Паслядоўна рухаючыся да вызначаных мэт. 21.by

Паслядоўна рухаючыся да вызначаных мэт

04.10.2011 — Новости Политики |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Паважаныя дэпутаты Палаты прадстаўнікоў!

Паважаныя запрошаныя і журналісты!

У адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь сёння, 3 кастрычніка 2011 года, пачынае работу дзявятая сесія Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь чацвёртага склікання.

У міжсесіённы перыяд створаны сур'ёзны зачын па ўсіх напрамках заканадаўчай дзейнасці. Да разгляду на дзявятай сесіі рыхтуецца больш за 60 дакументаў.

Спектр пытанняў, якія нам трэба будзе разгледзець, даволі шырокі. Падрыхтаваныя законапраекты накіраваны на рэалізацыю стратэгіі эканамічнай і сацыяльнай мадэрнізацыі краіны, выпрацаванай чацвёртым Усебеларускім народным сходам, і вырашэнне задач, пастаўленых Кіраўніком дзяржавы.

Прыярытэтам сесіі, безумоўна, з'яўляецца прыняцце праекта Закона аб рэспубліканскім бюджэце на 2012 год. Гэты дакумент павінен забяспечыць аптымальныя ўмовы для паступальнага, рытмічнага развіцця эканомікі і паслядоўнага выхаду на ўстаноўленыя параметры ў галіне сацыяльнай палітыкі. Тут асабліва будуць запатрабаваны прафесіяналізм і ініцыятыўнасць дэпутацкага корпуса, а галоўнае — наша веданне рэальнага стану спраў на месцах.

Прадоўжыцца работа па стымуляванні дзелавой актыўнасці. Гэтай мэце паслужаць далейшае спрашчэнне ліцэнзавання, карэкціроўка заканадаўства па пытаннях бюджэтных і падатковых адносін, удасканаленне Грамадзянскага кодэкса, а таксама аптымізацыя ўмоў развіцця рэкламнага рынку.

Мы разгледзім праект Закона "Аб дзяржаўнай інавацыйнай палітыцы і інавацыйнай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь", які мае прынцыповае значэнне для фарміравання інавацыйнага аблічча краіны. Нам трэба будзе выйсці на стварэнне такога прававога механізма, пры якім крэдытная, падатковая, мытная палітыка стане дзейсным стымулам павышэння інавацыйнай актыўнасці ва ўсіх сферах эканомікі.

Своечасовымі з'яўляюцца меры, накіраваныя на зніжэнне рызык, звязаных з развіццём рыначных адносін. У прыватнасці, размова ідзе аб стварэнні прававых умоў для стабілізацыі дзейнасці прадпрыемстваў, якія аказаліся на мяжы банкруцтва, а таксама спынення выпадкаў рэйдарства. Прыняцце праекта новага Закона "Аб эканамічнай неплацежаздольнасці (банкруцтве)" дасць магчымасць павысіць устойлівасць жыццёва важных для краіны вытворчасцяў і тым самым умацаваць эканамічную бяспеку дзяржавы.

У полі нашага зроку будуць знаходзіцца і пытанні абароны правоў спажыўцоў. Папраўкі, якія ўносяцца ў адпаведны закон, спросцяць вырашэнне праблем, што ўзнікаюць па віне нядобрасумленных прадаўцоў і вытворцаў тавараў. Расходы, звязаныя з аказаннем паслуг грамадскімі аб'яднаннямі спажыўцоў, будуць кампенсавацца за кошт вінаватага боку.

Нягледзячы на часовыя фінансава-эканамічныя цяжкасці, дзяржава паслядоўна рэалізуе курс на павышэнне якасці жыцця грамадзян. Гэта пацвярджае і той аб'ёмны пакет дакументаў сацыяльнага блока, якія мы плануем разгледзець на працягу сесіі. Тут адзначу ў першую чаргу рашэнні па развіцці сферы аховы здароўя. У ліку найбольш рэзанансных трэба назваць праекты законаў "Аб санітарна-эпідэміялагічным дабрабыце насельніцтва", "Аб дапаможных рэпрадуктыўных тэхналогіях", "Аб папярэджанні распаўсюджвання захворванняў, якія ўяўляюць небяспеку для здароўя насельніцтва, віруса імунадэфіцыту чалавека". Пры гэтым падкрэслю, што два апошнія законапраекты з'яўляюцца новымі для нашай прававой сістэмы.

Не менш значныя рашэнні будуць прыняты і ў сферах прававога рэгулявання сямейных адносін, а таксама абароны правоў і інтарэсаў дзяцей, у тым ліку права на жылое памяшканне такой слабаабароненай катэгорыі, як дзеці-сіроты і дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў.

На фінальную стадыю выйшла работа над праектам Жыллёвага кодэкса. Уступленне ў сілу яго палажэнняў дасць магчымасць зняць многія існуючыя праблемы ў гэтай галіне, уключаючы пытанні ўласнасці, адчужэння жылля, іпатэкі.

Развіццё прававых інстытутаў непарыўна звязана з практыкай судовага вырашэння спрэчак. Менавіта гэтым абумоўлена актуальнасць удасканалення заканадаўчых асноў судаводства. У ходзе сесіі мы абмяркуем пытанні ўвядзення працэдуры завочнага разбору грамадзянскіх спраў, пашырэння паўнамоцтваў судоў другой інстанцыі пры разглядзе крымінальных спраў, інакш кажучы, гэта разгляд спраў па сутнасці і вынясенне прыгавораў у судзе касацыйнай інстанцыі. Прадугледжваецца таксама развіццё практыкі пазасудовага спагнання грашовых сум з даўжніка па выканаўчым надпісе натарыуса. Усе гэтыя меры дадуць магчымасць знізіць нагрузку на суды, а такім чынам больш эфектыўна абараняць правы грамадзян і юрыдычных асоб.

Важны крок будзе зроблены ў справе рэфармавання адвакатуры. Прыняцце праекта адпаведнага закона будзе садзейнічаць павышэнню якасці аказваемай адвакатамі юрыдычнай дапамогі, іх прафесіяналізму і адказнасці.

Шэраг сур'ёзных рашэнняў трэба будзе прыняць у сферах нацыянальнай бяспекі, забеспячэння законнасці і правапарадку. Гэта ў першую чаргу праект Закона аб процідзеянні гандлю людзьмі і папраўкі ў Закон аб барацьбе з карупцыяй.

Значная ўвага будзе ўдзелена пытанням папярэджання правапарушэнняў у маладзёжным асяроддзі. Плануецца ўвесці абмежаванне на знаходжанне непаўналетніх ва ўзросце да шаснаццаці гадоў у грамадскіх месцах у начны час без суправаджэння дарослых. Ажыццяўляецца комплексная карэкціроўка Закона "Аб асновах сістэмы прафілактыкі безнагляднасці і правапарушэнняў непаўналетніх". Трэба будзе разгледзець законапраект "Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь "Аб наркатычных сродках, псіхатропных рэчывах і іх прэкурсорах", накіраваны на ўдасканаленне сістэмы дзяржаўнага кантролю за абаротам наркатычных сродкаў і прафілактыкі іх спажывання перш за ўсё сярод дзяцей і моладзі.

Адначасова прадоўжыцца работа па ўдасканаленні крымінальнага заканадаўства. Адносна ваеннаслужачых тэрміновай службы прадугледжваецца выключэнне пакарання за воінскія злачынствы ў выглядзе ўтрымання ў дысцыплінарнай воінскай часці.

Умацаванню іміджу нашай краіны як дзяржавы, якая эфектыўна ўкараняе нормы міжнароднага гуманітарнага права, будзе садзейнічаць новая рэдакцыя Закона "Аб Беларускім Таварыстве Чырвонага Крыжа".

Міжнародная дзейнасць Палаты прадстаўнікоў у міжсесіённы перыяд была накіравана на далейшае развіццё міжпарламенцкіх кантактаў і пашырэнне інтарэсаў краіны на міжнароднай арэне.

Ініцыятыўным быў удзел нашай парламенцкай дэлегацыі ў 20-й сесіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ, асноўнай тэмай парадку дня якой было абмеркаванне пытанняў павышэння эфектыўнасці і дзейснасці гэтай арганізацыі. Шэраг паправак беларускага боку, у тым ліку якія датычацца рэформы АБСЕ, адобраны ўдзельнікамі пасяджэння. Беларуская дэлегацыя таксама прадставіла заяву па ўзгодненай пазіцыі дэлегацый краін — членаў АДКБ па рэформе АБСЕ. Сур'ёзным поспехам стала вынясенне на пленарнае пасяджэнне сесіі падрыхтаванай беларускім бокам рэзалюцыі "Ажыццяўленне Глабальнага плана дзеянняў Арганізацыі Аб'яднаных Нацый па барацьбе з гандлем людзьмі" і яе аднадушнае прыняцце.

Менш за два тыдні таму адбылася падзея, якая мае выключнае значэнне для пашырэння міжнародных кантактаў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. У ходзе 32-й Генеральнай асамблеі Міжпарламенцкай асамблеі Асацыяцыі краін Паўднёва-Усходняй Азіі беларускаму Парламенту быў прадастаўлены статус наглядальніка ў гэтай аўтарытэтнай арганізацыі.

Перад намі адкрываюцца новыя магчымасці для развіцця супрацоўніцтва ў адным з самых перспектыўных рэгіёнаў свету.

У АСЕАН уваходзяць дзесяць дзяржаў — Бруней, В'етнам, Інданезія, Камбоджа, Лаос, Малайзія, М'янма, Сінгапур, Тайланд і Філіпіны. Гэта прыкладна 600 мільёнаў насельніцтва. Сукупны ВУП гэтых краін складае 1,9 трыльёна долараў ЗША. Аб палітычнай вазе гэтай уплывовай арганізацыі сведчыць і той факт, што статус наглядальніка ў ёй маюць парламенты Аўстраліі, Індыі, Канады, Кітая, Новай Зеландыі, Папуа — Новай Гвінеі, Рэспублікі Карэя, Расіі, ЗША, Японіі, а таксама Еўрапейскі парламент.

Прадаўжалася актыўная работа дэпутатаў у Парламенцкім Сходзе Саюза Беларусі і Расіі, Міжпарламенцкай Асамблеі Еўразійскага эканамічнага супольніцтва, Міжпарламенцкай Асамблеі дзяржаў — удзельніц СНД. На планавай аснове праводзіліся пасяджэнні камісій гэтых міжнародных арганізацый. Напярэдадні гадавіны СНД дэпутаты прынялі актыўны ўдзел у Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі на тэму "20 гадоў Садружнасці Незалежных Дзяржаў", якая праходзіла ў г. Мінску.

Ключавым мерапрыемствам праграмы двухбаковага міжпарламенцкага супрацоўніцтва быў афіцыйны візіт у Рэспубліку Беларусь кітайскай парламенцкай дэлегацыі на чале са Старшынёй Пастаяннага камітэта Усекітайскага сходу народных прадстаўнікоў У Банга. У ходзе візіту падпісаны Мемарандум аб супрацоўніцтве паміж Нацыянальным сходам Рэспублікі Беларусь і Усекітайскім сходам народных прадстаўнікоў Кітайскай Народнай Рэспублікі, а таксама пакет двухбаковых дакументаў міжурадавага характару. Без перабольшання, адкрыта новая старонка ва ўзаемадзеянні парламентаў дзвюх краін.

У перыяд паміж сесіямі прайшлі сустрэчы дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў з парламентарыямі Вялікабрытаніі, Ірака, Ірана, прадстаўнікамі дыпламатычнага корпуса замежных дзяржаў, акрэдытаванымі ў Рэспубліцы Беларусь.

Закранаючы планы нашай міжнароднай дзейнасці на чацвёрты квартал 2011 года, адзначу, што ў г. Мінску пройдзе пасяджэнне Савета Парламенцкай Асамблеі Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы, у якім прадугледжваецца ўдзел кіраўнікоў парламентаў дзяржаў — членаў АДКБ.

Чакаюцца візіты ў Беларусь парламенцкіх дэлегацый Эстоніі і Ірана. Плануецца афіцыйны візіт нашай парламенцкай дэлегацыі ў Азербайджанскую Рэспубліку.

Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў прымуць удзел у міжнародным наглядзе за прэзідэнцкімі выбарамі ў Кыргызскай Рэспубліцы і парламенцкімі выбарамі ў Расійскай Федэрацыі, а таксама ў планавых мерапрыемствах па лініі Парламенцкага Сходу Саюза Беларусі і Расіі, парламенцкіх структур СНД, ЕўрАзЭС і АДКБ.

Напружаная работа чакаецца ў рамках асенняга пасяджэння Парламенцкай асамблеі АБСЕ ў Харватыі, 125-й Асамблеі Міжпарламенцкага саюза ў г. Берне, пасяджэнняў парламенцкай структуры Цэнтральнаеўрапейскай ініцыятывы, Парламенцкай асамблеі Чарнаморскага эканамічнага супрацоўніцтва і іншых міжпарламенцкіх арганізацый.

Важнейшым напрамкам нашай дзейнасці была і застаецца непасрэдная работа з выбаршчыкамі. У міжсесіённы перыяд дэпутаты разгледзелі больш за 2700 зваротаў і прынялі больш за 3000 грамадзян. Вельмі важна, каб сувязь з людзьмі не слабела. Трэба прадаўжаць адкрыты дыялог па ўсіх злабадзённых пытаннях і аказваць максімальнае садзейнічанне мясцовым органам улады ў аператыўным вырашэнні праблем насельніцтва, абароне найбольш слабаабароненых катэгорый грамадзян.

Паважаныя калегі!

Як відаць з абазначаных планаў, сесія будзе даволі напружаная. Важна падкрэсліць і тое, што яна пройдзе пад знакам 15-годдзя з дня ўтварэння Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Для нас гэта нагода яшчэ раз прааналізаваць нашу работу, каб павысіць яе эфектыўнасць.

На заканчэнне, паважаныя калегі, дазвольце падзякаваць вам за добрую падрыхтоўку да сесіі і пажадаць плённай работы.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Выступленне Старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Андрэйчанкі У.П. на адкрыцці дзявятай сесіі Палаты прадстаўнікоў...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Политики)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика