Нашто раздзімаюць мыльную бурбалку Ляўковіча?. 21.by

Нашто раздзімаюць мыльную бурбалку Ляўковіча?

21.08.2012 — Новости Политики |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:


Прадстаўнікі ўлад перыядычна папікаюць партыі, што тыя на выбарах не надта актыўныя. Дык дзіва што: за 18 гадоў, цягам якіх кіруе Лукашэнка, апазіцыю хіба што дустам не спрабавалі! Душаць-душаць, як той Шарыкаў катоў, а потым, калі надыходзіць час ладзіць чарговы электаральны спектакль, пачынаюць кракадзілавы слёзы ліць: нешта пацыент слаба варушыцца!

Ці такі факт: другое дзесяцігоддзе ніводнай новай партыі не рэгіструюць. Напрыклад, хрысціянскіх дэмакратаў Мінюст чатыры разы пракідваў. Як фанера над Парыжам праляталі раз за разам іншыя партыі, грамадскія арганізацыі -- той жа “Малады фронт”, аб’яднанне “За справядлівыя выбары” і г.д. А ў праваабарончай  “Вясны” нават адабралі ў свой час рэгістрацыю, каб ямчэй было душыць.

Але на гэтых парламенцкіх выбарах загнаныя на маргінэс партыі ўсё ж паказалі нейкі патэнцыял. Конкурс на кандыдатаў, насуперак нараканням пані Ярмошынай, аказаўся большы, чым падчас кампаніі 2008 года: тады было 365 прэтэндэнтаў, зараз -- 494, прычым болей за палову -- 264 -- вылучаны менавіта партыямі. Дзеля гэтага нядаўна ладзіліся з’езды. Звыш таго, варушацца, нешта робяць і тыя палітычныя сілы, якія імкнуцца зладзіць байкот.

Аднак дзяржаўная прэса гэтых рэчаў ва ўпор не бачыць. Днямі галоўнае выданне ўлад зазначыла: “Якая інтэнсіўнасць палітычнага жыцця, такая і цікавасць да яго з боку газеты… Таму мы з вялізнай цікавасцю ловім кожную свежую вестачку, каб хоць неяк захаваць рубрыку “Партыйнае жыццё”.

Між іншым зазначым, што ў публікацыі фактычна прызнаецца: палітычнага жыцця ў сінявокай рэспубліцы не болей, чым на Марсе. Усё задушана. Дадамо: перыядычна наверсе спахопліваюцца, што перагнулі кій, ушчэнт зачысцілі “адмарозкаў”, а трэба ж хоць каліва таго партыйнага жыцця імітаваць, каб не нагадваць зусім ужо азіяцкую дэспатыю. І тады лялькаводы дастаюць тэчкі са сцэнарыямі “кіраванай дэмакратыі”, пад якую патрэбны, натуральна, зручныя фігуры.

Дык вось, фішка згаданай публікацыі ў тым, якую менавіта свежую вестачку з партыйнага жыцця яна нясе. “Дзелімся радасцю, ёсць навіна: на 23 снежня, калі верыць інтэрнэту, прызначаны ўстаноўчы з’езд новай партыі “Цэнтрысцкая партыя Беларусі”, які адбудзецца ў Брэсце, -- з нечаканым энтузіязмам рапартуе аўтар публікацыі Сігізмунд Дашкевіч. -- Партыя гэтая, як вынікае з паведамленняў прэсы, з’явіцца на аснове сацыял-дэмакратычнай групоўкі, што чарговы раз распалася. Узначаліць партыю Анатоль Ляўковіч, які да нядаўняга часу кіраваў сацыял-дэмакратычнай “Грамадой”, але праз інтрыгі аднапартыйцаў пакінуў сацдэмаў, што перагрызліся між сабой, ды сышоў на вольныя палітычныя хлябы”.

Даруйце за доўгую цытату, але ж тут столькі перлін! Па-першае, атрымліваецца, што ніякіх іншых падзей партыйнага жыцця няма і да 23 снежня не чакаецца (цэлая выбарчая кампанія -- дробязь, нуль). Па-другое, спадар Ляўковіч паказальна апрануты ў белы фрак: з тэксту вынікае, што ні да грызні, ні да інтрыг ён ніякага дачынення не мае. Па-трэцяе, выданне не сумняваецца, што партыі наканавана быць, а Ляўковічу -- яе ачоліць. Цікава, хто гэта ўжо вырашыў усё і за суровы Мінюст, і за паплечнікаў нібыта ўзыходзячай палітычнай зоркі? Ці, можа, аўтар уладнай газеты не бачыць нічога страшнага ў незарэгістраваных структурах, за дзейнасць ад імя якіх апазіцыю дзяўбуць у хвост і ў грыву сілавікі? Наўрад ці. Таму апрыёрная ўпэўненасць, што “партыі Ляўковіча” дадуць зялёнае святло, міжволі наводзіць на думку пра нейкі невядомы наіўнай публіцы сцэнарый, падрыхтаваны ў высокіх кабінетах.

Прыводзіць у замілаванне і фразачка “Партыя гэтая, як вынікае з паведамленняў прэсы, з’явіцца…” і г.д. Пакажыце мне той россып выданняў, што наперагонкі спяшаюцца абвесціць свету аб праекце стагоддзя, за якім стаіць фігура Ляўковіча! Можна падумаць, што гэта рэдкі палітычны тытан. Калі ж сур’ёзна, то з якой мэтай раздзімаюць чарговую мыльную бурбалку, робяць з мухі слана?

“Што будзе далей у сп.Ляўковіча, ці здолее ён унесці ў летаргічны сон партыйнага жыцця “сапраўдную палітычную жарсць”, мы пакуль што не ведаем, але будзем сачыць за навінамі”, -- шматабяцальна рэзюмуе аўтар дзяржаўнай газеты. Цікава, што яго развагі пра разбазараны апазіцыйнымі лідарамі крэдыт даверу нібыта і не тычацца адзінага канкрэтнага героя публікацыі. Пры тым што сп.Ляўковіч -- далёка не свежы твар у тытульнай апазіцыі, ягоная рэпутацыя, мякка кажучы, неадназначная і звязаныя з яго асобай скандалы таксама спрычыніліся да расцярушвання таго крэдыту даверу.

Звычайна дзяржаўная прэса аднолькава мажа дзёгцем усіх прадстаўнікоў “пятай калоны”. А тут раптам празрыста намякаюць, што калі сп.Ляўковіч будзе хоць трохі варушыцца, то піяр яму забяспечаны і надалей. Дарэчы, а ці няма сувязі паміж гэтай зялёнай вуліцай і тым фактам, што згаданы палітык зараз ідзе ў кандыдаты на парламенцкіх выбарах?

Увогуле, ці шмат хто з апанентаў рэжыму можа пахваліцца такой пратэкцыяй (хоць, зазначым дзеля справядлівасці, і з пэўным налётам грэблівасці)? Пытанне рытарычнае. Зрэшты, аўтар дзяржаўнай газеты відавочна перастараўся з гэтым раялем у кустах. Мядзведжая паслуга. Вушы з публікацыі тырчаць настолькі, што многія людзі ў незалежнай супольнасці будуць трымацца ад сп.Ляўковіча яшчэ далей.


 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Прадстаўнікі ўлад перыядычна папікаюць партыі, што тыя на выбарах не надта актыўныя. Дык дзіва што: за 18 гадоў, цягам якіх кіруе Лукашэнка, апазіцыю хіба што дустам...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Политики)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика