Арганічны падыход. 21.by

Арганічны падыход

03.10.2013 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

На працягу чатырох гадоў брэсцкі фермер вырошчвае экалагічна чыстыя прадукты 

Аляксандра Тыманюка, які вядзе гаспадарку непадалёк ад вёскі Чэрск Брэсцкага раёна, хочацца назваць чалавекам-аркестрам. Не толькі таму, што ён сумяшчае некалькі прафесій. А з той прычыны, што прадукцыю, якую ён вырошчвае ўласнымі рукамі, Аляксандр рэкламуе, прадае і дастаўляе пакупнікам выключна сам. Аб тым, як гарадскі жыхар зацікавіўся сельскай гаспадаркай і якім прынцыпам ён кіруецца ў сваёй дзейнасці, размова карэспандэнта «Р» з фермерам Аляксандрам Тыманюком.

Як прызнаецца сам Аляксандр, упершыню ён зацікавіўся вядзеннем уласнай гаспадаркі выпадкова. Усё пачалося з адпачынку на беразе ракі пад Мінскам.

— Я адпачываў там некалькі тыдняў, а пасля вяртання ў Брэст зразумеў, што мне ў горадзе неяк цесна, — расказвае Аляксандр. — Тады і вырашыў, што трэба нейкі час жыць у вёсцы. Знайшоў хутар за Чэрскам, потым набыў зямлю. Цяпер я фермер і вяду тут уласную гаспадарку. Зрэшты, гарадскога жыцця я не пакінуў — у Брэсце мая жонка і дзіця.

У фермерскім «асартыменце» Аляксандра звыклыя для ўсіх бульба, буракі, морква, пшаніца, памідоры, суніцы, цыбуля, кукуруза і нават кавуны. Гэты пералік мог бы здасца даволі банальным і тыповым для Беларусі, калі б не адна акалічнасць. Уся гародніна і садавіна з Аляксандрава «маёнтка» расце выключна на арганічных угнаеннях — гноі і спаленай саломе. Гэта значыць, можа называцца модным сёння словазлучэннем «экалагічна чысты прадукт».

Пакуль што плошча, занятая культурамі, не такая вялікая ў параўнанні з зямлёй, якая праходзіць ачыстку: 7 гектараў супраць 26. Але з цягам часу, калі ў глебе не застанецца ўжытых раней хімікатаў, і яе можна будзе ўводзіць у абарот.

Зрэшты, і цяпер ураджайнасць на зямлі брэсцкага фермера не можа яго не цешыць.

— Сёлета я ўжо даставіў пакупнікам больш за 600 кілаграмаў цыбулі, прыкладна 4 тоны бульбы і 7 тон зерня, — падлічвае Аляксандр.

Слова «даставіў» тут дарэчы, бо Аляксандр — сам сабе «служба дастаўкі».

— Асабліва прыемна, што сёлета ў мяне замаўлялі прадукты пенсіянеры, ветэраны, інваліды, — дзеліцца ўражаннямі фермер. — У такія хвіліны адчуваеш сапраўдную асалоду ад працы і яе плён, што змог зрабіць камусьці лепш не толькі за кошт якасці тавару, але і стаўленнем да справы.

Што цікава, ядром сваёй працы Тыманюк лічыць пачуцці і адчуванні, якія дорыць ягоная прадукцыя пакупніку. Гаворка тут не толькі пра насычаны смак і каларыт гародніны і садавіны. Стварае брэсцкі фермер і асаблівыя падушкі, унутры якіх — шалупінне ад грэчкі ці майскі збор палявых зёлак. Вядома, што яшчэ нямецкая армія выкарыстоўвала ў падушках шалупінне, і тыя, хто паспрабаваў ўжо спаць на іх, не расчараваліся.

Дарэчы, лепшая рэклама для брэсцкага фермера — гэта непасрэдная камунікацыя з пакупнікамі.

— Лепш за ўсё папросту наладжваць адносіны з пакупнікамі, а не ўбіваць у галаву непатрэбную інфармацыю, — гаворыць Аляксандр. — А лепшая зваротная сувязь — гэта гутарка са сталымі кліентамі.

Паводле слоў самога фермера, у яго былі думкі выйсці на больш шырокія рынкі.

— Сапраўды, я звяртаўся да буйных гандлёвых сетак з прапановай ствараць у іх крамах экалагічныя паліцы, — расказвае ён. — Але хацелася б, каб гэтая зацікаўленасць зыходзіла з абодвух бакоў.

Таму цалкам зразумела, чаму ў Брэсце няшмат хто ведае аб дзейнасці экафермера. Тым не менш кліентаў Аляксандру ніколі не бракуе: хоць сабекошт прадукцыі вышэй на 30 %, продаж без надбавак дазваляе рэалізаваць яе па рыначных цэнах.

— Не магу сказаць, хто часцей звяртаецца да мяне, — задумваецца Аляксандр, — дый сам я не прызвычаены дзяліць людзей на забяспечаных і не вельмі. Куды больш важна, каб чалавек быў свядомы і каб ён добра разумеў, чаму і навошта гэта робіць. Канечне, мода на здаровы лад жыцця, калі гэта толькі мода, нічога не дасць чалавеку. Толькі тады, калі ён зразумее, што экалогія — гэта нешта больш шырокае, чым адна толькі чысціня, пачнуцца пазітыўныя змены.

Паводле меркавання Аляксандра, фундамент якасці жыцця — гэта чыс-ціня і разнастайнасць, прычым не толькі ў ежы, але ва ўсім, што акружае чалавека. Экапрадукты толькі адзін з элементаў мазаікі здаровага існавання. Таму брэсцкі фермер раіць не толькі чыста харчавацца, але і чыста жыць, цікавіцца светам, не баяцца паглыбляцца ў невядомае.

— Калі б мне пяць гадоў таму сказалі, што я буду фермерам, я б толькі рассмяяўся гэтаму чалавеку ў твар, — гаворыць Аляксандр. — У мяне дзве адукацыі — юрыдычная і тэрапеўтычная, і вось бачыце — усе яны незаўважна «абраслі» сельскай гаспадаркай.

Відаць, мае рацыю фермер з-пад Брэста, бо ў спісе ягоных заняткаў не толькі фермерства, але таксама догляд за ўласнай аграсядзібай і праца з праблемнымі падлеткамі. І, гледзячы на Аляксандра, разумееш: свой галоўны прынцып — займацца тым, што дастаўляе асалоду, — ён выконвае. Ці не варта браць з яго прыклад?

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Брэсцкі фермер 4 гады вырошчвае экалагічна чыстыя прадукты
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Сельское хозяйство)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика