Мы ўсе ў адказе за нашу краіну
04.10.2011
—
Новости Политики
|
3 кастрычніка 2011 г. Паважаныя члены Савета Рэспублікі! Паважаныя запрошаныя і журналісты! Сёння мы пачынаем работу сёмай сесіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь чацвёртага склікання. У перыяд гэтай сесіі нам трэба будзе разгледзець і прыняць шэраг адказных заканадаўчых рашэнняў, накіраваных на забеспячэнне дынамічнага сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны. Але ў першую чаргу хачу спыніцца на тых пытаннях, якія сёння хвалююць усё наша грамадства. На жаль, апошнім часам у краіне абвастрыліся фінансавыя праблемы, перш за ўсё звязаныя з валютай. Гэта прывяло да павышэння цэн на прадукты харчавання і тавары і, як вынік, пэўнае зніжэнне пакупной здольнасці насельніцтва. Але мы павінны разумець, што ўсе гэтыя з'явы часовыя. Самае галоўнае — гэта тое, што рэальны сектар нашай эканомікі развіваецца вельмі паспяхова. У першым паўгоддзі па росце прамысловай вытворчасці Беларусь увайшла ў тройку краін-лідараў у СНД. Калі па краінах Садружнасці прамысловы рост у параўнанні з першым паўгоддзем 2010 года склаў 6 працэнтаў, то ў Беларусі амаль у два разы больш — 11,5 працэнта, а рост ВУП складае 110 працэнтаў. Назіраецца добрая дынаміка ў знешнім гандлі: тэмпы росту экспарту перавышаюць тэмпы росту імпарту. За ліпень-жнівень сальда знешняга гандлю ўпершыню за апошнія гады стала дадатным. Прычым не таму, што штучна зніжаны імпарт. Не, імпарт расце, але аб'ём экспарту расце яшчэ хутчэй, што сведчыць аб тым, што наша эканоміка набірае сілу. Прыняты важныя рашэнні на валютным рынку, накіраваныя на ўмацаванне беларускага рубля. Сёння сітуацыя ўзята пад кантроль Урадам і Нацыянальным банкам. Арганізаваны асноўныя і дадатковыя біржавыя сесіі, ліквідаваны перадумовы для спекуляцыйных аперацый. Урад адмяніў абмежаванні на куплю валюты для імпарту абсталявання. Тым самым зроблены важныя захады для ўстанаўлення раўнаважнага валютнага курсу. Адзіны валютны курс зробіць рынак больш прадказальным, дасць магчымасць суб'ектам гаспадарання вярнуцца да нармальных умоў работы.Разам з тым захаваны ранейшыя сацыяльныя абавязацельствы дзяржавы перад насельніцтвам, прымаюцца дадатковыя меры ў інтарэсах грамадзян. Гэта сведчанне таго, што мы не маем намеру адыходзіць ад курсу на правядзенне сацыяльна арыентаванай эканамічнай палітыкі. Так, з пачатку года чатыры разы ажыццяўляліся пераразлікі пенсій у сувязі са змяненнем бюджэту пражытковага мінімуму. З 1 лістапада гэтага года будзе праведзены пераразлік працоўных пенсій зыходзячы з сярэдняй заработнай платы работнікаў за трэці квартал 2011 года. Прадоўжана індэксаванне заработнай платы бюджэтнікаў у сувязі з ростам інфляцыі і цэн. Аказана аднаразовая матэрыяльная дапамога для сезоннай закупкі сельскагаспадарчай прадукцыі работнікам бюджэтнай сферы, непрацуючым пенсіянерам і грамадзянам, якія атрымліваюць асобныя віды сацыяльных дапамог. Будуць расці дапамогі сем'ям, якія выхоўваюць дзяцей, стыпендыі, а таксама будуць прыняты іншыя меры сацыяльнай падтрымкі грамадзян. З 1 кастрычніка павышана тарыфная стаўка першага разраду, а з 1 лістапада ў бюджэтнай сферы будуць уведзены дадатковыя дыферэнцыяльныя даплаты. Мэта ўсіх гэтых мер — не дапусціць зніжэння ўзроўню жыцця нашых грамадзян. Прынятыя Кіраўніком дзяржавы, Урадам і Нацыянальным банкам краіны рашучыя меры па забеспячэнні дынамічнага эканамічнага развіцця, узмацненні сацыяльнай абароны насельніцтва ў пэўнай ступені стабілізавалі спажывецкі рынак і знялі напружанасць у грамадстве. Хачу яшчэ раз падкрэсліць: сённяшнія цяжкасці маюць часовы характар, і яны вырашальныя. Я перакананы — мы іх пераадолеем. Але пераадолеем, калі будзем самааддана працаваць кожны на сваім рабочым месцы. Сёння ніхто не павінен стаяць убаку, мы ўсе ў адказе за нашу краіну. Несумненна, асаблівае месца ў вырашэнні бягучых пытанняў адводзіцца Нацыянальнаму сходу. Парламентарыі павінны падставіць плячо Кіраўніку дзяржавы пры вырашэнні неадкладных сацыяльна-эканамічных задач. Прынцыповае значэнне для гэтага, на мой погляд, будзе мець сёмая сесія, якая адкрываецца. Практычна кожны прыняты намі закон, кожны яго артыкул павінны працаваць на збалансаванае развіццё эканомікі і сацыяльнай сферы, павышэнне дабрабыту насельніцтва, умацаванне нацыянальнай бяспекі і стабільнасці ў грамадстве. Нашы планы на сёмую сесію ў многім вызначаны задачамі, якія былі пастаўлены на чацвёртым Усебеларускім народным сходзе, Праграмай сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2011—2015 гады і рашэннямі Кіраўніка дзяржавы на бягучы перыяд і на перспектыву. У перыяд паміж сесіямі мы актыўна ўдзельнічалі ў заканатворчым працэсе. Пастаяннымі камісіямі Савета Рэспублікі сумесна з профільнымі камісіямі Палаты прадстаўнікоў, міністэрствамі і ведамствамі прапрацавана больш за 40 праектаў законаў і ўзгоднены 4 праекты ўказаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Трэба сказаць, што такое супрацоўніцтва дае магчымасць ужо на ранняй стадыі ацаніць рыхтуемыя законапраекты, вызначыць іх адпаведнасць дзеючаму заканадаўству і ўплыў на жыццё нашай краіны. Зразумела, у эканамічным блоку законапраектаў галоўнай стане работа над праектам закона аб рэспубліканскім бюджэце на чарговы 2012 год. Гэты асноўны эканамічны дакумент запатрабуе ад нас адказнага і прафесійнага падыходу пры яго падрыхтоўцы. Ён павінен быць збалансаваным і рэалістычным, адпавядаць магчымасцям дзяржавы забяспечваць нармальнае функцыянаванне эканомікі і сацыяльнай сферы, выконваць свае знешнія абавязацельствы і, у канчатковым выніку, закласці трывалы фундамент далейшага развіцця краіны. У прыярытэтным парадку вядзецца работа над законапраектамі сацыяльнай сферы. Да іх можна аднесці законапраект аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Кодэкс аб шлюбе і сям'і, які накіраваны на лібералізацыю пытанняў рэгістрацыі шлюбаў, узмацненне сацыяльнай абароненасці дзяцей-сірот, упарадкаванне пытанняў аб усынаўленні. На ўзмацненне абароны дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, будуць накіраваны таксама папраўкі ў закон аб пашырэнні гарантый па сацыяльнай абароне гэтай катэгорыі асоб. Прадоўжыцца работа па заканадаўчым забеспячэнні адносін у сферы аховы здароўя. У прыватнасці, трэба будзе ўрэгуляваць пытанні, звязаныя з санітарна-эпідэміялагічным дабрабытам насельніцтва, прадухіленнем небяспечных захворванняў, аказаннем псіхіятрычнай дапамогі, а таксама забеспячэннем гарантый правоў грамадзян пры прымяненні дапаможных рэпрадуктыўных тэхналогій. Асаблівая ўвага будзе ўдзелена і рабоце над праектам Жыллёвага кодэкса. Сацыяльная значнасць гэтага прававога акта надзвычай вялікая. Ён датычыцца кожнага чалавека і прызначаны забяспечыць комплекснае ўрэгуляванне важнейшай сферы жыллёвых адносін. Важным новаўвядзеннем з'яўляецца пісьмовае пагадненне аб прызнанні членамі сям'і, якое будзе з'яўляцца адным з асноўных для ўзнікнення права карыстання жылым памяшканнем. Прадугледжваецца прыняць шэраг заканадаўчых актаў, якія сістэмна рэгулююць пытанні барацьбы з карупцыяй, гандлем людзьмі, дзяржаўнымі і іншымі цяжкімі злачынствамі. У іх, напрыклад, пашыраецца пералік мер па стварэнні атмасферы нецярпімасці адносна карупцыі, забеспячэнні галоснасці ў дзейнасці дзяржаўных службовых асоб; на прававым узроўні вызначаецца сістэма мер па абароне і рэабілітацыі ахвяр гандлю людзьмі; прадугледжваецца таксама выключэнне для ваеннаслужачых тэрміновай службы такога віду пакарання, як накіраванне ў дысцыплінарную воінскую часць, з заменай яго іншымі альтэрнатыўнымі мерамі. У ходзе сёмай сесіі трэба будзе разгледзець шэраг законапраектаў, накіраваных на забеспячэнне адпаведнасці прававога рэгулявання грамадскіх адносін рэальным палітычным і сацыяльна-эканамічным умовам. Важную ролю павінны адыграць, у прыватнасці, заканадаўчыя меры, накіраваныя на скарачэнне сферы ліцэнзавання, развіццё адносін арэнды і закладу, аптымізацыю адносін у сферы архіўнай справы і справаводства, культуры і кінематаграфіі, рэкламы, дзейнасці адвакатаў і іншыя. Асаблівую ўвагу члены Савета Рэспублікі павінны ўдзяліць пытанням стварэння Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь. Плануецца ўнесці папраўкі амаль у 30 заканадаўчых актаў, у тым ліку ў Крымінальна-працэсуальны кодэкс. Іх прыняцце дасць магчымасць забяспечыць працэсуальную незалежнасць следчых, належную якасць пракурорскага нагляду і ў цэлым павысіць эфектыўнасць сістэмы забеспячэння правапарадку і законнасці ў краіне. У міжсесіённы перыяд створаны сур'ёзны зачын па развіцці прававой базы ў сферы міжнародных адносін. Важнае значэнне для краіны будзе мець ратыфікацыя паправак да артыкулаў Пагаднення Міжнароднага валютнага фонду. Яны, у прыватнасці, датычацца перагляду квоты, якая адлюстроўвае адносную велічыню эканомікі нашай краіны ў сусветнай эканоміцы. Ратыфікацыя зацверджаных паправак дасць магчымасць Рэспубліцы Беларусь пашырыць сваё прадстаўніцтва і ўмацаваць свой голас у сістэме кіравання фондам. Трэба будзе таксама ратыфікаваць шэраг пагадненняў паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і Урадам Расійскай Федэрацыі, у тым ліку пра будаўніцтва і ўвод у эксплуатацыю ("пад ключ") на тэрыторыі нашай краіны атамнай электрастанцыі. Да ратыфікацыі падрыхтаваны і пакет пагадненняў, накіраваных на павышэнне эфектыўнасці дзейнасці Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы ва ўмовах узнікнення новых выклікаў і пагроз. Прадоўжыцца таксама работа па далейшым развіцці прававой базы Мытнага саюза. У ліку нашых прыярытэтаў у міжсесіённы перыяд заставалася міжнародная і міжпарламенцкая дзейнасць. Члены Савета Рэспублікі ўдзельнічалі ў рабоце Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі. Парламентарыі дзвюх краін правялі змястоўныя пасяджэнні камісій па пытаннях знешняй палітыкі, па сацыяльнай палітыцы, навуцы, культуры і гуманітарных пытаннях, па бяспецы, абароне і барацьбе са злачыннасцю. Асобнай тэмай абмеркавання стала ўдасканаленне ваенна-патрыятычнага выхавання моладзі ў Саюзнай дзяржаве і ўнясенне прапаноў па фарміраванні праекта бюджэту Саюзнай дзяржавы на 2012 год. Новы імпульс супрацоўніцтву Рэспублікі Беларусь з Кітайскай Народнай Рэспублікай надаў афіцыйны візіт у Мінск Старшыні Пастаяннага камітэта Усекітайскага сходу народных прадстаўнікоў У Банга. На сустрэчы ў Нацыянальным сходзе разгледжаны пытанні развіцця беларуска-кітайскага палітычнага дыялога, актывізацыі міжпарламенцкага ўзаемадзеяння, пашырэння гандлёва-эканамічных сувязяў і двухбаковых адносін у сферы навукі, культуры і адукацыі. Акрамя таго, былі падпісаны Мемарандум аб супрацоўніцтве паміж Нацыянальным сходам Рэспублікі Беларусь і Усекітайскім сходам народных прадстаўнікоў, а таксама шэраг міжурадавых пагадненняў. Члены Савета Рэспублікі ў складзе беларускай парламенцкай дэлегацыі прынялі ўдзел у чарговай 20-й штогадовай сесіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ ў Бялградзе. Значным поспехам работы нашай дэлегацыі стала прыняцце на пленарным пасяджэнні падрыхтаванай беларускім бокам рэзалюцыі, якая датычыцца плана дзеянняў Арганізацыі Аб'яднаных Нацый па барацьбе з гандлем людзьмі. Перспектывы развіцця адносін з Латвійскай Рэспублікай абмяркоўваліся ў Савеце Рэспублікі на сустрэчы з Дзяржаўным кантралёрам Латвіі Інгунай Судрабай. Дэлегацыя Савета Рэспублікі ўдзельнічала ва ўстаноўчым пасяджэнні Штогадовай канферэнцыі рэгіянальных і мясцовых органаў улады Усходняга партнёрства і ў пасяджэнні Бюро Камітэта рэгіёнаў Еўрапейскага саюза, якія прайшлі ў Познані. Пашырэнню інтарэсаў Рэспублікі Беларусь у Паўднёва-Усходняй Азіі будзе садзейнічаць атрыманне Нацыянальным сходам Рэспублікі Беларусь статусу наглядальніка ў МПА АСЕАН. Гэта рашэнне, прынятае 21 верасня ў Пнампені на 32-й Генеральнай асамблеі гэтай арганізацыі, прадастаўляе нам шматбаковую пляцоўку для міжпарламенцкага дыялога з дзяржавамі — членамі АСЕАН. У сесіённы перыяд важнейшай задачай будзе пашырэнне кантактаў з міжпарламенцкімі структурамі замежных краін. Важнай падзеяй стане правядзенне ў гэтым месяцы ў Мінску выязнога пасяджэння Савета Парламенцкай Асамблеі АДКБ. У канцы кастрычніка члены Савета Рэспублікі прымуць таксама ўдзел у планавых мерапрыемствах міжпарламенцкіх асамблей дзяржаў — удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў, Еўразійскага эканамічнага супольніцтва, Парламенцкай асамблеі Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы. У рамках Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі нас чакае работа па фарміраванні і прыняцці саюзнага бюджэту на наступны год. У першай дэкадзе кастрычніка плануецца візіт у Рэспубліку Беларусь нашых калег з парламента Рэспублікі Таджыкістан. Наша дэлегацыя таксама прыме ўдзел у 125-й Асамблеі МПС. Члены Савета Рэспублікі запрошаны наглядальнікамі за падрыхтоўкай і правядзеннем выбараў Прэзідэнта Кыргызскай Рэспублікі (30 кастрычніка) і выбараў дэпутатаў Дзяржаўнай Думы Федэральнага сходу Расійскай Федэрацыі (4 снежня). У міжсесіённы перыяд мы ўдзялялі асаблівую ўвагу рабоце ў рэгіёнах. З удзелам членаў Савета Рэспублікі прайшло больш за 50 сесій мясцовых Саветаў дэпутатаў. Членамі Савета Рэспублікі аказвалася дапамога мясцовым органам улады ў рэалізацыі рэгіянальных і тэрытарыяльных праграм сацыяльна-эканамічнага развіцця, добраўпарадкавання, падтрымкі асабістых падсобных гаспадарак грамадзян. Такое ўзаемадзеянне з рэгіянальнымі органамі ўлады набыло сістэмны характар і станоўча ацэньваецца на месцах. Саветам па ўзаемадзеянні з органамі мясцовага самакіравання пры Савеце Рэспублікі праводзілася актыўная падрыхтоўка выязнога пасяджэння на базе Бярозаўскага раёна, дзе ў кастрычніку будзе разгледжана пытанне аб сумеснай рабоце органаў кіравання і самакіравання па стварэнні ўмоў для развіцця прадпрымальніцтва і прыцягненні інвестыцый. Для ўзмацнення ўзаемадзеяння з мясцовымі Саветамі дэпутатаў членам Савета Рэспублікі неабходна актывізаваць правядзенне сустрэч з кіраўніцтвам мясцовых Саветаў дэпутатаў, у прыватнасці, сельскіх Саветаў. У цэнтры ўвагі гэтых сустрэч павінны знаходзіцца канкрэтныя пытанні жыцця рэгіёнаў і дзейнасці органаў мясцовага самакіравання па вырашэнні задач, пастаўленых Прэзідэнтам краіны ў рамках Дзяржаўнай праграмы ўстойлівага развіцця вёскі на 2011—2015 гады. Важнейшай задачай для нас застаецца пастаянная работа са зваротамі грамадзян. У міжсесіённы перыяд членамі Савета Рэспублікі разгледжана амаль 8 тысяч вусных і пісьмовых заяў і скаргаў, у тым ліку непасрэдна ў Савеце Рэспублікі — больш за трыста. У іх людзі ўзнімалі пытанні работы жыллёвай і камунальнай гаспадаркі, працы і сацыяльнай абароны, адукацыі, культуры, аховы здароўя, аховы сям'і, мацярынства і дзяцінства. Асобныя звароты змяшчалі канкрэтныя прапановы па ўдасканаленні заканадаўства. Відавочна, што падтрымка нашых грамадзян і своечасовае вырашэнне іх паўсядзённых запатрабаванняў — гэта і ёсць дзяржаўная палітыка. Людзі ацэньваюць дзейнасць улады праз прызму практычных спраў. Таму па кожным звароце, які паступіў да нас, павінна быць прынята канкрэтнае рашэнне. Нават калі пытанне невырашальнае, чалавек павінен атрымаць аператыўны і прафесійны адказ на сваю просьбу. У парламентарыях людзі павінны бачыць першых абаронцаў сваіх інтарэсаў. Для вырашэння гэтых пытанняў нам неабходна больш актыўна працаваць з дэпутацкім корпусам мясцовых Саветаў. Важная роля ва ўдасканаленні работы з людзьмі адводзіцца інфармацыйнай дзейнасці Савета Рэспублікі. У міжсесіённы перыяд на старонках "Советской Беларуси", "Народной газеты", "Звязды" і шэрагу рэгіянальных друкавых выданняў было падрыхтавана з удзелам нашых сенатараў і апублікавана больш за 150 матэрыялаў, якія датычацца дзейнасці Савета Рэспублікі і ў цэлым жыцця нашай краіны. Адбыўся шэраг выступленняў на радыё і тэлебачанні. У сесіённы перыяд неабходна яшчэ больш актыўна працаваць у гэтым напрамку, арганізуючы прэс-канферэнцыі, брыфінгі, прамыя тэлефонныя лініі ў рэдакцыях газет, тэле- і радыёстудыях. Паважаныя калегі! Наперадзе ў нас напружаная і змястоўная работа. Жадаю вам поспехаў у парламенцкай і прафесійнай дзейнасці! Дазвольце перайсці да разгляду пытанняў сённяшняга пасяджэння. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Выступленне Старшыні Савета Рэспублікі Рубінава А.М. на адкрыцці сёмай сесіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь чацвёртага склікання
|
|