Нацыянальная рыторыка прэзідэнта: паварот на 180 градусаў?. 21.by

Нацыянальная рыторыка прэзідэнта: паварот на 180 градусаў?

22.07.2010 13:55 — Новости Политики |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

фото2010 год зойме асобнае месца ў летапісе суверэннай Беларусі. Скандальны запуск Мытнага саюза, чарговая “газавая” і першая “медыйная” войны з Расіяй, стасункі з якой пагоршыліся, як ніколі дагэтуль. Гэтыя падзеі засведчылі значныя змены ў рыторыцы першага прэзідэнта Беларусі, што саспявалі цягам апошняга дзесяцігоддзя. TUT.BY зазірнуў у цытатнік Аляксандра Лукашэнкі.

“Імперскае мысленне Расіі”

Вянцом гэтых пераменаў стала, напэўна, ліпеньскае інтэрв’ю Аляксандра Лукашэнкі тэлеканалу “Euronews”, у якім беларускія гледачы пачулі ад прэзідэнта тое, што раней сыходзіла з боку самых радыкальных ягоных апанентаў.

Характарызуючы адносіны з Расіяй, Лукашэнка ўпершыню назваў палітыку нашай усходняй суседкі, партнёра па Саюзнай дзяржаве, “імперскай”.

“...Ім не падабаецца тут Лукашэнка, паколькі, бачыце вы, незалежнасць вельмі заўзята адстойвае, на ўсё 100 працэнтаў... Шмат і іншых момантаў: не падабаецца наша палітыка, трэба нас адстроіць, — заявіў прэзідэнт Беларусі. — ...І ў прынцыпе, ведаеце, разважаючы па-імперску, як нашы журналісты кажуць, яны такім чынам жадаюць утрымаць Беларусь у сферы свайго ўплыву. Нас не трэба трымаць у сферы свайго ўплыву, мы абсалютна па-прарасійску былі настроены, мы рабілі ўсё для таго, каб было добра Расіі.... Імперскае мысленне ў тым і палягае, што трэба ўзяць, завярнуць, нахіліць, прыціснуць, пятлю накінуць. І інакш яны не ўмеюць”.

Аднак за апошняе дзесяцігоддзе мы ўжо прызвычаіліся да з’яўлення жорсткіх, незалежніцкіх нотак у прэзідэнцкай рыторыцы што да Расіі. Тыя ж, хто сёлета ў Дзень незалежнасці ўважліва слухаў выступ прэзідэнта Беларусі на плошчы Перамогі ў Мінску, заўважыў другую цікавую дэталь, якую многія расцанілі як крок у бок нацыянальнага.

“Наша незалежнасць заснавана на выніках працы і ахвярах многіх папярэдніх пакаленняў. У яе ўкладзена сіла малітвы і мудрасці Ефрасінні Полацкай. Сіла вайсковай доблесці беларускіх палкоў, якія ў бітвах з мангола-татарскімі ордамі і ў Грунвальдскай бітве ратавалі Радзіму ад іншаземнага ярма. Сіла слова светачаў нацыянальнай культуры: Якуба Коласа, Янкі Купалы, Максіма Багдановіча...” — адзначыў у прамове Аляксандр Лукашэнка.

Многім падалося, ці не ў першыню кіраўнік дзяржавы, які ў 1996-м ініцыяваў перанос Дня незалежнасці з 27 ліпеня (дзень прыняцця Вярхоўным Саветам БССР Дэкларацыі аб суверэнітэце Беларусі у 1990 г.) на 3 ліпеня (дзень вызвалення Мінска ад нацыстаў у 1944 г.), пачаў адлік нашай дзяржаўнасці не ад “перамогі савецкага народу над карычневай чумой”, а з часоў сярэднявечча. Ці так гэта?

“Вяртанне да Грунвальда”

З аднаго боку, сапраўды, цягам апошніх сямі гадоў, выступаючы з нагоды галоўнага дзяржаўнага свята, прэзідэнт звязваў незалежнасць Беларусі адно з вынікам апошняй вайны.

“...Крыніцай нашага суверэнітэту з'яўляюцца не папяровыя дэкларацыі, не заявы так званых нацыянальных лідэраў, а воля народа, яго павага да сваёй гераічнай гісторыі, да таго цяжкага, вельмі цяжкага і незабыўнага подзвігу мільёнаў салдатаў і афіцэраў, партызан і падпольшчыкаў, мірных грамадзян, якія перамаглі карычневую чуму”, — прамаўляў ён на парадзе 2009 года.

“Сёння мы ўрачыста адзначаем 60-годдзе вызвалення нашай зямлі ад гітлераўскіх захопнікаў у Дзень Незалежнасці Беларусі. Гэта падзея навекі ўвайшла ў гісторыю краіны. Без збавення ад нацысцкай акупацыі не было б нашай дзяржавы і нашага народа”, — казаў прэзідэнт 3 ліпеня 2004 года.

А вось цытата з прэзідэнцкай прамовы на ўрачыстым сходзе, прысвечаным Дню незалежнасці 2003 года: “ Калі б наш народ не праявіў магутную энергію супраціўлення, не паўстаў на абарону Радзімы ў Вялікай Айчыннай, не вызваліў разам з братнімі народамі Савецкага Саюзу нашу зямлю, мы б ніколі не набылі сваю незалежнасць. Свабода — падмурак незалежнасці — далася нам дарагой цаной. Таму ніколі не згасне слава нашых герояў: партызан, падпольшчыкаў, салдат і афіцэраў”.

То бок, калі меркаваць па святочных выступах прэзідэнта з 2003 па 2009 гады, наша краіна здабыла незалежнасць дзякуючы подзвігу беларускага народу ў Другой сусветнай вайне. Аднак дзень незалежнасці 2010 года стаў не першым, калі Лукашэнка “асвятліў” гэта пытанне інакш.

“Беларуская дзяржаўнасць…бярэ свае вытокі ад старажытнай Полацкай зямлі, Вялікага княства Літоўскага, герояў Грунвальдскай бітвы, — гаварыў прэзідэнт на ўрачыстым пасяджэнні ў ліпені 2002 года. — Ідэі беларускай дзяржаўнасці непарыўна звязаны з ідэямі славянскага адзінства, братэрства і супрацоўніцтва народаў. Яны выяўляліся ў падзвіжніцкай дзейнасці многіх славутых сыноў Беларусі. Знайшлі яскравае адлюстраванне ў творчасці нашых народных песняроў Якуба Коласа і Янкі Купалы, чыё 120-годдзе з дня нараджэння мы сёлета ўрачыста адзначаем. Абвешчаная 1 студзеня 1919 года Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка стала першай рэальнай нацыянальнай беларускай дзяржавай”.

Годам раней прэзідэнт Беларусі запэўніваў, што “мы памятаем аб Полацкім і Тураўскім княствах, Вялікім Княстве Літоўскім, аб беларускіх землях у складзе Рэчы Паспалітай і Расійскай імперыі”.

Мяркуючы па змесце прэзідэнцкіх прамоваў, сёння назіраем вяртанне пэўных нацыянальных гісторыка-культурных канструктаў. Пры гэтым адзначым, што вельмі складана выводзіць заканамернасці што да характару і зместу прэзідэнцкай рыторыкі.

Гэтак, пасля згадак у “незалежніцкіх” прамовах 2001-2002 гг. пра сярэднявечныя беларускія княствы, падчас лекцыі "Гістарычны выбар Рэспублікі Беларусь" у БДУ ў 2003-м Аляксандр Лукашэнка абурыўся, што “Беларусь атаясамліваюць то з Вялікім княствам Літоўскім, то з Польшчай, то з Расіяй”. “Гістарычны перыяд Княства Літоўскага нельга ідэалізаваць, як гэта робяць некаторыя літаратары. Гэта была не ўласна беларуская дзяржава, а Літва ў сімбіёзе з падуладнымі ёй рускімі землямі”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Закранаючы тэму дзяржаўнасці, Лукашэнка яшчэ не аднойчы звяртаўся да спадчыны Вялікага Княства Літоўскага, якое многія лічаць “залатым векам” беларускай гісторыі.

Гэтак, у лістападзе 2005-га, падчас працоўнай паездкі па Магілёўшчыне прэзідэнт асудзіў “апазіцыйных дзеячаў”, якія “прапануюць змяніць не толькі дзяржаўны лад, але нават саму назву краіны”. Ён дадаў, што “прыхільнікі старызны на поўным сур’ёзе гавораць пра Вялікае Княства Літоўскае, замоўчваючы аб прыгнечаным, залежным стане беларусаў у той дзяржаве”.

"Па ўсім відаць, што гэтыя ненавіснікі славянскага народа і цяпер жадаюць аддаць беларусаў у падначаленне і слугаванне "цывілізаваным эўрапейцам". На падставе глабалізацыі пазбаўляюць нас права выбару самастойнага шляху развіцця, а значыць, забіраюць будучыню ў нашых нашчадкаў і народа", — заявіў тады Лукашэнка.

Што спрычынілася да змены ў рыторыцы прэзідэнта?

Дык ці можна казаць, што рыторыка кіраўніка дзяржавы стала не толькі рэзка незалежніцкай, але і больш нацыянальнай?

Палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі лічыць, што зрухі ў гэтым накірунку ёсць, але яны вельмі непаслядоўныя.

“Выглядае, сярод ідэолагаў і спічрайтэраў у атачэнні Лукашэнкі ідзе барацьба. Больш ліберальныя прадстаўнікі, напэўна, хочуць укараняць тое, што раней ганьбілі як выключна нацыяналістычнае і варожае ідэі інтэграцыі з братняй Расіяй. Цяпер, калі гэтая ідэя ляснулася, рыторыка кіраўніка дзяржавы стала амаль такой, як 15 гадоў таму ў Зянона Пазьняка”, — кажа эксперт у інтэрв’ю TUT.BY. Ён падкрэслівае, што каталізатарам пераходу Лукашэнкі да незалежніцкай рыторыкі з нацыянальнымі элементамі стала фіяска мадэлі яднання з Расіяй.

“Не сакрэт, што на пачатку беларускае кіраўніцтва бачыла сябе ў Крамлі. Пад гэта была заточана і ідэалогія з рыторыкай. З прыходам Пуціна, які паставіў крыж на гэтых планах, прыйшлося асэнсаваць, што трэба абараняць беларускі плацдарм. Хай сабе ў межах аўтарытарнай парадыгмы, але пачалося выбудоўванне нацыянальных інстытутаў. З прагматычных меркаванняў улада пачала пераасэнсоўваць ідэалагічны канструкт, напаўняючы яго незалежніцкімі элементамі. Напрыклад, беларускае войска, якое мусіць бараніць гэту тэрыторыю, нельга карміць вялікарасійскімі гістарычнымі ідэямі, ідэяй яднання народаў. Таму ідэолагі паступова пераходзяць ад досведу Суворава ў бок фармавання нацыянальнай свядомасці, платформай для якой — незалежная Беларусь”, — кажа суразмоўца.

Метадолаг і філосаф Уладзімір Мацкевіч таксама лічыць, што не толькі “войны” з Расіяй падштурхнулі ўлады пераняць у апазіцыі незалежніцкую рыторыку з элементамі нацыянальнага.

“Калі улады Беларусі пачалі распрацоўваць праекты па адбудове краіны, яны вымушаны былі лічыцца з нашымі нацыянальнымі (дзяржаўніцкімі, тэрытарыяльнымі) інтарэсамі, якія моцна адрозніваюцца ад расійскіх. Гэта прывяло да супярэчлівасцяў. Як вынік, шэраг расійскіх дзеячаў, якія ўцягваліся ў кіраўніцтва Беларусі (Посахаў, Латыпаў, Замяталін і інш.), паступова адмовіліся ад сваёй пачатковай рыторыкі, — адзначае кіраўнік Агенцтва гуманітарных тэхналогій. — Пасля выбараў 2006 года, калі апазіцыя была цалкам пераможаная, ўлада засталася адзінай адказнай за тое, што адбываецца ў краіне. Узяўшы на сябе гэтую адказнасць, ім прыйшлося адказаць на пытанне, пастаўленае рубам: “Што гэта за краіна, што за народ і кім ёсць мы самі?”

Эклектыка ў дзеянні

Аляксандр Класкоўскі заўважае, што складнікамі незалежніцкай ідэалогіі, канечне, павінны быць элементы нацыянальнай культурнай спадчыны, але “паколькі вялікая сіла інерцыі, а людзем у камандзе прэзідэнта бракуе крэатыву, эрудыцыі і адукаванасці, гэты працэс ідзе вельмі марудна”.

Па словах аналітыка, урэшце атрымліваецца эклектыка, яскравым прыкладам чаго стала цырымонія пахавання парэшткаў ваяроў трох войнаў (1812 года, Першай і Другой суветнай) ў Храме-помніку у гонар Усіх Святых напярэдадні Дня незалежнасці.

Паводле гісторыкаў, вайна 1812 года не была для беларусаў айчыннай, як сцвярджала імперская, а затым савецкая гістарыяграфія, а тым больш вайной за незалежнасць. Каля 50 тысяч беларускіх рэкрутаў удзельнічалі ў бітвах на баку Расіі і каля 25 тысяч — у Вялікім войску Напалеона.

“У дадзеным выпадку маем працяг расійскай вялікадзяржаўнай парадыгмы. Пры тым, што рыторыка цяпер процілеглая: трэба бараніцца ад імперыі, — адзначае Класкоўскі. — Першую сусветную вайну яшчэ бальшавікі называлі імперыялістычнай. З Другой сусветнай таксама ня ўсё адназначна. На змену гітлераўскаму рэжыму вярнуўся сталінскі, які мала ў чым быў лагаднейшы. Такім чынам, з аднаго боку па інерцыі выкарыстоўваюцца сімвалы, артэфакты, якія належаць імперскай ідэалагічнай традыцыі. З іншага, усё мацней гучаць лозунгі, якімі раней манапольна аперыравала беларуская апазіцыя”.

На думку палітычнага аглядальніка, ад эклектыкі не ўдасца пазбавіцца датуль, пакуль будуць цягнуцца рэцыдывы інтэграцыйных спроб “склеіць тое, што ўжо ніколі не склеіцца”.

“У Мытны звяз Беларусь увайшла сцяўшы зубы. Аднак, каб адразу не абрынуўся рынак, каб Расія не задрала цэны на энерганосьбіты, трэба нейкі час гуляць у інтэграцыю. Адпаведна, будзе выкарыстоўвацца рыторыка, якая сёння выглядае архаічнай і не адпавядае сённяшняму супрацьстаянню з Масквой”, — упэўнены Аляксандр Класкоўскі. — Да таго ж, кіраўніцтву краіны неабходна падрыхтаваць электарат, бо толькі ўчора ганілі нацыяналістаў, а сёння адбываецца паварот ці не на 180 градусаў.

Уладзімір Мацкевіч адзначае, што ўлады даўно перахапілі ў апазіцыі незалежніцкую рыторыку, але да нацыяналістычнай ідэалогіі яны ніколі не пяройдуць. “У іх няма такой патрэбы, бо нават апазіцыя была досыць разнастайная, і гэта адпавядае структуры беларускага грамадства”. Пры гэтым ён заўважае, што ў навуковай, адукацыйнай, ідэалагічнай галінах улады застаюцца людзі, які “дагэтуль карыстаюцца антыбеларускай ідэалогіяй сярэдзіны 1990-х, і яны не атрымалі загаду згарнуць яе і перайсці да новай”.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
2010 год зойме асобнае месца ў летапісе суверэннай Беларусі. Скандальны запуск Мытнага саюза, чарговая “газавая” і першая “медыйная” войны з Расіяй, стасункі з...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Политики)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика