Абвастрэнне адносінаў беларускіх уладаў з Еўрасаюзам, якое вылілася ў кансалідаванае адкліканне краінамі ЕС паслоў з Мінску, і яго магчымыя наступствы каментуе БелаПАН актывіст грамадзянскай кампаніі "Гавары праўду!" Міхась Пашкевіч:
"З боку беларускага ўладара гэта такая спроба вярнуць папулярнасць сапраўды народную, эмацыйную — калі людзі бачаць, што вось ён, той самы Лукашэнка, зноў на кані, ён можа, як і раней з Драздоў, паперці ўсіх амбасадараў за дзве хвіліны.
Іншая справа, мне падаецца, яны не чакалі такой кансалідаванай рэакцыі, што ўсе амбасадары з'едуць. Ідэолагі з адміністрацыі прэзідэнта любілі смяяцца: што ваш Еўрасаюз, няма ніякай кансалідаванай пазіцыі, вось у нас, Беларусі, ёсць адна пазіцыя. <..> Дарэчы, беларускія ўлады падставілі сваіх партнёраў са Славеніі, Латвіі, якія раней паціху, але выцягвалі Лукашэнку з пасткі. Зараз гэтыя дзяржавы, не самыя буйныя ў Еўрасаюзе, абцяжараныя абавязкамі, вымушаныя падпарадкоўвацца агульнай салідарнасці".
"У беларускай улады зараз — далёка не лёгкія часы, — лічыць Пашкевіч. — Упэўнены, што ў МЗС да ночы сядзяць і думаюць, як гэтае пытанне хутчэй вырашыць. Пры ўсёй добрай міне, якую яны робяць".
"Ад таго, што адбываецца, найбольш выйграе ЕС, — лічыць актывіст. — Ён разрубіў гэты гордзіеў вузел, каторы зацягваўся ўжо колькі гадоў. Кшталту гандаль палітвязнямі, пастаянныя абвінавачванні ў тым, што яны — не прынцыповыя і патакаюць Лукашэнку. Зараз яны папросту ўмылі рукі, і мы вінаватыя ў гэтым самі. Мы чамусьці лічылі, што Брусель, Страсбург, Вільня ці Варшава чымсьці нам абвязаныя. Нічым не абвязаныя! І вось зараз разграбаць усё гэта ... будзем мы самі. Так што, у выніку, прайграла беларуская апазіцыя, беларуская дзяржава, прайграў Лукашэнка. А Еўрасаюз выйшаў сухім з вады. І яшчэ вялікае пытанне, як зараз будуць вяртацца амбасадары. Бо гэта больш патрэбна Лукашэнку, чым Еўропе".