Майкл Скэнлан: ЗША ўхвальна глядзяць на працяг праграмы МВФ stand-by для Беларусі. 21.by

Майкл Скэнлан: ЗША ўхвальна глядзяць на працяг праграмы МВФ stand-by для Беларусі

16.12.2009 19:44 — Новости Политики |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

фотоГутарка з часовым павераным у справах ЗША ў Беларусі Майклам Скэнланам.

"Наша Ніва": Спадар Скэнлан, раскажыце трохі пра сябе. Дзе Вы нарадзіліся, дзе вучыліся? Дзе працавалі перад Беларуссю?

Майкл Скэнлан: Я нарадзіўся ў Вашынгтоне, у сталіцы ЗША. Паколькі мой бацька таксама быў дыпламатам, то я шмат часу ў дзяцінстве праводзіў за мяжой. Я навучаўся ў Джорджтаўнскім універсітэце, у Інстытуце міжнародных зносін. Там я атрымаў ступень бакалаўра. Затым я працаваў у прыватным сектары, каб зарабіць грошы на наступнае навучанне. Ступень магістра я атрымліваў ва ўніверсітэце Тафтс, у Флэтчараўскай школе міжнароднага права і дыпламатыі. Затым я працаваў у Кангрэсе. Але я сумаваў па магчымасці жыць за мяжой. Я хацеў займацца міжнароднымі адносінамі, таму здаў экзамен і ў 29 гадоў пачаў дыпламатычную службу. Пасля гэтага я працаваў у краінах былога Савецкага Саюза, а таксама на Балканах.

"НН": А ці бывалі раней у Беларусі?

МС: У 2002—2004 гадах я працаваў у Дзярждэпартаменце ЗША ва Упраўленні дапамогі, дзе займаўся ў тым ліку Беларуссю. Але ў той час я не наведваў вашу краіну. Тым не менш, падчас працы ва Украіне, вясной 2008 года на выхадныя прыватна прыязджаў у Беларусь.

"НН": Што-небудзь здзівіла ў Беларусі?

МС: Я не магу сказаць, што нешта здзівіла, таму што ўжо даволі добра ведаў гэтую частку свету. Але я быў расчараваны станам адносінаў паміж нашымі краінамі. Шкада, што яны пагоршыліся.

"НН": Ці змянілася неяк палітыка Адміністрацыі Барака Абамы ў дачыненні да Беларусі ў параўнанні з палітыкай Адміністрацыі Джорджа Буша-малодшага?

МС: Пазіцыя ЗША заўсёды была паслядоўнай. Прычыны, што прывялі да ўвядзення санкцый, застаюцца. У заяве, змешчанай нядаўна на сайце пасольства, зазначана, што санкцыі прывязаныя да сітуацыі з правамі чалавека, выбарамі, свабодай СМІ. Статус-кво спараджае статус-кво. І калі гэтыя з’явы не зменяцца, то санкцыі таксама не будуць знятыя. У той жа час мы заўсёды верылі і верым, што нашы адносіны могуць быць шматграннымі. Сёння (14 снежня — "НН") я быў у беларускім МЗС, дзе мы размаўлялі на тэму гандлю людзьмі. Гэта супольная праблема, над вырашэннем якой мы можам супрацоўнічаць. Беларусь шукае магчымасць дасягнуць вельмі добрай мэты — да 2015 года зачыніць усе дзіцячыя дамы і рассяліць дзетак па прыёмных сем’ях ці вярнуць біялагічным бацькам. У нас ёсць праграма дапамогі грамадзянскай супольнасці ў намаганнях садзейнічаць ураду ў рэалізацыі гэтай выдатнай мэты. Здаецца, стане магчымым выдаткаванне на гэта яшчэ каля аднаго мільёна долараў. У Беларусі зараз таксама вырашаецца праблема з сухотамі. Мы аказваем дапамогу і ў гэтай сферы.

"НН": Дык а што канкрэтна трэба зрабіць Беларусі, каб былі адмененыя эканамічныя санкцыі супраць прадпрыемстваў, візавыя — супраць чыноўнікаў?

МС: Пытанне санкцый закранае многа сфераў. І гэта азначае, што трэба вырашаць пытанні з правамі чалавека, з незалежнымі медыямі, выбарамі. Мы віталі той факт, што вясной 2009 года беларускі ўрад уключыўся ў абмеркаванне зменаў у выбарчае заканадаўства з Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЕ. Але мы шкадуем, што з таго часу гэты працэс не праходзіў адкрыта і празрыста, каб грамадства таксама было ўключанае ў абмеркаванне. Яшчэ адно пытанне — гэта артыкул 193.1 Крымінальнага кодэкса "Дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі". Нават кіраўніцтва Беларусі кажа, што трэба нешта змяняць, але зменаў няма. Не рэгіструюцца палітычныя партыі, з праблемамі сутыкаюцца недзяржаўныя арганізацыі. Мы з задавальненнем успрынялі той факт, што ў 2008 годзе дзве незалежныя газеты атрымалі доступ да афіцыйнай сістэмы распаўсюду, але яшчэ 12 выданняў такой магчымасці не маюць. Мы вітаем ужо зробленае, і гэта адлюстроўваецца ў нашых рашэннях у адказ. Маецца на ўвазе, што пасля вызвалення палітвязняў мы прыпынілі санкцыі супраць двух прадпрыемстваў "Белнафтахіма".

"НН": Калі можа быць адноўлена паўнавартасная праца дыпламатычных місій Беларусі і ЗША? Ці хапае зараз амерыканскіх дыпламатаў для выканання імі сваіх службовых паўнамоцтваў?

МС: Гэта пытанне не да нас, а да беларускага ўрада. Цяпер нам дазволена мець толькі пяць дыпламатаў. Да таго ж, мы не маем магчымасці выязджаць далей чым за 40 кіламетраў ад Мінска, не папярэдзіўшы загадзя беларускія ўлады. Першыя шэсць месяцаў свайго знаходжання ў Мінску я займаўся тым, што арганізоўваў працу пасольства з улікам таго, што нам, магчыма, прыйдзецца працаваць у такім складзе яшчэ нявызначаны час. Але мы адкрытыя да дыялогу. Мы зацікаўленыя ў развіцці супрацоўніцтва ў многіх сферах, але для гэтага патрэбная большая колькасць супрацоўнікаў пасольства. Я прашу прабачэння ў беларусаў, якія вымушаныя ехаць у Кіеў, Маскву, Санкт-Пецярбург, каб атрымаць амерыканскую візу. На жаль, сённяшняя колькасць дыпламатаў не дазваляе нам рабіць гэтыя паслугі. Але мы размаўляем на гэтую тэму з беларускімі ўладамі.

"НН": Сканчваецца першая крэдытная праграма МВФ для Беларусі. Улады не хаваюць, што зацікаўлены ў наступнай. Якое стаўленне займае па гэтым пытанні ЗША?

МС: Мы думаем, гэта добра, што Беларусь супрацоўнічае з МВФ і Сусветным банкам. Калі Беларусь кажа пра шматвектарную эканоміку, пра яе дыверсіфікацыю, пра інтэграцыю ў сусветную, то такое супрацоўніцтва вельмі важнае. МВФ і Сусветны банк з’яўляюцца добрымі дарадцамі ў гэтым працэсе. Праграма stand-by сканчваецца ў красавіку. І ЗША ўхвальна глядзяць на магчымасць працягу гэтай праграмы. Мы лічым, што гэта вельмі добра для Беларусі.

"НН": Нядаўна скончылася дзеянне Будапешцкага мемарандума, пад якім у свой час падпісаліся ЗША. Штаты будуць працягваць з’яўляцца гарантам бяспекі нашай краіны ў будучыні?

МС: Па гэтым пытанні была афіцыйная заява Дзярждэпартамента. Яна тычыцца не толькі Беларусі, але і Казахстана з Украінай. ЗША і Расія пацвярджаюць, што ўмовы гэтага мемарандума будуць дзейнічаць і пасля 4 снежня.

"НН": Беларускія ўлады часта кажуць, што зацікаўленыя ў заходніх інвестыцыях у краіну. А дзе вы бачыце перспектыву для амерыканскіх інвестыцыйных праектаў у Беларусі?

МС: Своечасовае пытанне. Наколькі я ведаю, беларускі ўрад прыняў бюджэт на 2010 год, у якім запланавана прыцягнуць 5 мільярдаў наўпроставых замежных інвестыцый. Для ўсіх эканомік у свеце (і ЗША тут не выключэнне) важна завабліваць замежныя інвестыцыі. У рэкамендацыях МВФ і Сусветнага банка таксама адзначаецца неабходнасць стварэння такога клімату, які будзе спрыяць замежным інвестыцыям. Калі мы возьмем пытанне прыватызацыі, то неабходна, каб яна праходзіла празрыста і адкрыта, каб гэтая сістэма выклікала давер. Мы зацікаўленыя і гатовы спрыяць павелічэнню прыватнага сектара ў беларускай эканоміцы. У прыватнасці, развіццю малога і сярэдняга бізнэсу. Як правіла, амерыканскія кампаніі не звяртаюцца да амерыканскага ўрада — яны самастойна распараджаюцца сваім капіталам. Мы можам дапамагаць усталёўваць кантакты, але не наша роля вызначаць, каму і куды ўкладваць свае грошы.

"НН": Зноў да прыватнага. Якое ў Вас хобі? Чым займаецеся ў Мінску?


МС: Я футбольны фанат. За час знаходжання ў Беларусі прагледзеў дзесьці шэсць матчаў. Каманда ЗША ўжо прайшла кваліфікацыю на чэмпіянат свету ў Паўднёвую Афрыку. Нам пашанцавала з лёсаваннем. Мы цяпер жартуем з брытанцамі, што зборнай Англіі не пашанцавала быць з намі ў адной групе. Гуляю ў тэніс. Спрабую рабіць гэта два разы на тыдзень. Хаджу ў басейн. Імкнуся не адмяняць заняткі, але гэта вельмі складана праз мой працоўны графік. Рады, што пайшоў снег, бо вельмі люблю катацца на лыжах. Паспрабую сноўбордзінг, бо ім лепш пачынаць займацца на нізкіх схілах. Таксама буду сачыць за беларускімі баскетбольнымі камандамі. Я вельмі люблю спорт. Улетку я ўвесь час катаўся на ровары, нават дабіраўся на ім да працы.

"НН": А за якую футбольную каманду перажываеце?

МС: Складанае пытанне. Не магу адказаць так, каб нікога не пакрыўдзіць. Мне спадабалася гульня БАТЭ ў еўракубках. Я прысутнічаў на іх гульні з латвійскім "Вентспілсам" у Барысаве. Мне спадабалася назіраць за гульнёй зборнай Беларусі. Трэба прызнацца, калі сюды прыехала ўкраінская каманда, то мне было вельмі складана вызначыцца.

"НН": А як Вам беларуская кухня?

МС: Я такі чалавек, што вырас на мясе з бульбай. Але тут можна замаўляць не толькі беларускую кухню. Паколькі я з краіны, дзе ў адным катле аказалася вельмі шмат нацый, то мне падабаецца разнастайнасць і магчымасць выбіраць.

"НН": Беларускую мову будзеце вывучаць?

МС: Як вы бачыце, я ўжо крыху яе разумею. Гэта першы крок. Але першыя месяцы маёй працы тут былі занятыя, як я ўжо казаў, рэарганізацыяй працы пасольства. У 2010 годзе планую перайсці з пасіўнага ўспрымання беларускай мовы да яе рэальнага ўжывання. Але шчыра скажу, што я ніколі не змагу размаўляць так, як Стэфан Эрыксан [пасол Швецыі — Рэд.]! Ягонае валоданне беларускай мовай уражвае.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Гутарка з часовым павераным у справах ЗША ў Беларусі Майклам Скэнланам
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Политики)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика