АД ЯКАСЦІ ЗАКОНАЎ ДА ЯКАСЦІ ЖЫЦЦЯ
01.07.2010
—
Новости Политики
|
Выступленне Старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Андрэйчанкі У.П. на закрыцці чацвёртай сесіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь чацвёртага склікання Паважаныя дэпутаты, запрошаныя і журналісты! Завяршае работу чацвёртая сесія Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь чацвёртага склікання. Ацэньваючы яе вынікі, неабходна прызнаць, што дэпутатамі праведзена значная работа. Разгледжана звыш ста пытанняў, якія ў той ці іншай ступені закранаюць практычна ўсе аспекты нашай дзейнасці.
Заканамерна, што асноўным блокам парадку дня стала эканамічная праблематыка, уключаючы заканадаўчае забеспячэнне развіцця дзелавой ініцыятывы, інвестыцыйнай і інавацыйнай дзейнасці. Так, пазітыўную ролю ў паляпшэнні дзелавога клімату прызначаны адыграць Закон "Аб падтрымцы малога і сярэдняга прадпрымальніцтва". Яго прыняцце сведчыць аб імкненні дзяржавы садзейнічаць развіццю прадпрымальніцкай ініцыятывы грамадзян, у тым ліку за кошт пашырэння доступу да крэдытных рэсурсаў, больш актыўнага прыцягнення да ўдзелу ў дзяржаўных закупках, а таксама спрашчэння бухгалтарскай і статыстычнай справаздачнасці. У гэтым жа ключы павінны працаваць змяненні ў заканадаўстве, накіраваныя на пашырэнне прыватызацыйнага поля і ўдакладненне спосабаў прыватызацыі дзяржаўнай маёмасці. Папраўкі, унесеныя ў Закон "Аб гаспадарчых таварыствах", дадуць магчымасць умацаваць прававы статус і зрабіць больш празрыстымі правілы дзейнасці гэтай групы суб'ектаў гаспадарання. Асабліва падкрэслю важнасць рашэнняў па падтрымцы інавацыйнай актыўнасці. Змяненні, унесеныя ў законы, якія рэгулююць сферу навуковай дзейнасці, арыентаваны на ўкараненне сучасных метадаў кіравання, павышэнне зацікаўленасці вучоных і вынаходнікаў у выніках сваёй працы. У гэтым плане трэба адзначыць і праект Закона "Аб аўтарскім праве і сумежных правах". Перспектыўнай сферай для інавацый з'яўляецца альтэрнатыўная энергетыка. Між тым у нашай нарматыўнай базе адсутнічаюць дзейсныя стымулы і гарантыі для яе развіцця. Устараніць гэты прабел павінен законапраект "Аб аднаўляльных крыніцах энергіі". Зразумела, дзяржаўная падтрымка гаспадарчай дзейнасці апраўдана толькі ў тым выпадку, калі на выхадзе мы атрымаем канкурэнтаздольны прадукт. Руху наперад у гэтым напрамку будуць садзейнічаць гарманізацыя адпаведнага нацыянальнага заканадаўства з нормамі Сусветнай гандлёвай арганізацыі, Еўрапейскай супольнасці і іншых міжнародных арганізацый. Інтэграцыя ў сусветную эканоміку абумоўлівае больш шырокі абмен працоўнымі рэсурсамі. І тут вельмі важна абараніць нацыянальны рынак працы, правы і законныя інтарэсы працоўных-мігрантаў, забяспечыць эфектыўнае выкарыстанне замежнай рабочай сілы. Гэтыя пытанні дапаможа вырашыць праект Закона "Аб знешняй працоўнай міграцыі". Трэба сказаць і аб прыняцці комплексу мераў па ўдасканаленні прававых адносінаў у сферы выкарыстання і аховы зямель, захавання біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці прыроды краіны. Закранаючы пытанні сацыяльнай палітыкі, нельга не адзначыць зацвярджэнне парламентарыямі справаздачы аб выкананні рэспубліканскага бюджэту за 2009 год. Нягледзячы на эканамічныя складанасці, якія давялося пераадольваць краіне, дзяржава змагла выканаць найважнейшыя сацыяльныя абавязацельствы, рэалізаваць прыярытэтныя мерапрыемствы па далейшым павышэнні ўзроўню жыцця насельніцтва. На павышэнне якасці жыцця накіраваны прававыя рашэнні па ўзмацненні дзяржаўнай падтрымкі сем'яў, якія выхоўваюць дзяцей, а таксама прыняцце прынцыпова новага праекта Закона "Аб аказанні псіхалагічнай дапамогі". У сферы дзяржаўнага будаўніцтва і нацыянальнай бяспекі завершана работа над законапраектамі "Аб Камітэце дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь і яго тэрытарыяльных органах", "Аб дзяржаўных сакрэтах". Па ініцыятыве дэпутатаў пры карэкціроўцы Закона "Аб воінскім абавязку і воінскай службе" для грамадзян, якія прызываюцца на тэрміновую ваенную службу, прадугледжана адтэрміноўка аплаты крэдытаў, атрыманых для будаўніцтва або набыцця жылля. Важкі пакет заканадаўчых рашэнняў прысвечаны праваахоўнай тэматыцы. У мэтах абароны правоў і законных інтарэсаў інвестараў пастаўлена прававая заслона незаконнаму выкарыстанню або выдачы звестак, унесеных у рэестр уладальнікаў каштоўных папер. У заканадаўства аб адміністрацыйных правапарушэннях унесены папраўкі, якія прадугледжваюць змякчэнне адказнасці за некаторыя правапарушэнні ў эканамічнай сферы. Тут жа трэба згадаць і законапраект аб трацейскіх судах. Яго прыняцце дасць магчымасць спрасціць вырашэнне эканамічных спрэчак за кошт прымянення інстытута дасудовага разбору. Адзначу таксама прыняцце нормаў, якія забараняюць органам, што вядуць аператыўна-вышуковую дзейнасць, правакаваць грамадзян да ўчынення проціпраўных дзеянняў. У якасці актаў гуманізму варта разглядаць заканадаўчыя рашэнні аб амністыі ў сувязі з 65-годдзем Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, а таксама аб паляпшэнні ўмоў адбыцця пакарання асуджанымі да пазбаўлення волі. У перыяд сесіі актыўна ішоў працэс фарміравання міжнароднай дагаворнай базы. Прынята больш як 30 праектаў законаў аб ратыфікацыі пагадненняў, прычым вялікая іх частка накіравана на паглыбленне супрацоўніцтва на постсавецкай прасторы. Звяртаючыся непасрэдна да міжнароднай дзейнасці, адзначу даволі актыўны характар работы дэпутацкага корпуса па развіцці міжпарламенцкіх сувязяў. У мэтах умацавання ўзаемадзеяння як у двухбаковым, так і ў шматбаковым фарматах дэпутаты прынялі ўдзел больш як у 70 мерапрыемствах міжнароднага характару. Сярод іх у першую чаргу трэба назваць тыя, якія праведзены ў г. Санкт-Пецярбургу міжпарламенцкімі асамблеямі ЕўрАзЭС і СНД, а таксама Парламенцкай Асамблеяй АДКБ. Асаблівую танальнасць гэтым мерапрыемствам надавала тое, што яны праходзілі напярэдадні святкавання 65-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне і ў значнай частцы былі прысвечаны абмеркаванню пытанняў сацыяльнай абароны ўдзельнікаў вайны. Пільная ўвага ўдзелена і пытанням еўрапейскай бяспекі, якія сталі прадметам абмеркавання на міжнароднай канферэнцыі, праведзенай МПА СНД сумесна з Парламенцкай Асамблеяй Савета Еўропы. Дэлегацыя Нацыянальнага сходу Беларусі прыняла ўдзел у Ерэванскім пасяджэнні Савета Парламенцкай Асамблеі АДКБ па пытаннях каардынацыі ўзаемадзеяння парламентаў дзяржаў — членаў гэтай арганізацыі ў Парламенцкай Асамблеі АБСЕ. Літаральна гэтымі днямі ў г. Мінску адбылася 37-я сесія Парламенцкага Сходу Саюза Беларусі і Расіі, на якой заслухана справаздача Савета Міністраў Саюзнай дзяржавы аб выкананні саюзнага бюджэту за 2008 год і абмеркаваны пытанні падрыхтоўкі новых сумесных праграм. У перыяд чацвёртай сесіі дэпутаты Палаты прадстаўнікоў прымалі ўдзел у рабоце Парламенцкай Асамблеі Чарнаморскага эканамічнага супрацоўніцтва, парламенцкага камітэта Цэнтральнаеўрапейскай ініцыятывы, Міжпарламенцкай Асамблеі праваслаўя, міжнароднага грамадскага аб'яднання "Славянскі парламенцкі саюз", а таксама ў мерапрыемствах па лініі Савета Еўропы і іншых міжнародных арганізацый. Дэпутаты не толькі актыўна абмяркоўвалі тэматыку мерапрыемстваў, але і выкарыстоўвалі ўсе магчымасці для інфармавання замежных калег аб унутранай і знешняй палітыцы Рэспублікі Беларусь, аб дзейнасці нашага Парламента. У рамках развіцця двухбаковага супрацоўніцтва беларускія парламенцкія дэлегацыі наведалі Іран і Францыю. У сваю чаргу мы прымалі ў сябе афіцыйныя дэлегацыі парламентаў Туркменістана і Сірыі на чале з іх спікерамі. Акрамя таго, з рабочымі візітамі нашу краіну наведалі парламенцкія дэлегацыі Азербайджана, Латвіі і Турцыі. Варта асабліва адзначыць, што ў час візіту дэлегацыі Народнага сходу Сірыйскай Арабскай Рэспублікі дасягнута дамоўленасць аб стварэнні міжпарламенцкай камісіі, аб чым падпісаны адпаведны Пратакол да Пагаднення аб супрацоўніцтве нашых парламентаў. Да гэтага часу такая практыка ўзаемадзеяння існавала ў нас толькі з Арменіяй і Украінай. На дынаміку двухбаковага супрацоўніцтва пазітыўна ўплывалі рабочыя кантакты з кіраўнікамі дыпламатычных місій замежных дзяржаў, акрэдытаваных у Рэспубліцы Беларусь. У міжсесійны перыяд міжнародная праграма Палаты прадстаўнікоў абяцае быць не менш насычанай. Сярод асноўных мерапрыемстваў, у якіх прымуць удзел дэпутаты, — 19-я штогадовая сесія Парламенцкай Асамблеі АБСЕ, трэцяя Сусветная канферэнцыя спікераў парламентаў на тэму "Парламенты ў сусветным крызісе: умацаванне глабальнай дэмакратычнай адказнасці дзеля агульнай карысці", 20-я парламенцкая канферэнцыя дзяржаў Балтыйскага мора. Прадоўжыцца работа па правядзенні ва ўзаемадзеянні з Сакратарыятам Савета Еўропы ў г. Мінску "круглага стала" па праблематыцы пакарання смерцю ў Рэспубліцы Беларусь, а таксама па вырашэнні пытанняў паўнацэннага ўдзелу Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у парламенцкім вымярэнні ініцыятывы Еўрапейскага саюза "Усходняе партнёрства". Плануюцца візіты ў нашу краіну парламенцкіх дэлегацый Каралеўства Данія і Рэспублікі Карэя. Вядзецца прапрацоўка афіцыйнага візіту армянскай дэлегацыі. У хуткім часе дэлегацыя беларускага Парламента мае намер наведаць Эстонскую Рэспубліку. У нашых планах — падрыхтоўка візіту ў В'етнам. Не менш напружанай будзе і заканатворчая дзейнасць. На разглядзе ў Палаце прадстаўнікоў знаходзіцца шэраг значных дакументаў, у тым ліку праекты Кодэкса аб адукацыі, Жыллёвага кодэкса, новы праект Закона "Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асобаў". Дэпутаты актыўна падключыліся да распрацоўкі пакета законапраектаў, звязаных з прыняццем рэспубліканскага бюджэту на 2011 год, новай рэдакцыі Інвестыцыйнага кодэкса, праекта прынцыпова новага Закона "Аб аграпрамысловай вытворчасці". Гэты год завяршае пяцігодку. Гэта ў многім вызначае прыярытэты дзейнасці дэпутатаў у выбарчых акругах. Спектр пытанняў, якімі трэба будзе займацца, даволі шырокі. Пры гэтым асноўным крытэрыем эфектыўнасці нашай работы па ўсіх напрамках — узаемадзеянне гэта з мясцовымі органамі ўлады, працоўнымі калектывамі ці вырашэнне праблем выбаршчыкаў — павінна быць рэальнае павышэнне якасці жыцця грамадзян Беларусі. На заканчэнне, паважаныя калегі, дазвольце падзякаваць вам за выніковую работу і павіншаваць усіх прысутных з надыходзячым святам — Днём Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Жадаю вам моцнага здароўя, удачы, шчасця і новых здзяйсненняў на карысць Радзімы. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Выступленне Старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Андрэйчанкі У.П. на закрыцці чацвёртай сесіі Палаты прадстаўнікоў ...
|
|