Уладзімір АНДРЭЙЧАНКА: «Давер выбаршчыкаў Палата прадстаўнікоў канвертуе ў прадукцыйную працу ва ўсіх парламенцкіх фарматах». 21.by

Уладзімір АНДРЭЙЧАНКА: «Давер выбаршчыкаў Палата прадстаўнікоў канвертуе ў прадукцыйную працу ва ўсіх парламенцкіх фарматах»

27.12.2012 — Новости Политики |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Пра асноўныя вехі адыходзячага парламенцкага года ў інтэрв'ю "Звяздзе" расказаў Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Уладзімір АНДРЭЙЧАНКА

— Уладзімір Паўлавіч, выступаючы нядаўна на пасяджэнні Мінскага аблвыканкама, вы сказалі, што як закончыш год, так і правядзеш яго. А як асабіста вы заканчваеце 2012 год?

— У справах.

— Але ж першая сесія Палаты прадстаўнікоў ужо завяршылася...

— Гэта не значыць, што завяршылася парламенцкая работа. З Авальнай залы эпіцэнтр заканатворчасці перамясціўся ў профільныя камісіі, дзе ідзе падрыхтоўка законапраектаў для разгляду на вясновай сесіі. Дэпутаты таксама ўдзельнічаюць у дабрачыннай навагодняй акцыі "Нашы дзеці" і ў іншых мерапрыемствах, працуюць у выбарчых акругах. Так што рытм пераднавагодніх будняў па-ранейшаму дзелавы.

— Чым тлумачыцца ваша рашэнне ўзяць пад асабісты кантроль добраўпарадкаванасць тэрыторый прадпрыемстваў курыруемай вамі Мінскай вобласці?

— Усё на вытворчасці пачынаецца з парадку і беражлівасці. Без гэтага не можа быць і размовы пра высокія эканамічныя паказчыкі, рост экспарту і іншыя поспехі. Таму я даручыў старшыням райвыканкамаў Міншчыны звярнуць асаблівую ўвагу кіраўнікоў прадпрыемстваў і сельгасарганізацый на неабходнасць навядзення парадку ў самы бліжэйшы час. Належная добраўпарадкаванасць тэрыторый з'яўляецца перш за ўсё пытаннем бяспекі людзей, абароны іх здароўя і жыцця, і забяспечваць яе трэба паўсядзённа. Дэкрэт Прэзідэнта № 9 аб дадатковых мерах па развіцці дрэваапрацоўчай прамысловасці, які дэпутаты Палаты прадстаўнікоў прынялі да ведама на першай сесіі, мае прамое дачыненне да любой вытворчасці, да кожнай грамадскай сферы, як і ахова працы, вытворчая і выканаўчая дысцыпліна. Усе факты безгаспадарчасці, халатнасці павінны атрымліваць адпаведную прынцыповую ацэнку з персанальнай адказнасцю. Дзеянне Дэкрэта № 9 накіравана не толькі на рэалізацыю вызначаных у ім мер, але і на папярэджанне негатыву, звязанага з дысцыплінай і парадкам на рабочых месцах, эканамічным і сацыяльным развіццём прадпрыемстваў. Увогуле, я лічу, важнейшая задача заканадаўства заключаецца ў яго апераджальнай ролі ва ўмацаванні эканамічных і сацыяльных стымулаў, грамадскай бяспекі і правапарадку, што мы і імкнёмся забяспечыць, фарміруючы і абнаўляючы прававое поле.

— Для ўнутраных і знешніх апанентаў улады гэта балючы мазоль.

— У нас і ў іх процілеглыя палітычныя мэты. Мы за тое, каб краіна паслядоўна рухалася наперад у паляпшэнні якасці жыцця, яны ж хочуць таго, каб эканамічная і сацыяльная сітуацыя пагаршалася. Адсюль і розная логіка палітычных дзеянняў. Але выбіць парламент з рэчышча нармальнай работы ім не ўдаецца. Не атрымалася гэта і ў адыходзячым годзе. На выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў пятага склікання абсалютная большасць выбаршчыкаў ясна сказалі вынікамі свайго галасавання, што ў парламенце яны хочуць бачыць тых, хто будзе вырашаць канкрэтныя эканамічныя і сацыяльныя пытанні. Мы прадметна працуем менавіта ў гэтым кірунку з першага дня.

— Дэпутацкі склад Палаты прадстаўнікоў мінулай восенню абнавіўся даволі значна. Ці ёсць падставы сцвярджаць, што пераемнасць у рабоце папярэдняга і цяперашняга скліканняў захавана?

— Такія падставы ёсць, таму што пераемнасць — гэта не столькі статыстычнае, працэдурнае паняцце, а найперш пераемнасць курсу на ўмацаванне стабільнасці ў грамадстве, уся парламенцкая атмасфера, я сказаў бы, дух развіцця парламентарызму, традыцыі, якія ў ім склаліся і ўмацоўваюцца, сукупнасць традыцый і новых ідэй. Тое, што першая сесія Палаты прадстаўнікоў пятага склікання прайшла ў дзелавым, пазітыўным ключы, пацвярджае, што пераемнасць забяспечана.

— Заканатворчай работы гэта датычыцца?

— У першую чаргу.

— І ў чым праяўляецца?

— Па-першае, у прыняцці новых законаў і законаў у новай рэдакцыі пад прыярытэты развіцця Беларусі на гэтую пяцігодку, а, па-другое, ва ўдасканаленні прававога ландшафту ў адпаведнасці з надзённымі патрэбамі эканомікі і сацыяльнай сферы, дзяржаўнага будаўніцтва, нацыянальнай бяспекі, міжнародных спраў у кантэксце Паслання Прэзідэнта А.Р. Лукашэнкі беларускаму народу і парламенту і задач, пастаўленых кіраўніком дзяржавы перад новавыбраным парламентам.

— Калі гаварыць пра ўвесь мінулы парламенцкі год, то якія галоўныя зрухі адбыліся ў нацыянальным заканадаўстве?

— Значна пашырана прававое рэгуляванне грамадскіх адносін. Нямала зроблена па зняцці ў дзейных законах састарэлых прадпісанняў, канкрэтызацыі прававых палажэнняў, павелічэнні норм прамога дзеяння. Асабліва адзначу вялікую работу па стварэнні больш спрыяльных умоў для рэальнага сектара эканомікі і скарачэнні ў заканадаўстве бюракратычных працэдур. Сур'ёзна скарэктаваны падатковыя правілы, прычым у бок зніжэння падаткаабкладання.

— Якія заканадаўчыя акты, прынятыя парламентам у 2012 годзе, з'яўляюцца, на ваш погляд, асабліва важнымі, знакавымі?

— Наўскідку, так сказаць, назаву закон аб рэспубліканскім бюджэце на 2013 год, Жыллёвы кодэкс, законы аб дзяржаўнай інавацыйнай палітыцы і інавацыйнай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь, аб эканамічнай неплацежаздольнасці (банкруцтве), папраўкі ў Банкаўскі кодэкс, прыняты ў другім чытанні праект Закона аб дзяржаўнай дапамозе сем'ям, якія выхоўваюць дзяцей, прынятыя ў першым чытанні законапраекты аб інвестыцыях, энергазберажэнні, племянной справе ў жывёлагадоўлі, канцэсіях, пакет законаў па пытаннях культуры, законы аб ратыфікацыі міжнародных дагавораў з Расійскай Федэрацыяй па пастаўцы ў нашу краіну прыроднага газу, аб дзейнасці Мытнага саюза і Адзінай эканамічнай прасторы Беларусі, Расіі і Казахстана, аб забеспячэнні паралельнай работы электраэнергетычных сістэм дзяржаў-удзельніц СНД, аб ратыфікацыі Дагавора аб зоне свабоднага гандлю. Увогуле ж усе заканадаўчыя акты, а іх у другім і першым чытанні прынята амаль паўтары сотні, накіраваны на развіццё краіны, умацаванне яе бяспекі і павышэнне дабрабыту людзей.

— Зразумела, што ўклад цяперашніх дэпутатаў-навічкоў у прыняцце асноватворных, сістэмных законаў пакуль што не такі, як у папярэднікаў, але, мяркуючы па выніках першай сесіі, гэта яшчэ наперадзе, тым больш што іх жаданне праявіць сябе ва ўсіх фарматах парламенцкай работы відавочнае. У гэтым пераканаліся, напэўна, і члены ўрада, якія ўжо двойчы адказвалі ў Авальнай зале на пытанні парламентарыяў. І пытанні даволі грунтоўныя, вострыя.

— Дэпутат не мае права не рэагаваць на праблемы, якія ўзнікаюць у яго выбарчай акрузе, а таксама ў ходзе развіцця грамадства і дзяржавы. Ён павінен ведаць, што хвалюе выбаршчыкаў, простых людзей, што ім здаецца патрэбным і справядлівым, адкрыта гаварыць з людзьмі пра гэта, даводзіць да іх дакладную інфармацыю, як вырашаюцца тыя ці іншыя пытанні на ўрадавым і парламенцкім узроўнях. Таму значнасць такіх сустрэч дэпутатаў з віцэ-прэм'ерамі, міністрамі і іх намеснікамі вельмі вялікая. І на ўзгаданых парламенцкіх пасяджэннях ішла прадметная, зацікаўленая дыскусія, а не проста заслухоўваліся справаздачы аб стане спраў у эканоміцы і сацыяльнай сферы. Дэпутаты задалі членам урада многа пытанняў, выказваючы і свой погляд на вырашэнне наспелых праблем. Карысць ад гэтай размовы ўзаемная, як для парламентарыяў, так і для членаў урада.

— Пасля такой своеасаблівай прэзентацыі новавыбранай Палаты прадстаўнікоў узнікае пытанне: а навошта дэпутатам вучыцца, калі яны даволі падрыхтаваныя?

— Вы гэта пра семінар, праведзены для парламентарыяў?

— Менавіта так.

— Вучыцца патрэбна заўсёды, калі разлічваеш на поспех у тым, чым займаешся. Як вядома, у нашай краіне рэгулярна праводзяцца рэспубліканскія семінары для кіруючых кадраў з удзелам Прэзідэнта. Добрай традыцыяй стала і парламенцкая вучоба. Якім бы прафесіянальна кваліфікаваным і эрудзіраваным ні быў дэпутат, для эфектыўнага ўдзелу ў заканадаўчай дзейнасці яму не абысціся без спецыяльных ведаў аб заканатворчым працэсе ў Рэспубліцы Беларусь. Таму першы семінар мы прысвяцілі гэтай тэме. Вельмі важна, што ён прайшоў у форме жывога дыялогу дэпутатаў са спецыялістамі па ключавых пытаннях заканатворчасці і ў дыскусійным характары. На агульную думку ўдзельнікаў семінара, выніковасць яго несумненная.

— Чым было адзначана ў адыходзячым годзе міжнароднае супрацоўніцтва Палаты прадстаўнікоў?

— Пашырэннем міжпарламенцкага ўзаемадзеяння. Мы дыверсіфіцыруем напрамкі нашых міжнародных сувязяў, робячы акцэнт на супрацоўніцтве з Дзяржаўнай Думай Федэральнага Сходу Расійскай Федэрацыі ў рамках Парламенцкага Сходу Саюза Беларусі і Расіі, з нашымі калегамі на парламенцкіх пляцоўках СНД, ЕўрАзЭС і АДКБ. Значную ўвагу ўдзяляем наладжванню і ўмацаванню кантактаў з парламентамі Паўднёва-Усходняй Азіі і іншых краін, якія хочуць развіваць гандлёва-эканамічныя і палітычныя адносіны з Рэспублікай Беларусь. Пералічваць праведзеныя мерапрыемствы не буду, пра іх ужо ў СМІ паведамлялася. У новых умовах будаўніцтва саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі, інтэграцыі ў Адзінай эканамічнай прасторы і Еўразійскай эканамічнай супольнасці нас чакае вялікая работа ў наступаючым годзе. Праграма міжнароднай дзейнасці Палаты прадстаўнікоў увогуле даволі насычаная.

— У сувязі з абнаўленнем Нацыянальнага сходу Беларусі адбыліся змены ў персанальным складзе беларускай дэпутацыі ў Парламенцкім Сходзе Саюза Беларусі і Расіі. Вы, Уладзімір Паўлавіч, зноў абраны першым намеснікам Старшыні Парламенцкага Сходу. Якой, на ваш погляд, павінна быць пазіцыя нашых дэпутатаў у працэсах саюзнага будаўніцтва?

— Як і раней, яна будзе ініцыятыўнай. У гэтым я не сумняваюся. У складзе нашай дэпутацыі прафесіяналы, шчырыя прыхільнікі далейшага развіцця беларуска-расійскага супрацоўніцтва. На 43-й сесіі Парламенцкага сходу, якая нядаўна адбылася ў Маскве, прадстаўнікі Беларусі зацверджаны кіраўнікамі чатырох камісій Парламенцкага Сходу: па інфармацыйнай палітыцы, па бяспецы, абароне і барацьбе са злачыннасцю, па пытаннях экалогіі, прыродакарыстання і ліквідацыі наступстваў аварый, а таксама па пытаннях знешняй палітыкі. Нашы дэпутаты актыўна ўдзельнічалі ў абмеркаванні праекта Саюзнай дзяржавы на 2013 год і іншых пытанняў сесіі.

— Ці магчыма, на ваш погляд, пацяпленне адносін Нацыянальнага сходу Беларусі з Парламенцкай асамблеяй Савета Еўропы, Еўрапарламентам і ўвогуле з Захадам?

— Гэта залежыць ад таго, ці праявяць яны добрую волю, каб адмовіцца ад сваёй тупіковай палітыкі дыктату і двайных стандартаў у дачыненні да нашай дзяржавы. Пазіцыяніруючы сябе змагарамі за дэмакратыю і правы чалавека, на самай справе, кажучы па-руску, ни в грош не ставят права беларускага народа быць адзінай крыніцай дзяржаўнай улады, дэмакратычна выбіраць уладу і мець права на спакойнае, мірнае, дастойнае жыццё. Менавіта за правядзенне самастойнай палітыкі ў інтарэсах народа яны і прэсінгуюць Рэспубліку Беларусь. Пры наяўнасці добрай волі і адпаведных пазітыўных установак з іх боку канструктыўны парламенцкі дыялог мог бы наладжвацца. Беларускія парламентарыі не зацікаўлены ў канфрантацыі ні з Захадам, ні з Усходам і гатовыя на раўнапраўнай аснове развіваць кантакты і ўзаемадзеянне з усімі парламенцкімі структурамі і краінамі, але заложнікамі чыіхсьці геапалітычных інтарэсаў мы станавіцца не будзем. Мы абаранялі і будзем абараняць інтарэсы нашай дзяржавы.

— На вашу думку, які асноўны вывад можна зрабіць аб развіцці беларускага парламентарызму ў 2012 годзе?

— Палата прадстаўнікоў застаецца стабільнай, свабоднай ад палітычнай канфрантацыі, у канстытуцыйным рэчышчы вырашае свае задачы па фарміраванні і ўдасканаленні нацыянальнага заканадаўства, канвертуючы давер выбаршчыкаў у прадукцыйную працу ва ўсіх парламенцкіх фарматах. Упэўнены, што спадзяванні людзей на новавыбраных дэпутатаў мы апраўдаем і ў наступаючым 2013 годзе.

Ад усёй душы віншую чытачоў "Звязды" і калектыў рэдакцыі з Новым годам і Нараджэннем Хрыстовым! Няхай вам шчасціць у тых добрых справах, якія вы задумалі зрабіць і ўвогуле ў жыцці! Жадаю, каб надыходзячыя святы ўмацавалі ў вашых сэрцах усведамленне таго, як важна нам шчыра, па-добраму ставіцца адзін да аднаго, акружаць паўсядзённай увагай і клопатам блізкіх, дарыць ім сваю любоў, пяшчоту, усмешкі! Марачы пра шчасце ў новым годзе, будзем помніць народную мудрасць: новага шчасця чакай, але і тым, што маеш, не пагарджай. Не пагарджай тымі, з кім ідзеш па жыцці, шануй тое, што звыкла ўспрымаеш як заўсёдную дадзенасць — дарагіх людзей, магчымасць мець работу, вучыцца, бавіць, як хочацца, вольны час, жыць у мірнай, спакойнай краіне. Зберажэм жа, сябры, усё тое, што называем Радзімай.

Аляксандр Філімонаў.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Пра асноўныя вехі адыходзячага парламенцкага года ў інтэрв'ю "Звяздзе" расказаў Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Уладзімір...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Политики)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика