У Барысаве разагналі мітынг жыхароў, якія пратэставалі супраць пабудовы АЗС
14.06.2010
—
Новости регионов
|
Затрыманы барысаўскі праваабаронца Аляксандр Абрамовіч.
14 чэрвеня а 10 гадзіне ў барысаўскім мікрараёне Лядзішча пачаўся несанкцыянаваны мітынг мясцовых жыхароў. Людзі пратэставалі супраць пабудовы ў рэкрэацыйнай зоне вайсковага шпіталя АЗС. Мясцовы праваабаронца Аляксандр Абрамовіч, які падаваў заяўку на мітынг і не атрымаў дазволу, быў затрыманы міліцыянтамі. Яго пасадзілі ў аўто і спрабавалі адвесці ў пастарунак, але атрымалася гэта не адразу: мітынгоўцы абкружылі легкавік і не давалі яму з’ехаць. Цяпер тэлефон праваабаронцы не адказвае. Як паведаміла адна з пратэстоўцаў Тамара Каважэнка, якая на апошніх парламенцкіх выбарах пазмагалася за дэпутацкі мандат з вайскоўцам, гэта быў ужо другі мітынг мясцовых жыхароў. Першы сабраў 28 траўня больш за 200 чалавек, ён таксама быў несанкцыянаваны. Тады ўлады не наважыліся разганяць жыхароў мікрараёна і прапанавалі ім правесці сход у мясцовай школе. На сходзе прысутнічалі прадстаўнікі РУП «Беларуснафтахім-Мінскаблнафтарпадукт», каму належыць будучая заправачная станцыя, прадстаўнікі мясцовай улады. Напрыканцы сходу намесник старшыні Барысаўскга райвыканкаму Віктар Саковіч заявіў прысутным, што рашэнне выканкама наконт будаўніцтва АЗС з улікам меркавання мясцовых жыхароў будзе падрыхтаванае да 14 чэрвеня. Аднак да панядзелка людзі так і не пачулі адказу ад уладаў. На пытанне карэспандэнта «НН», якое рашэнне па будаўніцтве АЗС усё ж прыняў выканкам Віктар Мікалаевіч шчыра прызнаўся, што не ведае. «Не ведаю. Я не займаюся гэтым пытаннем». Па словах Тамары Валянцінаўны, мясцовыя жыхары прапанавалі чатыры пляцоўкі для пабудовы заправачнай зоны, якія знаходзяцца па-за тэрыторыяй жылой зоны. Мясцовыя жыхары і без гэтага наракаюць на складаную сітуацыю на дарогах мікрараёна, на частыя аварыі. «А тут яшчэ і АЗС збудуюць!» Акрамя таго, абурэнне месцічаў выклікала тое, што пры падрыхтоўцы будаўнічай пляцоўкі былі спілаваныя дзесяткі соснаў. Гэта пры тым, што мікрараён і без гэтага мае малую зялёную зону. На сходзе 28 траўня прадстаўнік «Беларуснафтахіма» паабяцаў пасадзіць узамен 2000 дрэваў. У адказ абураныя жыхары заявілі, што «садзіць трэба не дрэвы, а чыноўнікаў». Мікрараён Лядзішчы і суседні з ім Дымкі сумнавядомыя сваімі штогадовымі падтапленнямі падворкаў прыватнага сектару. Цяпер з месца пабудовы АЗС людзям прывозяць за немалыя грошы пясок. Гэта яшчэ адзін момант, які абурае людзей і прымушае іх ісці на вуліцу. Адно з патрабаванняў — адкліканне абранага на парламенцкіх выбарах дэпутата ад 7-й выбарчай акругі палкоўніка Валерыя Гнілазуба. На сёння пад патрабаваннямі спыніць будаўніцтва АЗС падпісаліся каля 1700 мясцовых жыхароў. Дапамагалі ў сборы подпісаў і сябры грамадскай кампаніі «Гавары праўду». Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Затрыманы барысаўскі праваабаронца Аляксандр Абрамовіч.
|
|