Чужое не баліць?. 21.by

Чужое не баліць?

22.01.2010 16:46 — Новости Политики |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Чужое не баліць?

Гіне краіна. Зусім недалёка – па той бок Атлантыкі. Да катастрофы там жыло дзесяць мільёнаў чалавек. Колькі цяпер застолася жывых, не скажа ніхто.

У кожнага свае лічбы. Удакладніць іх немагчыма. Там ужо няма дзяржавы. Нічога няма. І звычайная надзея, што нехта прыйдзе на дапамогу і ўратуе, чэзне з кожным ударам стыхіі.

Сейсмолагі прадбачаць новыя тэктанічныя зрухі. Не выключана, што яшчэ можа абрынуцца на выспу і цунамі. ААН заклікае краіны свету павялічыць маштабы дапамогі. Там сапраўдны Апакаліпсіс. Пан Гі Мун просіць уратаваць як мага болей жыццяў. Адгукаюцца не ўсе. І Беларусь увайшла ў лік маўклівых. Чарнобыль быў даўно, забылі ўсё. Спадзяемся, што забудзем хутка і гэтую Атлантыду. Чужое не баліць.

Хтосьці туды паспяшаўся. Людзі – гэта людзі. У неверагодна цяжкіх умовах працуюць побач французы і амерыканцы. Немцы. Расейцы. Японцы. Каго там толькі няма. На вялікі жаль, няма там нашых. І наўрад ці яны будуць. Не таму, што беларускія выратавальнікі працавалі б горш, чым тыя ж французы. Зусім не.

Самае дарагое ў свеце – людская салідарнасць. І калі чалавека спасцігла вялікая бяда, найперш яму трэба адчуць, што яго не пакінулі. Хтосьці спяшаецца на дапамогу. А той, хто не можа дапамагчы, хаця б спачувае. І ў такіх варунках нават мурзатая цацка, адарваная проста ад сэрца якім-небудзь дзяцёнкам падчас збору ахвяраванняў, каштуе часам даражэй мільёнаў афіцыйнай дапамогі. Бо гэта – праменьчык надзеі. Знак любові і спачування. Сведчанне таго, што людзі ўсё яшчэ застаюцца людзьмі.

Толькі беларусы нават гэтага ў зону бедства пакуль не паслалі. Кіраўнік краіны ў вялікай крыўдзе, што яго асабіста не папрасілі пра дапамогу. Такая вось адмысловая далікатнасць. Незразумела аднак, хто павінен быў пра яго ўзгадаць у той няшчаснай краіне, дзе ўжо нічога няма, акрамя хаасу і смерці?

Аднак і нейкія дэпутаты ўслед за начальнікам разважаюць глыбакадумна пра магчымыя выдаткі гуманітарнага рэйсу, якія падаюцца ім нашмат большымі, чым кошт самой дапамогі. Надзвычай ашчадныя дзядькі і цёткі. Дбаюць пра народную капейку. А пра тое, якую шкоду сваёй разважлівасцю нанясуць рэпутацыі краіны, да скону дзён наўрад ці дадумаюцца. І не чуваць чамусьці іх цвярозага голасу ў той момант, калі начальнік кідае шалёныя грошы на чарговую серыю лядовых палацаў, якіх ужо нашмат болей, чым грыбоў у пушчы.

А тут мы надта бедныя. Самі жабруем па свеце, вымольваючы чарговую пазыку. На вялікі жаль, праблема не ў тым. Калі быў здзейснены тэракт у Нью-Йорку, і абрынуліся вежы Сусветнага гандлёвага цэнтру, правіцель паспяшаўся публічна засведчыць сваю гатовасць дапамагчы Злучаным Штатам. Выгодная рэч. Адразу ўсе адзначылі і высакародную шчодрасць, і бязмежны гуманізм раптоўнага памкнення. А з палёту на Гаіці якая карысць? Там у агульным тлуме наўрад ці хто заўважыць гуманнае парыванне апошняй еўрапейскай дыктатуры.

А таму яны трымаюць паўзу. Да лепшых часоў. Тым болей, што наконт карыбскага землятрусу ўжо недвухсэнсоўна выказаўся аднадумец і змагар за справядлівасць Уга Чавес. Усяму свету патлумачыў, што гэта амерыканскія імперыялісты на шматпакутных насельніках Гаіці выпрабоўвалі сваё вынаходніцтва – тэктанічную зброю. Гішпанская газета “АВС” надрукавала ягоныя сенсацыйныя шчыраванні. Галоўная мэта злосных амерыканцаў, паводле Уга, “разбурэнне Ірану з дапамогай серыі землятрусаў, у выніку якіх узнікне магчымасць зрынуць ісламскі рэжым краіны”.

Палымянага трыбуна і правадыра ўсіх пакрыўджаных на гэтыя думкі навялі не ўласныя разважанні і нават не спевы экзатычных птушак у сельве. Грымотная заява грунтуецца на дакладзе, “падрыхтаваным расійскім Паўночным флотам, які сочыць за дзеяннямі амерыканскага флоту ў Карыбскім басейне”.

Прэзідэнт Францыі Сарказі таксама надзвычай жорстка выказаўся наконт амерыканскай прысутнасці на Гаіці, назваўшы яе акупацыяй. Аднак выказванне тое ніякім чынам не паўплывала на дзейнасць французаў у зоне катастрофы, якія выратавалі там ужо не адно жыццё. У краінах цывілізаваных пазіцыі ўрадоўцаў і цывільных грамадзян могуць істотна разыходзіцца. І нікога тое не хвалюе. І калі хто ўпадзе раптам на вуліцы, люд паспаліты не будзе чакаць, пакуль з вышынь улады прыйдзе дазвол падаць яму руку.

А ўвогуле, беларускаму грамадству няма часу думаць пра выспу ў далёкім акіяне. Хвалююць нас свае надзённыя пытанні. Падвышэнне цэнаў на бензін. Пошліны на аўтамабілі ў новаствораным мытным саюзе. І духоўнае жыццё, зразумела. Толькі што адсвяткавалі Каляды. Дачакаліся Вадохрышча. Скакалі ў палонкі. Стаялі ў чарзе па святую ваду. І адчувалі сябе надзвычай духоўнымі. А пра тое, што недзе нехта чакае хоць нейкай дапамогі, думаць не хацелася. Свята!

Дзякуй Богу, каталіцкі касцёл пачаў збіраць ахвяраванні для тых, хто гіне зусім недалёка. Усяго толькі па той бок Атлантыкі. Проста дзіўна, што ёсць яшчэ людзі, якія памятаюць, што акрамя рытуалаў існуюць і запаведзі. На якіх пакуль трымаецца свет. Калі так, не ўсё яшчэ страчана.

На выспе Апакаліпсісу нашых не было. Нікога беларусы там не ўратавалі. Уратаваць бы хоць саміх сябе ў зоне раўнадушша.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Гіне краіна. Зусім недалёка – па той бок Атлантыкі. Да катастрофы там жыло дзесяць мільёнаў чалавек. Колькі цяпер застолася жывых, не скажа ніхто.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Политики)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика