Аляксандр Лукашэнка: "Беларусь не парушыла парог бяспекі па аб'ёме знешняга доўгу да ВУП"
30.10.2010
—
Новости Политики
|
Пра гэта заявіў учора Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, сустракаючыся з жыхарамі Брэста, перадае БЕЛТА. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што за аб'ём знешняга доўгу можна не хвалявацца. "Гэта не толькі доўг дзяржавы, гэта і камерцыйныя праекты, і нашы запасы і іншае", — сказаў Аляксандр Лукашэнка. "Мы парог бяспекі не парушылі. Можна 50 працэнтаў ад ВУП. Мы не парушылі гэты парог", — сказаў Прэзідэнт. Прэзідэнт Беларусі даручыў на працягу двух гадоў завяршыць пачатыя будаўніцтва і рэканструкцыю медустаноў Беларусі. Адпаведнае даручэнне ён даў, наведваючы Брэсцкую цэнтральную паліклініку ў ходзе рабочай паездкі ў Брэсцкую вобласць. "Два гады — і мы павінны зняць усе праблемы з гэтай будоўляй, каб у нас вось такія былі палацы", — сказаў Аляксандр Лукашэнка, паказваючы на новы корпус Брэсцкай цэнтральнай паліклінікі. Наведваючы паліклініку, Аляксандр Лукашэнка даручыў прадаставіць яму інфармацыю аб выкананні яго даручэння па рэарганізацыі сістэмы кіравання ў сферы аховы здароўя. У свой час у буйных гарадах абласнога падпарадкавання сістэмы аховы здароўя раёна і горада былі аб'яднаны. Так, напрыклад, галоўны ўрач Брэсцкай цэнтральнай паліклінікі з'яўляецца кіраўніком усіх устаноў аховы здароўя раёна і горада. "Трэба мне вывучыць гэта пытанне: куды пайшлі людзі, як гэта сёння выбудавана". У Беларусі не плануецца прыватызаваць "Белтэлекам". Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, калі гутарыў з жыхарамі Брэста ў час прагулкі па цэнтральнай частцы горада, а таксама з работнікамі "Белтэлекама". Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што гэтай арганізацыі трэба працаваць лепш і вытрымліваць канкурэнцыю. "Вы не хвалюйцеся. Мяне ўжо даўно прасілі кампаній дзесяць прадаць, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Калі вы не будзеце старацца — прададзім, а калі вы мадэрнізуецеся, будзеце добра працаваць і канкурыраваць — застанецеся ў дзяржаўнай уласнасці". Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ніколі не дазволіць сабе фальсіфікаваць выбары. Такую заяву ён зрабіў, размаўляючы з жыхарамі Брэста. "Я ніколі на фальсіфікаваў выбары. Я ведаю, што вы мяне выбралі вялікай колькасцю галасоў". Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што будучы першым Прэзідэнтам Беларусі "павінен зрабіць так, каб наступным прэзідэнтам немагчыма было б зрабіць няправільна". "Я павінен зрабіць усё правільна", — сказаў кіраўнік дзяржавы. "Я ніколі не дазволю сабе фальсіфікаваць выбары". "Мы многага не зрабілі, але мы зрабілі больш, чым іншыя". Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што заўсёды стараецца выканаць усё, што абяцаў. "Будзе эканоміка лепш працаваць — будзеце багацейшыя, і пенсіі будуць, і зарплаты". Што датычыцца выбараў, то Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў гэтым пытанні, як і заўсёды, выбар застаецца за народам. Ён адзначыў, што цяпер ужо некаторыя з тых, хто збіраў подпісы для рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты, думаюць аб тым, як зняць сваю кандыдатуру. "Чаму? Людзі не падтрымалі, подпісы не сабралі. Дык я тут пры чым?" — задаў рытарычнае пытанне кіраўнік дзяржавы. У Беларусі не будзе прэзідэнта-цара. Аб гэтым заявіў кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка, размаўляючы з жыхарамі Брэста. "Калі вы выбіраеце Прэзідэнта, вы не зыходзіце з пазіцыі царствавання. У Беларусі не будзе прэзідэнта-цара. Ніколі, таму што тут трэба варушыцца (працаваць. — Заўвага БЕЛТА). Не будзеш варушыцца, і народ забудзеш, і краіну". Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка разлічвае на рэалізацыю некалькіх праектаў з нямецкай фірмай Strаbаg. Аляксандр Лукашэнка прапанаваў у бліжэйшы час сустрэцца з прадстаўнікамі кампаніі і дэталёва абмеркаваць усе яе прапановы. Цяпер нямецкая фірма Strаbаg будуе ў Брэсце завод па ўтылізацыі бытавых адходаў. Гэты праект з'яўляецца пілотным і не мае аналагаў у Беларусі і краінах СНД. "Не выключаю, што пасля гэтага мы можам рэалізаваць некалькі такіх праектаў", — адзначыў Прэзідэнт. Прадстаўнік кампаніі Strаbаg падзякаваў кіраўніку беларускай дзяржавы за магчымасць ажыццяўлення такога праекта ў рэспубліцы. Ён падкрэсліў, што ў кампаніі ёсць намер заснаваць прадпрыемства Strаbаg-Беларусь і разам ажыццяўляць праекты. У прыватнасці, у кампаніі ёсць прапанова па пабудове дарожнай інфраструктуры, гідраэлектрастанцый і іншыя праекты. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка не выключае, што ў Беларусі будуць перагледжаны параметры забеспячэння жыллём шматдзетных сем'яў. "Па жыллі мы, магчыма, перагледзім пазіцыі: трое дзяцей — трохпакаёвая кватэра, і нават, магчыма, амаль бясплатна. Паглядзім і па аказанні дадатковай дапамогі на ўтрыманне дзяцей", — сказаў кіраўнік дзяржавы. Жыхары і госці горада ў час прагулкі Аляксандра Лукашэнкі па пешаходнай вуліцы ў цэнтры Брэста закранулі таксама тэму зарплат. Прэзідэнт запэўніў, што пастаўленая задача па давядзенні сярэдняй зарплаты да $500 у эквіваленце да канца гэтага года будзе выканана. Ён таксама нагадаў, што годам раней была пастаўлена яшчэ адна задача — падцягнуць ніжнюю планку зарплаты да $200 у эквіваленце. "Згодны, зарплату трэба павышаць. Але ж акрамя Беларусі ніхто гэта пытанне не ставіць, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Гэта мы крыху людзей падразбалавалі. Зарплату трэба зарабляць". "У Беларусі будзе прадоўжана будаўніцтва новых спартыўных аб'ектаў". Пра гэта паведаміў учора на цырымоніі адкрыцця Палаца водных відаў спорту ў Брэсце Прэзідэнт Беларусі. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка паабяцаў, што інтэрнэт у хуткім часе прыйдзе ва ўсе студэнцкія інтэрнаты. Услед за бібліятэкамі інтэрнэт прыйдзе і ў інтэрнаты, аднак карыстацца ім трэба толькі ў адукацыйных мэтах, а не для наведвання розных сацыяльных рэсурсаў, сказаў Аляксандр Лукашэнка. Прэзідэнт чарговы раз падкрэсліў, што ў краіне не абмяжоўваецца свабода на карыстанне інтэрнэтам. Кіраўнік дзяржавы дадаў, што беларускі інтэрнэт у далейшым павінен таннець. Паводле яго слоў, "цэны пачалі падаць ужо". "У нас быў вельмі дарагі інтэрнэт. Чаму? Усе рэсурсы былі аддадзены на водкуп расіянам, украінцам, мы атрымлівалі паслугі праз Расію і Украіну. Цяпер мы інтэрнэт перабудуем", — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Аляксандр Лукашэнка расказаў, што яму прыходзяць тысячы пісьмаў са словамі падтрымкі. Усе яны ўважліва разглядаюцца, звяртаецца ўвага на ўсе пытанні, якія ўзнімаюцца, — па рабоце службаў ЖКГ, аховы здароўя, адукацыі і іншыя. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў бліжэйшы час будзе апублікавана праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на бліжэйшыя 5 гадоў, у якую грамадзяне змогуць уносіць свае прапановы. "Мы апублікуем гэту праграму, а вы паправіце, калі ў ёй чагосьці не хапае". Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Пра гэта заявіў учора Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, сустракаючыся з жыхарамі Брэста, перадае БЕЛТА. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што за аб'ём...
|
|