"Усе мае кніжкі былі напісаныя на тумбачцы ці на працы". Бяляцкі распавёў пра гады зняволення
29.11.2015 18:24
—
Новости Политики
|
Праваабаронца Алесь Бяляцкі распавёў пра свой трохгадовы турэмны досвед. Кнігу ўспамінаў ён плануе выдаць у наступным годзе. ![]() Сустрэча з Алесем Бяляцкім адбылася ў «Арт-Сядзібе». Ён узгадаў акалічнасці, звязаныя з яго арыштам, час, які быў праведзены ў няволі, а таксама прэзентаваў сваю пятую кнігу «Халоднае крыло Радзімы», выдадзеную летась у Вільні. Праваабаронца быў арыштаваны ў жніўні 2011 года. Да суда Бяляцкі знаходзіўся ў мінскім СІЗА № 1 (Пішчалаўскі замак), пасля — у жодзінскім СІЗА і бабруйскай папраўчай калоніі № 2. На волю ён — У 1994 годзе ў нас адбыліся першыя прэзідэнцкія выбары, а ў 1995 годзе з’явіліся першыя палітычныя рэпрэсіі, — узгадаў на пачатку сустрэчы Бяляцкі. — Калі сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі пачала імкліва пагаршацца, мы стварылі праваабарончы цэнтр «Вясна». ![]() На той час Бяляцкі працаваў дырэктарам Музея Максіма Багдановіча. Гэтую пасаду ён займаў на працягу дзесяці год. — Гэтым летам я меў час займацца сваімі турэмнымі запісамі, але ўспаміны так і не напісаў, не было калі, — працягнуў праваабаронца. — Па выхадзе навалілася багата справаў па адвакацыі тых палітычных вязняў, якія яшчэ сядзелі ў беларускіх турмах. Я адчуваў абавязак, што мушу працаваць і дабіцца, каб іх выпусцілі. Ён адзначыў, што такая інтэнсіўная праца ішла да жніўня 2015 года: — Зараз мы маем той шчаслівы момант, калі ў Беларусі Бяляцкі лічыць, што жнівеньскае — Улада гэта робіць фактычна дзеля захавання ўлады, — падсумаваў прамоўца. Большую частку выступу Бяляцкага занялі ўспаміны пра яго трохгадовае зняволенне. Ён паказваў фотаздымкі і распавядаў пра кожны з іх. — На сваё здзіўленне, я знайшоў у інтэрнэце дзве серыі фотаздымкаў, якія былі зробленыя ў той час, калі я там сядзеў. Яны мяне моцна ўразілі таму, што я бачыў тых людзей, з якімі разам сядзеў, тыя памяшканні, дзе жыў, працаваў, хадзіў. Яны дапамогуць мне выдаць успаміны ў наступным годзе, — распавёў праваабаронца перад фотапрэзентацыяй. Мы адабралі некаторыя фотаздымкі і прыводзім іх з каментарамі Бяляцкага: — Адзін з цікавых слайдаў, які датычыцца пачатку 2011 года. Гэта быў час пасля прэзідэнцкіх выбараў. З дзесяці кандыдатаў восемь былі затрыманыя і пяць апынуліся ў турме. Таксама пазбавілі волі сотні іншых актывістаў. Наша адвакатаванне прывяло да таго, што пачалі аказваць ціск. Офіс «Вясны» перыядычна атакавалі. Спачатку, у дзень выбараў, забралі кампутары, флэшкі. Потым вобшук быў у студзені, па справе аб масавых беспарадках. Калі мы дазналіся, што каля пад’езда знаходзяцца людзі ў цывільным, зачынілі дзверы на замкі і пачалі чысціць сталы. Самае галоўнае — кампутары. Гэта была ўжо другая партыя, якую прыцягнулі з дома: старыя, але на якіх можна было працаваць. Самае непрыемнае — адчуванне, што калі і іх забяруць — прыйдзецца сядзець з голымі рукамі. А офіс у нас быў на першым паверсе. Вокны былі закратаваныя, але на варыўні вокны выходзілі на другі бок ад ўвахода. Там можна было адчыніць краты. Усе туды і вылезлі разам з кампутарамі і дыскамі. У кватэры засталося двое. Калі КДБ з міліцыяй трапілі ў офіс — у іх быў шок. Яны ж ведалі, што ён не можа быць пусты. На здымку — капітан КДБ, які курыраваў працу «Вясны», а можа і зараз гэта робіць. Мы выходзім з ім як раз пасля «катапультавання» большасці нашых калег і едзем на вобшук на маю кватэру і ў вёску. ![]() Затрымалі мяне ў жніўні. Спрабавалі гэта зрабіць каля офіса, але калі я ўжо выйшаў на патрэбнай станцыі метро і накіраваўся туды, мне патэлефанавалі калегі і папярэдзілі. Я развярнуўся і паехаў назад дадому. Чалавек, які пільнаваў мяне каля метро адзін пабаяўся арыштоўваць. Гэта дало мне дзесьці чатыры гадзіны свабоды. Да суда я сядзеў у СІЗА № 1. Большую частку часу — у шасцімеснай камеры. Гэта былі не самыя горшыя месяцы. У кожнага свой ложак. Але там ёсць камеры, дзе на дзесяць ложкаў — дваццаць чалавек. Уявіце, якое там паветра. А там жа яшчэ і прыбіральня. У гэтых камерах людзі спяць па чарзе: адзін днём, адзін ноччу. — Пасля суда было тры месяцы ў Жодзіна. Я там чакаў апеляцыі. Калі мяне выводзілі з камеры на сустрэчы з адвакатам і сваякамі, я праходзіў 17 дзвярэй. Умовы сталі больш жорсткія. Там не давалі спаць днём. Нельга было ляжаць, ты мусіў быў толькі сядзець. Прагулкі былі скарочаныя: не больш паўгадзіны. Трымалі ў камеры ўдваіх. Стаў пісаць, адчуўшы, што нельга губляць час. У лютым 2012 года мяне переводзяць у Бабруйскую калонію. Працэс быў суровы: ноччу, з сабакамі. Сапраўднае пекла адчуў. Заходзіш у бабруйскую калонію — цябе сустракае такі лозунг, як на фотаздымку. Ён напісаны на сцяне ізалятара. Спачатку ўсіх зняволеных садзяць туды. Ты мусіш там адсядзець пэўны час, да размеркавання. ![]() Калонія даволі вялікая. Калі я заехаў — там сядзела амаль 2500 чалавек. Атрады па 100 чалавек. У атрад я трапіў у канцы лютага. Тэмпература была да мінус 20 ноччу. Нас выганялі на вуліцу, не давалі сядзець у цёплым памяшканні. Вельмі моцна замярзалі. — У калоніі далі новае адзенне. На фотаздымку бачна, што шапкі і фуфайкі не па памеры. Разам з зэкамі стаіць начальнік ізалятара (злева) і так званая «хазяйка» (па цэнтры). Людзі ў калоніі вельмі розныя. Былі і з вышэйшай адукацыяй, хоць і мала. Ёсць больш маладзейшыя ці больш сталыя. Асноўны ўзрост — ад дваццаці да трыццаці гадоў. ![]() Мне было 48 і мяне пачалі зваць «стары». Калі мяне так трэці раз назвалі, я кажу: «Не, я не стары. Старыя — у шаснаццатым атрадзе». Гэта былі так званыя «вікінгі»: пенсіянеры, інваліды. Калі яны ішлі — выглядалі як вікінгі пасля боя: хто кульгае, хто без нагі, хто без рукі. «А мяне Алесем завуць», — кажу. Хачу сказаць, што стаўленне да палітычных (а інфармацыя там разыходзіцца вельмі хутка) паважлівае. Канешне цябе з пачатку "прабіваюць": глядзяць, як ты сябе паводзіш. Там схаваць практычна нічога немагчыма. Людзям, якія сядзяць па 10-12 гадоў дастаткова некалькі хвілін паглядзець на цябе — і ён пра цябе ўсё ведае. Псіхалагічна яны, як рэнтген, прасвечваюць людзей. Іншая справа, што частка асуджаных супрацоўнічае з адміністрацыяй. Іх называюць казламі ці казлабандай. Гэтая частка арганізоўвае правакацыі, спрабуе раскруціць на бойкі і іншыя канфлікты, вывесці з сябе, зняважыць. Але ў вельмі складаныя сітуацыі я не трапляў. Галоўнае, жыць па старой прымаўцы — «Не вер, не бойся, ні прасі». У калоніі спрацоўвае дакладна. — На гэтым здымку — курылка. Але я стараўся трымаць сябе ў форме: падцягваўся. Калі я стаў займацца спортам — далажылі начальніку атрада. Ён пачаў мяне грузіць дадатковымі працамі апроч асноўнай, а я працаваў упакоўшчыкам у швейным цэху. Я не без цяжкасцяў дастаў копію медкарткі і спытаў у турэмнай бальнічцы парадаў на выпадак болю ў спіне. Доктарка параіла расцягваць спіну. Я папрасіў пацвердзіць гэта начальніку, калі той патэлефануе. Пасля гэтага ён ад мяне адчапіўся. ![]() Майму атраду сказалі, каб ніякіх са мной кантактаў не было. Мы месяц-паўтара размаўлялі, а потым яны, гэтыя восем чалавек зніклі. Ты губляеш працу, знаёмых — для зэка гэта заўсёды праблема. Пасля гэтага са мной ці ўпотайкі размаўлялі, каб ніхто не бачыў, ці ўвогуле трымаліся далей. — На фотаздымку — брыгадзір атрада. Ён стаіць у камеры, якая вельмі падобна да маёй. Толькі ложкі былі за рэдкім выключэннем двух'ярусныя. Толькі аднойчы мы разбіралі іх, калі людзей стала меней, але потым новых прывялі. ![]() Усе мае кніжкі былі напісаныя мной на такой тумбачцы ці на працы. Дакладна ведаеш — гэта твая тэрыторыя і ніхто сюды не зойдзе без твайго дазволу. Ніхто не мае права залезці у тваю тумбачку і штосьці адтуль узяць. За два гады ў мяне нічога не скралі. ![]() — Сталовая бабруйскай калоніі - вялізны ангар, дзе адначасова могуць есці тысяча чалавек. Місачкі - пакоцаныя, кубачкі - без ручак. Паілі кісялём ці напоем, які толькі ўмоўна можна назваць гарбатай. Але ежы было дастаткова. Гадоў дзесяць таму зэкі галадалі. Зараз стала трошку лепей. Кашы і хлеба — колькі хочаш. У мяне быў перыяд, калі год не атрымоўваў перадач з волі. Прыстасаваўся. Дарэчы, на слупах — цікавыя надпісы, якія заклікалі менш есці і больш думаць. — Мяне таксама спрабавалі пасадзіць за швейную машынку, бо так прасцей кантраляваць. Упакоўшчыкам працаваць лягчэй: скончыў працу — пачытаў газету, напісаў лісты. Я стаў адпірацца, казаў, што дрэнны зрок. Сказалі, каб жонку папрасіў перадаць акуляры. Тэлефаную і кажу, каб ні ў якім разе іх не дасылала. — Гэта ўнікальны здымак, бо на ім — я. Мець у турме тэлефон — вялікае злачынства. Але адзін чалавек змог мяне сфатаграфаваць перад вызваленнем. ![]() Вопратка працоўная, але быў яшчэ нармальны касцюм, пашыты зэкамі, за што яны і пацярпелі. Калі я трапіў у атрад з каранціна, хлопцы прапанавалі пашыць нармальную вопратку. Я кажу: «Вам за гэта галаву адкруцяць». Яны адмахнуліся. Пашылі не са скрадзенага ці зэканомленага, а з афіцыйнага (некаму па пасылцы перадалі, а я купіў зы цыгарэты). Іначай было б горш. Начальства адразу заўважыла мяне ў новым касцюме і пачало расследаванне: адкуль матэрыял, хто шыў. Тых хлопцаў вылічылі хутка. Мяне не зачапілі, аднаго перавялі ў іншы атрад, другога — на «хімію». — Вызваленне стала нечаканым. Чарговую прапанову напісаць прашэнне аб памілаванні я адхіліў. Была субота. Звычайна, у гэты дзень няма шмат каго з начальства. Заходзіць афіцэр і вядзе да начальніка калоніі. Гэтыя візіты — заўсёды пакаранне, таму непрыемна. А там стаяць чалавек 20 зэкаў. Пытаюся ў чым справа, ніхто не ведае. Кажуць, што пракурор прыехаў. Затым нам абвесцілі пра амністыю. А мы з адвакатам не разлічвалі на яе, бо мяне зрабілі «злосным парушальнікам», а такім амністыю не даюць. Сказалі хутка збірацца, а мне толькі перадачу далі, у мяне ежы — 25 кг. Пачаў раздаваць. Затым нас пасадзілі ў машыну хуткай дапамогі і адвезлі на вакзал. Праз пяць хвілін я ўжо ехаў у электрычцы ў Мінск. Папрасіў у хлопцаў мабільны тэлефон, каб патэлефанаваць жонцы. У Мінску мяне ўжо сустрэла багата людзей. ![]() — За тры гады мне прыйшло больш за 40 тысяч лістоў і паштовак. Былі такія дні, калі я атрымліваў больш, чым усе астатнія, больш за 2000 чалавек, у калоніі. Таксама я чытаў газеты, ведаў пра ўсе акцыі салідарнасці, якія праходзілі ў свеце. У Парыжы павесілі вялікі постэр у маю падтрымку. Пасля вызвалення я сфатаграфаваўся каля яго. ![]() Напрыканцы Бяляцкі адзначыў, што ўсё выхаванне ў беларускіх калоніях пабудавана на страху, прымусе і пакаранні. Па словах праваабаронцы, гэта з’яўляецца вялікай праблемай. Асабліва для тых, хто адседзеў шмат часу. Гэтыя людзі зусім не падрыхтаваныя да жыцця. — Як было, так і засталося — галоўнае, каб баяўся. Ніякай сацыялізацыі, — падсумаваў ён. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Старшыня праваабарончага цэнтра "Вясна" Алесь Бяляцкі распавёў пра свой трохгадовы турэмны досвед. Кнігу ўспамінаў ён плануе выдаць у наступным годзе.
|
|