Анатоль Паўлаў: “Кандыдатам у дэпутаты ўжо няма сэнсу змагацца…”
13.03.2010
—
Новости Политики
|
Аб'яднаная грамадзянская партыя вылучала са сваіх шэрагаў ва ўчастковыя выбарчыя камісіі Менска больш за 120 чалавек, з якіх афіцыйна зарэгістравалі толькі дзесецярых. Такія вынікі выклікалі ў партыі настрой пра бессэнсоўнасць далейшага ўдзелу ў мясцовых выбарах. - У склад выбарчых камісій уключаюцца адзінкі дэмакратычных кандыдатаў, - заўважыў Анатоль Паўлаў, старшыня Менскай гарадской арганізацыі АГП. - Пытанне ўстае ўжо пра тое, ці трэба ўдзельнічаць у такіх выбарах. Паколькі людзей не ўключылі ў выбарчыя камісіі, то і кандыдатам у дэпутаты няма сэнсу змагацца, таму што гэта будзе гульня ў адны вароты. Такім чынам проста ў чарговы раз улада будзе зроблена легітымнай.Старшыня Менскай арганізацыі АГП дадаў, што хоць такія настроі набіраюць сілу і нават пачынаюць пераважаць у некаторых рэгіёнах, нікога з кандыдатаў ад партыі сілком адклікаць не будуць. Пакуль ідзе збор подпісаў за кандыдатаў у дэпутаты, з выбаршчыкамі ўжо праводзіцца падрыхтоўчая праца, і далейшай агітацыйнай дзейнасцю таксама будуць займацца. - Калі б ва ўчастковых камісіях колькасць прадстаўнікоў дэмакратычных сіл была рэпрэзентатыўнай і можна было б ахапіць хоць бы 20 %, то вынікі працы было б мэтазгодна экстрапаляваць на ўвесь працэс выбараў. Натуральна, што ўлада не жадае дапусціць гэтага, - адзначыў Анатоль Паўлаў. - У нашай краіне склалася парадаксальная сістэма - выбарчыя камісіі фармуе выканаўчая ўлада, а не ЦВК, якая павінна прафесійна працаваць на гэтай ніве і ствараць сваю вертыкаль з выкарыстаннем актывістаў партый, грамадскіх структур, вытворчых калектываў. Сам прынцып, па якім людзей уключаюць у склад камісій, невыразны. У іх уваходзяць не тыя кандыдаты, якія маюць досвед выбарчай працы, а найбольш “бясшкодныя”, якія не валодаюць палітычнай хваткай, упэўнены старшыня Менскай арганізацыі АГП. - Пры фармаванні ўчастковых камісій, напрыклад, двум 25-гадовым прадстаўнікам сацыял-дэмакратаў адмовілі, матывуючы сваё рашэнне тым, што ў іх недастаткова досведу. І тут жа ўключылі ў камісію прадстаўнікоў БРСМ, якія значна маладзей, - падзяліўся Анатоль Паўлаў. - Гэтым усё сказана. Нічога добрага ў канчатковым выніку не атрымаецца, будзе як заўсёды - выбары без выбараў. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Аб'яднаная грамадзянская партыя вылучала са сваіх шэрагаў ва ўчастковыя выбарчыя камісіі Менска больш за 120 чалавек, з якіх афіцыйна зарэгістравалі толькі дзесецярых. Такія вынікі выклікалі ў партыі настрой пра бессэнсоўнасць далейшага ўдзелу ў мясцовых выбарах.
|
|