Аляксандр Лукашэнка даручыў да 1 верасня вырашыць пытанне стварэння ў Беларусі новых холдынгаў. 21.by

Аляксандр Лукашэнка даручыў да 1 верасня вырашыць пытанне стварэння ў Беларусі новых холдынгаў

16.07.2011 — Новости Политики |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

У Беларусі будзе прадоўжана практыка стварэнне шматпрофільных вытворчых аб'яднанняў. Аб гэтым Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка заявіў 15 ліпеня, слухаючы справаздачу генеральнага дырэктара ВА "Беларускі металургічны завод" Анатоля Савянка, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага лідара.

"На сённяшнім прыкладзе вы бачыце, што гэта не проста Беларускі металургічны завод, які размешчаны ў Жлобіне, гэта аб'яднанне чатырох прадпрыемстваў. Гэта таксама практыка нашай эканомікі, калі мы дапамагалі аднавіць вытворчасць на буйных прадпрыемствах, калі мы іх узнімалі, мадэрнізавалі, а пасля за кошт стратных або занядбаных прадпрыемстваў пашыралі аб'ёмы і наменклатуру тавараў, якія выпускаюцца на галаўным прадпрыемстве", — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, галаўное прадпрыемства, як лакаматыў, выцягвала за сабой гэтыя адстаючыя прадпрыемствы. Так утвараліся вельмі буйныя кампаніі. Як лічыць кіраўнік дзяржавы, такую практыку трэба развіваць і ўдасканальваць. Прэзідэнт заўважыў, што ў многіх краінах дзве буйныя кампаніі наогул вызначаюць эканоміку ўсёй дзяржавы.

"Таму нам неабходна ствараць шматпрофільныя аб'яднанні, што мы, дарэчы, і робім ужо не першы год, а на працягу цэлага дзесяцігоддзя, каб яны маглі цягнуць за сабой эканоміку нашай краіны", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. "Мы некалі падтрымалі такія буйныя прадпрыемствы, як БелАЗ, МАЗ, "Амкадор", БМЗ. І калі яны сталі на поўны рост, мадэрнізаваліся, попыт на іх прадукцыю ўзрос. Тады плошчаў для вытворчасці не хапала і мы перадавалі стратныя прадпрыемствы, утвараючы буйныя кампаніі". Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што пры прызначэнні на пасаду генеральнага дырэктара вытворчага аб'яднання "Беларускі металургічны завод" Анатоля Савянка ён асабліва акцэнтаваў увагу на сацыяльных пытаннях, задачах павышэння эфектыўнасці работы прадпрыемства і перспектывах яго развіцця.

Прэзідэнт пацікавіўся тым, як выконваюцца гэтыя даручэнні. У прыватнасці, што робіцца для паляпшэння фінансавага становішча прадпрыемства, як вырашаюцца праблемы спагнання запазычанасці за пастаўленую прадукцыю, як пагашаюцца крэдыты, наколькі эфектыўна выкарыстоўваюцца інвестыцыі.

У ходзе справаздачы таксама былі ўзняты пытанні забеспячэння сыравінай, нарошчвання аб'ёмаў вытворчасці і павышэння якасці прадукцыі. У прыватнасці, якія рэсурсы і крыніцы трэба задзейнічаць, каб нівеліраваць рост сусветных цэн на металалом і іншыя кампаненты, не дапусціўшы спаду рэнтабельнасці вытворчасці. На думку Прэзідэнта, гэта сур'ёзная праблема патрабуе комплекснага вырашэння сумесна з іншымі прадпрыемствамі і кіраўніцкімі структурамі.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што неабходна абмеркаваць і тэму наладжвання больш эфектыўнай работы ў збытавой сетцы, дзе ўтварылася шмат праблем як арганізацыйнага, так фінансавага і кадравага характару. Напрыклад, што зроблена для таго, каб адысці ад пасрэднікаў (і што гэта за пасрэднікі) і працаваць непасрэдна са спажыўцамі прадукцыі, як пашыраецца геаграфія паставак і знешнегандлёвых сувязяў.

Як далажыў кіраўніку дзяржавы Анатоль Савянок, у 2010 годзе было выраблена больш за 2,5 млн.т металапрадукцыі. У 2010 годзе заводам выраблена прамысловай прадукцыі на суму Br4,4 трлн., што ў супастаўных цэнах на 14 працэнтаў больш, чым у 2009 годзе. Асвоены новыя рынкі збыту металапрадукцыі, у тым ліку Албанія, Швейцарыя, Іран, Малі, Маўрытанія, Марока, Камерун, В'етнам, Тайланд, Мексіка, Венесуэла, Бразілія і Арменія. Удзельная вага экспарту прадукцыі ў 2010 годзе склала 78,4 працэнта. За межы краіны адгружана 1,9 млн. т металапрадукцыі на суму звыш $1,16 млрд., або на 31,7 працэнта больш, чым у 2009 годзе. У гэтым годзе валютную выручку ад рэалізацыі плануецца павялічыць да $1,7 млрд.

Тавараправодная сетка РУП "БМЗ" складаецца з 7 сумесных прадпрыемстваў, якія знаходзяцца ў Расіі, Аўстрыі, Германіі, ЗША, Кітаі і Літве. Акрамя таго, статус афіцыйных дылераў і дыстрыб'ютараў маюць 11 дзелавых партнёраў (пераважна буйныя гандлёвыя кампаніі, якія маюць аўтарытэт на рынках металапрадукцыі).

"Нягледзячы на цяжкасці 2009-2010 гадоў удалося захаваць фінансавую ўстойлівасць прадпрыемства. Паказчыкі работы ў першым паўгоддзі 2011 года даюць права гаварыць аб тым, што пункт спаду пройдзены, і ёсць добры патэнцыял для далейшага развіцця", — адзначыў Анатоль Савянок.

Пры гэтым эфектыўнасць работы БМЗ і далейшае развіццё могуць быць забяспечаны ў першую чаргу за кошт інавацый і арганізацыі вытворчасці прадукцыі з высокай дабаўленай вартасцю і арыентацыяй на знешнія рынкі. У 2015 годзе вытворчасць металапрадукцыі плануецца павялічыць да 3 млн.т. Усяго на перспектыву запланавана больш за дзясятак розных інвестыцыйных праектаў, галоўны з якіх — будаўніцтва завода па вытворчасці ліставога пракату магутнасцю 800 тыс.т у год. Патрэба ў інвестыцыях пад гэты праект складае каля 700 млн. еўра, і цяпер вядзецца пошук інвестара. Пры гэтым прапануюцца розныя формы ўкладання інвестыцый, у тым ліку набыццё часткі акцый БМЗ.

"Трэба задавольваць унутранае спажыванне і больш вырабляць на экспарт прадукцыі з высокай дабаўленай вартасцю. Гэта вельмі важна. Трэба вырабляць больш сур'ёзную прадукцыю, цана якой на знешніх рынках вышэйшая", — сказаў Аляксандр Лукашэнка, запатрабаваўшы ў бліжэйшы час вызначыцца ў пытанні прыцягнення інвестыцый на прадпрыемства і пошуку сродкаў для рэалізацыі праектаў па паглыбленні перапрацоўкі.

Як адзначыў міністр прамысловасці Дзмітрый Кацярыніч, у прадпрыемства ёсць вялікі патэнцыял, і яно можа працаваць значна больш эфектыўна. На яго думку, не менш за 25 працэнтаў прадукцыі неабходна прадаваць на электронных таргах і на біржах, каб выразна арыентавацца ў цэнах.

Закранаючы тэму стварэння ў Беларусі буйных вытворчых аб'яднанняў і холдынгаў, Дзмітрый Кацярыніч звярнуў увагу на тое, што невялікія прадпрыемствы з колькасцю 300-600 чалавек не здольны стварыць уласную акупную тавараправодную сетку, і ў гэтых прадпрыемстваў таксама няма дастатковых абаротных сродкаў. Таму неабходна стварыць у Беларусі 14-16 холдынгаў, для чаго трэба падрыхтаваць і прыняць адпаведныя ўказы Прэзідэнта.

"Я лічу, што няма чаго ўносіць 16 указаў. Трэба зрабіць агульны ўказ, які забяспечыць прававую аснову для фарміравання гэтых холдынгаў, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Вам будуць дадзены адпаведныя правы агульным сістэмным указам. Час цяпер такі, што трэба прымаць рашэнні хутка. Гэта пытанне па холдынгу павінна быць вырашана да 1 верасня".

Што датычыцца забеспячэння прадпрыемства сыравінай, кіраўнік дзяржавы заўважыў: "У нас мора металалому па краіне раскідана. Мы, арганізаваўшы нармальна збор, тут можам выйсці на нармальны ўзровень".

Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз падкрэсліў, што практыку стварэння ў Беларусі вытворчых аб'яднанняў і холдынгаў неабходна прадоўжыць.

Ён таксама дадаў, што неабходна максімальна эфектыўна выкарыстоўваць станоўчы эфект ад цяперашняй дэвальвацыі. "Мы павінны гэта выкарыстаць на мадэрнізацыю, на тое, каб прадпрыемствы падняць. Таму цяпер патрэбна вельмі высокая актыўнасць прыняцця рашэнняў у гэтым плане і строгі кантроль за выкананнем — і ў прамысловасці, і ў сельскай гаспадарцы", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У Беларусі будзе прадоўжана практыка стварэнне шматпрофільных вытворчых аб'яднанняў. Аб гэтым Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка заявіў 15...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Политики)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика