Без альтэрнатывы. 21.by

Без альтэрнатывы

11.07.2013 — Новости Политики |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Адказнасць за кіраванне ў нецвярозым стане транспартным сродкам стане больш жорсткай

Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі накіраваў на подпіс кіраўніку дзяржавы праект Закона «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя кодэксы Рэспублікі Беларусь па пытаннях узмацнення мер адказнасці за кіраванне транспартным сродкам у стане ап’янення». Законапраект актыўна абмяркоўваўся і грунтоўна разгледжаны дзвюма палатамі. Пра канчатковы варыянт дакумента нам падрабязна расказала старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Лілія МАРОЗ.

— Лілія Францаўна, адказнасць за кіраванне ў нецвярозым стане транспартным сродкам узмоцнена на прававым узроўні ўпершыню. Наколькі ўскладніцца ў адпаведнасці з гэтым жыццё вадзіцеляў, якія такім чынам парушаюць дарожную дысцыпліну?

— Лічу патрэбным пачаць з актуальнасці праблемы. Вельмі важна прыйсці да разумення таго, што вадзіцель, які садзіцца за руль у стане алкагольнага ап’янення або ў стане, вызваным ужываннем наркотыкаў, псіхатропных або таксічных рэчываў, — гэта злачынца. Толькі ў мінулым годзе па віне п’яных вадзіцеляў адбылося 680 дарожна-транспартных здарэнняў, у якіх загінулі 174 чалавекі, а больш за 760 атрымалі траўмы. Ужо неаднаразова гаварылася пра тое, што пакаранне для тых, хто садзіцца за руль у нецвярозым стане, неабходна зрабіць больш жорсткім. І вось зараз гэта зроблена на прававым узроўні. Можна канстатаваць, што жыццё тых, хто асмельваецца п’яным садзіцца за руль, ускладніцца істотна.

— Раскажыце, калі ласка, больш падрабязна пра асноўныя навэлы, што ўтрымлівае законапраект.

— Дакумент унёс дапаўненні ў артыкул 317 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь «Парушэнне правілаў дарожнага руху або эксплуатацыі транспартных сродкаў», там з’явіліся чацвёртая і пятая часткі, якія датычацца адказнасці менавіта вадзіцеляў, што знаходзяцца ў стане ап’янення. У прыватнасці, п’яны вадзіцель, па чыёй віне грамадзяніну прычынена цяжкае цялеснае пашкоджанне або чалавек загінуў, можа атрымаць да 7 гадоў пазбаўлення волі. Смерць двух і больш чалавек будзе карацца пазбаўленнем волі ад 4 да 10 гадоў. Акрамя таго, абавязкова будзе назначана дадатковае пакаранне — пазбаўленне права займаць пэўныя пасады альбо займацца пэўнай дзейнасцю. Хачу звярнуць увагу на тое, што ніякіх альтэрнатыўных пакаранняў не будзе. Зараз жа, да ўступлення ў сілу новага закона, здзяйсненне гэтых злачынстваў у стане ап’янення разглядаецца толькі як абцяжваючыя віну абставіны.

— Гэта датычыцца цяжкіх наступстваў. А ў іншых выпадках?

— Узмоцніцца і крымінальная адказнасць, працытую частку 1 артыкула 3171 КК, «за кіраванне транспартным сродкам асобай, што знаходзіцца ў стане ап’янення, перадачу кіравання транспартным сродкам такой асобе, а таксама за адмову ад праходжання ва ўстаноўленым парадку праверкі (агляду) на прадмет вызначэння стану ап’янення, здзейсненыя на працягу года пасля накладавання адміністратыўнага спагнання за такія ж парушэнні». Уведзена такое пакаранне, як абмежаванне свабоды на тэрмін да двух гадоў з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады альбо займацца пэўнай дзейнасцю. А таксама пазбаўленне волі на такі ж тэрмін, зноў жа з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады альбо займацца пэўнай дзейнасцю. Дадаткова да пакарання ў выглядзе арышту прадугледжваецца і штраф. Трэба адзначыць, што адказнасць па частцы 1 артыкула 3171 Крымінальнага кодэкса будзе наступаць незалежна ад колькасці выпітага спіртнога за паўторны выпадак кіравання ў стане ап’янення на працягу года пасля адміністратыўнай адказнасці за такія ж парушэнні.

— Сярод найбольш рэзанансных новаўвядзенняў законапраекта — канфіскацыя аўтамабіляў у нецвярозых вадзіцеляў. У якіх выпадках яна будзе проводзіцца?

— Новае заканадаўства прадугледжвае норму, калі незалежна ад права ўласнасці аўтамабіль, якім кіруе нецвярозы вадзіцель, падлягае спецыяльнай канфіскацыі. Гэта значыць, што канфіскоўвацца будуць і машыны, якія не належаць самому п’янаму вадзіцелю. Падкрэсліваю, што ўказаная мера прымяняецца толькі ў рамках крымінальнага заканадаўства (частка 1 артыкула 3171 КК), гэта значыць, што размова ідзе пра паўторны выпадак кіравання ў нецвярозым стане на працягу года. Кодэкс аб адміністратыўных правапарушэннях такую норму не прадугледжвае. Санкцыі па канфіскацыі не будуць прымяняцца ў тых выпадках, калі аўтамабіль быў украдзены. Трэба падкрэсліць, што канфіскоўвацца будуць таксама і службовыя аўтамабілі, калі за рулём будзе знаходзіцца нецвярозы вадзіцель. У сувязі з гэтым нельга не адзначыць, што асобныя нашы грамадзяне негатыўна ставяцца да новаўвядзенняў адносна спецыяльнай канфіскацыі за паўторнае злачынства. Пры гэтым спасылаюцца на артыкул 44 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, згодна з якім дзяржава гарантуе кожнаму права ўласнасці і садзейнічае яе набыццю. Але ці змогуць яны аспрэчыць, што жыццё чалавека мае прыярытэт над правам уласнасці? І ў Канстытуцыі, у яе артыкуле 24 дакладна сказана, што кожны чалавек мае права на жыццё, а дзяржава абараняе жыццё чалавека ад любых супрацьпраўных замахаў.

— Што да Кодэкса аб адміністратыўных парушэннях, то там прадугледжана змяненне сум штрафаў. Пра якія лічбы ідзе размова?

— Так, у гэтым кодэксе сумы штрафаў за кіраванне ў нецвярозым стане транспартным сродкам, перадачу кіравання транспартным сродкам такой асобе або адмову ад праходжання праверкі павялічаны істотна. За першы такі выпадак прадугледжаны штраф у межах ад 50 да 100 базавых велічынь, на сёння гэта ад 5 да 10 мільёнаў рублёў (раней было 15—35 базавых велічынь, а гэта 1,5—3,5 мільёна рублёў). Калі падсумаваць сказанае, то чакаецца, што ўзмацненне крымінальнай і адміністрацыйнай адказнасці павінна павысіць эфектыўнасць папераджальнага і выпраўленчага ўздзеяння пакаранняў, забяспечыць прынцып справядлівасці пры іх прымяненні, а таксама мінімізаваць правапарушэнні гэтай катэгорыі. Дадам, што ў сілу новы закон уступіць праз тры месяцы пасля яго афіцыйнага апублікавання і яго дзеянне будзе распаўсюджвацца не толькі на беларускіх, але і на замежных грамадзян.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
П’яных вадзіцеляў у Беларусі пачнуць караць больш жорстка
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Политики)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика