"Камуналка" сёлета можа падрасці на 5-7 долараў, а жыллёвая палітыка ў сталіцы можа стаць больш жорсткай
09.04.2011
—
Новости Политики
|
Намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Анатоль КАЛІНІН сустрэўся з журналістамі і пракаментаваў сваё бачанне сітуацыі ў краіне ў галінах будаўніцтва жылля і жыллёва-камунальнай гаспадаркі, а таксама расказаў пра магчымыя змены і новаўвядзенні ў гэтых сферах. — Што тычыцца праграмы жыллёвага будаўніцтва ў гэтым годзе, то мы павінны пабудаваць 7,5 млн м 2, у тым ліку і ў вёсцы. Пастаўленая задача павінна быць выканана, але зараз мы пераглядаем пытанні жыллёвай палітыкі: а ці трэба будаваць нам столькі жылля? Калі трэба будаваць, то ў якіх месцах? Дзе яно найбольш запатрабавана? Мы пры аналізе бачым, што ў абласных і раённых цэнтрах чарга ўжо складае не больш за 5 гадоў, таму задача ў гэтых рэгіёнах практычна вырашана. Але не вырашана задача па сталічным рэгіёне — тут чэргі даходзяць да 20 гадоў. І вось зараз кіраўнік дзяржавы паставіў задачу пераглядзець жыллёвую палітыку, і мы бачым гэта ў падзеле на сталіцу і на астатнія рэгіёны. У сталіцы будзе свая жыллёвая палітыка, якая стане больш жорсткай: разглядаецца пытанне павелічэння тэрміну пражывання грамадзян у сталіцы на момант пастаноўкі на ўлік (зараз гэты перыяд — 5 гадоў) і пытанне аб памяншэнні нормы на аднаго чалавека (зараз 15 м 2 на чалавека), — паведаміў Анатоль Калінін. — Пакуль ідзе аналіз, і я хацеў бы, каб вы не панікавалі, але сталіца патрабуе асобнай жыллёвай палітыкі, якая адпавядала б рэгіёну і статусу. І нават кіраўнік дзяржавы паставіў задачу заканчваць будаўніцтва ў самім Мінску і выходзіць за межы — у гарады-спадарожнікі. І мы ўжо вырашаем гэтую задачу: пачалі праектаванне, архітэктурную прапрацоўку Смалявічаў — там мы павінны за пяцігодку пабудаваць мільён жылой плошчы для грамадзян. Акрамя таго, неабходна і частку прадпрыемстваў за пяцігодку вывесці па-за гарадскія межы сталіцы, наблізіць да гарадоў-спадарожнікаў, каб было і жыллё, і працоўная сіла. Колькі будзе каштаваць квадратны метр у гарадах-спадарожніках, Анатоль Калінін адказаць не змог, бо сёлета плануецца пабудаваць толькі адзін дом у горадзе-спадарожніку — фактычна ў голым полі. Адпаведна, вялікія затраты будуць на інфраструктуру, таму "кошт квадратнага метра жылля будзе вышэйшым, чым у горадзе Мінску, дзе ёсць інфраструктура". Затое ўжо дакладна вырашаны ўмовы крэдытавання для будаўніцтва такога жылля — 5% на 20 гадоў. — Але ў любым выпадку мы бачым, што горад-спадарожнік будзе запатрабаваны і заселены, бо тых, хто мае патрэбу ў горадзе Мінску, ужо каля 280 тысяч. Адпаведна, пры абмежаванні будаўніцтва ў Мінску людзі будуць мець патрэбу ў гарадах-спадарожніках. Там будзе створана добрая інфраструктура, транспартная сетка, там будзе цалкам новы горад, — лічыць намеснік прэм'ер-міністра. Ці атрымаецца стрымаць кошт квадратнага метра? Анатоль Калінін праясніў сітуацыю і наконт таго, як будаўнічая галіна плануе займацца экспартам: — Таксама кіраўніком дзяржавы даручана будаўнічаму комплексу выходзіць на экспарт паслуг. Пастаўлена задача — на 10% нарошчваць аб'ёмы экспарту паслуг у залік гэтых 7,5 мільёна, пра якія я казаў вышэй. Вось мы зараз вывучаем сітуацыю, напрацоўкі: мы будуем жыллё ў Венесуэле (павінны пабудаваць там 20 тысяч кватэр на працягу 5 гадоў), мы ўжо маем дамовы і будуем у Калінінградзе, у Смаленскай вобласці прапрацоўваюцца пытанні. Мы паглядзелі, што, маючы чарговасць 3-5 гадоў у абласцях і раённых цэнтрах, мы вымушаны зарабляць у тым ліку і валюту. Больш за тое, у асобных раённых цэнтрах няма тых, хто мае патрэбу і хто хоча будаваць жыллё. Вось пабудавалі жылы дом у Касцюковічах — 15 кватэр не заселены. І старшыня райвыканкама кажа, што вымушаны несці затраты на іх утрыманне, ахову і. г.д. Нават па горадзе Гродна паглядзелі — сёння будуюць жыллё тыя, хто стаў у 2009—2010 гадах... Будаўніцтва жылля застаецца прыярытэтным, але яно будзе рэгулюемым. Намеснік прэм'ер-міністра таксама расказаў журналістам пра захады, якія робіць урад, каб не дапусціць далейшага росту цэн на квадратны метр жылля. Прынамсі, з 1 студзеня ўсе праекты распрацоўваюцца ў дзеючых цэнах — гэта дазваляе любому забудоўшчыку бачыць больш празрыста, як фарміруюцца цэны. Таксама індэкс будаўніцтва будзе прывязаны толькі да інфляцыі і будзе агульным па краіне — а гэта 7-8% (раней будаўнічы індэкс даходзіў да 18-19%). Таксама пры заключэнні дамоў з забудоўшчыкамі плануецца прымяніць канкрэтную цану на момант заключэння дамовы: вы заключаеце дамову, і цана фіксуецца да заканчэння будаўніцтва. — Вось гэтыя моманты дазволяць нам неяк утаймаваць кошт квадратнага метра, хоць мы разумеем, што кошт энерганосьбітаў, паліўны складнік будзе расці. Але шэраг іншых, у тым ліку арганізацыйных упраўленчых пераўтварэнняў, якія мы намецілі, будуць дазваляць нам кантраляваць сітуацыю, каб яна была даступнай для нашых грамадзян. І ў канцы пяцігодкі мы павінны выйсці на кошт метра квадратнага роўным кошту зарплаты.Не бачыць Анатоль Калінін асаблівых праблем у будаўнічай сферы з-за недахопу валюты ў імпарцёраў. Па яго словах, доля імпарту ў гэтай галіне не такая вялікая: — Невысокую долю ў метры квадратным жылля складае імпартны складнік — мы пралічылі, што імпартаёмістасць у розных серыях жылых дамоў (панэльных, цагляных, маналітных) вагаецца ў межах 20-25%. У асобных будаўнічых матэрыялах (напрыклад, цэменце) яна даходзіць да 80%, бо вялікую ўдзельную вагу ў цане займаюць газ і электраэнергія. А ў сукупнасці на метр жылой плошчы — 20-25%. Таму мы менш завязаны ў будаўнічай галіне на пытаннях, якія зараз актыўна абмяркоўваюцца, — супакоіў журналістаў віцэ-прэм'ер. Энергаэфектыўныя дамы каштуюць даражэй, але гэта выгаднаАнатоль Калінін нагадаў, што да 2015 года доля энергаэфектыўна жылля, што будуецца ў краіне, павінна скласці 60%. Сёння ўжо пабудаваныя некалькі такіх доследных дамоў, і іх эксплуатацыя паказвае, што яны эканомяць да 30% энергарэсурсаў. — Мы прааналізавалі, што будаўніцтва энергаэфектыўнага дома павялічвае кошт будаўніцтва прыкладна на 80%. Затое ўсе наступныя гады эксплуатацыйныя выдаткі зніжаем на 30% — атрымліваецца акупляльнасць на працягу 1-2 гадоў, — сказаў Анатоль Калінін і дадаў, што пры такіх паказчыках ён не бачыць падстаў для нейкіх асаблівых субсідый для будучых жыхароў гэтых дамоў. — Такая эканоміка кажа сама за сябе: якія пры гэтым патрэбны льготы? Чалавек, пабудаваўшы жыллё, будзе эканоміць на ўласных камунальных паслугах увесь наступны час эксплуатацыі. Мы раней глядзелі толькі на затраты пры будаўніцтве, але ніколі не звярталі ўвагі на эксплуатацыйныя затраты. А гэта — самае важнае. Віцэ-прэм'ер прывёў звесткі, што ў 2010 годзе ўсяго па краіне пабудавана 84,7 тысячы кватэр. У гэтым годзе запланавана 94 тысячы. З іх 55 тысяч пабудавана для тых, хто меў патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, 950 кватэр — для сацыяльнага карыстання, 4,5 тысячы — для шматдзетных сем’яў. — Мы з 2007 года пабудавалі 268 тысяч кватэр, а на чаргу стала за гэты час 232 тысячы. І колькасць тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жылых умоў, пры сённяшняй палітыцы ў галіне будаўніцтва складана будзе забяспечыць і збалансаваць. Вось яшчэ адзін прыклад: у цэлым па рэспубліцы налічваецца 71 тысяча кватэр, у якіх не зарэгістраваны ўласнікі або члены іх сем’яў: пабудавалі і не засяліліся. 62 тысячы жыхароў маюць па дзве і больш кватэр, 26 тысяч кватэр здаецца ў наём... Дарэчы, мы разглядаем пытанне будаўніцтва арэнднага жылля: у еўрапейскіх краінах будуюць 60-80% арэнднага жылля, а ў нас жа 100% будуецца для ўласнікаў... Таму трэба пераглядаць крытэрыі, бо тыя, у каго ёсць грошы, — маюць адну і больш кватэр, а тыя, у каго няма грошай, — не маюць жылля. Дык вось мы зараз павінны разабрацца, для каго мы павінны будаваць і для каго будзе выдзяляцца дзяржаўная падтрымка. І такім чынам паспрабуем навесці ў гэтым парадак. Што будзе з "камуналкай"? — У лютым было павышэнне тарыфаў для насельніцтва на 5 долараў, з якіх 4 долары — на паслугі па лініі Мінэнерга, і толькі адзін долар — на ўсе астатнія жыллёва-камунальныя паслугі. Прапрацоўваецца пытанне нязначнага, але павелічэння тарыфаў, — заявіў Анатоль Калінін. — Пытанне дастаткова далікатнае, але ў нас ёсць абгрунтаванні, каб павялічваць тарыфы для насельніцтва. Сёння яно плаціць толькі 25% ад агульнага кошту. У праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця запісана на гэты год давесці паказчык долі аплаты насельніцтвам тарыфаў ЖКГ да ўзроўню 34,5%. У любым выпадку тарыфы будуць павялічвацца, але яны будуць кантралявацца з усіх бакоў, абмяркоўвацца. Але, па словах, Анатоля Калініна, спачатку будуць павялічаны пенсіі, а толькі потым — тарыфы на жыллёва-камунальныя паслугі: — Зараз абмяркоўваецца ў Мінэканомікі і ва ўрадзе пытанне аб павышэнні спачатку пенсій, а потым тарыфаў. Я думаю, што яны вырастуць у гэтым годзе недзе на 5-7 долараў, але не выключаю, што і менш. Мы прааналізавалі, што пасля апошняга павышэння на 5 долараў у сям'і з 3 чалавек пры двух працуючых, якія атрымліваюць сярэднерэспубліканскую зарплату, камунальныя паслугі займаюць усяго 5,8% з сямейнага бюджэту. Калі ж узяць сям'ю з 3 чалавек пры двух працуючых у бюджэтнай сферы — 7,5%. Два пенсіянеры ў двухпакаёвай кватэры — 12%. Вось якраз пенсіянеры маюць патрэбу ў абароне. І мы павінны ўзмацніць адрасную сацыяльную дапамогу тым грамадзянам, у каго нізкі даход. Шэсць працэнтаў ад сямейнага бюджэту — гэта вельмі мала. Вы ж бачыце, як у Расіі, як у краінах ЕС, — плацяць і па 30%. Таксама Анатоль Калінін расказаў яшчэ пра адну ініцыятыву, якая абмяркоўваецца ў кабінетах улады — увесці асобныя тарыфы для нарматыўнага спажывання паслуг і для пазанарматыўнага: — Субсідыі на жыллёва-камунальныя паслугі атрымліваюць усе — і тыя, хто мае добры дастатак, і тыя, хто мае мінімальную зарплату. Намі таксама прапрацоўваецца пытанне ўвядзення двухставачнага тарыфу. Першая частка будзе аплачвацца за спажыванне паслугі ў межах нарматыўнага аб'ёму. А калі чалавек спажывае значна больш, то гэтая плата будзе ўзрастаць. Возьмем галіну водазабеспячэння — нарматыў быў 7,5 м 3 вады на чалавека за месяц. Пры пастаноўцы прыбораў уліку мы ўбачылі, што фактычнае спажыванне ў два разы ніжэй — каля 3,5 м 3 на 1 чалавека. І калі чалавек будзе спажываць больш за, скажам, 3,5 м 3, то ён будзе павінен даплачваць нейкую суму. Віцэ-прэм'ер паведаміў, што сёння дзяржава датуе сферу ЖКГ на суму каля 1,5 трлн рублёў, а перакрыжаванае субсідаванне і розная ступень пакрыцця тых ці іншых паслуг насельніцтвам не дазваляе ствараць канкурэнтнае асяроддзе ў галіне жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Афоню заменіць "хатні майстар" — Штогод мы капітальна рамантуем каля 1,3 млн м 2. У гэтым годзе пастаўлена задача адрамантаваць капітальна 1,4 млн м 2. Але мы павінны рамантаваць штогод 4-5% ад усяго жылля, а мы рамантуем толькі 1,5%. Адпаведна, праблемы капітальных рамонтаў назапашваюцца. Мы тэрміны і якасць капрамонтаў жылля паставілі на кантроль, стараемся змяняць сітуацыю. А ўжо аб'ёмы патрабуюць вялікіх каласальных капіталаўкладанняў. Таксама Анатоль Калінін бачыць шмат нараканняў у галіне ЖКГ з-за чалавечага фактару: недзе чалавеку далі адказ не ў тэрмін, недзе адмахнуліся ад праблемы. У прыватнасці, па словах віцэ-прэм'ера, укамплектаванасць рознымі кадрамі ў галіне жыллёва-камунальнай гаспадаркі складае толькі 95%, цякучасць кадраў — 14% па краіне і 18% па Мінску. — Мы павінны распрацаваць праграму перападрыхтоўкі так званага "хатняга слесара", або "хатняга майстра". Спецыяліст будзе праходзіць адпаведнае навучанне, падрыхтоўку, будзе мець адпаведную матывацыю (узровень зарплаты). Ён будзе комплексна абслугоўваць дом або некалькі дамоў, але гэта не той Афоня, які быў, а сапраўдны спецыяліст. У Германіі такі прынцып працуе — яны абслугоўваюць болей дамоў, чым замацавана нашымі нарматыўнымі аб'ёмамі за кожным слесарам. "Хатнія майстры" будуць запатрабаваны як у дзяржаўных, так і ў прыватных арганізацыях. Яны будуць мець нейкі дыплом ці пасведчанне, што дазволіць мець добрую аплату — такі майстар і электрыку наладзіць, і сантэхніку. Напрыканцы сустрэчы Анатоль Калінін расказаў пра лёс Міністэрства ЖКГ: яго распускаць не будуць, але функцыі дадуць іншыя: — Мы яшчэ раз узважылі і вырашылі, што міністэрства з колькасцю 59 чалавек застанецца, але мы яго надзелім зусім іншымі функцыямі: правядзенне дзяржаўнай палітыкі, распрацоўка інавацыйных метадаў, падыходаў і тэхналогій, цэнаўтварэнне. А тыя пытанні, якія раней як быццам выконвала міністэрства (кіраванне і каардынацыя камунальных прадпрыемстваў), перададзены мясцовым органам кіравання, каб яны ў комплексе адказвалі за гэтую сферу і неслі поўную адказнасць за якасць, за тэрміны і г. д. А то часам адказнасць перакладвалася на Міністэрства ЖКГ, якое не мела рычагоў кіравання. Павел БЕРАСНЕЎ. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Анатоль КАЛІНІН сустрэўся з журналістамі і пракаментаваў сваё бачанне сітуацыі ў краіне ў галінах будаўніцтва жылля і... |
|