БТ паказала, што тысячы маніфестантаў былі гатовыя скідаць Лукашэнку. 21.by

БТ паказала, што тысячы маніфестантаў былі гатовыя скідаць Лукашэнку

10.01.2011 00:00 — Новости Политики |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

На Першым лукашэнкаўскім тэлеканале ў нядзелю выйшаў новы прапагандысцкі фільм «Плошча. Жалезам па шкле». Яна апавядала пра падзеі 19 снежня на Плошчы і таму, што ёй папярэднічала.

У прынцыпе, нічога выразна новага ў фільме не прагучала. У пачатку аўтары засяродзіліся на тым, што кандыдаты заклікалі не на выбары, а на Плошчу.

Потым вялікая частка была прысвечаная падрыхтоўцы «тэрактаў».

У кадры з’яўляецца гомельскі прадпрымальнік Юрый Панчук, які кажа, што ад Мікалая Статкевіча яму паступіла замова на вытворчасць «металічных штыроў». Быццам бы тыя штыры немагчыма купіць у Мінску, у любой краме будаўнічых вырабаў — яны ж выкарыстоўваюцца ў фундаментах. Дырэктар Жлобінскага рамонтна-тэхнічнага завода Ігар Нікіцін паведамляе пра замову па заточцы арматуры.

Дэманструецца відэа затрымання «электрашокераў, нажоў, балончыкаў» на беларуска-ўкраінскай і расійскай межах. Пры гэтым так і не паведамлена, што нехта быў затрыманы.

У фільме шмат фігуруе тэлефонных размоваў кандыдатаў і (быццам бы) удзельнікаў іх камандаў. Але яны настолькі неканкрэтныя, што ніякай новай інфармацыі яны не даюць. Гэтыя размовы маглі запісаць і сексоты, і нават акторы. Гэта найперш успрымаецца як гордая дэманстрацыя таго, што ў краіне масава праслухоўваюцца тэлефоны.

У збіцці Уладзіміра Някляева абвінавацілі іншых кандыдатаў (Саннікава, Статкевіча, Рымашэўскага), якія, маўляў, былі незацікаўленыя ў тым, каб лідар «Гавары праўду» ўзначаліў Плошчу.

Але ж дзясяткі журналістаў былі сведкамі таго, хто і нашто збіваў Някляева — каб забраць гукаўзмацняльную апаратуру.

Паводле БТ, Саннікаву на кампанію было выдзелена паўмільёна даляраў.

А вось Някляеў змог перавезці ў Беларусь 1 мільён 668 тысяч 550 даляраў, хоць рабіў запыт на 16 мільёнаў.

Спонсарамі называецца амерыканскі фонд Нацыянальны фонд у падтрымку дэмакратыі, а таксама нейкая СІМПФА (прагучала невыразна, цяжка было разабраць). Фонд СІМПФА нам невядомы, але НФПД (NED) — гэта амерыканская фундацыя, якая была заснаваная за Рэйгана для прасоўвання дэмакратыі ў свеце. На нашу думку, амаль неймаверна, каб кампанія «Гавары праўду» атрымлівала сродкі ад НФПД. Найхутчэй, крыніцы шчодрага фінансавання «Гавары праўду» застаюцца для спецслужбаў невядомымі. Або яны з нейкіх меркаванняў не сталі развіваць расійскую лінію.

Вось якую схему дастаўкі грошай намалявалі аўтары фільма.

Сяргей Вазняк нібыта ехаў у Вільню, дзе атрымліваў грошы ад Андрэя Дзмітрыева, а потым змяшчаў іх на вакзале ў камеры захоўвання ў розных аддзелах. Потым звязваўся праз скайп з кур’ерамі, якія прыязджалі грошы забіраць.

Гаварылася, што ідэйных прыхільнікаў у Някляева не было, усе працавалі толькі за грошы.

Шмат было паказанняў хлопцаў, што ўдзельнічалі ў акцыі, а потым адбывалі пакаранні ў ізалятарах часовага ўтрымання, у тым ліку некалькі тых, што праходзяць па крымінальнай справе, — Антон Давыдзенка, Васіль Парфянкоў, Сяргей Лугаўскі, Ігар Мыслівец, Мікіта Шапураў, грамадзяне Расіі Арцём Брэўс і Аляксей Еўдакімаў. Праўда, і яны нічога істотнага не сказалі. Так, агульныя словы.

Адзначыўся ў фільме і «сацыял-дэмакрат» Уладзімір Нісцюк, які выказаўся пра дзялёжку грантаў.

«Плошча…" паказвае кадры з тысячамі людзей на вуліцах Мінска. Відаць, у БТ проста не было іншых ракурсаў і яны былі вымушаны паказаць, наколькі шматлюдным быў выступ супраць дыктатуры.

Аператары спецслужбаў імкнуліся ў самыя гарачыя пункты падзей.

Напрыклад, яны сфільмавалі цікавы момант, калі Дзмітрыеў паказвае Кастусёву аддрукаваны аркуш паперы, дзе гаварылася пра стварэнне «Ураду нацыянальнага выратавання». Значыць, у кагосьці з кандыдатаў былі сцэнары, А, Б і В на розныя выпадкі развіцця падзей.

БТ паспрабавала абвергнуць словы, што «штурмам» Дома ўрада займаліся пераапранутыя ў цывільнае міліцыянты і кадэбэшнікі.

Яны нават назвалі некалькі імёнаў і паказалі іх падчас штурму. Гэта 49-гадовы прараб Алег Федаркевіч, 20-гадовы Мікіта Ліхавід.

Разам з тым, было пацверджана, што ў першых шэрагах былі дзіўнаватыя раней судзімыя асобы, як Васіль Парфянкоў і «навушнік» Уладзімір Хамічэнка. Асобы зусім не засвечаныя ў апазіцыі.

Сярод тых, хто «атакаваў», быў таксама названы прэс-сакратар Саннікава Аляксандр Атрошчанкаў. Аднак на кадрах відавочна, што ён проста ідзе ў плыні людзей, якія хочуць правесці ў Дом урада дэлегацыю ад кандыдатаў у прэзідэнты. А лідар АГП Анатоль Лябедзька спрабаваў правучыць БТшнага аператара.

Пусцілі запіс тэлефонных размоваў Статкевіча з нейкім Сашам, які, маўляў, званіў з Украіны і настойліва дапытваўся, ці ўжо «ўзялі Кабмін».

Напрыканцы было названа, што апазнана «больш за 100» удзельнікаў «беспарадкаў», а 40 з іх ужо арыштаваныя. Гэта не апошняя серыя БТ пра падзеі на Плошчы.

Фільм БТ трохі дадае ў разуменне таго, якім чынам улады маніпулявалі масавым выступам. Ці, дакладней, якія меры яны прымалі, каб апраўдаць свой план разгону, разгрому апазіцыі і застрашвання. Фільм таксама дае магчымасць ацаніць, як шмат людзей гатовы былі падтрымаць любы план скідання рэжыму.

Падзяліцца навіной: 
Зміцер Панкавец

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У нядзелю выйшаў новы прапагандысцкі фільм «Плошча. Жалезам па шкле».
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Политики)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика