першую чаргу пачынаць з вярхоў улады. "Заўсёды трэба пачынаць з сябе. Не будзеш красцi ты — не будуць красцi твае падначаленыя, i так па вертыкалi", — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Акрамя таго, трэба з усёй строгасцю ставiцца да тых, хто абвiнавачаны ў карупцыi. "Калi з'яўляецца iнфармацыя, што хто-небудзь карумпiраваны, нават калi гэта блiзкi чалавек, яго трэба неадкладна ўбраць ад сябе, ён не можа займаць дзяржаўную пасаду. У мяне так было з многiмi". Без волi вышэйшага кiраўнiцтва краiны i фактычнай жорсткай барацьбы карупцыя непераможная, лiчыць Прэзiдэнт. "Калi людзi ўбачаць, што нiкому даравання не будзе, гэта важней любых законаў. Хоць, вядома, у нас ёсць вельмi моцная антыкарупцыйная база".

У аснове сусветнага фiнансава-эканамiчнага крызiсу ляжыць карупцыя i псiхалагiчны нацiск праз СМI, лiчыць Прэзiдэнт Беларусi Аляксандр Лукашэнка. "Сённяшнi крызiс — гэта перш за ўсё крызiс даверу. Народ запужалi праз СМI, напусцiўшы на яго гэту лавiну страшных чутак аб крызiсе". Менавiта таму, паводле слоў кiраўнiка дзяржавы, на пасяджэннi ўрада ён сказаў, што ў Беларусi крызiсу няма, забудзьце: "У тым сэнсе, што балбатаць пра гэта не патрэбна. Трэба працаваць, як бы нi было складана". Народ крызiсу асаблiва не адчувае. Разам з тым гэта не азначае, што крызiсу няма. У Беларусi экспартаарыентаваная эканомiка, таму экспарт упаў, i гэта iстотная праблема. I перш за ўсё пацярпелi прадпрыемствы-гiганты: БелАЗ, МАЗ, МТЗ, канстатаваў Прэзiдэнт. Ён паведамiў таксама, што за восем месяцаў гэтага года зафiксавана 0,5 працэнта падзення ВУП Беларусi. Але плануецца, што па вынiках года рост ВУП складзе 1,5-2 працэнты.

Паводле паведамленняў прэс-службы Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь і БЕЛТА.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Прэзiдэнт Рэспублiкi Беларусь Аляксандр Лукашэнка 2 кастрычнiка даў прэс-канферэнцыю для прадстаўнiкоў расiйскiх рэгiянальных СМІ, якая працягвалася больш за тры з паловай гадзiны. Расiян цiкавiў досвед Беларусi ў сацыяльнай, культурнай, адукацыйнай сферах. Прэс-канферэнцыя стала заключным мерапрыемствам штогадовага прэс-тура вялiкiх груп журналiстаў СМI рэгiёнаў Расii, якi стаў ужо традыцыйным. Цяперашнi, сёмы, прэс-тур праходзiў з 29 верасня па 2 кастрычнiка. У iм узялi ўдзел 76 прадстаўнiкоў з 46 рэгiёнаў Расiйскай Федэрацыi. Былi прадстаўлены 70 СМI, з якiх 17 — федэральныя, 53 — рэгiянальныя. Агульны тыраж друкаваных выданняў складае каля 2,5 млн экзэмпляраў
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Политики)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика