Катынь: "беларускі сьпіс"
08.04.2010
—
Новости Политики
|
Мэмарыяльны комплекс "Катынь" (за 15 кілямэтраў ад Смаленску і за 7 кілямэтраў ад мястэчка Катынь па Віцебскай шашы) наведалі прэм'ер-міністры Расеі і Польшчы Ўладзімер Пуцін і Дональд Туск. Катынскі "беларускі сьпіс" не знайшлі ў Маскве.Насуперак чаканьням, расейскі прэм'ер-міністар Уладзімер Пуцін не перадаў ў Катыні Дональду Туску так званы "беларускі сьпіс" з імёнамі палонных польскіх афіцэраў, забітых падчас Другой усясьветнай вайны органамі НКВД. Паводле польскіх СМІ, у прэсавай службе Пуціна сказалі, што “гэты дакумэнт ня быў знойдзены ў Маскве".
Расейскія мэдыі цытуюць упаўнаважанага па правах чалавека Расеі Ўладзімера Лукіна, які кажа. што многае яшчэ ня зроблена, "беларускія архівы па гэтай справе ня знойдзены, іх шукаюць". Раней Варшава неаднаразова крытыкавала Крэмль, што той не дае доступу да ўсіх матэрыялаў, зьвязаных з масавымі забойствамі. Паводле кіраўніка Інстытуту народнай памяці ў Варшаве(IPN) Януша Куртыка, “Польшча расчараваная супрацоўніцтвам з расейскімі ўладамі ў справе катынскіх падзеяў” і лічыць неабходным наўпрост зьвяртацца да Беларусі. У Катыні пахавана каля чатырох тысяч афіцэраў Войска Польскага, 70 год таму расстраляных НКВД. Усяго "катынская справа" налічвае каля 22 тысяч ахвяраў. Чакалася, што падчас сустрэчы з Дональдам Тускам Ўладзімер Пуцін перадасьць польскаму боку так званы "беларускі сьпіс" расстраляных. У Катынскім лесе былі расстраляныя польскія ваеннапалонныя аднаго з трох лягераў. Апроч таго, згодна з пастановай ЦК ВКП(б) ад 5 сакавіка 1940 году, НКВД расстраляла арыштаваных грамадзянаў, якія ўтрымліваліся ў турмах Заходняй Украіны і Заходняй Беларусі. Паводле кіраўніка польскай праграмы расейскага гісторыка-асьветніцкага таварыства "Мэмарыял" Аляксандра Гур'янава, імёны вязьняў з турмаў Заходняй Беларусі дагэтуль невядомыя. "На пачатку 94-га году ў Кіеве знайшлі сьпіс людзей, якія ўтрымліваліся ў турмах Заходняй Украіны і былі расстраляныя. І яго тут жа назвалі "ўкраінскім сьпісам". Ён быў адразу апублікаваны. І тут жа ўзьнікла пытаньне — а дзе беларускі? Яго дагэтуль няма. Магчыма, яго нарэшце знайшлі ў Маскве. І, можа, сёньня абвесьцяць пра яго знаходку і перададуць яго копію прэм'еру Туску. Вось што такое "беларускі сьпіс". У мінулыя гады нам адказвалі, што былі зроблены пошукі ў Беларусі і яны не прывялі да знаходкі. Але пры гэтым ёсьць даволі важкія падставы лічыць, што, магчыма, гэты сьпіс насамрэч знаходзіўся ў архівах НКВД у Беларусі і што апроч экзэмпляра ў Беларусі павінен быў існаваць экзэмпляр у Маскве". Паводле спадара Гур'янава, напярэдадні сустрэчы Пуціна з Тускам былі зроблены новыя пошукі і, магчыма, сярод новых дакумэнтаў ёсьць "беларускі сьпіс". Ён налічвае каля 3870 расстраляных. Лічыцца верагоднай вэрсія, што гэтыя 3870 чалавек зь "беларускага сьпісу" былі расстраляныя ў Менску і пахаваныя ў Курапатах ... "Месцы пахаваньняў канчаткова і дакладна ня вызначаныя. Лічыцца верагоднай вэрсія, што гэтыя 3870 чалавек зь "беларускага сьпісу" былі расстраляныя ў Менску і пахаваныя ў Курапатах. Такое дапушчэньне цяпер ёсьць". Паводле гісторыка Ігара Кузьняцова, пасьля вайскоўцаў па "польскай справе" зьнішчалі цывільных, гэта была другая хваля. Ён адзначыў, што Расея і Ўкраіна даўно перадалі польскаму боку сьпісы расстраляных на сваіх тэрыторыях. Застаўся "беларускі сьпіс". Ігар Кузьняцоў "Гэта была савецкая дзяржава, дзе ўсё рабілася цэнтралізавана. Таму, калі кажуць, што ў Беларусі ці ў ФСБ няма сьпісу, — гэта трэба прызнаць, што сьпіс зьнішчаны. Другога варыянту няма. Значыць, прызнайце, што зьнішчыла беларускае КДБ і ФСБ. Але ж яны не адказваюць на гэтае пытаньне — шукаюць. Што значыць шукаюць, калі расейскі, украінскі ёсьць, а беларускага няма? Гэта чыста палітычная гульня. Калі ў чарговы раз яны заявяць, што сьпісу няма, то яны павінны сказаць, у якім годзе ён быў зьнішчаны". Наколькі даступныя беларускія архівы па гэтай справе для дасьледчыкаў? Спадар Кузьняцоў сказаў: "Уся гэтая інфармацыя абсалютна закрытая. Нават у архіў КДБ маюць доступ ня ўсе супрацоўнікі КДБ. І таму, калі нават гэты сьпіс ляжыць, то гэта будзе толькі з санкцыі першай асобы дзяржавы. І нават старшыня КДБ ня возьме на сябе адказнасьць аб'явіць "беларускі сьпіс". І таму, калі сёньня Пуцін перадасьць, то гэта будзе аплявуха кіраўніцтву Беларусі, што яно не праявіла ініцыятывы". Кандыдат гістарычных навук, археоляг Мікола Крывальцэвіч адзначае, што Курапаты нават пасьля нядаўняй публікацыі ў "Советской Белоруссии" дагэтуль застаюцца клопатам толькі грамадзкіх арганізацый і прыватных асобаў. Паводле спадара Крывальцэвіча, вынікі эксгумацыі не даюць сьлядоў прысутнасьці ў Курапацкім лесе польскіх вайскоўцаў, хаця знойдзены парэшткі цывільных асобаў з Заходняй Беларусі. Мікола Крывальцэвіч "Усе дасьледаваньні ўжо даўно праведзеныя, якія можна было зрабіць, зьвязаныя з эксгумацыяй і інтэрпрэтацыяй матэрыялаў эксгумацыі. Дасьледаваньні, зьвязаныя з пошукамі сьведак і гэтак далей, сабраныя і апублікаваныя. Застаецца толькі знайсьці архіўныя матэрыялы і зьвязаць іх з тым, што было ўжо зроблена. У прыватнасьці, зьвязаць з матэрыяламі эксгумацыі й іншых дасьледаваньняў. А архіўныя матэрыялы закрытыя, як і наагул тэма рэпрэсій у Беларусі застаецца закрытай і не абмяркоўваецца. Толькі ў вузкім навуковым коле гэта абмяркоўваецца". Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Мэмарыяльны комплекс "Катынь" (за 15 кілямэтраў ад Смаленску і за 7 кілямэтраў ад мястэчка Катынь па Віцебскай шашы) наведалі прэм'ер-міністры Расеі і Польшчы Ўладзімер Пуцін і Дональд Туск. Катынскі "беларускі сьпіс" не знайшлі ў Маскве.
|
|