НАВАГОДНI ЗВАРОТ Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь А.Р. Лукашэнкi 31 снежня 2009 года. 21.by

НАВАГОДНI ЗВАРОТ Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь А.Р. Лукашэнкi 31 снежня 2009 года

05.01.2010 — Новости Политики |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Дарагiя сябры!

Наша жыццё — гэта чарада сустрэч i расставанняў. Здаецца, зусiм нядаўна мы сустракалi новае стагоддзе, а вось ужо завяршаецца яго першае дзесяцiгоддзе. I праз некалькi хвiлiн будзе перагорнута чарговая старонка гiсторыi нашай краiны i нашага з вамi лёсу.

Для мяне вялiкi гонар быць цяпер у вашым доме i разам з вамi падзяляць радаснае чаканне надыходу Новага, 2010 года. У гэтыя хвiлiны ўсе мы становiмся блiжэй.

У нас ёсць за што падзякаваць адыходнаму году. У некага нарадзiўся малыш, хтосьцi справiў наваселле, паступiў у ВНУ, пачаў уласную справу.

Зрэшты, нешта з задуманага i не ўдалося. Аднак бой гадзiннiкаў, як набеглая хваля, панясе перажытыя нягоды, пакiнуўшы толькi добрыя ўспамiны.

Гэтак жа i ў маштабах дзяржавы. Таму што Беларусь — гэта ўсе мы!

Мы пражылi няпросты год. На свае вочы пераканалiся, якi цесны свет, наколькi моцна звязаны краiны i кантыненты. Дастаткова абарваць адну з сувязных нiцей — i пачынае лiхаманiць усю планету.

Сусветны крызiс праверыў на трываласць i беларусаў. Але ён толькi загартаваў нас. Чарговы раз памылiлiся тыя, хто прадказваў нам немiнучы крах.

Сiмвалiчна, што паваротны момант мы прайшлi менавiта ў Год роднай зямлi.

У жорсткiх умовах праявiлiся лепшыя рысы нашага народа — працавiтасць, вера ва ўласныя сiлы, разважлiвасць, уменне не адступаць перад цяжкасцямi.

Мы прывыклi да добрых перамен i часам нават не заўважаем iх. Але азiрнiцеся вакол: узводзяцца добраўпарадкаваныя мiкрараёны, удыхнулi новае жыццё ў вёску аграгарадкi, радуюць вока дагледжаныя палi i сучасныя дарогi.

Я ад усяго сэрца хачу сказаць словы ўдзячнасцi нашым людзям! Тым, хто, успомнiўшы народную мудрасць, што пад ляжачы камень вада не цячэ, не апусцiў рукi, а стаў працаваць па-новаму, энергiчна, як патрабуе сённяшнi дзень.

Дзякуй за багаты ўраджай. За першыя здабытыя за межамi краiны тоны нафты. За мiльёны квадратных метраў жылля. За ўнiкальныя хiрургiчныя аперацыi i выратаванне хворых. За душэўны клопат аб нашых дзецях у садах i школах. За адданую i мужную службу. За новыя культурныя i спартыўныя дасягненнi.

Як i 65 гадоў таму, беларускi народ застаецца моцным духам i адданым роднай зямлi. Якую заўсёды адраджаў уласнымi рукамi з попелу i самааддана любiў.

Дарагiя суайчыннiкi!

Крызiсы прыходзяць i адыходзяць — мы застаёмся!

I ўжо сёння строiм амбiцыйныя, але цалкам рэальныя планы. У наступным годзе нам трэба будзе смела i рашуча рушыць наперад! Засяродзiцца на новых, прарыўных напрамках.

Iншымi словамi — нястомна ствараць!

2010 год аб'яўлены Годам якасцi. Гэта значыць, што будзе зроблена ўсё магчымае i нават немагчымае для далейшага павышэння якасцi жыцця людзей. Каб марка "Зроблена ў Беларусi" выклiкала захапленне. Каб айчынная навука падарыла свету новыя адкрыццi. Каб нашы таленты часцей уздымалiся на п'едэсталы перамогi.

А пакуль, прытрымлiваючыся традыцыi, дастойна праводзiм стары год. Расстанемся з iм без злосцi i крыўдаў. Пажадаем усiм мiру i дабра.

Хоць паняцце чалавечага шчасця вельмi аб'ёмнае, але на самай справе яно змяшчаецца ў некалькiх простых i мудрых словах: пабудаваць дом, пасадзiць дрэва, выгадаваць дзяцей.

Няхай кожнаму з вас будзе дадзены гэты сапраўдны дар — чалавечае шчасце.

Дарагiя мае землякi!

Беларусь — наш агульны дом. I паспяховасць жыцця ў iм залежыць толькi ад нас з вамi.

Толькi разам, падтрымлiваючы адзiн аднаго, мы зробiм нашу адзiную i непаўторную Беларусь самым утульным i надзейным месцам на Зямлi. Дзе радуюцца дзецi i акружаны пастаянным клопатам старыя. Дзе кожнага чакаюць любоў, шчасце i дабрабыт.

У навагоднi вечар скажыце блiзкiм людзям, якiя яны вам дарагiя i неабходныя.

Усмiхайцеся адзiн аднаму.

Любiце i цанiце кожны пражыты дзень.

I помнiце: любая непагадзь абавязкова скончыцца i зноў выгляне сонца. Няхай яно заўсёды сагравае вашы дамы i сэрцы.

Я вiншую ўсiх, хто сустракае свята каля цёплага дамашняга ачага.

Мае асаблiвыя вiншаваннi тым, хто цяпер на рабоце або нясе воiнскую службу!

Я вiтаю суайчыннiкаў, якiя жывуць далёка ад Радзiмы, i нашых замежных сяброў.

Каля ўбранай ёлкi, пад звон гадзiннiкаў мы загадваем патаемныя жаданнi. Шчыра спадзяюся, што ў надыходным годзе яны абавязкова здзейсняцца.

Упэўнены, што для ўсiх пакаленняў беларусаў нязменнымi застаюцца тры вечныя каштоўнасцi.

Вера ў будучае роднай Беларусi!

Надзея на шчасце!

Любоў да сваiх блiзкiх i нашай Айчыны!

Будзьце шчаслiвыя, дарагiя сябры!

Здароўя вам, радасцi i ўдачы!

З Новым годам!

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Дарагiя сябры! Наша жыццё — гэта чарада сустрэч i расставанняў. Здаецца, зусiм нядаўна мы сустракалi новае стагоддзе, а вось ужо завяршаецца яго першае дзесяцiгоддзе. I праз некалькi хвiлiн будзе перагорнута чарговая старонка гiсторыi нашай краiны i нашага з вамi лёсу. Для мяне вялiкi гонар быць цяпер у вашым доме i разам з вамi падзяляць радаснае чаканне надыходу Новага, 2010 года. У гэтыя хвiлiны ўсе мы становiмся блiжэй.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Политики)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика