З настроем на рэальныя справы. 21.by

З настроем на рэальныя справы

25.11.2011 — Новости Политики |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 28 лістапада адзначыць 15-годдзе з пачатку сваёй дзейнасці. За гэты час парламентарыі прынялі больш за 1500 законаў, у тым ліку амаль 600 — аб ратыфікацыі міжнародных пагадненняў і дагавораў, якія працуюць на развіццё краіны і абарону інтарэсаў грамадзян. З нагоды знамянальнай даты Старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір АНДРЭЙЧАНКА даў інтэрв'ю "Звяздзе".

— Уладзімір Паўлавіч, па статыстыцы атрымліваецца, што кожны год парламент прымае ў сярэднім звыш сотні законаў. Чым выклікана такая высокая інтэнсіўнасць заканатворчага працэсу?

Мы, цяперашнія дэпутаты, вельмі ўдзячныя нашым папярэднікам, якія разам з Саветам Міністраў, Саветам Рэспублікі і Адміністрацыяй Прэзідэнта распачыналі заканадаўчую работу, а ў першым парламенцкім скліканні — літаральна з нуля. Многае за 15 мінулых гадоў зроблена па кадыфікацыі заканадаўства. Прыняты 31 кодэкс. Гэта ж не проста аб'ёмныя, але і вельмі складаныя для распрацоўкі нарматыўна-прававыя дакументы, асноватворнага, комплекснага і сістэмнага характару. Тое, што краіна сёння мае моцную, сучасную прававую базу, пацвярджае здольнасць парламента працаваць кваліфікавана і прадуктыўна.

— Калі паглядзець на створаную заканадаўчую прастору панарамна, то што вы асабліва адзначылі б буйнымі штрыхамі?

— Адзначу перш за ўсё стратэгічны, канцэптуальны, планавы падыход дзяржавы да фарміравання і ўдасканалення заканадаўства. Прыняты ўсе канстытуцыйныя законы. Створана шырокая нарматыўна-прававая база эканамічнай дзейнасці, нацыянальнай бяспекі, міжнароднага ўзаемадзеяння. Заканадаўча зафіксаваны гарантыі сацыяльнай абароны, захавання правоў і свабод грамадзян. Дакладна вызначаны сферы дзейнасці, функцый і адказнасці розных галін дзяржаўнай улады — як заканадаўчай, так выканаўчай і судовай. Гэта да пытання аб ажыццяўленні падзелу ўлады, на чым любяць спекуляваць нашы палітычныя апаненты. Палатай прадстаўнікоў набыты вялікі вопыт работы над Законам аб рэспубліканскім бюджэце. Прычым бюджэт прымаецца своечасова, што дазваляе забяспечваць жыццядзейнасць краіны на працягу кожнага фінансавага года.

Прынцыпова важна, што ўся прававая сістэма краіны функцыянуе ў адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і агульнапрызнанымі прынцыпамі і нормамі міжнароднага права.

Вядома, як жывы, дзейны юрыдычны механізм, нарматыўна-прававая база абнаўляецца і ўдасканальваецца на кожным этапе развіцця краіны. Адпаведна заканадаўчая дзейнасць Палаты прадстаўнікоў кожнага склікання мае свае змястоўныя і тэматычныя адметнасці, хаця галоўная лінія ў ёй застаецца нязменнай — адэкватнасць законаў дзяржаўнай палітыцы, нашым нацыянальным інтарэсам. Прыярытэтныя напрамкі ўдасканалення заканадаўства штогод вызначаюцца ў пасланнях Прэзідэнта А.Р. Лукашэнкі беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу.

— Якія адметнасці характэрны для заканатворчай работы ў апошнія гады?

— Нарошчваючы і абнаўляючы дзейнае прававое поле па шырокім дыяпазоне наспелых пытанняў дзяржаўнага будаўніцтва, эканамічных адносін, праваахоўнай дзейнасці, прыродакарыстання, адукацыі, аховы здароўя, культуры і іншых сфер, Палата прадстаўнікоў цяперашняга, чацвёртага склікання на першы план паставіла эканамічную тэматыку. Думаю, наўрад ці варта тлумачыць важнасць заканадаўчага забеспячэння новай стратэгіі развіцця эканомікі, прычым у няпростых умовах, выкліканых глабальнымі фінансава-эканамічнымі праблемамі.

Вы ведаеце, што рост эканомікі ў краіне захоўваецца, хаця перыяд яе стабілізацыі яшчэ не завершаны, ідзе напружаная работа па пераадоленні праблем, якія існуюць. Увесь пакет законапраектаў эканамічнай накіраванасці, якія прымаюцца, павінен быць адэкватны праграмным устаноўкам, прынятым на чацвёртым Усебеларускім народным сходзе. Захоўваць інтарэсы ўсіх слаёў насельніцтва і ствараць максімальна спрыяльны дзелавы клімат — такі галоўны прынцып нашай работы па ўдасканаленні нарматыўна-прававой базы. У заканадаўства ўведзены комплекс навацый па стымуляванні рэальнага сектара эканомікі, лібералізацыі гаспадарчых адносін, пазбаўленні іх ад залішніх бюракратычных працэдур, развіцці прадпрымальніцтва і прадпрымальніцкай ініцыятывы ў шырокім сэнсе. Гэта ключавыя каардынаты змяненняў і дапаўненняў, якія датычацца гаспадарчай практыкі, ліцэнзавання, рэгістрацыі і спынення дзейнасці суб'ектаў гаспадарання, падаткаабкладання, дадатковых прававых мер падтрымкі айчынных вытворцаў, стварэння камфортных умоў для інвестараў, маёмасных і іншых праваадносін у эканоміцы, а таксама развіцця навуковай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці.

А ў цэлым жа ўсё нацыянальнае заканадаўства абнаўляецца па траекторыі запаўнення прабелаў, выяўленых правапрымяняльнай практыкай, большай канкрэтызацыі, адмены састарэлых альбо супярэчлівых прававых палажэнняў і замацавання стымулюючых нормаў. Ідзе даволі напружаная работа, якой мы займаемся, падкрэсліваю, у шчыльным узаемадзеянні з нашымі партнёрамі па заканатворчасці, — урадам, Адміністрацыяй Прэзідэнта, Саветам Рэспублікі і іншымі дзяржаўнымі органамі, якія ўдзельнічаюць у нарматворчым працэсе.

— Гэтае партнёрства вы лічыце прынцыпова важным?

— Яно з'яўляецца, я сказаў бы, ключавым фактарам у арганізацыі заканатворчай дзейнасці і фарміраванні заканадаўства. Без яго ствараць збалансаваную, дзейсную прававую базу проста немагчыма.

— Справа ў працэдурных пытаннях?

— Працэдурны механізм распрацоўкі і далейшага праходжання законапроектаў — вельмі істотная частка заканатворчага працэсу. Ён, безумоўна, уплывае на ўзровень нарматыўнага рэгулявання. Мы яго пастаянна адсочваем, хаця ён і адпрацаваны. Я маю на ўвазе ў першую чаргу змястоўную частку нашага рабочага ўзаемадзеяння — забеспячэнне высокай юрыдычнай якасці законаў, прагназаванне наступстваў тых ці іншых магчымых прававых новаўвядзенняў, маніторынг правапрымяняльнай практыкі. Вырашаць гэтыя задачы можна толькі сумесна, што мы і робім, каардынуючы заканатворчую дзейнасць і выпрацоўваючы ўзгодненую пазіцыю па кожным законапраекце.

— Пошук такой пазіцыі, напэўна, бывае няпростым?

— Таму што і заканадаўчы працэс вельмі працаёмкі і складаны.

— Ці ўзнікае рознагалоссе паміж удзельнікамі заканатворчага працэсу?

— Калі б у заканатворчай рабоце ўсе ішло як па масле, то гэта было б, па меншай меры, дзіўна. Розныя меркаванні і прапановы пры абмеркаванні асабліва складаных па прадмеце прававога рэгулявання законапраектаў — нармальная з'ява. Зразумела, яны абмяркоўваюцца, узважваюцца і, у выніку, прымаюцца або адхіляюцца. Усе пытанні вырашаем па-дзелавому, зладжана. Так і павінны дзейнічаць галіны ўлады.

— Гледзячы тэлевізійныя навіны, прыходзіш да высновы, што ў Палаце прадстаўнікоў значна больш парадку, чым у шэрагу замежных парламентаў, дзе дэпутаты бясконца высвятляюць адносіны. Гэта тлумачыцца парламенцкай культурай дэпутатаў?

— Вы закранулі вельмі важны бок парламенцкага жыцця. Бе- зумоўна, парламенцкая культура мае вялікае значэнне. Але яе не можа быць без агульнай культуры дэпутата, яго асобаснай развітасці і грамадзянскай адказнасці за свае паводзіны. Калі ў парламент выбіраюцца разумныя людзі, добра падрыхтаваныя прадуктыўна працаваць на карысць краіны, то мяжу прыстойнасці яны не пераступяць нават у самых гарачых дэбатах. Ведаючы сваіх калег, лічу, што яны з'яўляюцца менавіта такімі людзьмі.

Я глыбока перакананы, што для заканадаўчага і прадстаўнічага органа не можа быць нічога горшага, калі заканатворчая работа, канкрэтныя справы, у тым ліку ў сваіх выбарчых акругах, падмяняюцца палітыканствам і рыторыкай. Ні да чаго добрага не можа прывесці процістаянне як у парламенцкіх сценах, так і паміж галінамі ўлады. Нам вядома гэта не толькі на горкім замежным вопыце, але і на прыкладзе былога Вярхоўнага Савета ў сярэдзіне 90-х гадоў.

— Але апаненты ўлады бачаць у гэтым дасягненне дэмакратыі.

— Ведаеце, дальтонікі не заўсёды бачаць тое, што і звычайныя людзі. Калі некаторым палітычным групоўкам хочацца завесці краіну ў тупік, то яны маюць права на такую мару, але дазволіць ім ажыццявіць яе ні ў якім разе нельга. Пазіцыя Палаты прадстаўнікоў адназначная і адказная: паступальны рост эканомікі і паляпшэнне на гэтай аснове якасці жыцця людзей немагчыма без палітычнай і грамадскай стабільнасці.

— Што, на ваш погляд, аб'ядноўвае цяперашні склад парламента?

— У дэпутатаў ёсць агульнае разуменне дзяржаўных задач, мэт грамадскага развіцця і заканадаўчай дзейнасці. На гэтым і грунтуецца ўся наша работа.

— На міжнароднай арэне таксама?

— У тым ліку і на гэтым вектары. Яго значэнне асабліва ўзмацняецца ў цяперашняй міжнароднай сітуацыі. За мінулае пятнаццацігоддзе створана салідная нарматыўна-прававая база міжнароднага супрацоўніцтва, і мы нарошчваем яе рэсурс з улікам новых задач. Нягледзячы на навязанае тым жа, скажам, Еўрапарламентам негатыўнае інфармацыйнае ўспрыняцце Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь з мэтай прыніжэння ролі нашай дзяржавы, яе палітыка-эканамічнага патэнцыялу, свой агульнапрызнаны статус беларускі парламент захоўвае. Якім чынам? Актыўным удзелам у міжпарламенцкім супрацоўніцтве, праз двухбаковую і шматбаковую парламенцкую дыпламатыю, наладжванне паўнацэннага ўзаемадзеяння з парламентамі праз Міжпарламенцкі саюз, еўрапейскія парламенцкія структуры, Міжпарламенцкія асамблеі СНД, Еўразійскай эканамічнай супольнасці і іншыя міжнародныя арганізацыі. Ініцыятыўныя паводзіны дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў у міжнародных парламенцкіх зносінах накіраваны на дасягненне не абстрактных, а канкрэтных вынікаў, карысных для Беларусі.

— Гэта пацвярджае і нядаўні афіцыйны візіт дэлегацыі Нацыянальнага сходу на чале з вамі, Уладзімір Паўлавіч, у Азербайджан, які шырока асвятляўся ў СМІ, у тым ліку на старонках "Звязды"?

— Так, мы робім акцэнт на эканамічным складніку парламенцкай дыпламатыі, на яго практычным выкарыстанні для рэалізацыі нашых гандлёва-эканамічных інтарэсаў. Зразумела, на ўзаемавыгаднай аснове. Узаемная зацікаўленасць ёсць і рэалізуецца ў розных сферах эканомікі. Калідор магчымага для далейшага руху наперад шырокі.

— Новае поле адкрылася для заканадаўцаў у фармаце Мытнага саюза і Адзінай эканамічнай прасторы Беларусі, Расіі і Казахстана, а таксама ў сувязі са стварэннем у СНД зоны свабоднага гандлю. Кіраўнікамі трох нашых дзяржаў нядаўна падпісана Дэкларацыя аб еўразійскай эканамічнай інтэграцыі. Так што заканатворчая перспектыва шырокая.

— Я сказаў бы, што АЭП — гэта стратэгічны імператыў эканамічнага вымярэння нашай парламенцкай дыпламатыі. Сарцавіна тут — умацаванне заканадаўчай прасторы. Прававы каркас Мытнага саюза і АЭП быў створаны вельмі аператыўна. Цяпер нацыянальныя парламенты будуць нарошчваць яго і каардынаваць намаганні па далейшай гарманізацыі нарматыўна-прававой базы эканамічнай палітыкі. Калі ўсё і далей пойдзе так, як задумана, то на еўразійскай прасторы можа з'явіцца новая матрыца эканамічных адносін, выгадных кожнай краіне.

— На вашу думку, якая перспектыва развіцця беларуска-расійскіх парламенцкіх кантактаў пасля маючых адбыцца неўзабаве выбараў у Дзяржаўную Думу Федэральнага Сходу Расійскай Федэрацыі?

— Беларусь і Расія з'яўляюцца першапраходцамі на прасторы былога Савецкага Саюза ў вызначэнні новай парадыгмы рознабаковага збліжэння. Нашы дзяржавы першымі з былых саюзных рэспублік усвядомілі, што шэраг эканамічных і іншых праблем можна вырашаць толькі сумесна, пры цеснай інтэграцыі. Яна і стала такой у многім дзякуючы актыўнаму ўзаемадзеянню беларускіх і расійскіх парламентарыяў, у першую чаргу ў рамках Парламенцкага Сходу Саюза Беларусі і Расіі. Напрацавана цікавая змястоўная практыка парламенцкага партнёрства ў будаўніцтве Саюзнай дзяржавы.

Заканадаўчая база рэалізацыі сумесных інтарэсаў нашых дзяржаў ахоплівае ўсе напрамкі двухбаковага ўзаемадзеяння, у тым ліку прыняцце саюзнага бюджэту, рэалізацыю сумесных інтэграцыйных праграм і праектаў. Нам удалося сумясціць прававыя стандарты там, дзе гэта магчыма. Мы выйшлі на адзіныя прававыя нормы па шэрагу аспектаў грамадзянскага, гаспадарчага і сацыяльнага заканадаўства, прававой базы абароны, нацыянальнай бяспекі і аховы грамадскага парадку. Я думаю, што гарманізацыю нашых прававых сістэм, як знешнепалітычнае і іншае наша ўзаемадзеянне, мы прадоўжым з новым складам Дзяржаўнай Думы, які будзе сфарміраваны на парламенцкіх выбарах. Спадзяюся, што добрыя рабочыя кантакты беларускіх і расійскіх парламентарыяў умацуюцца.

— Уладзімір Паўлавіч, пятнаццацігоддзе Палаты прадстаўнікоў хоць і паўкруглая дата, але важны рубеж у развіцці беларускага парламентарызму. Што, на ваш погляд, з'яўляецца самым істотным у назапашаным за гэты час парламенцкім досведзе?

— Рэальныя справы. Менавіта яны робяць заканадаўчую і ўсю іншую парламенцкую працу эфектыўнай, карыснай дзяржаве і людзям.

Аляксандр Філімонаў.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 28 лістапада адзначыць 15-годдзе з пачатку сваёй дзейнасці. За гэты час парламентарыі прынялі больш за...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Политики)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика