Уладзімір АНДРЭЙЧАНКА: "Абноўлены парламент настроены на прыняцце ўзважаных і адказных заканадаўчых рашэнняў, якіх і чакаюць ад нас людзі". 21.by

Уладзімір АНДРЭЙЧАНКА: "Абноўлены парламент настроены на прыняцце ўзважаных і адказных заканадаўчых рашэнняў, якіх і чакаюць ад нас людзі"

30.10.2012 — Новости Политики |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Перавыбраны на новы чатырохгадовы тэрмін Старшынёй Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Уладзімір АНДРЭЙЧАНКА ў інтэрв'ю "Звяздзе" падзяліўся сваімі меркаваннямі па некаторых пытаннях парламенцкага жыцця.

— Уладзімір Паўлавіч, у крытыцы парламента апазіцыя перманентна жангліруе тэзісам, што Палата прадстаўнікоў нічога не вырашае. Якая ваша думка на гэты конт?

— Гэта маніпуляцыя дзеля фарміравання ў грамадскай свядомасці скажонага ўяўлення аб парламенце і рабоце дэпутатаў і атрымання сваёй палітычнай выгады, а проста кажучы — хлусня. Калі якое-небудзь заканадаўчае рашэнне ім недаспадобы, то яны ўсчынаюць лямант, падключаючы да яго і сваіх заходніх фундатараў, каб рашэнне было скасавана. Вось і "не вырашае"... Паўнамоцтвы Палаты прадстаўнікоў, заснаваныя на прынцыпе падзелу галін дзяржаўнай улады, вызначаны ў 4-й главе Асноўнага Закона — усенародна прынятай Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, а таксама ў Законе "Аб Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь" і іншых заканадаўчых актах. Палата прадстаўнікоў працуе, падкрэсліваю, выключна ў канстытуцыйным рэчышчы. Зразумела, радыкалаў гэта злуе, таму што яны так і не навучыліся паважаць дзяржаву, у якой жывуць, яе заканадаўства і наш беларускі народ, які беспаспяхова імкнуцца зрабіць заложнікам сваіх асабістых поглядаў. Мінулыя парламенцкія выбары яшчэ раз пераканаўча пацвердзілі, што апаненты ўлады па-ранейшаму знаходзяцца ў апазіцыі да народа.

— Мяркуючы па заявах радыкальных партый, яны выкарысталі парламенцкі марафон толькі ў прапагандысцкіх мэтах і на дэпутацкія мандаты не разлічвалі.

— А на што ім было разлічваць? На сваю адарванасць ад грамадска-палітычных рэалій у краіне, ад жыццёвых клопатаў абсалютнай большасці людзей? Зрабілі стаўку на нулявы вынік — і атрымалі нулявы вынік.

— Мандат дэпутата парламента — не проста пасведчанне. Што ён азначае, на ваш погляд?

— Ён азначае высокі грамадскі аўтарытэт і, я сказаў бы так, палітычную канкурэнтаздольнасць яго ўладальніка. Хто гэтай канкурэнтаздольнасці не меў, той сышоў з дыстанцыі яшчэ да завяршэння выбарчай кампаніі.

— Як вы ацэньваеце стартавыя пазіцыі Палаты прадстаўнікоў значна абноўленага персанальнага складу?

— Яны даволі перспектыўныя. Агульны патэнцыял дэпутатаў дастатковы, каб парламент працаваў на ўзроўні задач, пастаўленых кіраўніком дзяржавы. Дэпутаты "прынеслі" ў Авальную залу не толькі шчырае жаданне найлепшым чынам праявіць сябе на заканадаўчай ніве, але і багатыя веды, вопыт, інтэлект, што мы будзем максімальна выкарыстоўваць на карысць нашай агульнай справе.

— У парламента з'явіліся новыя заканадаўчыя магчымасці?

— Несумненна, з'явіліся. Папярэднімі скліканнямі Палаты прадстаўнікоў сфарміравана вялікая прававая база, па якой сёння жыве краіна, працуе эканоміка і сацыяльная сфера, умацоўваецца нацыянальная бяспека, усталёўваюцца і пашыраюцца міжнародныя сувязі. Але для далейшых эканамічных і грамадскіх пераўладкаванняў патрэбна ствараць законы новага пакалення.

Наш прыярытэт — заканадаўчае забеспячэнне рэалізацыі праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на гэтую пяцігодку. Дамінантныя тут пытанні мадэрнізацыі і стымулявання рэальнага сектара эканомікі. Прадметна і паслядоўна будзем займацца таксама развіццём заканадаўства па пытаннях сацыяльнай сферы, у тым ліку — аховы здароўя, адукацыі, навукі, культуры, сацыяльнай абароны, трымаючы ў фокусе асаблівай увагі тыя катэгорыі грамадзян, якія маюць пастаянную патрэбу ў дзяржаўнай дапамозе і падтрымцы. Выключна важную ролю адводзім пытанням бяспекі, аховы правапарадку, дзяржаўнага будаўніцтва, правоў чалавека, экалогіі, міжнародных адносін.

— Законы новага пакалення — гэта законы больш высокай якасці?

— Зразумела, так. І не толькі з боку так званай заканадаўчай тэхнікі. Але і ў сэнсе іх адэкватнасці задачам краіны, своечасовасці прыняцця, аптымальнасці прававых рашэнняў, іх уплыву на сацыяльнае самаадчуванне людзей.

— Спадзеяцеся на новыя ідэі ад дэпутатаў?

— Свежы погляд вельмі важны. Дэпутаты ж толькі што прыйшлі з вытворчасці, з розных устаноў і арганізацый, дзе займаліся канкрэтнымі пытаннямі, добра ведаюць рэгіянальныя праблемы і, зразумела, поўныя энтузіязму. Таму я небеспадстаўна лічу, што актыўная роля дэпутатаў будзе праяўляцца на ўсіх этапах заканатворчага працэсу — ад распрацоўкі законапраекта і прагназавання наступстваў яго прыняцця да вывучэння практыкі прымянення. Усе цікавыя, канструктыўныя ідэі будзем падтрымліваць. І не толькі дэпутацкія. Лічым неабходным пашырыць грамадскае абмеркаванне законапраектаў, выкарыстоўваючы раней напрацаваны парламентам пазітыўны вопыт і ўвогуле публічнасць дзейнасці Палаты прадстаўнікоў. Гэта датычыць і маніторынгу дзейных законаў дзеля вывучэння іх уздзеяння на грамадскія і эканамічныя адносіны ў дзяржаве і пры неабходнасці ўнясення адпаведных змяненняў і дапаўненняў.

— Што павінна быць галоўным, на вашу думку, у заканатворчым дыялогу з грамадскасцю?

— Пошук шляхоў вырашэння канкрэтных праблем. Толькі такім чынам і можна зрабіць законы аптымальна канкрэтнымі.

— У дэпутатаў адзіная платформа поглядаў?

— Думаю, што па ключавых грамадска-палітычных задачах яна супадае.

— Ну, а калі па іншых пытаннях узнікнуць рознагалоссі?

— На тое і парламент, каб у ім бруіла думка, вяліся дыскусіі. Але якімі б гарачымі яны ні былі, завяршацца павінны не ўзвядзеннем "барыкад", а прыняццем узважаных, аптымальных рашэнняў. Я лічу прынцыпова важным, каб Палата прадстаўнікоў працавала канструктыўна.

— Ці мяркуеце што-небудзь мяняць ва ўзаемаадносінах з партнёрамі па заканатворчасці — Саветам Міністраў, Саветам Рэспублікі і Адміністрацыяй Прэзідэнта?

— Не трэба ламаць тое, што добра адпрацавана і прыносіць добры вынік. Традыцыю канструктыўнага супрацоўніцтва з іншымі ўдзельнікамі заканатворчага працэсу мы будзем умацоўваць, удасканальваючы, разам з тым, па меры неабходнасці, заканатворчую тэхналогію.

— Адсутнасць канфрантацыі паміж заканадаўчай і выканаўчай галінамі ўлады апазіцыя трактуе як слабасць парламента.

— Такая трактоўка з'яўляецца следствам канцэпта разбурэння, якім запалонена свядомасць нашых апанентаў. Гэты канцэпт — скразная лінія ўсіх апазіцыйных СМІ і іх інтэрнэтаўскіх сайтаў. Разумеючы дэмакратыю як супрацьстаянне, сутычкі, яны не могуць прыняць нармальнай, стандартнай дэмакратычнай сітуацыі — згоды і зладжанасці паміж галінамі ўлады, заснаванай не на бяздумным "адабрамсе", а на сумеснай напружанай рабоце па пошуку ўзаемапрымальных, збалансаваных рашэнняў, на ўсведамленні агульнай адказнасці за стан спраў у грамадстве і дзяржаве. Хіба нацыянальная прававая сістэма магла б мець дзейную заканадаўчую базу, калі б Прэзідэнт і ўрад не абапіраліся на парламент, а парламент не меў падтрымкі з іх боку? Гэта ж элементарная, і не толькі палітычная, логіка! У радыкальных жа колаў яна такая: "Чым горш — тым лепш". Пра што яны і мараць. Але парламент будзе рабіць усё, што ад яго залежыць, каб гэтая мара нашых апанентаў не здзейснілася.

— Калі новавыбраныя дэпутаты ўнясуць у Палату прадстаўнікоў свае законапраекты, яны будуць прыняты?

— Пытанне аб прыняцці законапраекта вырашаецца ў парламенце ў вызначаным парадку і калектыўна — галасаваннем дэпутатаў у Авальнай зале. Асабістыя законапраекты тут не выключэнне. Яны таксама павінны прайсці працэдуру экспертызы і ўзгадненняў. Я, безумоўна, такую ініцыятыву вітаю, падтрымліваю, як гаворыцца, дзвюма рукамі і заклікаю калег уключацца ў заканатворчы працэс са сваімі ўласнымі законапраектамі і заканадаўчымі прапановамі. Разам з тым, перасцерагаю ад залішняй паспешлівасці, каб законапраект быў грунтоўна прапрацаваны і абавязкова запатрабаваны жыццём. Тады, зразумела, яго шанц на прыняцце будзе вялікі.

— Аператыўна сфарміраваўшы на першай сесіі рабочыя органы Палаты прадстаўнікоў, дэпутаты заняліся сваімі галоўнымі абавязкамі, сярод якіх, акрамя заканатворчасці, важнае месца займае і работа ў выбарчых акругах. Для большасці парламентарыяў гэта першыя сустрэчы з выбаршчыкамі ў новай якасці. Добры пачатак, як гаворыцца, — палова справы. А што, на ваш погляд, з'яўляецца асабліва важным, каб такім жа добрым быў і яе працяг?

— Трэба быць у курсе ўсіх кірункаў, задач і праблем сацыяльна-эканамічнага развіцця раёнаў, якія ўваходзяць у выбарчую акругу, рэгулярна сустракацца з працоўнымі калектывамі, шчыра гутарыць з людзьмі пра тое, што іх клапоціць і хвалюе, аказваць магчымую дапамогу, трымаць на пастаянным кантролі вырашэнне сацыяльна важных пытанняў, інфармаваць людзей аб сутнасці новых законаў. Гэта, вядома, пункцірны абрыс дэпутацкай работы ў акрузе, яна шырэйшая і мае не толькі акружное значэнне, таму што самае істотнае трансліруецца на дзяржаўны ўзровень у заканадаўчых прапановах дэпутата, яго выступленнях у Авальнай зале і запытах у дзяржаўныя органы, ва ўрад. Я сказаў бы, што гэта адзін з інструментаў зваротнай сувязі, пашырэння рэгіянальнага складніка ў заканатворчым дыялогу Палаты прадстаўнікоў і ўплыву грамадскай думкі на выпрацоўку заканадаўчых і ўрадавых рашэнняў. Мы будзем актыўна выкарыстоўваць яго.

— Якія кірункі з'яўляюцца ключавымі для абноўленага парламента ў міжнароднай дзейнасці?

— Умацаванне дагаворна-прававой базы Адзінай эканамічнай прасторы Беларусі, Расіі і Казахстана, у будучым Еўразійскага эканамічнага саюза, супрацоўніцтва з Дзяржаўнай Думай Федэральнага сходу Расійскай Федэрацыі, з расійскімі парламентарыямі ў межах Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі, а таксама з парламенцкімі структурамі постсавецкай прасторы. Будзем узаемадзейнічаць і з іншымі міжнароднымі арганізацыямі, з якімі ў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь склаліся сталыя адносіны, і па такіх новых вымярэннях, як Міжпарламенцкая асамблея АСЕАН, дзе беларускі парламент у верасні 2011 года атрымаў статус назіральніка. Прадоўжым міжпарламенцкія кантакты на двухбаковым узроўні. На першым плане для нас будуць пытанні гандлёва-эканамічных сувязяў, павелічэння беларускага экспарту, прыцягнення інвестыцый і ўмацавання іміджу краіны, на чым акцэнтаваў увагу парламентарыяў кіраўнік дзяржавы.

— Уладзімір Паўлавіч, дэпутаты ведаюць, чаго чакаюць людзі ад Палаты прадстаўнікоў?

— Калі б не ведалі, то не былі б выбраны дэпутатамі. Людзі чакаюць ад нас прыняцця ўзважаных, адказных заканадаўчых рашэнняў, якія стваралі б умовы для большай камфортнасці жыцця. Жыцця ў міры, бяспецы і дастатку. Такія рашэнні мы і будзем прымаць.

Аляксандр Філімонаў.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Перавыбраны на новы чатырохгадовы тэрмін Старшынёй Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Уладзімір АНДРЭЙЧАНКА ў інтэрв'ю "Звяздзе"...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Политики)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика