Макраэканамічны курс Беларусі застанецца нязменным
17.11.2012
—
Новости Политики
|
"Макраэканамічны курс урада Беларусі застаецца нязменным: бюджэт — бездэфіцытны, грашова-крэдытная палітыка — жорсткая, валютны курс — свабодны". Аб гэтым заявіў учора на пленарным пасяджэнні ў час Беларускага інвестыцыйнага форуму прэм'ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Міхаіл Мясніковіч падкрэсліў, што на 2013 год сфарміраваны жорсткія параметры — урад і Нацыянальны банк маюць сумесную праграму дзеяння па іх дасягненні. Гэты дакумент будзе ў сярэдзіне снежня прэзентаваны шырокай грамадскасці для экспертнага абмеркавання. Кіраўнік урада заклікаў бізнэсменаў выказаць свае прапановы ў гэтай сферы. У той жа час Беларусь гатова больш актыўна ствараць сумесныя кампаніі і інтэгравацца ў транснацыянальныя карпарацыі, заявіў М. Мясніковіч. "Мы гатовы больш актыўна ствараць сумесныя кампаніі, разам будаваць заводы, інтэгравацца ў транснацыянальныя карпарацыі. Беларусь адкрыла сваю эканоміку для замежных інвестыцый, узаемавыгаднага супрацоўніцтва і кааперацыі". Гатоўнасць гэта выражаецца, у першую чаргу, праз стварэнне сучаснай нарматыўнай прававой базы, дэбюракратызацыю і эфектыўнае супрацоўніцтва беларускіх улад і бізнэсу. Замежны бізнэс ужо мае ў Беларусі амаль 6 тыс. прадпрыемстваў, у мінулым годзе зарабіў больш за $1 млрд прыбытку. Палова гэтай сумы рэінвесціравана. "Гэта значыць, што карпарацыі, якія прыйшлі на наш рынак, разумеюць, што не памыліліся, яны развіваюць бізнэс тут, інвесціруюць свае грошы тут. Мы ўдзячныя вам за гэта", — сказаў прэм'ер-міністр, звяртаючыся да дзелавых колаў. Прэм'ер-міністр назваў галоўныя перавагі інвесціравання ў Беларусь: добрая інфраструктура, магутная і надзейная энергасістэма, развітая сістэма дарог і лагістыка, лёгкасць вядзення бізнэсу. У Беларусі зняты ўсе абмежаванні па прыватызацыі, заявіў прэм'ер-міністр: "Па даручэнні Прэзідэнта ўрад зняў усе абмежаванні на прыватызацыю прадпрыемстваў дзяржаўнай уласнасці, — сказаў Міхаіл Мясніковіч. — Любое прадпрыемства можа быць прыватызавана". Пры гэтым, падкрэсліў прэм'ер-міністр, трэба дакладна разумець: "Галоўнае — не грошы, выручаныя ад прыватызацыі дзяржаўнай уласнасці. Ключавым пытаннем з'яўляецца далейшае развіццё з выкарыстаннем новых тэхналогій, прыцягненнем інвестыцый, інтэграцыяй у сусветную эканоміку". Звяртаючыся да інвестараў, Міхаіл Мясніковіч сказаў: "Калі вы сутыкнуліся з праблемамі інвесціравання, паведаміце ў мой офіс, калі ў вас ёсць прапановы па паляпшэнні інвестыцыйнага працэсу, скажыце мне, калі ў вас ёсць магчымасці рэалізацыі інвестпраекта, напішыце мне аб гэтым". Прэм'ер-міністр падкрэсліў, што "ўрад павінен зрабіць усё для таго, каб Беларусь стала лепшым месцам для старту і росту бізнэсу". Звяртаючыся да ўдзельнікаў форуму, Міхаіл Мясніковіч адзначыў: "Інвесціруючы ў Беларусь, вы інвесціруеце ў будучыню". Гаворачы аб супрацоўніцтве з Расіяй, М. Мясніковіч адзначыў, што Беларусь хацела б больш прысутнічаць у расійскім абаронным заказе. "Для гэтага ёсць усе падставы, — адзначыў ён. — Гэту тэму мы вядзём і на ўрадавым узроўні, і на ўзроўні кампаній". Паводле слоў прэм'ер-міністра, беларускія (у тым ліку прыватныя) прадпрыемствы актыўна ўдзельнічаюць у рабоце па фарміраванні абараназдольнасці Расійскай Федэрацыі і ўсяго Мытнага саюза. "Працуем зладжана ў гэтай далікатнай сферы дзейнасці", — дадаў Міхаіл Мясніковіч. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
"Макраэканамічны курс урада Беларусі застаецца нязменным: бюджэт — бездэфіцытны, грашова-крэдытная палітыка — жорсткая, валютны курс — свабодны". Аб гэтым...
|
|