“Мы зыходзім з прынцыпу стварэння найбольш спрыяльных умоў для развіцця нацыянальнай інфармацыйнай прасторы”, - Міністр інфармацыі Беларусі Уладзімір РУСАКЕВІЧ
31.08.2009
—
Новости Общества
|
Правядзенне на пачатку восені Дня беларускага пісьменства стала ўжо добрай традыцыяй у найноўшай гісторыі нашай краіны. Яно і не дзіва: беларусы заўжды з павагай і пашанай ставіліся да пісьмовага і друкаванага слова. Яно заўсёды было духоўным апірышчам, крыніцай добрых думак і ўчынкаў. У нас найбагацейшая спадчына і памяць — асветніцкі подзвіг Еўфрасінні Полацкай, гімны жыцця Кірылы Тураўскага, кнігі Францыска Скарыны і Сымона Буднага. У нас не менш багатыя набыткі сённяшнія. Згадваючы пра тое, што атрымалі ў спадчыну, пісьменнікі, журналісты, выдаўцы штогод стараюцца прадставіць на свяце тое лепшае, што ўдалося зрабіць за апошні час. Нездарма на Дзень пісьменства з’язджаюцца аматары мастацкага і публіцыстычнага слова з усёй краіны. Сёлета 6 верасня іх гасцінна прыме Смаргонь. Аб тым, якую справаздачу прывязуць сёлета на свята пісьменнікі, журналісты і выдаўцы, мы вырашылі даведацца з першых вуснаў — у міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Уладзіміра РУСАКЕВІЧА. — Уладзімір Васільевіч, Дзень беларускага пісьменства за гады яго правядзення стаў сапраўдным святам беларускага друкаванага слова. Пісьменнікі, журналісты, выдаўцы ўжо даўно ўспрымаюць яго як заканчэнне аднаго творчага сезона і пачатак новага, падводзяць вынікі, дзеляцца планамі. У сённяшніх няпростых эканамічных стасунках як выглядаюць гэтыя вынікі і планы? Бо друкаванае слова — гэта той жа тавар, які трэба не толькі якасна вырабіць, але і прадаць... — Да свята беларускага пісьменства сапраўды прынята падводзіць пэўныя вынікі работы галіны. Няпростыя эканамічныя стасункі, зразумела, адбіваюцца на дзейнасці арганізацый сферы, але і сёння можна з упэўненасцю адзначыць, што сегмент друкаваных выданняў развіваецца дастаткова дынамічна. Беларускія журналісты ўжо паўгода працуюць у адпаведнасці з новым Законам “Аб сродках масавай інфармацыі”, які ўступіў у сілу сёлета 8 лютага. Хачу падкрэсліць, што гэты дакумент скіраваны на безумоўнае забеспячэнне канстытуцыйнага права грамадзян на атрыманне поўнай, дакладнай і своечасовай інфармацыі, яго палажэнні адпавядаюць сусветнай заканатворчай і правапрымяняльнай практыцы. На мове лічбаў вынікі гучаць так: у 2008 годзе агульны разавы тыраж беларускіх газет склаў амаль 10 мільёнаў экземпляраў, часопісаў — каля трох з паловай мільёнаў. Зараз на Беларусі выходзіць больш за 1300 айчынных друкаваных сродкаў масавай інфармацыі. Толькі ў бягучым годзе зарэгістравана 78 новых перыядычных выданняў (41 часопіс і 37 газет), ствараюцца новыя кніжныя выдавецтвы. Што датычыцца кнігавыдання, то за першае паўгоддзе гэтага года было выдадзена 6703 найменні кніг агульным тыражом 25,3 мільёна экземпляраў. У параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года гэты паказчык фактычна не змяніўся. Мы выдатна разумеем, што ў перыяд глабальнага эканамічнага крызісу галоўным з’яўляецца павышэнне якасці і канкурэнтаздольнасці выданняў, барацьба за захаванне і пашырэнне чытацкай аўдыторыі, у тым ліку з дапамогай новых форм работы, актыўнага выкарыстання магчымасцей Інтэрнета і г. д. З гонарам магу адзначыць: у нас у адрозненне ад суседзяў не адбылося масавага закрыцця выданняў, гэты рынак дастаткова стабільны: замест тых, хто не вытрымаў канкурэнцыі, прыходзяць новыя. Надзвычай важная для ўсіх у сённяшніх стасунках, зразумела, і эканамічная праца: трэба лічыць літаральна кожны рубель і дамагацца максімальна эфектыўнага выкарыстання грашовых сродкаў. Гэта самым непасрэдным чынам датычыцца і дзяржаўнай прэсы, і кнігавыдання: бюджэтныя субсідыі скарачаюцца, трэба знаходзіць новыя крыніцы даходаў і эканоміі сродкаў. Дарэчы, сёння ўдзельная вага ўласных даходаў у выдатках на выпуск газет і часопісаў перавышае 80 працэнтаў, а па вядучых газетах яна складае 90 і больш працэнтаў. — Пачаўшы з эканамічных стасункаў, нельга не закрануць духоўны бок справы. Для беларусаў кніга, газета, часопіс заўсёды былі крыніцай ведаў, якая выхоўвала і дапамагала жыць. Але зараз нярэдка ў пагоні за тыражамі і попытам пра духоўнасць, этыку, агульначалавечыя каштоўнасці проста забываюцца. Мы можам сёння штосьці проціпаставіць “папсе”, якая прабіваецца на наш рынак друкаваных выданняў? — Канешне, якасць і яшчэ раз якасць. Павінен сказаць, што наш беларускі чытач вельмі ўдумлівы, і нават прыдзірлівы. Як вы сказалі, выдавецкая “папса”, кідкая на танныя сенсацыі, сёння ўжо ў чытача не ў пашане. Чытач патрабуе аналітыкі, добрага публіцыстычнага і мастацкага слова, інтэлігентнага афармлення... Зразумела, у Беларусі, як і ў любой іншай дэмакратычнай краіне, існуе замацаваная законам забарона на публікацыю і распаўсюджванне пэўных матэрыялаў. Да такіх адносіцца інфармацыя, якая скіравана на прапаганду вайны, насілля, жорсткасці, экстрэмізму і інш. Тут нашы заканадаўчыя нормы абсалютна адпаведныя сусветным. — Але, калі гаварыць у гэтым кантэксце пра нейкія забароны і абмежаванні, тут жа ўзнікае пытанне свабоды інфармацыі і цэнзуры... — Прынцып свабоды масавай інфармацыі зафіксаваны ў беларускім заканадаўстве. Артыкул 33 Канстытуцыі краіны гарантуе кожнаму свабоду меркаванняў, перакананняў і іх свабоднае выказванне. Манапалізацыя сродкаў масавай інфармацыі дзяржавай, грамадскімі аб’яднаннямі, асобнымі грамадзянамі, а таксама цэнзура не дапускаюцца. Гэтыя ж нормы ёсць і ў новым Законе “Аб сродках масавай інфармацыі”, а артыкул сёмы закона вызначае і раскрывае палажэнні аб незаконным абмежаванні свабоды масавай інфармацыі. Пра адсутнасць манапалізацыі ў сферы СМІ сведчаць і суадносіны колькасці дзяржаўных і недзяржаўных перыядычных выданняў. Апошніх — больш за 2/3 ад агульнай колькасці. Што датычыцца цэнзуры, то, як я гаварыў вышэй, яна забаронена на заканадаўчым узроўні. Іншая справа, што кожны галоўны рэдактар, а таксама заснавальнік выдання адказвае за тое, каб яго змястоўнае напаўненне не парушала дзеючага заканадаўства. — Сёлета для друкаваных СМІ быў вельмі важны момант — перарэгістрацыя. Як прайшоў гэты своесаблівы “перапіс”? — А ён яшчэ не скончаны: перарэгістрацыя працягнецца да 8 лютага наступнага года, так што час падаць дакументы яшчэ ёсць. Хачу зазначыць, што тут Міністэрства інфармацыі зыходзіць з прынцыпу стварэння найбольш спрыяльных умоў для развіцця нацыянальнай інфармацыйнай прасторы. Таму для СМІ, якія ўжо дзейнічаюць, устаноўлены паведамляльны парадак перарэгістрацыі: дастаткова прадставіць у міністэрства звесткі, неабходныя для ўключэння ў Дзяржаўны рэестр сродкаў масавай інфармацыі, новае пасведчанне аб СМІ выдаецца заяўніку на працягу 3 дзён. — На Дні пісьменства ў Смаргоні гэту прадстаўнічую армію чытач нейкім чынам пабачыць? — Так, несумненна. Беларуская прэса будзе шырока прадстаўлена на фестывалі кнігі і прэсы, які будзе праходзіць у Гарадскім парку Смаргоні 6 верасня з 10.00 да 19.00. Друкаваныя сродкі масавай інфармацыі Гродзенскай вобласці будуць экспанавацца на тэматычнай выставе “СМІ Гродзеншчыны”, дзіцячая прэса размесціцца на пляцоўцы каля кінатэатра. Прадпрыемствы “Саюздрук” прадставяць удзельнікам і гасцям свята экспазіцыю “З гісторыі пісьменства і асветніцтва на Беларусі”. У рамках фестывалю адбудуцца прэзентацыі перыядычных выданняў, сустрэчы з кіраўнікамі газет і часопісаў, вядомымі журналістамі. Такія мерапрыемствы садзейнічаюць непасрэднай шчырай гутарцы чытачоў з работнікамі рэдакцый, калі можна выказаць свае заўвагі і меркаванні, зрабіць прапановы. Непасрэдны кантакт з чытачом надзвычай важны для друкаваных сродкаў масавай інфармацыі. — Традыцыйна на свяце ўзнагароджваюцца пераможцы конкурсу “Мастацтва кнігі”, а таксама вызначаюцца лепшыя мастацкія творы розных жанраў, крытыкі і публіцыстыкі. Сёлета выбар быў вялікі? І, калі можна, некалькі імёнаў пераможцаў... — У конкурсе лепшых выданняў 2008 — першага паўгоддзя 2009 года па макетаванню, мастацка-графічнаму афармленню і паліграфічнаму выкананню прынялі ўдзел 39 выдавецкіх і паліграфічных прадпрыемстваў рознай формы ўласнасці, якія прадставілі на суд прафесійнага журы больш за 200 выданняў. Дарэчы, у склад журы ўваходзяць вядомыя кніжныя мастакі, дызайнеры, прадстаўнікі Беларускай акадэміі мастацтваў і творчых саюзаў, выдавецтваў і паліграфічных прадпрыемстваў. — Кожны Дзень пісьменства мае сваю адметнасць. Чым сёлета здзівіць гасцей і ўдзельнікаў Смаргонь? — Напярэдадні свята, 5 верасня, у Смаргоні будзе праведзены круглы стол, прымеркаваны да Дня беларускага пісьменства. Тэму “Мастацкі тэкст як сродак зносін народаў” абмяркуюць пісьменнікі з Беларусі, Расіі, Сербіі, Чарнагорыі, Польшчы, Казахстана, Літвы. Традыцыйна адбудзецца навукова-практычная канферэнцыя “Смаргонскія чытанні”. А ўвечары гэтага ж дня ў Летнім амфітэатры, што знаходзіцца ў Гарадскім парку, будзе прадстаўлена канцэртная праграма ансамбля салістаў “Класік-авангард” Белдзяржфілармоніі “Пад гукі даўніх паланэзаў...”, складзенная з твораў кампазітараў ХІХ стагоддзя, творчыя лёсы якіх цесна звязаны з беларускай культурай, — Мячыслава і Яна Карловічаў, Станіслава Манюшкі, Фларыяна Міладоўскага, Міхала Клеафаса Агінскага. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Правядзенне на пачатку восені Дня беларускага пісьменства стала ўжо добрай традыцыяй у найноўшай гісторыі нашай краіны. Яно і не дзіва: беларусы заўжды з павагай і пашанай ставіліся да пісьмовага і друкаванага слова. Яно заўсёды было духоўным апірышчам, крыніцай добрых думак і ўчынкаў. У нас найбагацейшая спадчына і памяць — асветніцкі подзвіг Еўфрасінні Полацкай, гімны жыцця Кірылы Тураўскага, кнігі Францыска Скарыны і Сымона Буднага. У нас не менш багатыя набыткі сённяшнія. Згадваючы пра тое, што атрымалі ў спадчыну, пісьменнікі, журналісты, выдаўцы штогод стараюцца прадставіць на свяце тое лепшае, што ўдалося зрабіць за апошні час. Нездарма на Дзень пісьменства з’язджаюцца аматары мастацкага і публіцыстычнага слова з усёй краіны. Сёлета 6 верасня іх гасцінна прыме Смаргонь. Аб тым, якую справаздачу прывязуць сёлета на свята пісьменнікі, журналісты і выдаўцы, мы вырашылі даведацца з першых вуснаў — у міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Уладзіміра РУСАКЕВІЧА.
|
|