Аляксандр Лукашэнка: «У Беларусі былі створаны ўсе ўмовы для сумленнай барацьбы за ўладу і сімпатыі выбаршчыкаў»
21.12.2010
—
Новости Политики
|
Аб гэтым заявіў учора Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, адкрываючы прэс-канферэнцыю для прадстаўнікоў айчынных і замежных СМІ, перадае карэспандэнт БЕЛТА. "Адкрытасць і празрыстасць была такая, што людзі ўжо блыталіся: ці то выбары гэта, ці то гэта рэаліці-шоу "За шклом", — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Былі створаны ўсе ўмовы для таго, каб сумленна змагацца за ўладу, заваёўваць сімпатыі выбаршчыкаў". Аляксандр Лукашэнка асабліва падкрэсліў, што ўлада забяспечыла ўсё неабходнае для таго, каб галоўная палітычная кампанія прайшла сумленна, адкрыта і ў строгай адпаведнасці з нацыянальным заканадаўствам. "Учора мы разам з мільёнамі беларускіх грамадзян трымалі экзамен перад гісторыяй, Айчынай, перад будучыняй нашых дзяцей. І мы яго вытрымалі годна! Падкрэсліваю: годна, як бы хто ні ацэньваў нашы выбары", — адзначыў кіраўнік дзяржавы. "Па патрабаванні нашых, спадзяюся, еўрапейскіх сяброў і не толькі еўрапейскіх мы парушылі ўсялякія законы і заканадаўствы, дзейнічаючы па іх указцы. Але, як мне далажылі, аказалася і гэтага недастаткова. Напэўна, вы, паважаныя сябры, не зусім падумалі, калі нам прад'яўлялі прэтэнзіі і выстаўлялі патрабаванні. Мы ж рабілі так, як вы патрабавалі! Якія да нас прэтэнзіі?" — сказаў Прэзідэнт. Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на тое, што выбарчая кампанія была арганізавана пасля прыняцця новага выбарчага заканадаўства, якое было перапрацавана, каб дагадзіць АБСЕ. "Мы імкнуліся нікому не даваць падстаў для папрокаў. Напэўна, не ўсюды ўсё прайшло гладка. Як кажуць, усе мы людзі і ніхто не застрахаваны ад памылак, — сказаў Прэзідэнт. — Але, прабачце, пісаць у заключэнні, што падлік галасоў вёўся арганізавана, але моўчкі. Слухайце, калі гэта прачытаюць у Беларусі, а мы апублікуем гэта заключэнне, 10 млн чалавек і нашы сябры будуць рагатаць! Мы што, крычаць павінны былі пры падліку галасоў ці тыя камісіі, якія лічылі?" "Па вялікім рахунку, цяжка сказаць, чаго яшчэ мы не зрабілі, каб прэзідэнцкія выбары ў Беларусі адпавядалі нейкім сусветным стандартам? Якіх, дарэчы, пакуль фармальна не існуе, аб чым я нядаўна казаў на саміце АБСЕ ў Казахстане", — дадаў кіраўнік дзяржавы. "Усіх кандыдатаў зарэгістравалі, закрыўшы вочы на грахі і парушэнні. Прамы эфір прадаставілі. Дэбаты арганізавалі. Нават часу шмат было, больш за палову кандыдатаў гэтым часам не змаглі скарыстацца, таму што сказаць не было чаго. Далі магчымасць збіраць подпісы і весці агітацыю, хто дзе хацеў і як хацеў, — адзначыў Прэзідэнт. — Яны ў нас і спявалі, і танцавалі, і пераапранутымі хадзілі. І чаго толькі ні казалі! А нас папракаюць у дыктатуры — гэта пры такой свабодзе слова!" Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што часта дзеянні кандыдатаў ішлі ў парушэнне Канстытуцыі. "Заклік на плошчу, а гэта было галоўным лейтматывам усіх праграм альтэрнатыўных кандыдатаў, гэта ёсць парушэнне Канстытуцыі, за што трэба было неадкладна здымаць з прэзідэнцкай гонкі. Яны гэтага хацелі, мы ім такога шанцу і задавальнення не прадаставілі", — сказаў ён. Паводле слоў Прэзідэнта, на выбарах было зарэгістравана звыш 39 тысяч унутраных і больш за тысячу міжнародных наглядальнікаў. "Пусцілі ў краіну нават тых, каму ўезд да нас па аб'ектыўных прычынах быў забаронены. Прама скажу, у гэтыя дні, у гэты месяц межаў у краіне не было: хто хацеў, той і ехаў", — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.Акрамя таго, у Беларусі было акрэдытавана каля тысячы журналістаў, дзве трэці з якіх прадстаўляюць замежныя выданні і тэлеканалы. "Захацелі нашы недзяржаўныя і, мякка кажучы, не лаяльныя да ўлады СМІ весці прамую трансляцыю з выбарчых участкаў — калі ласка, вядзіце. Паставілі відэакамеры і падглядайце сабе днём і ноччу", — сказаў Прэзідэнт. На думку Аляксандра Лукашэнкі, іншая справа, калі сапраўдная мэта некаторых яго апанентаў была ў тым, каб "стварыць карцінку ўціску, ушчамлення, зрабіць сябе ахвярай". Ён нагадаў, што напярэдадні на выбарчым участку гаварыў журналістам, што калі сапраўды ёсць намер перамагчы, то да гэтага імкнешся да апошняга і ўмееш па-мужчынску прайграваць, а не крычыш яшчэ задоўга да пачатку выбараў аб фальсіфікацыі. "Істэрыя ў нашай так званай апазіцыі пачалася яшчэ на стадыі фарміравання выбарчых камісій. Маўляў, не ўключылі іх прадстаўнікоў. А каго ўключаць? Калі вывучылі прапанаваныя кандыдатуры, дык амаль праз аднаго, кожны другі — гэта асобы, якія маюць судзімасць", — сказаў Прэзідэнт. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка лічыць нядрэнным вынікам набраны ім на выбарах працэнт галасоў выбаршчыкаў. "Што датычыцца лічбаў, вядома ж, пры тым, што адбывалася ў нашай краіне, пры той так званай агітацыі, гэта нядрэнны вынік. Але давайце будзем сумленныя: 20 працэнтаў або выказаліся супраць, або прагаласавалі за альтэрнатыўных кандыдатаў. Згадзіцеся, што ёсць над чым падумаць. І я буду думаць перш за ўсё аб гэтым, не забываючы пра сваіх прыхільнікаў, пра тых людзей, якія мяне падтрымалі", — сказаў кіраўнік дзяржавы. Адказваючы на пытанне аб тым, калі адбудзецца інаўгурацыя, Аляксандр Лукашэнка сказаў: "Я яшчэ аб гэтым не думаў і не ведаю". "Усё будзе ў рамках адпаведных працэдур і законаў", — дадаў ён. Як паведамлялася, на выбарах Прэзідэнта Беларусі перамог Аляксандр Лукашэнка, набраўшы 79,67 працэнта галасоў. Інаўгурацыя Прэзідэнта, як раней паведамляла старшыня Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзія Ярмошына, павінна прайсці да 19 лютага 2011 года. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ўлады ведалі аб рыхтуемых з боку апазіцыі правакацыях на выбарчых участках, і абнародаваў некаторыя факты. "Мы ведалі пра рыхтуемыя з боку апазіцыі правакацыі на выбарчых участках. Так яно і здарылася, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Былі зафіксаваны спробы подкупу членаў выбарчых камісій. Уявіце сабе, за "забеспячэнне перамогі" аднаго з кандыдатаў толькі на адным выбарчым участку горада Мінска старшыні камісіі прапаноўвалі 50 тыс. долараў!" Паводле слоў Прэзідэнта, "неаднаразова запалохвалі і пагражалі старшыням і членам участковых камісій, большасць з якіх, дарэчы, жанчыны". Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што "паўсюль, дзе прысутнічалі так званыя дэмакратычныя наглядальнікі, зафіксаваны спробы з іх боку дэзарганізаваць работу выбарчых камісій". "Адпрацоўвалі выдзеленыя гранты. Бо толькі на праплату так званага альтэрнатыўнага назірання і фальшывых апытанняў на выхадзе з выбарчых участкаў некаторыя лідары апазіцыі атрымалі ад замежных фондаў сотні тысяч долараў", — сказаў ён. "І гэта яшчэ не ўвесь букет правакацый. Дайшло да таго, што прыхільнікі асобных кандыдатаў забіралі з сабой бланкі бюлетэняў, рабілі дзясяткі копій фальшывак і спрабавалі выкарыстоўваць іх для атрымання доказаў нібыта масавай падтрымкі альтэрнатыўных кандыдатаў. Пры гэтым праведзеныя па гарачых слядах праверкі не знайшлі ніводнага доказу такіх "фактаў", — падкрэсліў Прэзідэнт. На думку кіраўніка дзяржавы, кіруемы характар, масавасць і разнастайнасць правакацый сведчаць аб іх зладжанай арганізацыі з боку штабоў асобных, былых цяпер ужо, кандыдатаў у прэзідэнты. "І не аб чысціні выбарчай працэдуры яны клапаціліся, — лічыць Аляксандр Лукашэнка. — Мэта відавочная: групам баевікоў і іх натхняльнікам патрэбна была падстава, каб у вачах міжнароднай грамадскасці і замежных сродкаў масавай інфармацыі апраўдаць загадзя запланаваны план пагромаў". Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка лічыць дзеянні апазіцыі ўвечары 19 снежня ў Мінску бандытызмам, а не дэмакратыяй. "Тое, што спрабавалі ўчыніць учора ў Мінску, — не дэмакратыя. Гэта бандытызм. Вандалы і пагромшчыкі страцілі чалавечае аблічча. Проста азвярэлі", — сказаў Прэзідэнт. "У любой цывілізаванай краіне такія дзеянні беспакаранымі не застаюцца. На Захадзе ніхто б не стаў цырымоніцца з такімі пагромшчыкамі. Вадамёты, гумавыя кулі, слёзатачывы газ, масавыя арышты дэбашыраў — і ўсё параскідалі ўмомант", — лічыць кіраўнік дзяржавы. "І мы гэта назіралі нядаўна і назіраем у сродках масавай інфармацыі на Захадзе", — дадаў ён. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што беларускія праваахоўнікі пры гэтым стаялі цвёрда і дзейнічалі выключна ў рамках закону, абараняючы краіну і народ ад варварства і разрухі. "Праваахоўныя органы цярпліва зносілі беззаконне малойчыкаў да таго часу, пакуль у ход не пайшлі ўзрыўчаткі, пагромы і збіванні грамадзян", — сказаў Прэзідэнт. "Я папярэджваў, у тым ліку і ў гэтай зале, публічна: рэвалюцый і крымінальшчыны ў Беларусі не будзе! Можаце называць гэта якімі хочаце тэрмінамі. Галоўнае — бяспека людзей, спакой і парадак у краіне", — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. "Лічу, пасля ўчарашніх падзей нават прыхільнікі, якія прагаласавалі за іх, хоць іх і нямнога, адвернуцца ад гэтых пагромшчыкаў і бандытаў. Не гаворачы ўжо пра рэакцыю большасці людзей на ўсю гэту вакханалію", — сказаў кіраўнік дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ўчора грамадзяне краіны зрабілі свой выбар свядома, узважана, маючы на руках усе аргументы "за" і "супраць". "У любога сумленнага і непрадузятага чалавека гэты выбар не выклікае ніякіх сумненняў. Тыя, хто помніць, якой Беларусь была ў сярэдзіне 90-х, і бачыць, якой яна стала цяпер, кажа — гэта неба і зямля, — адзначыў Прэзідэнт. — Атрымаўшы ў спадчыну бедную, даведзеную да абуха краіну, мы адрадзілі новую, суверэнную, незалежную Беларусь". "Незалежнасць з фігавага лістка дэкларацыі ператварылася ў палітычную рэальнасць. Эканоміка працуе ў інтарэсах народа і стала сапраўды нацыянальнай, а не прыдаткам замежных карпарацый. Адрадзілася вёска. Выйшлі на якасна новы ўзровень медыцына і адукацыя. Людзі не падвяргаюцца дыскрымінацыі ні па нацыянальнасці, ні па веры, ні па мове, на якой размаўляюць. Маюць стабільную работу, зарплату і ўпэўненасць у заўтрашнім дні", — сказаў кіраўнік дзяржавы. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падкрэслівае, што лёс тых, хто ўчыніў беспарадкі ў Мінску 19 снежня, вырашыць суд. "Сядзець у турме будуць толькі ў адпаведнасці з рашэннем суда і па закону. Я ў турму не саджаю. У мяне ёсць толькі адзінае права — памілаваць чалавека", — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. "Адзін з альтэрнатыўных кандыдатаў прайшоўся ўжо па казематах турмы, і я яго выцягнуў адтуль", — адзначыў Прэзідэнт. "Мала таго, — прадоўжыў Аляксандр Лукашэнка, — яго зарэгістравалі ў якасці кандыдата ў прэзідэнты, нягледзячы на тое, што апошнія пяць гадоў ён у Беларусі не пражываў, а ў адпаведнасці з нашым заканадаўствам на пасаду кіраўніка дзяржавы можа балаціравацца грамадзянін Беларусі, які ў тым ліку апошнія пяць гадоў жыў на тэрыторыі краіны. Аднак мы зарэгістравалі яго, і вось вынік". "Напэўна, трэба цаніць тое, што табе пайшлі насустрач па ўсіх напрамках", — дадаў ён. "Таму няма чаго сёння казаць пра турму. У турму ў нас ніхто нікога не заганяе, калі чалавек сам туды не імкнецца", — сказаў кіраўнік дзяржавы. Беларусь гатова быць партнёрам Еўропы на раўнапраўнай аснове, заявіў Прэзідэнт Беларусі. Кіраўнік дзяржавы таксама адзначыў, што заключэнне АБСЕ, якое датычыцца праведзенай прэзідэнцкай кампаніі, цалкам не адпавядае таму, якое было на мінулых выбарах. "Яно прагрэсіўнае. Гэта крок наперад у параўнанні з тым, што было", — лічыць Прэзідэнт. На яго думку, у тым ліку на гэтым рэспубліка можа будаваць свае адносіны з Еўрасаюзам. "Але мы не будзем нікога ўгаворваць", — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка і дадаў, што ўжо гаварыў аб гэтым многім еўрачыноўнікам і кіраўнікам еўрапейскіх дзяржаў як у прыватных гутарках, так і на афіцыйным узроўні. "Мы гатовы быць партнёрамі на раўнапраўнай аснове. Давайце размаўляць, давайце весці дыялог. У выніку дыялога мы на нешта выйдзем", — заявіў Прэзідэнт. Ён дадаў, што не трэба ствараць сцяну паміж Беларуссю і ЕС. Рэспубліка гатова выбудоўваць з еўрапейцамі самыя цёплыя адносіны, калі да краіны будзе адпаведнае стаўленне і павага. Аляксандр Лукашэнка абяцае ў бліжэйшы час абнародаваць сакрэтныя дакументы, якія датычацца дзейнасці апазіцыі. Прэзідэнт падкрэсліў, што яшчэ не паказана ўсё, што адбывалася за рамкамі выбараў. "Мы хутка надрукуем некаторыя дакументы і паглядзім, як на гэта будуць рэагаваць і тыя, хто там апублікаваны, і тыя абаронцы, якія стаяць у іх за спінай, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Усе матэрыялы будуць апублікаваны ў самай масавай газеце краіны для таго, каб беларускі народ канчаткова паглядзеў і на нашых заходніх партнёраў, і на гэту так званую апазіцыю, і на альтэрнатыўных кандыдатаў". "Мы апублікуем усе дакументы, якія павінны захоўвацца ў архіве пад грыфам "Сакрэтна". Гэта гістарычна важная падзея", — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. У супрацоўніцтве Беларусі і Кітая адкрываюцца грандыёзныя перспектывы. Адказваючы на пытанне кітайскай журналісткі, Прэзідэнт адзначыў, што Кітай упэўнена прыйшоў на беларускі рынак, будуе ў Беларусі прадпрыемствы і Беларусь гэта падтрымлівае. "Кітай можа быць абсалютна ўпэўнены, што мы прадаставім яму самыя шырокія магчымасці для работы ў цэнтры Еўропы на ўвесь еўрапейскі рынак і на рынак СНД. У нас адкрываюцца грандыёзныя перспектывы ў супрацоўніцтве з Кітайскай Народнай Рэспублікай", — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён нагадаў аб тых беспрэцэдэнтных па аб'ёму пазыках, якія выдзеліў Кітай Беларусі пад канкрэтныя праекты. "Гэта дарагога каштуе", — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка і падзякаваў кіраўніцтву і народу Кітая за падтрымку. Кітай заняў адназначную пазіцыю, накіраваную на супрацоўніцтва з Беларуссю. Аб тым, што гэта краіна нягледзячы ні на што заўсёды будзе надзейнай апорай для беларускай дзяржавы, заявіў публічна кітайскі лідар Ху Цзіньтаа. У Цэнтральным камітэце Кампартыі Кітая было асобна разгледжана пытанне па Беларусі, і было рэкамендавана ўсім бізнэсменам, дзяржаўным служачым падтрымліваць любыя просьбы беларусаў. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што вельмі даражыць добрымі адносінамі з Кітаем. "Гэта вялікая краіна, гэта другая эканоміка ў свеце. Упэўнены, што праз 10-15 гадоў вы выйдзеце на самыя перадавыя эканамічныя рубяжы, і мы будзем толькі рады", — сказаў беларускі лідар. Прэзідэнт Беларусі ўпэўнены, што адносіны паміж Расіяй і Грузіяй з часам наладзяцца. Аляксандру Лукашэнку задалі пытанне, як хутка магчыма аднаўленне адносін Грузіі і Расіі і ці не возьме Мінск на сябе місію пасрэдніка для прымірэння двух праваслаўных народаў. Прэзідэнт адказаў, што ён не любіць пасрэднікаў у такой справе. "Мне таксама вельмі шмат прапаноўвалі пасрэдніцтва ва ўрэгуляванні адносін з Еўрапейскім саюзам, з Амерыкай. Праўда, не бескарысліва, але бог з імі. Я іх катэгарычна адхіляў", — сказаў ён. "Мы самі павінны прыйсці да таго, каб выбудаваць нашы адносіны і з Еўрапейскім саюзам, і з Амерыкай, што мы, дарэчы, робім і, упэўнены, паспяхова зробім", — дадаў Прэзідэнт. Ён выказаў упэўненасць, што Беларусь ужо гатова для гэтага. Для таго каб выбудаваць адносіны паміж Грузіяй і Расіяй, трэба толькі час, лічыць Аляксандр Лукашэнка. Ён далёкі ад той думкі, што ў Расіі не любяць грузінаў. "Ды не, да грузінаў вельмі добра ставяцца не толькі ў Беларусі, але і ў Расіі", — сказаў кіраўнік дзяржавы. Пры гэтым ён упэўнены, што часу для аднаўлення адносін спатрэбіцца нямнога. "І калі я ў гэтым працэсе змагу хоць крыху, хоць адну кроплю чагосьці прыўнесці, зраблю без ваганняў". Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены ў добрых перспектывах супрацоўніцтва Беларусі і Польшчы. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў, адказваючы на пытанне адносна будучага міжнароднага ўзаемадзеяння дзвюх краін у рамках старшынства Польшчы ў ЕС праз шэсць месяцаў. "Мы цяпер працуем з кіраўніцтвам Польшчы. Мы аб гэтым (супрацоўніцтве. — Заўвага БЕЛТА) гаварылі не раз, сустракаючыся з міністрам замежных спраў Радаславам Сікорскім", — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Прэзідэнт Беларусі высока ацаніў пазіцыю Польшчы адносна Беларусі, сказаўшы, што "ўсё, што зрабіла Польшча апошнім часам для Беларусі, дарагога каштуе". Пры гэтым кіраўнік дзяржавы згадаў аб дзеяннях некаторых альтэрнатыўных кандыдатаў у прэзідэнты, накіраваных супраць супрацоўніцтва дзвюх краін. "Як бы нас ні спрабавалі асобныя альтэрнатыўныя кандыдаты ў прэзідэнты, палякі па нацыянальнасці, дарэчы, сутыкнуць ілбамі — нічога не атрымаецца", — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. "Польшча сёння зразумела, што такое Беларусь. І навошта патрэбна Беларусь Польшчы. Вось гэта галоўнае ў нашых адносінах. Усё астатняе мы выбудуем", — упэўнены Прэзідэнт Беларусі. Аляксандр Лукашэнка перакананы: калі Польшча будзе праводзіць тую палітыку, якую яна праводзіла апошнія месяцы, Беларусь і Польшчу "чакае светлая будучыня". І Польшча ад гэтага супрацоўніцтва будзе мець толькі станоўчы эфект, дадаў кіраўнік дзяржавы. Прадстаўнікі СМІ пацікавіліся ў Аляксандра Лукашэнкі, як, на яго думку, падзеі вечара 19 снежня паўплываюць на падагульняючую ацэнку місіі АБСЕ. "Часам асобныя ў місіі АБСЕ забываюць аб тым, што яны прыехалі назіраць за выбарамі. Не камандаваць, не ацэнкі даваць, калі ўжо на тое пайшло. Яшчэ раз падкрэслю прынцыповую пазіцыю беларускай дзяржавы і маю асабіста: павінны быць стандарты і крытэрыі, па якіх АБСЕ, таксама як і іншыя арганізацыі, грамадзяне, павінны ацэньваць той або іншы працэс. І тут не павінна быць ніякіх двайных стандартаў. Вось ёсць 10 крытэрыяў — па гэтых крытэрыях мы ацэньваем выбары і на Захадзе ад Вены, і на Усходзе. Гэтага няма. Таму яны прыязджаюць і, як яны гэта ўсё ўяўляюць, так і пішуць", — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Разам з тым кіраўнік дзяржавы папрасіў "асабліва не напружвацца наконт гэтага". "Ну, прыехалі, паназіралі, ацанілі, і гэта ўжо добра. Значыць, было за чым назіраць і было што ацэньваць. Калі было б адваротнае — было б горш. Гэта іх права. Але гэта што датычыцца выбараў", — адзначыў ён. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што эксперты, чыноўнікі АБСЕ — арганізацыі, куды ўваходзіць і плаціць узносы ў тым ліку Беларусь, і якія фактычна з'яўляюцца падначаленымі 56 кіраўнікоў дзяржаў, сярод якіх і беларускі Прэзідэнт, "не маюць ніякага права выходзіць, ставіць да сценкі гэтага Прэзідэнта і раздзіраць на кавалкі". "Гэта амаральна", — дадаў беларускі лідар. На яго думку, тое, што адбылося ўвечары 19 снежня ў Мінску, не мае ніякага дачынення да выбараў, паколькі яны на той момант ужо завяршыліся. "Якія адносіны АБСЕ мае да гэтых падзей? Навошта аб гэтым сёння наогул пісаць або гаварыць? Гэта было абсалютна за рамкамі выбараў, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Ну, калі ўжо вы хочаце ацаніць гэта, дык паглядзіце непрадузятым вокам на тое, што там адбылося". "Скажыце, калі б я як дзеючы Прэзідэнт і нававыбраны ўчора ўначы не абараніў сваю краіну? Шмат жа ж не трэба — заўсёды з гэтага пачыналася. Трэба было ўзяць нейкі ўрадавы аб'ект. І зусім па-іншаму магла б пайсці і разгарнуцца сітуацыя, становішча ў краіне. Я ўжо не хлопчык, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Я ўжо гэта ўсё бачыў у свеце, і спроб было такіх у нашай краіне нямала. Я гэта ўсё разумею, да чаго гэта магло прывесці. Хто быў бы вінаваты, хто быў бы адказны за гэта? Толькі Прэзідэнт. Таму што функцыя Прэзідэнта — забяспечыць бяспеку сваіх грамадзян. І ніхто мяне сёння з нашых грамадзян, сумленных і аб'ектыўных людзей, не папракне за гэту ноч". Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, адзінае, за што ён адчувае некаторую няёмкасць, — гэта за тое, што яму як кіраўніку дзяржавы і галоўнакамандуючаму давялося пасылаць хлопцаў на барыкады. "Я заўсёды сябе вельмі дрэнна адчуваю пасля таго, калі мне даводзіцца задзейнічаць ваенных людзей, — адзначыў беларускі лідар. — Я іх прасіў: не правакуйце, не ініцыюйце ніякіх боек, але калі будуць пляваць у твар — адкажыце самым жорсткім чынам". "І вы бачылі, як дзейнічалі ваенныя: першы раз зайшлі, паспрабавалі гэты натоўп развярнуць, уціхамірыць. Здалося, што нібыта супакоіліся. Была дадзена каманда выйсці з гэтага натоўпу, прапанавана было разысціся. Не, усе гэтыя альтэрнатыўшчыкі, па якіх сёння стогне і перажывае нехта на Захадзе і на Усходзе, зноў павялі натоўп на штурм Дома ўрада", — расказаў Прэзідэнт. "Скажыце, як павінен быў дзейнічаць Прэзідэнт і сілавыя міністры? Мы павінны былі абараніць нашу краіну і яе будучыню. Для гэтага спатрэбілася сем з паловай мінут", — сказаў Аляксандр Лукашэнка, нагадаўшы, што не раз папярэджваў прыхільнікаў акцыі аб недапушчальнасці пераходу Рубікона. "Таму плакацца не трэба. У нас ёсць Канстытуцыя, у нас ёсць закон. Мы строга па закону спытаем з тых, хто ўчыніў гэтыя бясчынствы, хто ў іх удзельнічаў, і хто арганізоўваў, і хто яшчэ сёння на ўцёках. Мы іх абавязкова знойдзем", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. "Таму гэта (падзеі вечара 19 снежня. — Заўвага БЕЛТА) не мае ніякага дачынення да выбараў. Гэта было пасля выбараў. Яны (апазіцыя. — Заўвага БЕЛТА) хацелі карцінкі — яны яе атрымалі. Якія да мяне прэтэнзіі? Я зрабіў тое, што яны хацелі", — сказаў на заканчэнне Прэзідэнт. "Мы будзем першыя ў Мытным саюзе, хто ратыфікуе ўвесь пакет дакументаў па АЭП", — сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы. Разам з тым Аляксандр Лукашэнка лічыць, што калі б не было Саюзнай дзяржавы, то краінам, ствараючы Мытны саюз, давялося б прайсці шлях у два разы даўжэй. "Калі б мы да Саюзнай дзяржавы змаглі далучыць Казахстан, і ён выйшаў на той узровень, што ў нас з Расіяй у Саюзнай дзяржаве, мы б даўно ўжо былі далёка наперадзе. Але так не адбылося. Мы стварылі Мытны саюз. Дзякуючы Саюзнай дзяржаве, гэтаму "праекту", мы змаглі так хутка рушыць і да АЭП, дакументы па якой сёння актыўна ратыфікуем", — адзначыў Прэзідэнт Беларусі. "Я, вядома ж, не толькі па пасадзе як старшыня Вышэйшага дзяржаўнага савета абараняю нашу Саюзную дзяржаву, але і як чалавек, які адданы дружбе з рускім чалавекам, з расіянінам, я абараняю, буду абараняць і адстойваць гэты, як яго непрыгожа называюць, "праект", — дадаў ён. Пры гэтым кіраўнік дзяржавы падкрэсліў: "Лукашэнка ніколі не быў ворагам Расіі, як мяне спрабуюць зрабіць. Вы ведаеце, чаму мяне робяць у Расіі такім. Не верце гэтаму. Гэта маё жыццё. Гэта я ініцыяваў рэферэндум па Саюзу Беларусі і Расіі. Народ выказаўся, і прыкладна столькі ж працэнтаў, як цяпер за мяне, тады выказалася за Саюз. Гэта для мяне стратэгічная задача. Гэта я буду рабіць. Я буду трываць, калі давядзецца, я перанясу ўсе нягоды ў імя таго, каб мы далей не разыходзіліся з нашымі расіянамі. Мы — адзін народ". Паводле паведамленняў БЕЛТА і прэс-службы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Аб гэтым заявіў учора Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, адкрываючы прэс-канферэнцыю для прадстаўнікоў айчынных і замежных СМІ, перадае карэспандэнт БЕЛТА. ...
|
|