У суботу на Дубровеншчыне дадзены афіцыйны старт уборкі збожжавых. На адным з палей ААТ “Якубава-Агра” быў праведзены абрад “Зажынкі”. Гэта не проста прыгожы тэатралізаваны славянскі абрад, а свайго роду блаславенне на добрую працу і ўвесісты агульны каравай.
На ўскрайку поля на лінейцы гатоўнасці выстраіліся камбайны, МАЗы і трактары. Тут сабраліся камбайнеры і шафёры, прадстаўнікі ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Дубровенскага райвыканкама, кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў.
Па добрай традыцыі караваі з мукі новага ўраджаю ўручылі старшыні райвыканкама Алегу Лындзіну, начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Аляксандру Карнееву і намесніку дырэктара па вытворчасці ААТ “Якубава-¬Агра” Наталлі Шэндрык.
Да ўсіх прысутных звярнуўся кіраўнік раёна Алег Лындзін.
—Да гэтага дня мы рыхтаваліся на працягу ўсяго сельскагаспадарчага года. Зараз надыйшоў самы адказны і працаёмкі перыяд. Мы павінны ў самы кароткі час убраць ураджай, якасна і без страт выканаць усе работы.
У нашым раёне да гэтага часу ў атры¬манне агульнага каравая ўкладзены вялікія сродкі — і маральныя, і матэрыяльныя, і фізічныя. Таму, застаецца спадзявацца, што яны будуць апраўданы добрым ураджаем, — падкрэсліў Алег Лындзін.
Ён павіншаваў усіх прысутных з афіцыйным стартам жніва 2019 года. Пажадаў здароўя і сіл, удачы і новых працоўных поспехаў. Да слоў віншаванняў далучыўся і Аляксандр Карнееў. Ён нагадаў, што Дубровенскі раён і па ўрадлівасці палёў, і па тэмпах уборкі, і па колькасці перадавікоў жніва заўжды ў ліку лідараў у вобласці. Старшыня райсельгасхарчу пажадаў аграрыям Дубровеншчыны і далей трымаць гэту марку.
Наталля Шэндрык паведаміла, што ў гэтым сезоне ў ААТ “Якубава-Агра” трэба ўбраць 1500 гектараў яравых зерневых і зернебабовых. У гаспадарцы ёсць працоўныя рукі і ўся неабходная тэхніка, а таксама свой зернесушыльны комплекс. Яна пажадала працаўнікам добрых ураджаеў, добрага надвор’я і большай колькасці тысячнікаў. А потым галоўным героям жніва ўручыла падарункі і сувеніры.
Першыя снапы па традыцыі нашых продкаў павінны быць зжаты сярпамі. Таму першымі ў поле выйшлі жнейкі ў нацыянальных касцюмах. Пад абрадавую песню яны сабралі першыя снапы ўраджаю 2019 года і ўручылі іх Алегу Лындзіну, Аляксандру Карнееву і Наталлі Шэндрык.
Благачынны царквей Дубровенскага раёна айцец Вячаслаў благаславіў хлебаробаў на пачатак добрай справы, акрапіў камбайнераў, тэхніку і хлебную ніву святой вадой.
Удзельніцы мастацкай самадзейнасці — народны фальклорны калектыў “Кудзеліца” і ансамбль песні “Грамніцы” — павіншавалі прысутных цудоўнымі народнымі песнямі і падарылі добры настрой. Такім чынам быў дадзены старт жніву-2019. Няхай наш Дубровенскі раён будзе з хлебам і ўнясе сваю добрую лепту ў агульны каравай краіны.
Да ўборкі зерневых прыступілі амаль усе гаспадаркі Дубровеншчыны. Па стане на раніцу 23 ліпеня ў раёне скошана 6% плошчаў, намалочана 3914 т зерня. Сярэдняя ўраджайнасць складае 32,9 ц/га. Усяго аграрыям Дубровеншчыны трэба ўбраць зерневыя і зернебабовыя культуры на плошчы 20271 гектар.
Святлана ШУРПАКОВА.
Фота аўтара.