Аляксандр Ярашэнка: "Эканоміка Беларусі пачала рух у бок збалансаванасці"
30.07.2011
—
Новости Политики
|
Вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі за першае паўгоддзе 2011 года агучыў і пракаментаваў на брыфінгу Аляксандр ЯРАШЭНКА, намеснік міністра эканомікі. У прыватнасці, ён адзначыў, што яны характарызуюцца высокім тэмпам росту ВУП, паляпшэннем шэрагу якасных паказчыкаў і большасці найважнейшых прагнозных параметраў. Тэмпы росту валавога ўнутранага прадукту за шэсць месяцаў склалі 111%, прадукцыйнасць працы ўзрасла на 12,3% (за студзень-май), энергаёмістасць зніжана на 10,4%. Высокі тэмп росту ВУП падтрымліваўся таксама станоўчай дынамікай росту дабаўленай вартасці ў апрацоўчай прамысловасці (112,1%), будаўніцтве (120,5%) і гандлі (129,5%). — У першым паўгоддзі рост эканомікі быў абумоўлены пераважна пашырэннем унутранага попыту, якому спрыялі рост грашовых даходаў насельніцтва і правядзенне няжорсткай грашова-крэдытнай палітыкі. Асноўнымі кампанентамі гэтага ўнутранага попыту былі рознічны тавараабарот праз усе каналы рэалізацыі (ён павялічыўся на 18,4%) і інвестыцыі ў асноўны капітал (выраслі на 27,6%). Рост тавараабароту быў абумоўлены высокімі дэвальвацыйнымі і інфляцыйнымі чаканнямі, вынікам якіх з'явіўся ажыятажны спажывецкі попыт. Аднак прынятыя ўрадам меры (рэгулярны маніторынг спажывецкага рынку, павелічэнне адгрузкі прадукцыі, увядзенне свабоднага цэнаўтварэння на шэраг прадуктаў і іншыя мерапрыемствы) дазволілі стабілізаваць сітуацыю. Сёння ў рэальным выражэнні, скарэктаваным на ўзровень інфляцыі, рознічны тавараабарот менавіта ў чэрвені знізіўся амаль на 20% у параўнанні з маем. Гэта кажа пра тое, што сітуацыя стабілізавалася, і той ажыятаж, які прысутнічаў у першыя 4-5 месяцаў, усё-такі пайшоў на спад, — сказаў Аляксандр Ярашэнка. Што тычыцца інвестыцый у асноўны капітал, то іх тэмпы росту былі амаль у два разы вышэйшыя за рост ВУП: на інвеставанне эканомікі краіны за паўгода было выкарыстана 32,6 трыльёна рублёў, што ў супастаўных цэнах складае 127,6% да ўзроўню 2010 года. — У прынцыпе, гэтая сітуацыя добрая, калі б яна забяспечвалася ў тым ліку і якасным складнікам росту. Аднак шмат у чым гэтыя інвестыцыі былі абумоўлены павелічэннем аб'ёмаў будаўніча-мантажных работ (тэмп росту іх склаў 124,1%). Акрамя таго, мы адзначаем, што рост інвестыцыйнага працэсу ў многім з'явіўся наступствам даступнасці крэдытных рэсурсаў па нізкіх працэнтных стаўках: доля крэдытаў банкаў у крыніцах фінансавання інвестыцый узрасла да 37%. У прынцыпе, нічога дрэннага няма, калі крэдытныя рэсурсы маюць тэндэнцыю да росту, у тым ліку і ў інвестыцыйным складніку, аднак неабходна адзначыць: амаль палова гэтых крэдытных рэсурсаў была выдзелена на льготных умовах, што ў нейкай ступені якраз дэстабілізавала сітуацыю, у тым ліку ў грашова-крэдытнай палітыцы, — адзначыў намеснік міністра эканомікі. Дарэчы, прырост ВУП шмат у чым забяспечаны дынамікай развіцця прамысловага комплексу краіны: індэкс вытворчасці прадукцыі ў студзені-чэрвені склаў 111,5% да адпаведнага леташняга перыяду. Як адзначыў Аляксандр Ярашэнка. І зноў пра якасць Намеснік міністра эканомікі ў сваім выступленні адзначыў, што хоць у прагнозах на гэты год стаўка рабілася на выкананне якасных паказчыкаў, але фактычна атрымалася, што эканамічны рост па-ранейшаму забяспечваецца за кошт аб'ёмных паказчыкаў: — Падчас прагнозаў мы вызначылі для апрацоўчай прамысловасці апераджальны рост дабаўленай вартасці над аб'ёмамі прамысловай вытворчасці. Гэта была прынцыповая, важнейшая пазіцыя, якая закладвалася ў прагноз і дэманстравала тое, што эканамічны рост павінен быць забяспечаны менавіта за кошт якаснага складніка. Але за 1 квартал дабаўленая вартасць хоць і расла вельмі вялікімі тэмпамі (112,8%), але валавы выпуск за гэты перыяд вырас больш (114%). Такім чынам, нам не ўдалося дабіцца менавіта якаснага росту эканомікі з пункту гледжання прамысловай вытворчасці, — сказаў Аляксандр Ярашэнка. Аляксандр Ярашэнка таксама перакананы, што якраз-такі выкананне якасных прагнозных паказчыкаў дазволіць скараціць адмоўнае сальда знешняга гандлю таварамі і паслугамі, якое за студзень-май 2011 года склалася ў памеры мінус 2,6 мільярда долараў і пагоршылася ў параўнанні з аналагічным перыядам 2010 года на 772,2 мільёна долараў. — Выкананне якасных паказчыкаў з улікам росту цэн на імпартныя сыравіну і матэрыялы павінна забяспечыць станоўчую дынаміку, якая намецілася, па скарачэнні адмоўнага сальда знешняга гандлю. Бо зараз дэвальвацыя нацыянальнай валюты аказала пазітыўны ўплыў на развіццё знешняга гандлю, што паказваюць адпаведныя лічбы. У прыватнасці, у маі захаваўся на рэкордна высокім узроўні (3,5 мільярда долараў) вартасны аб'ём экспарту тавараў. Сёлета за 5 месяцаў упершыню за апошнія некалькі гадоў тэмпы росту экспарту тавараў перавысілі тэмпы росту імпарту (161,2% супраць 156,7%). У выніку сёлета ў маі сальда знешняга гандлю таварамі і паслугамі ўпершыню, пачынаючы з лютага 2010 года, было станоўчым і склала 116 мільёнаў долараў. — Мне б хацелася зрабіць выснову, што, нягледзячы на наяўнасць пэўных складанасцяў, эканоміка Беларусі пачала рух у бок збалансаванасці. Я хачу яшчэ раз падкрэсліць, што асновай для збалансаванасці, для далейшага ўстойлівага эканамічнага росту Міністэрства эканомікі бачыць паляпшэнне менавіта якасных паказчыкаў гаспадарчай дзейнасці кожнай арганізацыі. Гэта з'яўляецца ў канчатковым выніку рэзервам і ключавым фактарам у павышэнні канкурэнтаздольнасці эканомікі краіны. Бюджэтнікі атрымаюць індэксацыю зарплат, калі інфляцыя будзе больш чым 5% за месяц Асобна журналісты пацікавіліся пра зарплаты: ці чакаць іх рост у бліжэйшы час? Аляксандр Ярашэнка патлумачыў: зараз пакуль захоўваецца рост рэальнай зарплаты над прадукцыйнасцю працы: — Статыстыкай зафіксаваны рост рэальнай зарплаты насельніцтва на 19,6% (прадукцыйнасць працы вырасла на 12,3%. — Аўт.), — кажа ён. — А галоўная задача збалансаванага росту заключаецца ў тым, каб прадукцыйнасць працы і зарплата былі адэкватныя і эквівалентныя. Гэта якраз тая аснова збалансаванасці, якой мы дабіваемся і якая павінна быць у эканоміцы. Пры гэтым ён адзначыў, што індэксацыя даходаў будзе, калі інфляцыя перавысіць 5% за месяц: — Будзе праведзена індэксацыя даходаў у сувязі з інфляцыяй, калі ў нас будзе перавышэнне інфляцыяй 5-працэнтнага парога. Для работнікаў бюджэтных арганізацый гэтая індэксацыя будзе праводзіцца ў абавязковым парадку за кошт бюджэтных сродкаў. А вось калі казаць пра арганізацыі рэальнага сектара эканомікі, то там аналагічная кампенсацыя таксама прадугледжана, але такі механізм павінен быць запісаны ў калектыўнай дамове гэтай арганізацыі: — Аплата працы павінна быць адназначна зарыентавана на прадукцыйнасць: калі арганізацыі рэальнага сектара могуць сабе дазволіць з пункту гледжання прыбытку і рэнтабельнасці продажаў павысіць сваім работнікам зарплату, то мы гэта толькі вітаем. Але такое павышэнне не павінна быць на шкоду ні самому прадпрыемству, ні эканоміцы Рэспублікі Беларусь, — адзначыў Аляксандр Ярашэнка. Павел БЕРАСНЕЎ. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі за першае паўгоддзе 2011 года агучыў і пракаментаваў на брыфінгу Аляксандр ЯРАШЭНКА, намеснік міністра эканомікі. У...
|
|