Аляксандр Лукашэнка і Ху Цзіньтаа абмеркавалі бягучы стан і перспектывы развіцця супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі. 21.by

Аляксандр Лукашэнка і Ху Цзіньтаа абмеркавалі бягучы стан і перспектывы развіцця супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі

12.10.2010 — Новости Политики |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка і Старшыня Кітайскай Народнай Рэспублікі Ху Цзіньтаа 11 кастрычніка абмеркавалі ў Пекіне бягучы стан і перспектывы развіцця супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі, а таксама абмяняліся думкамі па актуальных пытаннях сусветнага парадку дня. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.

Аляксандр Лукашэнка падзякаваў Ху Цзіньтаа за добры і цёплы прыём, "за вялікую дапамогу і падтрымку". Прэзідэнт Беларусі падзяліўся сваімі ўражаннямі ад цяперашняга наведвання Кітая і Сусветнай выстаўкі "ЭКСПА-2010" у Шанхаі. "Мы чарговы раз уражаны тымі маштабамі, тымі ўнікальнымі праектамі, якія вы ствараеце. Вы дэманструеце ўсяму свету дынамізм". Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што гэта яго шосты візіт у Кітай. "На маіх вачах адбыліся асноўныя падзеі, якія вывелі вас у лідары сусветных дзяржаў", — сказаў ён. Кіраўнік беларускай дзяржавы адзначыў, што ў Беларусі радуюцца ўсім поспехам Кітая: "Мы ставімся да вашых поспехаў, як да сваіх уласных".

Старшыня КНР адзначыў, што яму вельмі прыемна праз два гады зноў сустрэцца з Прэзідэнтам Беларусі. Ху Цзіньтаа падзякаваў Аляксандру Лукашэнку і ўсяму беларускаму народу ад імя ўрада і кітайскага народа за дапамогу ў пераадоленні наступстваў стыхійных бедстваў.

Вечарам быў дадзены абед у гонар Прэзідэнта Беларусі ад імя Старшыні КНР Ху Цзіньтаа.

У ходзе візіту кіраўніка беларускай дзяржавы ў Кітай у 2005 годзе краіны заявілі аб выхадзе на ўзровень стратэгічнага партнёрства, што было замацавана ў сумеснай дэкларацыі. У жніўні 2008 года Аляксандр Лукашэнка, сустракаючыся са Старшынёй КНР, заклікаў Кітай ажыццявіць "вялікі прыход у Беларусь". Гэта стратэгія пачала актыўна рэалізоўвацца, і ў сакавіку 2010 года ў час візіту ў Беларусь намесніка Старшыні КНР Сі Цзіньпіна быў заключаны шэраг важных пагадненняў, якія далі магчымасць пачаць прапрацоўку буйных праектаў у крэдытна-інвестыцыйнай сферы. Агульная сума крэдытнай лініі, якая прадастаўляецца Беларусі, — $15  млрд ($1 млрд — ільготны крэдыт).

Тавараабарот паміж дзвюма краінамі па выніках 2009 года склаў больш як $1 млрд 255 млн. За сем месяцаў 2010 года — амаль $1  млрд  68 млн, што складае 160,1 працэнта да аналагічнага перыяду мінулага года.

І цяпер на перагаворах абмяркоўваліся планы па нарошчванні супрацоўніцтва дзвюх дзяржаў у гандлёва-эканамічнай сферы. Аляксандр Лукашэнка заклікае кітайскіх партнёраў хутчэй і ў большым аб'ёме ісці ў Беларусь. Паводле яго слоў, гэтыя перагаворы павінны "вызначыць стратэгію супрацоўніцтва дзвюх краін на гады наперад".

Акрамя таго, 11 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка прыняў удзел у цырымоніі адкрыцця зборачнай вытворчасці і сэрвіснага цэнтра сумеснага прадпрыемства ТАА "АВІК-БелАЗ Кар'ерныя машыны".

Заснавальнікамі СП выступілі ААТ "БелАЗ" і кітайская карпарацыя "КАЦІК Сэплай", якая ўваходзіць у склад Кітайскай карпарацыі авіяцыйнай прамысловасці. СП зарэгістравана ў верасні 2009 года, 1 кастрычніка 2010 года ў Пекіне было завершана будаўніцтва офісных і вытворчых памяшканняў кампаніі. Са студзеня 2010 года СП пачало рэалізацыю кар'ернай тэхнікі на рынку КНР у якасці эксклюзіўнага дылера ААТ "БелАЗ". За дзевяць месяцаў 2010 года сумеснае прадпрыемства выйграла шэсць тэндараў на агульную суму паставак $35,9 млн. Як адзначыў Прэзідэнт Беларусі, адкрыццё сумеснага прадпрыемства можна лічыць чарговай вяхой плённага супрацоўніцтва Беларусі і Кітая. "БелАЗ" — гордасць беларускага машынабудавання. Гэта брэнд, вядомы ва ўсім свеце. Наша кар'ерная тэхніка цудоўна зарэкамендавала сябе ў многіх краінах, у Кітаі добра вядома яшчэ з 60-х гадоў мінулага стагоддзя".

Беларусь ужо амаль 15 гадоў па пытаннях паставак сваёй тэхнікі працуе з карпарацыяй "КАЦІК Сэплай". "Яшчэ пяць месяцаў таму на гэтым месцы быў пусты ўчастак, а сёння мы адкрываем тут новае перспектыўнае прадпрыемства. Такая хуткасць работы сапраўды ўражвае! — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Можна сказаць, узяты добры старт. А добры пачатак — гэта гарантыя поспеху".

Прэзідэнт асобна звярнуўся да кіраўнікоў сумеснага прадпрыемства, адзначыўшы, што ў хуткім часе трэба будзе пастаўляць прадукцыю не толькі ў Кітай. На яго думку, ёсць усё неабходнае, каб заваяваць сваю нішу на новых рынках, у іншых краінах Азіі. Перш за ўсё, гэта сучасныя тэхналогіі, высокакваліфікаваны персанал і напрацаваныя сувязі з партнёрамі. Перад СП стаяць сур'ёзныя задачы па павелічэнні долі кар'ерных самазвалаў БелАЗ на рынку КНР да 25 працэнтаў, павышэнні тэхналагічнага ўзроўню тэхнікі, павелічэнні долі мясцовых дэталяў і камплектуючых, зніжэнні сабекошту прадукцыі. Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з тым, як наладжана зборачная вытворчасць і абслугоўванне тэхнікі, пабываў у рамонтнай зоне і зборачным цэху.

Таксама кіраўнік беларускай дзяржавы правёў сустрэчу з генеральным дырэктарам Кітайскай карпарацыі авіяцыйнай прамысловасці Лінь Цзамінам. Прэзідэнт прапанаваў карпарацыі рэалізацыю праектаў у Беларусі. "Беларусь і Кітай — гэта сёння надзейныя і эфектыўныя партнёры. 20 гадоў таму мы не памыліліся, выбраўшы Кітай галоўным партнёрам для супрацоўніцтва. Зразумела, такая гіганцкая краіна з такой гіганцкай эканомікай не можа не быць зацікаўлена ў пашырэнні сваіх інтарэсаў у Еўропе. Калі вы ідзяце ў Еўропу, то прыходзьце ў цэнтр Еўропы. Мы будзем вам актыўна дапамагаць і падтрымліваць у Беларусі", — сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў Кітайскай карпарацыі авіяцыйнай прамысловасці ёсць магчымасць выхаду на вялікі рынак постсавецкіх дзяржаў. "У нас унікальнае становішча ў Мытным саюзе.    Гэта павялічвае магчымасці для супрацоўніцтва, узмацнення гэтага супрацоўніцтва. Вы зможаце бяспошлінна гандляваць фактычна на ўсёй тэрыторыі постсавецкай прасторы", — сказаў беларускі лідар.

У сваю чаргу, Лінь Цзамін пацвердзіў гатоўнасць супрацоўніцтва з Беларуссю. "Мы гатовы інвесціраваць у праекты ў Беларусі, — сказаў ён. — Думаю, наша супрацоўніцтва будзе садзейнічаць умацаванню адносін паміж нашымі краінамі".

Кітайская карпарацыя авіяцыйнай прамысловасці (АВІК) з'яўляецца адной з буйнейшых дзяржаўных кітайскіх карпарацый цэнтральнага падпарадкавання. У яе склад уваходзіць каля 200 даччыных кампаній, прадпрыемстваў і філіялаў, 21 з якіх выйшлі на кітайскія біржы.

У Пекіне 11 кастрычніка таксама адбылося падпісанне шэрагу двухбаковых дакументаў з удзелам членаў афіцыйнай дэлегацыі, якія суправаджалі Прэзідэнта Беларусі ў ходзе яго рабочага візіту ў КНР. Беларусь і Кітай падпісалі пакет дакументаў па рэалізацыі сумесных праектаў на $3,5 млрд.

Урад Беларусі і Эксімбанк КНР падпісалі рамачнае пагадненне аб фінансаванні прыярытэтных інвестыцыйных праектаў. З Эксімбанкам заключаны крэдытныя пагадненні па фінансаванні праектаў па стварэнні інтэлектуальнай транспартнай сістэмы Мінска, электрыфікацыі ўчасткаў чыгункі ў Гомельскай і Магілёўскай абласцях, а таксама па фінансаванні паставак грузавых электравозаў.

Міністэрства эканомікі Беларусі і Кітайская карпарацыя інжынірынгу САМС падпісалі пагадненне аб стварэнні ў Беларусі кітайска-беларускага індустрыяльнага парку.

З дапамогай кітайскіх інвестыцый будзе пабудаваны завод па вытворчасці сульфатнай беленай цэлюлозы на базе ААТ "Светлагорскі ЦКК" магутнасцю 400 тыс. тон у год, завод індустрыяльнага домабудавання магутнасцю 200 тыс. кв.м і завод кальцыніраванай соды. Будуць пабудаваны таксама дзве новыя электрастанцыі: ПГУ-400 МВт Бярозаўскай ДРЭС і ПГУ-400 МВт Лукомскай ДРЭС. Прычым будаўніцтва новай электрастанцыі на Бярозаўскай ДРЭС пачнецца ўжо ў снежні гэтага года, завяршыць яго плануецца за тры гады. Кошт праекта ацэньваецца ў памеры $400 млн.

Заключаны таксама інвестыцыйны дагавор з ТАА "Пекін Юні — Канстракшн Груп" аб рэалізацыі праекта па будаўніцтве ў Мінску гасцінічнага комплексу "Пекін" з аб'ектамі абслугоўвання.

Кітайскі бок прафінансуе праект па рэканструкцыі дзеючага аэравакзальнага комплексу Нацыянальнага аэрапорта Мінск. Тут плануецца стварыць сучасны міжнародны пасажырскі тэрмінал, абсталяваць аэрапорт сістэмамі бяспекі і апавяшчэння, а таксама пабудаваць другую штучную ўзлётна-пасадачную паласу з магчымасцю прыёму самалёта А-380. Арыенціровачна кошт праекта складзе каля $600 млн.

Як адзначыў першы віцэ-прэм'ер Беларусі Уладзімір Сямашка, гэтыя праекты вельмі значныя для эканомікі Беларусі. "Мы спадзяёмся, што з іх дапамогай зможам дагнаць Кітай, які развіваецца з прыростам ВУП 11 працэнтаў. Дагнаць у іншым маштабе, але з добрым тэмпам росту эканомікі", — дадаў ён. Гэтыя праекты выгадныя як Беларусі, так і кітайскаму боку: Беларусі гэта дасць магчымасць паскорыць дынаміку развіцця, а Кітаю — асвоіць еўрапейскі рынак і даказаць слушнасць на еўрапейскім кантыненце. Уладзімір Сямашка таксама адзначыў, што сёння закладзена аснова для асваення і шэрагу іншых праектаў з Кітаем на $15 млрд, дамоўленасць аб чым была дасягнута ў пачатку гэтага года. Цяпер на розных стадыях падрыхтоўкі знаходзіцца каля 100 праектаў.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў ходзе рабочага візіту ў Кітай 10 кастрычніка наведаў Сусветную выстаўку "ЭКСПА-2010" у Шанхаі. Кіраўнік дзяржавы пабываў у нацыянальных павільёнах Беларусі і Кітая.

Наведваючы Нацыянальную экспазіцыю Кітая, Прэзідэнт прыняў удзел ва ўрачыстай цырымоніі сімвалічнага адкрыцця Беларуска-кітайскага тэхнапарку ў горадзе Чанчунь.

З ініцыятывай стварэння тэхнапарку выступіў Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях Беларусі ў лістападзе 2009 года для пашырэння праграм навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва з КНР. Гэты праект рэалізуецца ў зоне высокатэхналагічнай вытворчасці горада Чанчунь. Каля 15 прадпрыемстваў, якія ўваходзяць у яе склад, маюць даўнія ўстойлівыя сувязі з беларускімі навуковымі і інавацыйнымі арганізацыямі, рэгулярна прымалі ўдзел у праграмах навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва. Так, сярод сумесных праектаў — стварэнне прадпрыемства па вытворчасці медыцынскай лазернай тэхнікі, пагадненне аб стварэнні СП па вытворчасці высокадакладнага электрарухавіка. Работа тэхнапарку будзе весціся ў сферы распрацоўкі электронных, лазерных тэхналогій, аграпрамысловых, біятэхналогій і іншых. Такі тэхнапарк плануецца адкрыць і ў Беларусі для стварэння высокатэхналагічных, энерга- і навукаёмістых тэхналогій.

Аляксандр Лукашэнка агледзеў экспазіцыі Нацыянальнага павільёна Кітая. Прэзідэнт узняўся на 12-ы паверх павільёна, дзе быў прадстаўлены прэзентацыйны фільм пра Кітай. У зале "Зямля надзеі" Аляксандр Лукашэнка паглядзеў дэманстрацыйны ролік "Пад адным дахам". Затым ён пакінуў запіс у Кнізе ганаровых гасцей. У якасці сувеніра яму быў уручаны макет Нацыянальнага павільёна Кітая.

Кіраўнік дзяржавы пабываў і ў Нацыянальным павільёне Беларусі, дзе азнаёміўся з яго экспазіцыяй, агледзеў асартымент беларускай прадукцыі, якая прадаецца ў сувенірнай краме. Як заўважылі прадаўцы, вялікай папулярнасцю ў кітайцаў карыстаецца беларускі лён. Слоган беларускай экспазіцыі на выстаўцы — "Горад — скарб", што сімвалізуе скарбніцу нацыянальных культурных каштоўнасцяў, дасягненняў навукі, творчасці і вытворчасці. На фасадзе будынка беларускага павільёна адлюстравана тэматыка гарадскога жыцця чатырох пор года. Асноўны кампазіцыйны элемент унутранай прасторы — два відэасюжэты — "чыстае паветра" і "чыстая вада", якія з'яўляюцца галоўнымі скарбамі нашых гарадоў. На 12 экранах дэманструюцца фільмы аб шасці абласных цэнтрах і шасці малых гарадах, якія ўяўляюць унікальную культурную каштоўнасць. Павільён знаёміць з духоўнымі і прыроднымі багаццямі Беларусі. Тут таксама ёсць экспазіцыя палотнаў вядомых беларускіх мастакоў і работ майстроў-пачаткоўцаў. У сувенірнай краме можна набыць вырабы народных промыслаў, друкаваныя матэрыялы і DVD-дыскі пра Беларусь, маркі, памятныя манеты, гадзіннікі, вырабы з лёну і фарфору. Штомесяц у павільёне праходзяць выступленні народных творчых калектываў з усіх абласцей і Мінска. За час работы Нацыянальнага павільёна Беларусі яго наведалі амаль 5 млн чалавек.

Сусветная выстаўка "ЭКСПА-2010" праводзіцца ў Шанхаі з 1 мая па 31 кастрычніка 2010 года. Удзел у ёй прымаюць 192 дзяржавы і 54 міжнародныя арганізацыі. Тэматыка выстаўкі — "Лепшы горад — лепшае жыццё" — дэманструе намаганні кожнай дзяржавы па стварэнні найбольш камфортнага асяроддзя пражывання насельніцтва гарадоў. "ЭКСПА-2010" задумана арганізатарамі як буйнейшая ў гісторыі сусветных выставак па займаемай тэрыторыі, колькасці наведвальнікаў і колькасці ўдзельнікаў. Пасля наведвання Сусветнай выстаўкі "ЭКСПА-2010" Аляксандр Лукашэнка накіраваўся з Шанхая ў Пекін.

У выніку візіту Прэзідэнта Беларусі ў Кітай у 2005 годзе рэзка актывізаваўся гандаль паміж дзвюма краінамі, а пасля візіту 2008 года — крэдытна-інвестыцыйнае супрацоўніцтва. Сёння бакі пераходзяць да новага этапа супрацоўніцтва — навукова-тэхналагічнага, што з'яўляецца вельмі перспектыўнай формай узаемадзеяння.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка і Старшыня Кітайскай Народнай Рэспублікі Ху Цзіньтаа 11 кастрычніка абмеркавалі ў Пекіне бягучы стан і...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Политики)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика